Праведніца, даследчыца, перакладчыца

Тры асноўныя абліччы Валянціны Выхоты
Тры асноўныя абліччы Валянціны Выхоты.

Валянціна ВыхотаСёлета Беларусь адзначае 65 гадавіну знішчэння вязняў Мінскага гета, іх расстрэлу ў “Яме”. Колькасць ахвяр халакосту магла быць там на адну болей, калі б не гуманны ўчынак Валянціны Выхоты, даўняй аўтаркі і частай госці “Голасу Радзімы”. Валянціна Адамаўна, жанчына з незвычайным лёсам, лічыць, што яе жыццё праляцела, нібы адзін узмах птушыных крылляў. Але добрых спраў, зробленых ёю, хопіць на многія пакаленні.

Увесь час Валянціна Адамаўна пеставала асаблівую любоў да мовы: без розніцы — беларускай, рускай, нямецкай. Менавіта яна яе натхняла, накіроўвала і дапамагала жыць.

А пачалося ўсё так. Яшчэ ў дванаццацігадовым узросце яна з сяброўкай часта хадзіла ў Купалаўскі тэатр. Будучы эмацыянальнай і чуллівай, Валянціна глыбока перажывала за любімых герояў. А мова! Якая яна была прыгожая і правільная тады ў артыстаў. І ёй хацелася таксама так размаўляць, да чаго і імкнулася ў школе.

Пасля пачалася вайна. Час, калі ўсе былыя справы застаюцца на пасля. Але не для такога чалавека, як Валянціна Адамаўна. І ў ваенны час яна знайшла сабе адпаведную працу. Дзяўчына пайшла працаваць машыністкай на гарбарню “Бальшавік”. Друкавала рускія і нямецкія тэксты.

Таксама ў гады вайны ўзнікла такая сітуацыя, якая яшчэ больш прымусіла яе палюбіць мовы. У іх у хаце тады жыла яўрэйка, дачка бацькавага сябра. Звалі яе Жэняй, а хавалася яна ад пакут у Мінскім гета. Прабыўшы ў іх год, дзяўчына пайшла ў партызаны, але час ад часу прыходзіла да іх пераначаваць. У адну з начэй, калі Жэня была дома, да іх прыйшлі немцы. Валянціна не разгубілася: яна выскачыла і адразу ж пачала з імі размаўляць па-нямецку, узгадала штосьці пра Гётэ. Тыя падхапілі гаворку і, выказаўшы сваю павагу да гэтай асобы, пайшлі назад. Так Гётэ, веданне нямецкай мовы выратавалі жыццё Жэні, Валянціне і яе блізкім. А за дапамогу гэтай яўрэйцы ёй прысвоена званне Праведніцы народаў свету. Яе імя ўвекавечана ў Іерусаліме.

Закончылася вайна. Валянціна Выхота пачала працаваць настаўніцай нямецкай мовы. Шмат часу выкладала ў сельскай школе, бо там больш увагі ўдзялялася беларускай мове. Вельмі любіла дзяцей, старалася як мага больш дапамагчы ім у жыцці. Стала кандыдатам педагагічных навук.

Паспрабавала сябе таксама і ў ролі перакладчыцы. Ставіцца да гэтай справы вельмі сур`ёзна, бо лічыць, што павінна як мага мацней захапіць чытача думкамі, настроем і пачуццямі іншамоўнага творцы. Валянціна Адамаўна шмат працавала над выданнем слоўнікаў. У 2007 годзе ў свет выйшла яе праца “Нямецка-беларуска-рускі слоўнік. Аманімія, паранімія, полісемія.” Даследуе пераклады на беларускую мову твораў таго ж Гётэ, вышуквае германізмы ў творчасці Якуба Коласа, асабліва ў яго паэме “Новая зямля”. Бывае, што ў адзін год выходзяць ажно тры кніжкі Валянціны Выхоты.

І ў сваім паважным узросце яна свабодна размаўляе па-нямецку, даглядае агарод, ветліва сустракае гасцей... І плануе яшчэ шмат чаго зрабіць на карысць нашчадкаў! Паколькі лічыць, што павінна пакінуць добрую памяць пра сябе і свой славуты род графаў Гутэн фон Чапскіх, да якога мае самае непасрэднае генеалагічнае дачыненне.

А самы любімы “канёк” Валянціны Адамаўны — пошукі германізмаў у беларускай мове, паралеляў у беларускіх і нямецкіх класікаў. Знайшоўшы чарговае падобнае “слоўца”, яна тут жа дзеліцца радасцю са шматлікімі сябрамі — па тэлефоне ці асабіста.

Алеся Клімовіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter