Працяг легенды пра Гулiвера

Трохі ў крыўдзе засталася на ўтаймавальнікаў Заходняй Дзвіны дырэктар народнага гісторыка-краязнаўчага музея Старасельскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Маргарыта Дзмітрыеўна Юшкевіч. Так прама і выказалася, што сапраўдныя падарожнікі павінны не толькі па вадзе плысці, а і ў прыбярэжжа па цікавыя факты паглыбляцца.
–А ў нашых мясцінах столькі незвычайнага! Можна нават турыстычны маршрут адкрываць. Хаця б да магілы самага высокага чалавека на зямлі ў мінулым стагоддзі Фёдара Махнова. Урочышча так і называецца —Веліканаў хутар... Давялося суцешыць расхваляваную Маргарыту Дзмітрыеўну, што патрыятычная і краязнаўчая акцыя газеты «Рэспубліка» і тэлеканала АНТ «Освобождение: Победа. Память. Патриотизм» па Заходняй Дзвіне не абмяжоўваецца трыма напружанымі чэрвеньскімі тыднямі. Фактычна яна працягваецца і цяпер – у добрых справах, патрыятычных і экалагічных мерапрыемствах, у стварэнні новых старонак летапісу пра мінулае і сучаснае роднага краю. Нас сапраўды могуць папракнуць, што яхта газеты «Рэспубліка» не дабралася да ўсяго цікавага і нават фенаменальнага, што знаходзіцца ў басейне Заходняй Дзвіны. Але ж гэта і немагчыма, бо ў такім разе наш водны паход зацягнуўся б на многія месяцы, а то і гады. У якасці прабачэння здымаем капялюш перад усімі, да каго не здолелі даплысці-даехаць. Выпраўляем азначаны пралік новымі аповядамі пра былі і дзівосы дзвінскага прыбярэжжа. У дадзеным выпадку ўзгадаем рамантычную і адначасова сумную гісторыю пра беларускага Гулівера. А дапамагае мне ў гэтым, вядома ж, Маргарыта Дзмітрыеўна. Без радыё, тэлефонаў, а тым болей без тэлебачання, усю Еўропу на пачатку XX стагоддзя абляцелі чуткі пра рускага велікана, які падарожнічае з краіны ў краіну. Вядомы французскі біёлаг Жан Растан у сваёй кнізе «Жыццё» пісаў, што ў сака-віку 1905 года Парыж наведаў рускі гігант Махноў. Рост яго дасягае 2,85 метра, а вага – 182 кілаграмы. Далонь мае даўжыню 32 сантыметры, а падэшва – 51 сантыметр. Шмат звестак пра рэальнага Гулівера (на самай справе не рускага, а беларуса) сабрана якраз у музеі Старасельскай сярэдняй школы. Некаторыя з іх трошкі супярэчлівыя, але яны пастаянна правяраюцца і ўдакладняюцца. Вядома, што Фёдар Андрэевіч Махноў нарадзіўся 18 чэрвеня 1878 года, а памёр 10 верасня 1912 года. Пражыў беларускі Гулівер, як бачым, зусім нямнога – меней трох з паловай дзесяткаў год. Чаму так мала – аб гэтым трохі далей. А пакуль няхай тчэцца наша легенда-быль ад самай калыскі велікана. Паходзіў ён з беднай сялянскай сям’і, рос жа, нібыта той казачны Пакацігарошак, — хутчэй за ўсіх і мацней за равеснікаў. Калі ж вырас, то празвалі юнака Фёдар Вялікі. У вёсцы амаль ніхто не жыве без мянушкі. Па характары быў Фёдар добры і памяркоўны. Але дзятва часам дражнілася і абражліва дапякала. Цер-піць-церпіць Фёдар Вялікі, але і ягонае цярпенне не бясконцае. Каб не лупцаваць свавольнікаў і не частаваць іх кухталямі, дагоніць іх, пазрывае па чарзе шапкі з галоў, падніме вугал лазні ці хлява і пакладзе iх пад ніжні вянец. Канчалася тым, што хлапчукі-гарэзы прасілі ў асілка прабачэння. Фёдар хутка мяняў гнеў на міласць, даставаў шапкі ды картузы і раздаваў сваім крыўдзіцелям. Адной рукой ён лёгка гнуў падковы. Праз заручальны пярсцёнак беларускага Гулівера свабодна праходзіла рублёвая манета. І ўжо сапраўды спектакль панаваў у вёсцы, калі ў ботах велікана гулялі ў хованкі дзеці. У музейных матэрыялах сустракаюцца за-пісы, што ў пачатку XX стагоддзя вiцебскі волат выступаў у цырку, цешыў публіку сваімі незвычайнымі фізічнымі здольнасцямі. Скажам, ён лёгка мог скруціць у спружыну лом, а потым выпраміць яго. Ударам кулака разбіваў цагліны. Альбо на асілка клалі драўляны «мост», на якім іграў духавы аркестр... Шмат паездзіў у той час Махноў па Расіі і Еўропе. Дабраўся нават да Амерыкі. Аднак падарожжамі тымі не разбагацеў: іншыя пагрэлі рукі на эксплуатацыі ягоных фенаменальных здольнасцей. І такая «слава» ўрэшце надакучыла віцебскаму Гуліверу. Неўзабаве ён вярнуўся ў родныя мясціны. Стаў займацца знаёмай з дзяцінства сялянскай працай. Вырашыў ажаніцца. Але паспрабуй знайсці для такога гіганта адпаведнай камплекцыі дзяўчыну! Ды і жадаючых выйсці замуж амаль за трохметровага велікана доўга не знахо-дзілася. Але ж свет не без добрых людзей. Збянтэжаныя сваты адшукалі ўрэшце для Фёдара Вялікага больш-менш прыдатную «веліканку». Ефрасіння Абрамаўна таксама была з сялянскага роду і ўступала Махнову ў росце толькі на 70 сантыметраў. Сталі яны жыць-пажываць, дзетак аднаго за другім нараджаць. Як ні дзіўна, усе пяцёра дзетак Махновых, калі павырасталі, былі хоць і вышэй сярэдняга чалавечага росту, але не такімі гігантамі, як бацькі. Самы высокі з сыноў трошкі перавысіў два метры, а іншыя аказаліся звычайнымі. Чаму ж так рана пакінуў свет такі, здавалася б, моцны і здаровы чалавек? Ёсць успаміны, што Фёдар Вялікі наняўся да мясцовага пана пачысціць рэчку Заронаўку, якая выцякала з Заронаўскага возера. На рачулцы стаяў панскі млын, якім карысталіся сяляне вёсак Цыганы, Моханава, іншых ваколіц. Пакуль асі-лак чысціў мясцовыя аўгіевы канюшні, ён моцна застудзіў ногі і захварэў на рэўматызм. Хвароба стала хранічнай. Здароўе велікана імкліва пагаршалася. Неўзабаве ён не стаў здольны ні хадзіць, ні працаваць. Нейкі час ездзіў верхам на самым высокім кані, якога адшукалі ў акрузе. Тады Махноў быў падобны на асілка з чароўных казак. Ногі конніка звісалі да самай зямлі, а то і валачыліся па ёй. Дзеці бегалі за ім чародамі і дражні-ліся, як было ў часы маладосці велікана. Але цяпер у яго не было ўжо сіл злавацца, зрываць у свавольнікаў шапкі, заціскаць іх паміж бярвеннем і падмуркам забудоў... Так і згас віцебскі Гулівер заўчасна, як свечка. Пахавалі яго ціха на вясковых могілках. Толькі магільная пліта захавала сведчанне аб незвычайных фізічных даных самага высокага чалавека на зямлі. Былых вёсак ужо не стала, а ўрочышча носіць назву Веліканаў хутар. Знаходзіцца ён усяго ў шасці кіламетрах ад Старога Сяла. — Нядаўна мы з групай школьнікаў ізноў хадзілі на Веліканаў хутар, – расказвае Маргарыта Дзмітрыеўна. – Наколькі магчыма, навялі парадак на магілцы, але сама пліта патрабуе ўжо рэстаўрацыі. Дамовіліся аднавіць яе з дапамогай нашага сельгаспрадпрыемства імя Краева. А каб зрабіць Веліканаў хутар адрасам прывабнага турыстычнага маршруту, неабходна шмат сродкаў і сіл... Ідэя заманлівая. Нават нашчадкі французаў, у якіх некалі выступаў велікан Махноў, з задавальненнем наведаюць Веліканаў хутар. Пры ўмове, калі унікальны аб’ект стане больш «цывільным». А чаму б, напрыклад, не ўзнавіць стары млын паблізу вёскі Мядзельна? Той самы, што рабіў паўнаводнай рэчку Заронаўку, якую не паспеў ачысціць ад бруду мінулых стагоддзяў віцебскі Гулівер. Рэшткі млына засталіся. Які гэта будзе прывабны аб’ект для турыстаў! Іншымі словамі, веліканава зямля згаладалася па ўвазе да сябе. Як і абмялелая, не надта чыстая Заронаўка. Сама знясіленая, ці падсілкуе яна ўволю «жывой вадой» сястрыцу Заходнюю Дзвіну? Нават у велікана Махнова не хапіла на гэта сіл. Але прыклад ягонай экалагічнай культуры павучальны і для нашчадкаў. Зразумела, калі мы не вырадзіліся па духу ў бездапаможных ліліпутаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter