Працягу быць!

Так вырашылі чытачы і эксперты "Народнай газеты", абмяркоўваючы будучыню праекта "Сем цудаў Беларусі”.

Учора ў рэдакцыі “Народнай газеты” прайшоў круглы стол, прысвечаны праекту “Сем цудаў Беларусі”. Абмеркаваць вынікі галасавання нашых чытачоў і наведвальнікаў сайта прыйшлі спецыялісты з Акадэміі навук, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прыехалі нават прадстаўнікі мясцін, дзе знаходзяцца цуды-пераможцы. Гутарка атрымалася вельмі цікавай і змястоўнай. Удзельнікі круглага стала паспрабавалі патлумачыць, чаму менавіта гэтая сямёрка — Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць, возера Нарач, Мірскі замак, Сафійскі сабор у Полацку, Бернардзінскі касцёл у Будславе і Бабруйская крэпасць — аказалася лідзіруючай сярод амаль тысячы аб’ектаў, якія ўдзельнічалі ў праекце. Прапанавалі таксама, як тыя дзівосы, якія дзякуючы “НГ” адкрылі для сябе многія жыхары краіны, можна папулярызаваць на старонках газеты і па-за іх рамкамі.

Адзначым, што ўсе ўдзельнікі круглага стала пагадзіліся, што праект “Сем цудаў Беларусі” ніякім чынам нельга прыпыняць. (Дарэчы, і ў чытацкай пошце апошнім часам гучаць падобныя думкі). Былі прапановы працягнуць выбар цудаў па намінацыях: прырода, архітэктура, нематэрыяльная спадчына, храмы... Арганізаваць з фіналістамі праекта асобныя турыстычныя маршруты. Правесці на месцах краязнаўчыя канферэнцыі з удзелам беларускіх і замежных экспертаў.
Прапаноў гучала нямала. Але галоўнае, па меркаванні экспертаў, — пакідаць без увагі гэтыя ЦУДЫ проста немагчыма. Гэта сімвалы нашай краіны, адлюстраванне характару і менталітэту беларусаў. Ведаеце, напрыклад, як растлумачыла Іна Аўсейчык, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея, уваходжанне ў спіс пераможцаў праекта Мірскага замка, Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцей? “У нас людзі — турысты розных узроўняў, больш за ўсё любяць пахадзіць, нават палазіць па замках, руінах, крэпасцях... Ім падабаецца спускацца ў падзямеллі і падымацца на вежы, адчуваць дух часу на сабе”, — разважала Іна Вячаславаўна. Пра што гаварылі і што прапаноўвалі іншыя ўдзельнікі круглага стала, чытайце больш падрабязна ўжо ў заўтрашнім нумары “Народнай газеты”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter