Пралескi — веснавая радасць

Колькi можна захапляцца пралескамi? Ды бясконца...

Калi надарыцца трывога,

Калi душа спакою просiць,

Хай прывядзе цябе дарога

Сюды, дзе веснавая просiнь..

Колькi можна захапляцца пралескамi? Ды бясконца, бо гэта такое трапяткое i хвалюючае зачараванне вясной, i, канешне ж, перш-наперш прыродай у лесе. Вось крочу я сцяжынкай памiж бяроз i сосен, навокал яшчэ ляжыць нудная шэрань, сумна шапацiць пад нагамi леташняе лiсце.

Але ж я загадзя адчуваю нешта незвычайнае, спадзяюся на чаканае спатканне, бо добра ведаю гэтыя лясныя мясцiны. Iду нетаропка, пазiраю налева. Так i ёсць: сярод шэранi — маленькiя далiкатныя кропелькi блакiту. Асаблiва шмат iх на невялiчкiх, адкрытых сонцу мясцiнах, каля беланогiх бярозак. Падыходжу блiжэй, спыняюся i вiтаюся: «Добры дзень, мiлыя пралескi!» А яны, чыстыя, свежыя, глядзяць на свет на дзiва пяшчотна, неяк сарамлiва, i ад iх пад бярозкай больш светла.

Саджуся, каб лепш разгледзець i палюбавацца гэтымi кветачкамi. Здаецца, што тут асаблiвага — звычайныя пралескi, якiх мноства вясною ў нашых лясах. Ну, за тое, што мноства, дзякуй нашай роднай зямельцы i Богу. А вось наконт звычайнасцi – тут, шаноўныя чытачы, асаблiва гараджане, хачу з вамi паспрачацца. Для многiх з нас пралескi – хвалюючы падарунак, якi сведчыць пра сардэчнасць, любоў i павагу памiж людзьмi, асаблiва гэта датычыцца маладых юнакоў i дзяўчат. У нашых гарадах заўсёды можна цяпер купiць у магазiне шыкоўны букет кветак, вырашчаных у сучасных цяплiцах. Чаму ж невялiчкi букецiк пралесак такi для нас дарагi i жаданы? Безумоўна, таму, што ў iм нейкая неразгаданая пяшчота, шчымлiвы, свежы подых i душа вясны. Нездарма пралескi з’яўляюцца сiмвалам пачатку вясны.

Асцярожна кранаю тоненькiя сцяблiнкi, якiя, адчуўшы сонца i цяпло, няўрымслiва цягнуцца ўверх. Пялёсткi такiя далiкатныя, што боязна дакранацца да iх пальцамi.

Што нi кажыце, а мудрасць i клопат прыроды ахоўваюць усiх насельнiкаў лесу. Вось i для пралесак яна прыдумала так: у непагадзь i ноччу кветачкi закрываюцца i апускаюць галоўкi ўнiз, быццам хочуць прытулiцца да роднай зямлi. Калi ж надвор’е цёплае, кветачкi як бы прачынаюцца, паварочваюцца да сонца. I пралескi, вясёлыя i прывабныя, жывуць у добрым настроi, а ён перадаецца чалавеку.

За блакiтнымi пралескамi праз некалькi дзён зацвiтаюць белыя, iх называюць ветранiцамi дуброўнымi. I нездарма: звычайна, калi белыя набiраюць сiлу, дуюць вятры. Але ж раслiна не звяртае на гэта нiякай увагi, расце добра i ўпэўнена. Жывыя чыстыя дываны з iх разасланы паўсюль у лясах. Хараство i прывабнасць незвычайныя!

Напiсаў слова «прывабнасць», i разам з пачуццём захаплення прыйшла трывога. Думаю, паважаныя чытачы, многiя з вас бачаць, як у пагодлiвыя выхадныя «з прыроды» вяртаюцца гараджане. I шмат хто вязе букеты пралесак. Яшчэ горш, калi бачу ў прыгараднай электрычцы цэлыя кошыкi гэтых кветак.

Трэба ведаць, што тая ж ветранiца дуброўная зацвiтае першы раз толькi ва ўзросце 10—12 гадоў i цвiце зусiм нядоўга – чатыры—шэсць тыдняў. Адарваныя ад зямлi, у гарадскiх кватэрах пралескi вельмi хутка вянуць.

…Жонка прынесла з суседняга лесу на дачу кусцiк пралесак. «Навошта вырвала з каранямi?» – накiнуўся я. «Ды гэты кусцiк рос i цвiў на самай сцяжынцы, — тлумачыць жонка. – Там ходзяць людзi, ездзяць машыны, растапталi б кветачку. Пасаджу кусцiк на клумбе, можа, не прападзе».

I во дзiва – прыжылася пралеска. Нават вытрымала начныя замаразкi. Хутка адзiн за другiм пачалi з’яўляцца бутончыкi, выглядваць на свет пяшчотныя пялёсткi. Нават у такiх нязвыклых умовах пралеска старалася як мага даўжэй дарыць нам маленькую, але такую жаданую радасць…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter