Праменьчык святла па імені Насця

У лёсе Насці Краўчэні пераплецены радасныя і трагічныя падзеі

У лёсе гэтай дзяўчынкі пераплецены і радасныя, і трагічныя падзеі

Юлія Іванаўна Клемпач атрымала ад жыцця нямала ўдараў, але ніколі не магла ўявіць, што ў шэсцьдзясят гадоў зноў стане мамай. Менавіта так называе яе ўнучка: страціўшы маці і бацьку, яна не ведае чалавека бліжэй. На жаль, страта родных людзей стала не адзінай трагедыяй у жыцці 12-гадовай Насці Краўчэні. У мінулым годзе яе збіла машына. Дзяўчынка цудам выжыла, але, як і раней, застаецца жыццярадасным дзіцём, гэтакім праменьчыкам святла. Яе заўважылі арганізатары праекта АНТ «Я спяваю-2», а пазней талент і доўгую русую касу разгледзеў і рэжысёр фільма «Палескія рабінзоны, ці «Цуда-востраў» Сяргей Сычоў. Хочацца верыць, што ўсе ўдары лёсу ў Насці ў мінулым, а наперадзе яшчэ мноства цікавых праектаў.

Яна заўсёды была непаседай. Яшчэ ў калясцы, пачуўшы, як у парку спяваюць дзеці, выдала: «Я таксама так хачу!» Узяла ў рукі аловак: «Буду мастаком!» «А можа, танцамі хочаш займацца?» — цікавілася бабуля. І зноў цвёрдае: «Так!» У выніку ў два гады ў дзіцячым садку яна была самай яркай зорачкай, а ў тры ўжо спявала прыпеўкі на ранішніку. І так ёй гэта падабалася, што на адным з канцэртаў у гарадскім парку Калінкавічаў сама з гледачоў выбегла на сцэну. Публіка абажала гэтае цуда-дзіця. Потым былі канцэрты і конкурсы ў Доме культуры, школе… Сёння ні Насця, ні Юлія Іванаўна ўжо і не памятаюць, колькі разоў дзяўчынка выходзіла на сцэну.

У другім класе Насця захацела пайсці ў музычную школу. Бабуля была супраць: у такім узросце цяжка вазіць дзяўчынку так далёка. Знайшліся добрыя людзі — вадзілі, хто мог. Асноўны груз лёг на плечы дзядзі Сашы, які і сёння паўсюль суправаджае пляменніцу. Магчыма, тады, шэсць гадоў таму, калі ўнучка ўпершыню пайшла на заняткi па музыцы, бабуліна сэрца ўжо прадчувала нядобрае? 18 снежня мінулага года здарылася тое, што магло зламаць жыццё юнай зорачкі і пакінуць яшчэ адзін рубец на сэрцы Юліі Іванаўны: машына збіла дзяўчынку якраз на шляху ў музычную школу. Насця спяшалася на экзамен, ступіла на «зебру», азірнулася па баках… Потым былі сірэна «хуткай дапамогі», слёзы родных і твары зусім незнаёмых людзей. Рэанімацыя.

Туды не пускалі нават бабулю. Юлія Іванаўна прызнаецца: у першы момант думала, што Гасподзь забярэ ў яе і трэцюю дачку.

…Праблемы са здароўем у Насцінай мамы Наташы пача-ліся праз два тыдні пасля з’яўлення на свет гэтага маленькага цуда. Доўга не маглі знайсці прычыну, зрабілі некалькі аперацый. Калі зразумелі, што гэта анкалогія, кінуліся да свяцілаў медыцыны. Не дапамагло. Праз тры месяцы малодшай дачкі не стала.

Старэйшая памерла значна раней. Пра сваю першую, двухгадовую Машу, Юлія Іванаўна ў чарговы раз узгадала, калі на другі дзень пасля аварыі Насцю прапанавалі перавезці з Калінкавіцкай раённай бальніцы ў Гомель ці Мінск. Больш за сорак гадоў таму Юлія Іванаўна ўжо накіроўвала дачку ў сталіцу, спадзявалася, што там дапамогуць вылечыць запаленне лёгкіх, якое зацягнулася. Але і мінскія ўрачы не здолелі.

На гэты раз бабуля даверылася калінкавіцкім дактарам. Спачатку яны нічога пэўнага сказаць не маглі пра будучыню Насці. А праз тры дні ўрач, які лячыў дзяўчынку, падышоў сам: «Дынаміка станоўчая».

«Мама, не плач! Не турбуйся! Я абавязкова ўстану…» — Юлія Іванаўна і сёння гэтыя словы ўнучкі ўзгадвае з дрыжаннем у голасе. Насця — малайчына. Яна маленькая, але такая моцная! Доктар, калі ўбачыў на яе вачах слёзы, сказаў, што забароніць бабулі заходзіць у палату. Яна адразу ўзяла сябе ў рукі і больш пры сустрэчы не пусціла ні слязінкі. Як цяжка ёй гэта было зрабіць, ведае толькі яна сама. У яе ж было моцнае страсенне мазгоў, пералом нагі…

Насця гаворыць, што, як толькі прыйшла ў прытомнасць пасля аварыі, рашыла, што ўсё будзе добра. «Я вытрываю, я спраўлюся», — гаварыла яна ўсім, і перш за ўсё сабе. І дабаўляла: «Мне ж на конкурс трэба ехаць».

Прызнацца, нават урачы тады не зусім верылі, што дзяўчынка поўнасцю паправіцца і вернецца на сцэну. Але Насця не сумнявалася. Бо яна даўно ўжо вырашыла, што звяжа сваё жыццё з музыкай. Калі ўпершыню ўбачыла праект «Я спяваю!», летуценна сказала бабулі: «Вось каб і мне туды трапіць!» Але як гэта зрабіць сіраце з Калінкавічаў? Дзяўчынка думала напісаць ліст Дзеду Марозу, хаця ўжо даўно падазравала, што ён не існуе. Казачнай феяй для яе стала настаўніца спеваў Аксана Цімафееўна Барысенка: яна даслала заяўку, узяла на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні, вазіла выхаванку ў Мінск.

— Вакол нас столькі добрых людзей, — некалькі разоў у час нашай размовы ўзгадваюць Юлія Іванаўна і Насця.

Тады ў бальніцу цягнуліся людзі не толькі з усіх Калінкавічаў, але і зоркі з Мінска: Герман, Аляксандра і Канстанцін, Іскуі Абалян… А калі дзяўчынку пасля рэабілітацыі запрасілі на чарговы канцэрт АНТ, на яе шляху з’явіўся яшчэ адзін добры чалавек. Тады яшчэ кожны крок ёй даваўся цяжка, хадзіла з кійком. На прыступках Палаца Рэспублікі яе падхапіў і дапамог узняцца мужчына. Пазнаёміліся: акцёр Павел Дабрынскі. Сталі кантактаваць у сацыяльных сетках. А ў адзін цудоўны дзень, а дакладней, вечар Павел паведаміў, што заўтра пачынаецца кастынг на ўдзел у дзіцячым кінафільме. І хоць ён не меў ніякага дачынення да кінапраекта, але рашыў, што ў Насці ёсць усе шанцы сыграць галоўную гераіню. Дзяўчынка загарэлася. Праўда, было два «але»: ці пагодзіцца дзядзя везці і ці будуць білеты? Зоркі зноў сышліся, і раніцай цягнік імчаў яе да мары.

На адну ролю прэтэндавалі 250 дзяцей. Насці прапанавалі сыграць сцэнку, як яна, дзяўчынка з тэлепатычнымі здольнасцямі, шукае схаваны хлопчыкамі ключ. Яна не разгубілася, але сёння гаворыць, што магла б усё зрабіць і лепш. Галоўнае, што трапіла ў наступны тур. Адтуль — далей, далей. У фінале перад мастацкім саветам прадсталі дзве дзяўчынкі. Але галоўная роля дасталася фіналістцы «Я спяваю-2».

— Гэта былі такія цудоўныя дні, — узгадвае яна здымкі. — Работалі ў Бярэзінскім запаведніку, увесь час на свежым паветры. Мне так спадабалася!

Таму зусім не дзіўна, што ў Насці з’явілася новая мара. Зараз яна хоча стаць актрысай. Як будзе? Пакуль невядома. Але вельмі хочацца, каб гэтай дзяўчынцы пашанцавала. Жыццё ламае яе, але яна не здаецца. Поспехаў табе, Насця!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter