Мы пабывалі ў гасцях у прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, якія толькі-толькі адкрылі сваю справу

Права на поспех

Мы пабывалі ў гасцях у прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, якія толькі-толькі адкрылі сваю справу. Праўда, тут варта зрабіць агаворку. Усе яны ў мінулым былі беспрацоўнымі, потым атрымалі субсідыю ад дзяржавы, а цяпер плануюць, як будуць развіваць уласны бізнес.


Гаспадыня крамы кветак Вольга Бернард

Вольга Бярнард падыходзіць да невялікага магазінчыка з надпісам “Кветкі”, дастае з сумачкі ключы і адчыняе дзверы: “Праходзьце!”. Яшчэ год назад Вольга займалася падборам персаналу ў буйной кампаніі. Гаворыць, патрабаванні былі жорсткія. Ад пастаяннага напружання ў дзяў­чыны пачаліся моцныя галаўныя болі. Яны ж і паставілі кропку ў офіснай кар’еры — Вольга звольнілася. Шэсць месяцаў шукала працу. Потым зарэгістравалася ў цэнтры занятасці ў якасці беспрацоўнай, па накіраванні атрымала новую спецыяльнасць, а потым і дзяржаўную субсідыю. Цяпер у руках у яе пабразгваюць ключы ад уласнага магазіна.

— Думаеце, у мяне галава перастала балець? Як бы не так, — Вольга спрытна пачынае прыводзіць у парадак кветкі — недзе зразае звялы пялёстак, недзе — сухі ліст. — Магазін адкрыла нядаўна. Цяпер не сплю і не ем — уся ў працы.

Адразу складана было знайсці памяшканне, прызнаецца Вольга. Ёй патрэбны быў невялікі павільён. Пасля доўгіх пошукаў месца знайшлося. За арэнду гаспадар папрасіў амаль тры мільёны рублёў у месяц.

— Давялося ўкласціся ў рамонт, а гэта дзесьці пяць мільёнаў, — Вольга абводзіць рукой магазін. — На касавы апарат, ужываны халадзільнік, стэлажы і іншыя “дробязі” я патраціла 37 мільёнаў, яшчэ амаль 12 мільёнаў пайшло на кветкі і ўпакоўку. Толькі на непрыметную шыльду паляцела 700 тысяч. Лічыце, колькі трэба для пачатку.

Нашу гутарку перарывае пакупнік:

— Заўтра патрэбны букет з белых і чырвоных руж. Зробіце?

— Без праблем, — упэўнена ківае галавой Вольга, але як толькі патэнцыйны пакупнік выходзіць, дзяўчына хапаецца за галаву: — У мяне няма белых руж, тэрмінова трэба ехаць да пастаўшчыка.

Пакуль Вольга толькі намацвае глебу. Асартымент не адрозніваецца разнастайнасцю, паколькі прадпрымальнік глядзіць, што карыстаецца попытам, а што не. Хоць угадаць прыхільнасці пакупнікоў складана. Першыя дні адкрыцця ў дзяўчыны настойліва пыталі герберы. Але варта было ёй закупіць некалькі букетаў гэтых кветак, як цікавасць знікла.

Вользе ўжо пара ехаць да пастаўшчыка. Яны, дарэчы, падводзілі не раз: “Гавораць, прыязджайце, забірайце тавар. Прыбываю на месца, а мне паведамляюць, што груз затрымалі. Або атрымліваю кветкі, а ў іх выгляд нетаварны. Колькі нерваў згарэла ўпустую! Але цяжкасцяў не баюся. У бліжэйшых планах — наняць людзей, каб ужо самой вырашаць пытанні з дакументамі, пастаўшчыкамі, а таксама адкрыць некалькі пунктаў і наладзіць інтэрнэт-гандаль”.

Тым часам у нас прызначана сустрэча яшчэ з адным пачаткоўцам. Аляк­сандр Залатароў займаецца вырабам корпуснай мэблі. У мінулым працаваў на заводзе, потым звольніўся.


Аляксандр Залатароў займаецца зборкай корпуснай мэблі

“Доўга рашаўся адкрыць сваю справу — усё-такі ў мяне жонка, дзіця. Зразумела, што першы час фінансава будзе цяжка — пакуль напрацую сабе кліентуру, — Аляксандр спешна збірае чамадан з інструментамі, праз гадзіну ў яго сустрэча з заказчыкам. — Але жонка падтрымала: “Даю табе год”.

Аляксандр гаворыць, што яму вельмі дапамагла вучоба ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі Мінпрацы і сацабароны, куды яго як беспрацоўнага накіравалі на вучобу ў службе занятасці. Выкладчыкі дапамаглі скласці бізнес-план, дзе прапрацоўваліся ўсе нюансы вя­дзення справы.

Аляксандр адкрывае багажнік, паказвае інструменты і прыстасаванні, без якіх у яго рабоце ніяк не абысціся: “Усё гэта я набыў за дзяржаўную субсідыю, а гэта амаль 16 мільёнаў”.

Цяпер яму трэба выканаць умовы: не менш за год прарабіць прадпрымальнікам і 6 месяцаў плаціць адзіны падатак па 1,5 мільёна.

Пакуль кліентаў няшмат, таму будучы бізнесмен імкнецца выкладвацца па поўнай: “Бачу, што чалавек не можа выбраць дызайн, напрыклад, будучай кухні — не прыспешваю. Прапаноўваю варыянты, магу параіць абдумаць рашэнне. Знаёмыя абураюцца: “Хіба ты так шмат заробіш? Рабі па прынцыпе: сёння прыйшоў, заўтра зрабіў”. Але я такія падказкі не слухаю”.

Дарэчы, у яго ў кватэры практычна ўсё зроблена сваімі рукамі: “Наш інтэр’ер нараджаецца ў пакутах. Я ж хачу трымаць марку, таму можам з жонкай доўга дыскутаваць, якога колеру і формы павінна быць ручка ў камоды”.

Але і кліент сёння патрабавальны. Аляксандр усе эскізы будучай мэблі малюе сам. “Лічу, што прафесіяналам трэба быць у адной сферы, таму хачу спыніцца на вырабе кухняў”, — мужчына ўжо на месцы і прымаецца за зборку мэблі. Што ж, не будзем перашкаджаць працэсу.

Наш наступны пункт — вёска Спічнік Пухавіцкага раёна. Тут вось-вось адкрыецца новая фермерская гаспадарка. Муж і жонка Сяргей і Алена Марчук плануюць вырошчваць свіней. Ля брамкі сустракае гаспадар. Сяргей у рабочай уніформе: “Выбачайце, не пры парадзе — працую ад світання да заходу. Каб усё паспець, устаю ў чатыры раніцы”. Яны пакуль у стадыі адкрыцця — збіраюць дакументы, рамантуюць будынак для жыўнасці, прыводзяць у парадак зямлю, выбіраюць тэхніку... А яшчэ сям’я дабудоўвае ўласны дом. У Сяргея і Алены трое дзяцей. “Сярэдні Лёшка так дапамагае, што суседскія мужыкі зайздросцяць, — Сяргей пагладжвае сына па плячы. — З маладых гадоў прывучаем дзяцей да працы. У мяне ў дзяцінстве было толькі так”.

— Спачатку будзем з мужам самастойна спраўляцца, — разважае Алена.

— Нічога, усё будзе добра, — прыабдымае жонку Сяргей. — Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць.

Зразумела, нашым героям цяпер няпроста. Збор дакументаў, пошукі зямлі і крэдытаў, нечаканыя праблемы…. Яны добра ведаюць тэорыю, ім нядрэнна дапамаглі ў першыя часы і падставілі плячо. Але вось хто з іх здолее ўтрымацца на плаву, пакажа толькі жыццё.


Моваю лічбаў


Служба занятасці ў першым паўгоддзі аказала садзеянне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці 992 беспрацоўным — ім былі прадстаўлены субсідыі на адкрыццё сваёй справы. На гэты год прадугледжана вылучэнне фінансавай падтрымкі 1825 беспрацоўным

Кампетэнтна

Наталля ДОЎБІК, загадчыца кафедры эканомікі і кіравання Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

— Калі чалавек аказаўся без працы, але жадае арганізаваць уласную справу, ён можа звярнуцца ў службу занятасці. Там могуць накіраваць на навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці да нас у інстытут. Толькі сёлета на гэтым курсе прайшлі навучанне 142 чалавекі, з іх 36 — мінчане. Многія слухачы атрымалі субсідыю на адкрыццё сваёй справы — адначасовую незваротную дзяржаўную грашовую дапамогу, роўную 11-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з укараненнем вынікаў навукова-тэхнічных даследаванняў і інавацыйных распрацовак, яе памер складае 20-кратную велічыню БПМ. У Мінску, напрыклад, сёлета субсідыю атрымаў 61 чалавек.

Сродкі, прадастаўленыя беспрацоўнаму ў выглядзе субсідыі, могуць выкарыстоўвацца для набыцця абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, на аплату паслуг, звязаных з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці.

Каб вырашыць пытанне аб прадастаўленні субсідыі, беспрацоўны падае ў аддзел працаўладкавання па месцы сваёй рэгістрацыі заяву і бізнес-план. На нашым курсе выкладчыкі сумесна з навучэнцамі цалкам адпрацоўваюць усе пункты бізнес-плана і максімальна даводзяць яго да дасканаласці. На нашых вачах нараджалася ўжо мноства цікавых праектаў. Напрыклад, студэнты прапаноўвалі адкрыць кандытарскі цэх, майстэрню па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, запусціць паслугу “серэнада пад акном”… Нядаўна ў нас быў урач-хірург, які хацеў запатэнтаваць шлем для маленькіх дзяцей, якія толькі вучацца хадзіць. Ідэй шмат, але мы іх афармляем у рэальна працуючыя праекты, якія прыносяць прыбытак. Многія нашы былыя студэнты сталі паспяховымі бізнесменамі. Сёння складана паверыць, што некалі яны былі беспрацоўнымі.

Таісія Азановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter