Прапаў без вестак

Колькі часу мінула, а родныя шукаюць любую вестачку пра салдат мінулай вайны

Колькі часу мінула, а родныя шукаюць любую вестачку пра салдат мінулай вайны

Таццяна Сычова з Магілёва піша: “Дапамажыце, калі ласка, даведацца пра ваенны лёс майго бацькі, Ермалая Васільевіча Ступакова. Перад вайной ён быў прызваны Чавускім ваенкаматам на ваенную перападрыхтоўку. Дадому пасля яе не вярнуўся, бо пачалася вайна. Родныя атрымалі паведамленне, што ў верасні 1944 года бацька прапаў без вестак. Наша маці ўсё жыццё чакала яго, але дарэмна. Мы дагэтуль не ведаем, што здарылася з нашым бацькам, а ведаць хочам, і як мага больш”, — паведамляе Таццяна Ермалаеўна.

“Падкажыце, калі ласка,  дзе пахаваны мой бацька, Іван Пятровіч Грэкаў, — звяртаецца Раіса Чыжова з Гомеля. — Вельмі хачу знайсці яго магілу, паехаць туды,  пакласці  кветкі”, — піша аўтар ліста.
У лісце Марыі Кісялёвай з Віцебска свая гісторыя “Дапамажыце знайсці інфармацыю пра бацьку, Васіля Якаўлевіча Буракова, які жыў у вёсцы Шамятоўка Сенненскага раёна. У першыя дні вайны ён быў накіраваны на фронт і прапаў без вестак. Нас засталося пяцёра дзяцей. Куды толькі  ні звярталіся, каб  дапамаглі  ў пошуку бацькі, але безвынікова. Наша маці жыла з надзеяй, што аднойчы ён з’явіцца на парозе. Але так і памерла, нічога не даведаўшыся. А я ўсё ж спадзяюся, што  знайду звесткі пра дарагога чалавека”, — піша Марыя Васільеўна.

Зараз з’явілася шмат магчымасцей адкрываць новыя, раней невядомыя старонкі нашай гісторыі — з развіццём архіўнай, камп’ютарнай справы весці пошук стала лягчэй. Спадзяёмся і на падказку, дапамогу радыёслухачоў і нашых чытачоў, якія штосьці ведаюць пра тыя падзеі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter