Праца на аўтарытэт

У БДУ больш за 10 % ад ліку студэнтаў складаюць замежнікі

У БДУ больш за 10 працэнтаў ад ліку студэнтаў складаюць замежнікі

У гэтым годзе каля 2 тысяч юнакоў і дзяўчат плануе прыняць на дзённую бюджэтную форму навучання вядучая ВНУ краіны — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Пры гэтым працэнт прыродазнаўчых спецыяльнасцей вырас да 62, сацыяльна-эканамічных і гуманітарных — скараціўся да 38. Што тычыцца платнага навучання, у гэтым годзе ў параўнанні з папярэднім ВНУ павялічыла колькасць месцаў з 2107 да 2514. Павялічылася колькасць новых спецыяльнасцей, якія адкрываюцца ў гэтым годзе. 11 з іх адносяцца да першай ступені навучання (у іх ліку «ядзерная фізіка і тэхналогіі» і «космааэракартаграфія») і 9 — другой ступені навучання. Пра гэта распавёў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка.

У цэлым у ВНУ на сённяшні дзень навучаецца больш за 30 тысяч студэнтаў і магістрантаў, у тым ліку з 50 краін блізкага і далёкага замежжа. БДУ стаў альма-матэр для 2300 такіх студэнтаў. Лідзіруючыя пазіцыі ў гэтым спісе займаюць студэнты з Кітая і Туркменістана, трэцяя пазіцыя — у расіян і толькі потым — выхадцаў з азіяцкіх і афрыканскіх дзяржаў. Гэтыя рабяты, адзначае Сяргей Абламейка, складаюць каля 11—12 працэнтаў ад агульнай колькасці студэнтаў БДУ, што з’яўляецца досыць высокім паказчыкам і сярод айчынных, і сярод замежных ВНУ. «Высокі працэнт замежных студэнтаў у ВНУ — гэта не толькі грошы, але ў першую чаргу аўтарытэт вышэйшай навучальнай установы», — падкрэслівае ён.

Пакуль БДУ робіць стаўку на рускамоўнае навучанне, паколькі, як адзначае Сяргей Абламейка, цікавасць да рускай мовы ў свеце сёння досыць высокая. «Мы бачым вялікую цікавасць з боку краін «чацвёркі», асабліва Казахстана, дзе ёсць вялікая беларуская дыяспара», — адзначае рэктар.

Але гэта не азначае, што ВНУ не разглядае перспектыву навучання англамоўнага студэнта. Але такі пераход патрабуе пэўнай падрыхтоўкі, у тым ліку прафесарска-выкладчыцкага складу. Пакуль было праведзена папярэдняе анкетаванне, якое паказала: шэраг педагогаў гатовы выкладаць на англійскай мове. І не выключана, што гэты патэнцыял будзе выкарыстаны ў будучыні. Пакуль падрыхтоўка на замежнай мове вядзецца толькі на другой ступені навучання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter