“Правільныя” змены

У беларускім парламенце ідзе падрыхтоўка законапраекта “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Якія змены мяркуюцца? Што выклікае найбольшыя спрэчкі? Колькі будзе каштаваць моўнае пытанне для рэспубліканскага бюджэту? Аб гэтым гутарка са старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам ЗДАНОВІЧАМ.

— Уладзімір Мацвеевіч, чаму цяпер паўстала неабходнасць перагляду дзеючых правілаў беларускага правапісу?
— Яны дзейнічаюць з канца 50-х гадоў. За гэты час адбыліся велізарныя змены ў жыцці наогул і ў нашай дзяржаве ў прыватнасці. Нейкія словы зніклі, нейкія дадаліся. Усе ведаюць, што такое інтэрнэт, кампутар. Але ў розных сродках масавай інфармацыі гэтыя словы пішуцца па-рознаму. Па-рознаму пішуць і парламент — хтосьці парлямэнт, парлямант. З гэтага можна было б пасмяяцца, калі б не было далёка ідучых высноў. Тут да месца будуць словы з рамана “Сабачае сэрца” Булгакава: “Чытаю Марыян, далей Андрыян. Закрыю кнiжку, а ў галаве — Мандрыян”. Вось каб гэтага не было, i патрэбна на дзяржаўным узроўнi замацаваць адзiныя арфаграфiчныя i пунктуацыйныя нормы i ў далейшым патрабаваць iх безумоўнага выканання на ўсiх узроўнях. А пакуль усё, на жаль, адбываецца, як у паданні. Памятаеце, кажуць, раней усе людзі гаварылі на адной мове і неяк вырашылі пабудаваць вялізную вежу, каб дасягнуць нябёсаў. Але бог перамяшаў словы, і людзі перасталі разумець адзін другога. Будаўніцтва спынілася, а паступова вежа наогул разбурылася... У гэтым паданні велізарны сэнс: мы будуем моцную рэспубліку, незалежную дзяржаву. А мова і дзяржава неаддзельныя. Гэта значыць, у правапісе павінен быць наведзены парадак. Калі разнабой будзе працягвацца, то гэта прывядзе да разбурэння мовы і як вынік — нежаданню яе вывучаць.
— Цікавасць да яе ў апош-нія гады расце?
— Так, гэта відаць па тэсціраванні. У гэтым годзе больш як 80 тысяч чалавек здавалі тэст па беларускай мове.
— А летась?
— Значна менш. Цяпер у колькасным складзе тэсты па беларускай і рускай мовах выраўноўваюцца.
— Дарэчы, у пачатку 90-х была спроба рэформы мовы.
— Тады хацелі вярнуцца да мовы Тарашкевіча. Але грамадства гэта не прыняло. Наогул тады была дапушчана вялікая памылка. Сілай прымусіць вучыць мову, размаўляць, пісаць і думаць на ёй — немагчыма. Трэба дзейнічаць паступова. І цяпер мы бачым, што цікавасць да роднай мовы ў Беларусі ўзрастае, і мы плаўна і ненадакучліва падтрымліваем гэты працэс, таму што дзяржава без уласнай мовы існаваць паўнавартасна не можа.
— У чым сутнасць прапанаваных цяпер “правільных” змен?
— Спрасціць правапіс і зменшыць колькасць разнастайных выключэнняў. Чым менш складанасцяў у правапісе, тым большая цікавасць будзе да мовы.
— Чаго датычацца спрашчэнні?
— Напісання розных дзяржаўных органаў, узнагарод, пасад. У якасці прыкладу магу прывесці назву сваёй пасады: што тут трэба пісаць з вялікай, а што з маленькай літары? Не ўсе без памылак адкажуць. Зараз прапануецца ўсе словы ў простых i састаўных афiцыйных поўных уласных назвах вышэйшых органаў дзяржаўнай улады Рэспублiкi Беларусь, iншых краiн i вышэйшых сусветных арганiзацый  пiсаць з вялiкай лiтары. На жаль, у дачыненнi да “Палаты прадстаўнiкоў” i “Нацыянальнага сходу” старое напiсанне прапануюць захаваць. Таксама неяк незразумела, чаму ў назвах “Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь”, “Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь” словы “адукацыя”, “культура” павiнны пiсацца з малой лiтары. Асабiста, мабыць, як i многiя, успрымаю гэта як непавагу да адукацыi i культуры. Будуць блытацца людзi i ў напiсаннi знамянальных дат. Сапраўды, паглядзiце: Дзень жанчын, Таццянiн дзень, Дзень Перамогi. Зыходзячы з гэтай пазiцыi i ўлiчваючы пастаўленую мэту зменшыць колькасць выключэнняў з правiл, будзем прапаноўваць распрацоўшчыкам не рабiць нiякiх выключэнняў у напiсаннi вялiкай лiтары i нават iсцi далей, пашыраючы яе выкарыстанне i не звяртаючы ўвагi на папрокi ў iдэалагiзацыi i палiтызацыi.
— Прынцып “акання” атрымае большае распаўсюджванне?
— Так. Нашай моўнай культуры “аканне” ўласціва, як і жыхарам поўначы Расіі “оканне”. Але тут трэба дзейнічаць асцярожна. Калі мы пяройдзем цалкам на “аканне”, то планета Юпітэр будзе пісацца як Юпітар, Одэр будзе Одар, Пітэр Пэн будзе Пітар Пэн. Не бормашына, а бармашына... Думаю, тое, што звыкла, што прыжылося, чапаць не трэба. Бо калі катэр напісаць праз “а”, то атрымаецца катар — гэта можа быць і катар страўніка, і дзяржава (калі першая літара вялікая). Вуліца Ландэра стане Ландара? Але ці маем мы права змяняць прозвішча чалавека? Прапаноўваецца ў словах замежнага паходжання канцавыя часткі -эр, -эль перадаваць як -ар, -аль. Усё гэта сур’ёзныя моманты. Мы ўжо адхілілі адну з прапаноў распрацоўшчыкаў новых правілаў — пісаць дзявяты, дзясяты. Ці патрэбны тут змены? Мы прызвычаіліся да напісання дзевяць — дзевяты, дзесяць — дзесяты.
— Правілы пераносу застануцца ранейшымі?
— Не. Яны будуць спрошчаныя. Плануецца таксама выключыць з правіл раздзелы, якія не датычацца правапісу. Даўно варта было абнавiць iлюстрацыйны матэрыял, бо ўжо няма паравозарамонтных арганiзацый, няма селькораў, няма Злучаных Штатаў Бразiлii i iншага, хаця на гэтых прыкладах вучаць дзяцей.
— Як будуць пісацца складанаскарочаныя словы?
— Зараз мы павiнны пiсаць іх адпаведна з тым, як яны былі  ўтвораны раней: гарвыканком, Цэнтрвыбарком, газпром, але ж апошнiмi словамi ў прыведзеных прыкладах з’яўляюцца: камiтэт, камiсiя, прамысловасць. Таму i пiсаць прапануецца адпаведна гарвыканкам, Цэнтрвыбаркам, газпрам, што, дарэчы, ужо даўно ўвайшло ў моўную практыку.
— Але чаму спатрэбіўся менавіта закон, можа, хапіла б пастановы Саўміна?
— Калі б папярэднія правілы былі прыняты ў форме закона (закон прадугледжвае абавязковую адказнасць за яго парушэнне), то цяперашняга разнабою ў напісанні не было б.
— Новаўвядзенні запатрабуюць сродкаў з бюджэту?
— Не.
— А выданне новых школьных падручнікаў?
— Яны служаць у сярэднім пяць гадоў, а затым перавыдаюцца. Тады і будуць унесены карэкціроўкі. Затраты на выданне слоўнікаў за кошт зваротных сродкаў выдавецтваў поўнасцю вяртаюцца пасля рэалізацыі.
— Ці прыйдзецца перавучваць педагогаў?
— У нас у краіне працуюць так званыя курсы па ўдасканаленні. На іх настаўнікам, калі спатрэбіцца, і будзе падрабязна расказана аб зменах. Дарэчы, выкладчыкі падтрымліваюць прыняцце правіл у форме закона.
— Але пячаткі, таблічкі з назвамі вуліц прыйдзецца перарабляць?
— У 50-х гадах усё гэта праходзіла бязбольна. Калі дзесьці нейкую літару памянялі, то гэта не клалася нейкім цяжарам на расходную частку бюджэту дзяржавы. Замены рабіліся паступова.
— Калі будзе прыняты закон?
— Мы вырашылі, што на восеньскай сесіі разгледзім яго ў першым чытанні.
— У выпускнікоў школ не ўзнікнуць праблемы са здачай тэстаў пасля таго, як закон пачне дзейнічаць?
— Савет Міністраў у сваім лісце парламенту гарантуе ўсім будучым абітурыентам, што словы са змененым правапісам не будуць выкарыстоўвацца ў тэстах для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання да таго часу, пакуль не будуць канчаткова перавыдадзены праграмы, падручнікі і іншая вучэбна-метадычная літаратура.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter