В лесхозах страны началась заготовка березового сока. Мы продегустировали вкус мартовского напитка

Прахалодны кактэйль вясны

Пачатак красавіка — пара нарыхтовак бярозавага соку. Традыцыйны промысел беларусаў не адышоў у небыццё з-за разнастайнасці штучных напояў і багатага выбару на паліцах натуральных сокаў з гародніны і садавіны.

Брэсцкае абласное лесагаспадарчае аб’яднанне мае намер нарыхтаваць не менш за 4000 тон бярозавiка.

Беластволыя грацыі 

Бярозавiк — каштоўны веснавы напой. Сёлета Брэсцкае абласное лесагаспадарчае аб’яднанне мае намер нарыхтаваць не менш за 4000 тон бярозавiка. Частка пойдзе на заводы, каля 600 тон плануецца прадаць насельнiцтву, якое ўжо абрывае тэлефоны лясгасаў з пытаннем, калi можна набыць лясны нектар. Як не нашкодзiць дрэвам i што можна прыгатаваць з бярозавiка? Мы адправiлiся ў Высокаўскае ляснiцтва Брэсцкага лясгаса. Да Уладзiмiра Жалнерчыка, якi па вынiкам 2020 года стаў пераможцам конкурсу прафесiйнага майстэрства ў Мiнлясгасе — лепшым ляснiчым краiны. 

Цiкаўлюся, цi расцвiлi пралескi — красавiцкi першацвет. Чула, бярозавiк пачынае рух па дрэве, калi зацвiтае нябеснага колеру кветка. 

Уладзiмiр Уладзiмiравiч мае шматгадовы практычны вопыт, i ў яго наконт гэтага сваё экспертнае меркаванне, там нi слова пра пралескi:



— Сок iдзе, калi пацяплее i пачынаецца вегетацыя. 

Адно дрэва за суткi можа даць 15, а то i болей лiтраў соку. У бярозы, што расце на тарфянiку, жоўты нектар i з прысмакам. А з дрэва на ўзвышшы сок будзе саладзейшы, але ў меншай колькасцi. 

Высокаўскае ляснiцтва сёлета вядзе нарыхтоўку на дзялянцы памiж вёскамi Воўчын i Ставы. Непадалеку, дарэчы, знакамiтая Свята-Мiхайлаўская крынiца з гаючай вадой. 

З’ехалi з асфальтавай дарогi, пару соцень метраў па лясной — i мы ў 89-м квартале ляснiцтва. Дзялянка гэтая з бярозай бародаўчатай шаблепадобнай формы. Беластволыя грацыi ўсе як адна нахiленыя, прыгожая карцiнка для вока. Тут леснiкi падсочылi 950 дрэў. Дарэчы, сок здабываецца там, дзе ў перспектыве будзе ажыццяўляцца высечка. Нi ў якiм разе нельга выкарыстоўваць дрэвы ў прыгараднай i прыродаахоўнай зонах.

Уладзiмiр Жалнерчык расказвае, як збiраць бярозавiк правiльна. I паказвае. Мы бачым акуратна высвiдраваныя падсочныя адтулiны, пад прапiл — жолаб, па якiм нектар сцякае ў харчовы пакет з полiэтылену.



— Лясгас абавязкова правярае сок на наяўнасць цэзiю-137, — расказвае ляснiчы. — У нас праблем нiколi не было.

Багаты на рэчывы i гаючы

Што яшчэ трэба ведаць? Чым таўсцейшы ствол дрэва, тым больш дзiрачак для збору соку можна зрабiць. У дыяметры бяроза павiнна быць не менш за 20 сантыметаў. Пасля таго як бярозавiк сабраны, адтулiны трэба заляпiць воскам, садовым варам, кавалачкам моху цi проста пластылiнам — галоўнае, не пакiдаць iх адкрытымi. 

Пра ўсё гэта леснiкi ведаюць, а цi патрэбны такiя веды нам? Цi можна самастойна нарыхтоўваць сок?



— Спачатку трэба звярнуцца ў ляснiцтва, прайсцi iнструктаж, атрымаць лясны бiлет, — тлумачыць Уладзiмiр Уладзiмiравiч. — Але чалавек звычайна хоча падсочыць з дзясятак бярозак, забраць сок, што нацёк за суткi, — i да пабачэння. Мы не пагаджаемся на такi варыянт, бо сок жа будзе iсцi далей. Таму прапануем, напрыклад, два дрэвы, i яны дадуць не менш за 200 лiтраў за сезон. 

— Прасцей, напэўна, прыехаць адзiн раз i набыць? 

Вядома. Кошт невялiкi — 18 капеек за лiтр. 

Дарэчы, самастойная нарыхтоўка соку можа вылiцца ў непрыемнасцi — за гэта могуць аштрафаваць.



У мiнулым годзе лясгасы Брэстчыны нарыхтавалi 4275 тон бярозавага соку. Больш за 120 тон рэалiзавалi на экспарт, у асноўным у Лiтву. На цяперашнi сезон з гэтай краiнай таксама ёсць дамоўленасцi аб пастаўках. Асноўны аб’ём лясгасы плануюць адправiць на айчынныя прадпрыемствы. Пастаўляць сок на перапрацоўку будуць больш за ўсё на Маларыцкi кансервава-гароднiнасушыльны камбiнат, Ляхавiцкi i Пружанскi кансервавыя заводы, ААТ «Рольнiк» на Столiншчыне. Дамаўляюцца аб рэалiзацыi напою i iншым прадпрыемствам краiны.

Сёлета рух соку па дрэвах пачаўся позна.

Уладзiмiр Жалнерчык даў некалькi парад тым, хто ўпершыню вырашыў заняцца нарыхтоўкай бярозавiку:

— Квас можна прыгатаваць наступным чынам. Нагрэйце сок да 35 градусаў, дадайце дрожджы, цукар або мёд, разынкi цi цытрусавую цэдру. Затым посуд з гэтай сумессю шчыльна закрыйце i пакiньце на адзiн-два тыднi, за якiя напой даспее. Калi прасцей, дык кiньце ў сок хлебныя сухарыкi цi сухафрукты, крыху цукру — i ў цёмнае месца.



Бярозавiк багаты на мiнеральныя рэчывы. Яго шырока выкарыстоўваюць у народнай медыцыне — п’юць пры сустаўных захворваннях. Карысны гаючы сок i для нырак, але тут варта быць асцярожным i знаць меру. 

Дарэчы, сёлета рух соку па дрэвах пачаўся позна. 



— Не самы лепшы год, — кажа Жалнерчык. — Мала вiльгацi ў глебе. За першы дзень нарыхтоўкi прадалi крыху больш за тону, а раней, бывала, насельнiцтва забiрала да 8 тон. 

Леснiкi памятаюць, што ў 2008 годзе нарыхтоўваць бярозавы сок пачалi ў першы тыдзень сакавiка. А ў 1990-м тэмпературныя анамалii абудзiлi дрэвы 23 лютага. Iдэальная тэмпература для сезона нарыхтоўкi — лёгкiя замаразкi ноччу i да плюс 6 ранiцай. Сок рухаецца да з’яўлення клейкiх лiсточкаў. На ўсё пра ўсё ў нарыхтоўшчыкаў дзён 20, а то i менш, калi днём тэмпература пачне надта плюсаваць.

Чым таўсцейшы ствол дрэва, тым больш дзiрачак для збору соку можна зрабiць.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter