Красный Крест в Калинковичах помогает развивать свое дело

Прамені душэўнай цеплыні

Часта ў жыцці мы не цэнім тое, што маем. Некуды бяжым, спяшаемся, спатыкаемся, злуёмся, што не стае часу, а калі губляем здароўе і кожная хвіліна становіцца пакутнай — тады разумеем, што шчасце ў простым. У сонечных промнях, што казычуць твары, у блакітным небе, на якое бадай ніколі не зважаем, у пейзажы за акном, куды глядзім, як на барометр, — праверыць надвор’е.


Чатыры гады ўсяго гэтага не бачыць Мікалай Сакун з Калінкавіч. Роўна столькі ён паралізаваны, перанёс тры інсульты. Па слязах, якія цякуць нібы самі па сабе, можна меркаваць, што ўсё ўсведамляе. Яму 64 гады, жонцы Таццяне Рыгораўне — 61. Ёй моцна баляць ногі, тры гады на групе, рухаецца па хаце толькі з дзвюма мылiцамі. І нават схадзіць у магазін, не тое што дагледзець ляжачага мужа, ёй не пад сілу, а сын жыве ў Расіі. І невядома, што б з гэтымі хворымі і нямоглымі людзьмі было, каб не Тамара Шаўлоўская.

Тамара Фёдараўна — медсястра Чырвонага Крыжа, яна апякуе Сакуноў. Прысвячае ім паўдня: у магазін збегае, у хаце прыбярэ, ціск памерае, укол зробiць, Мікалая Пятровіча корміць з лыжачкі, мяняе бялізну, варочае. А яшчэ трэба проста пагаварыць, добрым ласкавым словам перакінуцца. Акрамя медсястры, гэта зрабіць няма каму: яна за радню, медыка і памочніка. А лёсы ў падапечных розныя, насычаныя, часта балючыя.

— Ці думала калі-небудзь, што так захварэю? — выцірае слёзы з вачэй маладжавая яшчэ Таццяна Сакун. — Крыўдна. Працавала санітаркай у хірургіі, насіла хворых па прыступках, 18 гадоў дапамагала паралізаванай свекрыві, маму з інсультам выходжвала, пасля — мужа. А потым і на мне адбілася. Разбалеліся суставы, тазабедраны памяняла, мяняць яшчэ тры — сэрца не вытрымае. Яго і так прыпынялі, каб унармаваць шалёны рытм.


СЛОВАМ, калі нешта баліць — ты жывы, прыказка не пра Таццяну Сакун. З абагаўленнем яна ўспамінае тыя дні, калі ногі не мулялі. А пакуль нічога не застаецца, як старанна выконваць прадпісанні доктара. За гэтым уважліва сочыць Тамара Шаўлоўская, балазе жыве непадалёк, таму і ў выхадныя падбяжыць укол зрабіць, каб не перапыняўся курс лячэння.

Яшчэ ў медсясцёр Чырвонага Крыжа пад наглядам Мікалай Верабей і Галіна Дыкіджы. Яна хворая цяжка, не можа і некалькі крокаў ступіць не прысеўшы, таму па хаце расстаўлены крэслы. Адзінокія пажылыя людзі, і ў кожнага свая немач — самая горкая і балючая.

— Маім двум падапечным па 90 гадоў, іншым па 75. Чакаюць, абдымаюць, як дзеці радуюцца, — пяшчотна расказвае пра сваю работу яшчэ адна патранажная медсястра Валянціна Шалыга. У яе фельчарскага вопыту 42 гады, працуе ў грамадскім аб’яднанні восем месяцаў, акурат тады ўвялі гэтую пасаду.

НАСАМРЭЧ ніколі не думала, што ў таварыства так многа спраў. І рэальных — не на паперы, бо за бюракратыю грамат не даюць. Але калі старшыня калінкавіцкай раённай структуры Чырвонага Крыжа Ала Зіновіч пачынае іх пералічваць, ледзьве за ёй паспяваю занатоўваць. Апрача ўвагі пажылым і адзінокім, у зоне асаблівага клопату няпоўныя, апякунскія, прыёмныя, шматдзетныя сем’і, сіроты, падтрымка іх гуманітарнай дапамогай або рэчамі, якімі падзяліліся людзі з добрым сэрцам. А такіх у раёне многа. Прывозяць адзенне, абутак, цацкі ў грамадскую арганізацыю або апускаюць у кантэйнер, што стаіць побач. Амаль усе яшчэ добрыя, чыстыя, цэлыя — ад 400 да 800 адзінак у месяц. Урэшце гэта штораз падтрымка як мінімум для 30 сямей. Гуманітарную дапамогу кожныя паўгода атрымліваюць па 50 сямей. Ёсць тут і такая завядзёнка: гаспадары, прадаючы кватэры, непатрэбныя посуд і мэблю на сметнік не выкідаюць — праз Чырвоны Крыж дзеляцца з тымі, хто гатовы прыняць.

— І гэта слаўная практыка, — падкрэслівае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Калінкавіцкага райвыканкама Іна Сафронава. — Такім чынам многія без фінансавых укладанняў паляпшаюць свой побыт. Вось і нядаўна цалкам забяспечылі аднаго спецыяліста, які прыехаў у райцэнтр без нічога.

У Чырвоны Крыж звяртаюцца людзі без пастаяннага месца жыхарства, узімку яны тут харчуюцца гарачай ежай, апранаюцца. «Выдаём ім цёплае адзенне, футравыя шапкі. Між сабой смяёмся, што нашы кліенты ў норках ходзяць», — жартуюць супрацоўнікі. Шматдзетныя сем’і бежанцаў з Данецкай і Луганскай абласцей, якіх у Калінкавіцкім раёне 11, у Чырвоным Крыжы атрымліваюць ваўчары, па іх купляюць пральныя сродкі і прадукты. 

Але мяне здзівіла вось што: Чырвоны Крыж дапамагае нават пачаць сваю справу, такім чынам спрыяе самазанятасці. На 800 еўра закуплена абсталяванне жанчыне, якая адкрыла ў райцэнтры цырульню, другая — кандытарскую. Зараз яны ў ахвоту і ў знак удзячнасці займаюцца валанцёрствам. 

Яно — асобная старонка ў біяграфіі гэтай арганізацыі. Удзельнічаюць усе, хто хоча рабіць дабро. Без прымусу, па ўласнай волі. Асаблівыя ахвотнікі — дзеці, у школах і прадпрыемствах праводзяць акцыі, становяцца цімураўцамі, а за гэта атрымліваюць пачастункі, трапляюць у аб’ектыў раённай прэсы. Праца лечыць — афарызм для тых, хто збіўся, што называецца, са шляху праведнага. Сярод іх ёсць студэнты мясцовага ліцэя, якія таксама не супраць быць карыснымі і часта адгукаюцца на валанцёрства.

Рухавік і завадатар добрых спраў і ініцыятыў — Ала Зіновіч, за плячыма якой 43 гады педагагічнага стажу.

— Пачынаць на пасадзе старшыні было няпроста, многаму давялося вучыцца. Падштурхнула мама: ідзі, кажа, людзям дапамагаць. Яна ў мяне заўсёды на першы план ставіць чуласць, спагаду і ўзаемавыручку. З дзяцінства памятаю, як яна частавала суседзяў, дзялілася рэчамі. Словам, займалася дабрачыннасцю, як умела, і мяне вучыла: закінь наперад — ззаду знойдзеш. Яно і нядзіўна, у мамы было складанае жыццё, пакутвала ў фашысцкай вязніцы, адзіную мару за душой насіла — хлеба наесціся, таму ведае цану і жыццю мірнаму, і справам добрым.

Не кінула ў адкрытае плаванне новага «штурмана» гомельскае абласное аддзяленне, надзейна кансультуе і суправаджае ўсе даручэнні. І сама старшыня не прывыкла працаваць спусціўшы рукавы. Першым чынам палічыла патрэбным расказаць пра справы таварыства на ўсіх прадпрыемствах і арганізацыях. Адкрытасць дае плён, план узносаў нават перавыкананы, хоць дагэтуль заўсёды кульгаў. І наогул, актыўнасць — першы кіт поспеху.

— Звычайна езджу на машыне, а калі выберуся ў горад пешшу — толькі і чую: «Ізноў пра цябе ў раёнцы чыталі». Што сказаць, прыемна, калі наша справа патрэбная і яе заўважаюць, — кажа на развітанне Ала Зіновіч.

Спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна ГАРЭЛІК:

— У вобласці 25 раённых арганізацый, больш за 1000 пярвічак, звыш 2000 валанцёраў. Што тычыцца калінкавіцкага аддзялення, яно ў нас адно з буйных і на добрым рахунку, там шмат валанцёраў і добрых спраў.

Наша арганізацыя прыдумвае цікавыя ініцыятывы. Так, напрыклад, два гады развіваем самазанятасць у раёнах, праспансіравалі 84 цікавыя праекты, якія паспяхова працуюць. У межах кампаніі «Збяром дзяцей у школу» летась падтрымалі 845 дзяцей, сёлета збіраемся ахапіць тысячу. У Жлобіне, Рэчыцы і Мазыры ўвялі «Няню замест мамы»: нашы медыцынскія сёстры ў радзільнях даглядаюць немаўлят, ад якіх адмовіліся бацькі. У Гомелі адкрылі крызісны цэнтр на 10 месцаў, дзе даём часовы прытулак людзям без жылля, пагарэльцам, былым зняволеным. Дапамагаем ім аднавіць дакументы, знайсці працу і прыйсці да нармальнага самастойнага жыцця. Падтрымалі каля 30 чалавек, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі за мяжой, запатрабаваная медыка-сацыяльная дапамога нашых медсясцёр. Адзінае, што іх нямнога, і прычына перш за ўсё фінансавая. Праблему могуць рэгуляваць райвыканкамы, уводзячы на гэтыя стаўкі дзяржзаказ.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter