Сёлета на рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года”, які ўжо ў трэці раз праводзіўся “Беларускім саюзам жанчын”, з’явілася новая намінацыя — “За ўдалы дэбют у бізнесе”. Перамогу атрымала Марына Міхалькова. Шмат часу Марына аддае дабрачыннасці.
— Марына Юр’еўна, чаму вы вырашылі займацца, як мне здаецца, не зусім жаночай справай?
— Спачатку таксама думала, што будаўніцтва — занятак не для жанчын. Але потым я стала разважаць больш прагматычна, зразумела, што будаўнічы бізнес даволі перспектыўны. Тым больш, што пасля ўніверсітэта працавала ў адной будаўнічай фірме. Добра вывучыла рынак і яго спецыфіку. І вось два гады, як стварыла сваю кампанію.
— Хто, калі не сакрэт, падтрымліваў вас?
— Пачыналі бізнес разам з мужам. Але хутка ён адышоў увогуле ад спраў. Сёння сапраўдную падтрымку адчуваю ад калектыва. Усяго ў офісе працуе 15 чалавек, і кожны — прафесіянал. Яны некалі паверылі ў мяне, цяпер я веру ў іх. Разам мы дасягнулі добрых вынікаў і рухаемся наперад.
— Марына Юр’еўна, як ваша кампанія стала партнёрам дабрачыннага фонда “Дакрананне да жыцця”?
— Аднойчы пазнаёмілася з дырэктарам фонда Ларысай Івашкевіч. Неяк яна ўзяла мяне з сабой у Бараўляны — у дзіцячы анкалагічны дыспансер. Там бачыш хваробу сваімі вачыма, разумееш цану жыцця людзей. Хоць і гаворыцца: “Здароўе не купіш”, ды бывае так, што далейшае жыццё залежыць ад сродкаў. Менавіта тады я і зразумела: трэба дапамагаць. Справа не толькі ў матэрыяльнай дапамозе — дзецям патрэбна ўвага. Часта прывозім у бальніцу фрукты, цукеркі, цацкі. Лічу, што пра дабрачыннасць трэба гаварыць. Сёння шмат хто можа рабіць добрую справу. Варта знаходзіць час для ўвагі і спачування. Прычым, заўважыла, дабрачыннасць прывязвае: пачынаеш сябраваць з сем’ямі, даведвацца пра далейшы лёс дзяцей, якім нечым дапамог...
— Якія ў вас жыццёвыя прыярытэты?
— Прызванне жанчыны — гэта мацярынства. Паўнацэннае жыццё мне немагчыма ўявіць без сям’і. У мяне ёсць сын Мікіта, яму два гады. Гэта маё самае вялікае багацце. Безумоўна, хачу мець яшчэ дзяцей.
— Пад час размовы звярнула ўвагу: у вас шмат дыпломаў самых розных...
— Так, за ўдзел у прафесійных конкурсах. Шмат падзячных пісьмаў за ўдзел у рабоце фонда “Дакрананне да жыцця”. Самы галоўны дыплом — “Жанчына года”.
Кацярына Мядзведская
Праца з адчуваннем дабрыні
Сёлета на рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года”, які ўжо ў трэці раз праводзіўся “Беларускім саюзам жанчын”, з’явілася новая намінацыя — “За ўдалы дэбют у бізнесе”. Перамогу атрымала Марына Міхалькова. Шмат часу Марына аддае дабрачыннасці.— Марына Юр’еўна, чаму вы вырашылі займацца, як мне здаецца, не зусім жаночай справай?— Спачатку таксама думала, што будаўніцтва — занятак не для жанчын. Але потым я стала разважаць больш прагматычна, зразумела, што будаўнічы бізнес даволі перспектыўны. Тым больш, што пасля ўніверсітэта працавала ў адной будаўнічай фірме.