Працягваючы дзедаўскую справу

Сярод лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і героі нашай публікацыі (“НГ” за 26 лістапада 2011 года) — калектыў Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама Магілёўскай вобласці, узнагароджаны за выдатныя дасягненні ў справе захавання і развіцця традыцыйнага шапавальнага промыслу.

Сярод лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і героі нашай публікацыі (“НГ” за 26 лістапада 2011 года) — калектыў Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама Магілёўскай вобласці, узнагароджаны за выдатныя дасягненні ў справе захавання і развіцця традыцыйнага шапавальнага промыслу.

Майстры-шапавалы на Дрыбіншчыне Магілёўскай вобласці з’явіліся яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Але сёння, калі ў крамах хапае ўсялякага моднага абутку, пра іх рамяство мы маглі б нічога не ведаць, калі б не заўзятыя мясцовыя рамеснікі, якія працягваюць дзедаўскую справу, і супрацоўнікі Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. У музеі не толькі адкрыта па-мастацку аформленая зала “Шапавальства”, дзе можна даведацца пра традыцыі шапавальства, памацаць  мяккую воўну, убачыць прылады працы шапавалаў і нават прымерыць дзіўныя вырабы з аўчыны, але і навучыцца гэтаму старажытнаму рамяству. На базе музея працуюць дзіцячы гурток “Катрушнік” і клуб “Шапавал”, дзе акрамя ўласна тэхналогіі шапавальнага промыслу дзяцей і дарослых вучаць спецыяльнай мове шапавалаў — “катрушніцкаму лемязеню”.

У 2009 годзе шапавальству быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, у 2011-м шапавальства дрыбінскіх майстроў намінавалася на ўключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, а сёлета супрацоўнікі Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея за захаванне і развіццё традыцыйнага шапавальнага промыслу ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Гэтая прэмія стала добрым падарункам супрацоўнікам музея, якія не адзін год прысвяцілі захаванню і развіццю традыцыі шапавальства, — расказвае начальнік аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама Алена Рабкавец (на фота), якая доўгі час кіравала музеем. — Шмат сіл было пакладзена, каб пра нашу мясцовую традыцыю даведаліся ў іншых рэгіёнах. На Дрыбінскія таржкі, якія мы арганізоўваем у жніўні, сёння прыязджаюць не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і замежжа. Ёсць ідэя зладзіць зімовае свята, пашырыць наш музей, адкрыць міні-ферму, дзе можна было б вырошчваць авечак, зрабіць экспазіцыю яшчэ больш інтэрактыўнай. Упэўнена, дзяржаўная адзнака стане для супрацоўнікаў музея стымулам для развіцця і рэалізацыі яшчэ большай колькасці ідэй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter