Прастора для творчасці

У юных талентаў з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка хвалюючая пара: выпускныя экзамены і дыпломныя прагляды
У юных талентаў з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка хвалюючая пара: выпускныя экзамены і дыпломныя прагляды.

Усе вучні ў педагога Алены Бараноўскай — таленавітыя і працавітыяАд майстроў — вучыцца мудрасці, а ў юнацтва — чысціні… Не прыпомніцца ўжо, чый такі прыгожы радок. А вось да яго і жывая ілюстрацыя: “Дрэвы жыцця, альбо Усмешка юнай вясны” — так назваў бы я пакуль што безыменны твор юнай мастачкі з нядаўняга прагляду. Моцныя вясковыя хаты з пачарнелых ад часу бярвёнаў. Пабудовы, нібы самі старыя вяскоўцы, упэўнена дамінуюць у цэнтры карціны, як урослыя ў зямлю, і самі пад яе колер. Калісьці ж, дамалёўвае свядомасць светлыя згадкі майго дзяцінства, тыя сасновыя зрубы ажно свяціліся знутры, напоўненыя сонцам, духам жывіцы, маладою сілаю гаспадароў. Адчуваеш: гэтыя хаты шмат перажылі, і, здаецца, да драбніц спазналі таямніцы жыцця, прайшоўшы праз слоту, спякоту, маразы… Ды чаго вартая мудрасць чалавечая, калі ачарсцвела душа? А вокны ж хатаў, іх вочы на палатне – як знакі скону, безнадзейныя і цёмныя… І сапраўдным азарэннем побач з хатамі — тонкія дрэўцы ў белай, яшчэ паўпразрыстай квецені. І такая лёгкасць, святочнасць праменіць ад іх! І столькі прастору, надзеі, перспектывы ў гэтым недаўгавечным квеце, на які, здаецца, адно дыхні – і асыплецца…

Не ўпэўнены, што мастачка шмат “парыцца”, як гаворыць моладзь, пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, пераемнасць родавых традыцый ці сэнс быцця. Можа, і словы, якімі я спрабую тут апісаць яе твор і свае ўражанні, пададуцца ёй несучаснымі… Але я ўдзячны ёй за гэтую ціхую радасць: удыхнуць водар вясны, чысціні, аднаўлення свету. Выдам і невялічкі сакрэт, што трохі знаёмы з дзяўчынай. І ведаю: летам яна любіла гасцяваць у бабулі ў прыгожай вёсцы непадалёк ад Нясвіжа. А нядаўна бабулі не стала… То, можа, гэта і ціхі рэквіем у фарбах і вобразах па родным чалавеку, вясковым маленстве? Увогуле, “ад болю большае душа”, як заўважыў паэт. І няма, мусіць, іншага шляху, каб спасцігаць таямніцы творчасці, ды і само жыццё, як праз гэты самы душэўны боль…

“Асцярожна: аголеная натура!” – неактуальны лісток на адной з майстэрань, знізу жартаўлівы подпіс: “Са стукам не ўваходзіць!”. Побач на калідоры цесняцца мальберты, перапэцканыя фарбамі драўляныя крэслы, пры сценцы перавернуты і невялікі подыум, мусіць, для той самай “натуры”. Іх вынеслі, вызваліўшы “экспазіцыйную прастору”, якой тут падчас праглядаў традыцыйна становяцца і сцены, і падлога са слядамі імпрэсіянізму. Няма на гэтых выставах аніякага гламуру, але праз фарбы праблісквае талент, ёсць смелыя эскізы, дух сапраўднай творчасці і… моцны мандраж саміх юных мастакоў. Бо “аголеная натура” — гэта, мусіць, заўсёдны стан душы ўсіх адораных людзей, якіх любы “стук” можа балюча параніць. Адчувальнасць — і слабасць іх, і сіла.

Будучая мастачка К. ШымановічУ ва ўсіх хлопцаў і дзяўчат з розных класаў, якія выстаўля-юць на суд экзаменатараў эскізы, накіды, эцюды, малюнкі алоўкам з прыгожых антычных бюстаў і гатовыя творы жывапісу, чуллівыя душы. Без гэткай “адмеціны”, удакладняе выкладчыца групы мастакоў-жывапісцаў 9 “Б-штрых” класа Алена Бараноўская, тут ніяк. Сама выкладчыца мае яшчэ і “пячатку адказнасці” за працяг сямейнай традыцыі: яна — дачка вядомага мастака Анатоля Бараноўскага. Дарэчы, займаецца ў каледжы нямала вучняў з вядомымі ў свеце мастацтва прозвішчамі: гены клічуць… Закончыўшы Акадэмію мастацтваў на пачатку 90-х, Алена была “на вольных мастацкіх хлябах”, і ўжо тры гады яна ў каледжы. Між іншым, у Парнаце, як здаўна называюць выхаванцы “альма матэр”, вучацца музыцы і выяўленчаму мастацтву дзесяткі адораных хлопцаў і дзяўчат з усёй Беларусі. А назва Парнат, адначасова “аранжарэйная” і са згадкай пра антычны Парнас, гавораць, узнікла як сімбіёз назвы тутэйшай вуліцы Парніковай і слова “інтэрнат”, у якім жывуць вучні. Што тут скажаш: творцы!

Больш за 50 юных мастакоў сёлета заканчваюць гімназію. Далей? Гэта ўжо як каго павядуць Талент і Фартуна. Некаму свеціць каледж, і, можа, мастацтва стане самім жыццём, а камусьці давядзецца шукаць іншыя шляхі. Ад Алены Бараноўскай сыходзяць шэсць яе вучняў: сёстры-блізняты Вікторыя і Ксенія Мікульчыкі, Ксенія Дробыш, Кацярына Шымановіч, Юрый Лемешаў, Мікіта Панін. Выкладчыца просіць запомніць гэтыя прозвішчы, бо ўпэўнена: «Усе яны таленавітыя. І сярод іх практычна няма гультаяватых, а гэта — добры «стартавы капітал», каб нечага дасягнуць у мастацтве».

Кім яны стануць? Ну хто ж ведае… Некаму па душы дызайн, некаму — інтэр’ер, хтосьці «запаў» на творчасць з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Між іншым, практычна ў кожнай рэчы, якую мы побач з сабой бачым, ёсць адбітак творчай думкі мастака. І вельмі да месца тут будзе згадаць светлую, сонечную карціну Кацярыны Шымановіч «Возера маёй душы». Рознакаляровы свет, што зіхаціць навокал намаляванага ёю возера, вельмі дзіўна і страката адбіваецца ў люстры вады. І якому ж колеру будзе аддадзена перавага, калі душа мастачкі пасталее?

…Цікава, а ці патрапяць калі-небудзь творы сёлетніх выпускнікоў гімназіі Парната на прэстыжныя мастацкія аўкцыёны? Між іншым, я даведаўся, што ўсе работы, прадстаўленыя на праглядах, потым доўгі час зберагаюцца ў Парнаце, і гэта яго, так бы мовіць, неацэннае багацце. Зрэшты, як і слава саміх выхаванцаў — Надзеі Лівенцавай, Аляксандра Фінскага, Уладзіміра Крываблоцкага, Віктара Альшэўскага, Уладзіміра Савіча, Рыгора Сітніцы і многіх-многіх іншых, творы якіх цяпер ёсць у музейных і прыватных калекцыях па ўсім свеце.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter