Каждый из лауреатов премии «Признание» реализовал на Глубоччине свой, полезный для малой родины, проект

Прамянялі планшэты на «класікі»

Мэтанакіравана, глыбока, па жыццёваму канкрэтна і творча на Глыбоччыне рэалізуецца мінулагодняе рашэнне райвыканкама аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы. Тут створаны і актыўна дзейнічае савет маладых спецыялістаў з прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, які разглядвае і дапамагае вырашыць самыя розныя пытанні і праблемы моладзі. Вядзецца паўсядзённая інфармацыйная растлумачальная работа з падлеткамі аб шкодзе алкаголю, наркотыкаў. На прафарыентацыйным злёце выпускнікоў школ з удзелам кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў ішла зацікаўленая размова аб замацаванні юнакоў і дзяўчат у вёсцы. Традыцыйнымі сталі конкурсы прафесійнага майстэрства маладых аратых і аператараў машыннага даення. Па выніках важных сельскагаспадарчых кампаній — сяўбы, касавіцы, жніва — маладыя хлебаробы заахвочваюцца маральна і матэрыяльна. Гэта датычыцца і жывёлаводаў. Асаблівая ўвага надаецца маладзёжным ініцыятывам. На сустрэчы з моладдзю раёна ў мінулым годзе старшыня райвыканкама Алег Морхат заявіў, што ён гатовы падтрымаць любую карысную прапанову, праект. І гэта не проста словы. Вось адзін з многіх прыкладаў: самым актыўным, ініцыятыўным, таленавітым, крэатыўным, спартыўным прадстаўнікам моладзі нядаўна ўручана штогадовая прэстыжная прэмія «Прызнанне».

Намінанты прэміі «Прызнанне» і актывісты, якія ўнеслі значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Глыбоцкім раёне, узнагароджаныя граматамі і падзякай Глыбоцкага райвыканкама, граматамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, граматамі абласнога камітэта ГА «БРСМ».

Сенсацыяй, іначай не скажаш, стаў сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету па спачане, які праходзіў у Японіі, самай маладой спартсменкі нацыянальнай зборнай, вучаніцы 6-га класа Шунеўскай дзіцячы сад — сярэд­няй школы Вікторыі Шамовіч. Вышыня ўзята ў Японіі, дзе якраз і нарадзіўся гэты від спорту, які ўяўляе самурайскі паядынак на бяспечных мечах!

— Спаборніцтвы доўжыліся тыдзень, — дзеліцца ўражаннямі Вікторыя. — Змагацца даводзілася з сапернікамі розных узростаў. Не ўсё атрымлівалася, як хацела, але было цікава.

Вікторыя прызнаецца, што ёй падабаюцца такія «бойкі». Далучыў яе да гэтага занятку яшчэ ў чацвёртым класе настаўнік Анатоль Шарковіч, а бацькі не былі супраць. Тым больш што дзяўчынка вучыцца на выдатна па ўсіх прадметах.

Поспех у Японіі — далёка не першы ў спартыўнай біяграфіі юнай «самурайкі». Яна чэмпіён рэспублікі. Не было ёй роўных і на спаборніцтвах у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Гэтыя перамогі адзначаны залатымі медалямі.

А на сваёй малой радзіме, на Глыбоччыне, нядаўна атрымала самую прэстыжную прэмію года «Прызнанне» ў намінацыі «Мала­дзёжная падзея года».

Загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч уручае прэмію «Прызнанне» фіналістцы абласнога конкурсу патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў» Юліі Голяс.
Вучаніца 11-га класа Азярэцкай СШ Дар’я Слуцкая задумалася над тым, як «адараваць» дзяцей на перапынках між урокамі ад мабільнікаў, планшэтаў, і прапанавала размаляваць падлогу ў спартыўнай зале ў геаметрычныя фігуры і арганізаваць на іх гульні накшталт «класікаў». Далей болей: на калідорах, у незанятых памяшканнях з’явіліся тэнісныя і шашачныя сталы. Ідэя знайшла прызнанне як у раёне, так і вобласці, а яе аўтар Дар’я Слуцкая атрымала прэмію «Прызнанне» ў намінацыі маладзёжнага праекта года «Перапынак без гаджэтаў».

Дар’я Слуцкая і Вікторыя Шамовіч не адзіныя, хто атрымаў сёлета такую прэмію. Лепшай у намінацыі «Валанцёр года» названа педагог Галіна Кухта, валанцёрскі атрад якой «Добрае сэрца», створаны з вучняў старэйшых класаў сярэдняй школы № 3 Глыбокага, стаў пераможцам аднайменнага рэспубліканскага конкурсу. Атрад аб’ядноўвае звыш сотні чалавек. Дзеці на­вед­ваюць ветэранаў вайны і працы, праводзяць дабрачынныя акцыі, прыносяць спартыўны інвентар, кан­цэ­лярскія тавары для дзяцей з ня­поўнымі праблемнымі сем’ямі, клапоцяцца пра хворых. Сёння яны збіраюць сродкі для Яны Косцік, якой патрабуецца лячэнне і рэабілітацыя ў Ізраілі.

На вуліцах Глыбокага летась упершыню ў рэспубліцы з’явіўся даволі экзатычны кантэйнер у выглядзе вішнёвага сэрца, прызначаны для пластыкавых накрывак. Сёння кантэйнераў ужо больш за дзясятак. Гэта — канкрэтнае ўвасабленне ў жыццё рэспубліканскага праекта «Новае жыццё ў абмен на крышачкі». Штогод на звалкі ў краіне выкідваюцца сотні тон накрывак ад пластыкавых бутэлек. Сродкі ад рэалізацыі накрывак плануецца накіроўваць на лячэнне і рэабілітацыю тым, хто ў гэтым мае вялікую патрэбу.

Каардынатар, супрацоўнік пра­ектнага бюро Юлія Морхат, вельмі ініцыятыўная, да таго ж з вялікімі арганізатарскімі здоль­насцямі, падключыла да рэ­алі­зацыі праекта не толькі школы, арганізацыі і прадпрыемствы, ўсіх зацікаўленых грамадзян. За 10 месяцаў сабрана 125 тысяч накрывак (250 кілаграмаў). Юлія паўнапраўна прызнана «Адкрыццём года».

Толькі летась узначаліла пяр­віч­ную арганізацыю грамадскага аб’яднання БРСМ Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната Таццяна Еркіна, але як памянялася, узварушылася жыццё моладзі на прадпрыемстве. Зараз яны ўсюды сярод першых: і ў спорце, і ў самых розных конкурсах, і ў мастацкай самадзейнасці. На іх навагоднюю ёлачку, зробленую з кансервных бля­шанак, хадзіў дзівіцца ці не ўвесь горад. Маладзёжны атрад правапарадку камбіната па графіку выходзіць на дзяжурствы разам з прадстаўнікамі праваахоўных ор­га­наў і прызнаны адным з лепшых. Увогуле, у тых ці іншых мерапрыемствах актыўна задзейнічаны кож­ны трэці прадстаўнік моладзі прад­прыемства, а іх важак Таццяна Еркіна атрымала «Прызнанне» як лідар года.

Такія ж прэміі ўручаны ў асобных намінацыях вучню 11-га класа СШ № 2, кандыдату ў майстры спорту Арцёму Пяткевічу, вучаніцы СШ № 3, члену мала­дзёжнай палаты Глыбоцкага раёна Дар’і Хоміч, удзельніцы народнай эстраднай студыі «Архіў» ГДК, маладому спецыялісту го­да, настаўніцы Азя­рэцкай СШ Вікторыі Галуза, пераможцы абласнога конкурсу «Званы Сафіі» і фіналістцы абласнога конкурсу патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў» Юліі Голяс, лепшаму члену маладзёжнага атрада аховы права­парадку Ганне Парфяновіч, арга­нізатару маладзёжных і дабрачынных ме­ра­прыемстваў — маладой сям’і Вік­тара і Карыны Шпак, прафсаюзнаму актывісту Ксеніі Парадня, маладому інды­ві­дуальнаму прадпрымальніку Святлане Ліля.

Усяго прэстыжную прэмію года атрымалі 13 чалавек. Ім уручаны спецыяльныя кубкі і дыпломы.

saulich@bk.ru

Фота Наталлі БЕЛЬСКАЙ і Дзіяны БЕРНІКОВІЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter