Краiна масава прышчэплiваецца ад грыпу

Пракалоць вірус іголкай

У новым сезоне, па даных Міністэрства аховы здароўя і прагнозу СААЗ, будуць цыркуляваць тры штамы віруса грыпу, адзін з якіх раней не быў шырокараспаўсюджаны. Лепшы спосаб прафілактыкі грыпу — вакцынацыя. Карэспандэнт «Р» пацікавілася, дзе можна зрабіць прышчэпку. 

Вакцынацыя абароніць ад грыпу
Фота Артура ПРУПАСА
Ацаніць па сімптомах

Традыцыйна бясплатна прышчэпліваюць у паліклініцы. Сёлета там прапануюць расійскую вакцыну «Грыпол+». Але за грошы можна прышчапіцца замежнымі прэпаратамі «Ваксігрып» і «Інфлювак». За грошы ж колюць вакцыну i ў прыватных медцэнтрах. Накіроўваемся ў адзін з iх. 

Мінчанку Галіну Андрэеўну да вакцынацыі схіляць не трэба. Яна робіць прышчэпку кожны год пасля таго, як аднойчы цяжка захварэла на грып уся сям’я. Яе хвароба выключыла з актыўнага жыцця на два тыдні. Толькі яна ачуняла ад сімптомаў інфекцыі, як трапіла ў бальніцу з міякардытам – гэта адно з магчымых ускладненняў пасля віруса. Пацыентка аддае перавагу замежнай вакцыне:

— Проста так склалася, што прышчэпліваюся адным і тым жа прэпаратам. Раз прышчапілася — дапамагло. Навошта яго мяняць? Так, я прастываю, але цяжка не хварэю. За сэрца ўжо не хвалююся.

Вакцынацыю праводзяць на прадпрыемствах і ў кампаніях. А таксама ў Гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі. 

Аб эфектыўнасці гэтай меры расказала загадчыца ўстановы Інэса Шэўчык: 

— Больш за 70% нашых супрацоўнікаў ужо прышчапіліся. Попыт на вакцынапрафілактыку актыўны і ў насельніцтва. Ён вышэй, чым у мінулым годзе. Эфектыўнасць вакцын незалежна ад вытворцы аднолькавая. Кожная з іх уключае два варыянты віруса А і адзін сератып віруса В. Мы сутыкаліся з гэтымі штамамі. Вядома, яны будуць у некалькі змененым варыянце. Грып пастаянна трансфармуецца, і гэтыя мутацыі прадугледжаны падчас выпуску прафілактычных лекаў. 

Штогод спецыялісты СААЗ складаюць прагноз, якія варыянты будуць цыркуляваць на той ці іншай тэрыторыі. Менавіта гэтыя штамы віруса і ўваходзяць у склад супрацьгрыпозных вакцын. За апошнія чатырнаццаць гадоў здагадкі апраўдаліся больш чым на 90%. Разыходжанне лабараторнага прадбачання з жыццём бывае вельмі рэдка па адным варыянце з трох сератыпаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцыны. 

— Прышчапіўся — не значыць не захварэў, — робіць акцэнт Інэса Валер’еўна. — Але вірус ужо не зможа так бурна разгуляцца ў арганiзме. Бо мы баімся перш за ўсё ускладненняў. Асабліва калі ў пацыента ёсць небяспечны фон, хранічная паталогія, алергічныя захворванні. Вось там грып і знойдзе спрыяльную глебу. А праявы ў кожнага чалавека могуць адрознівацца, і будзе пакутаваць, па-першае, яго слабае звяно. Папраўляцца пасля грыпознай інфекцыі можна на працягу года.

Чым жа адрозніваюцца вакцыны? 

— «Ваксігрып» — расшчэпленая, — удакладняе Інэса Валер’еўна. — У яе склад уваходзяць вонкавыя і ўнутраныя часцінкі нежывога віруса. Ёсць яшчэ субадзінкавыя вакцыны. Гэта «Грыпол+», «Інфлювак». Яны ўтрымліваюць толькі вонкавую частку нежывога віруса. Усе вакцыны забяспечваюць надзейную ахову ад хваробы, але субадзінкавая мае менш пабочных рэакцый у выглядзе зацвярдзенняў у месцы ўколу і тэмпературы. У склад расійскай вакцыны ўваходзіць яшчэ імунамадулятар, які валодае шырокім спектрам дзеяння. Узмацняе імуналагічную памяць. Карэкціруе імунны статус. Стварае пэўны бар’ер і для іншых інфекцый. Пабочных рэакцый на прышчэпкі з года ў год мы назіраем усё менш. Якасць вакцын паляпшаецца. Яны ачышчаныя і нежывыя. 

Наогул, да вакцынацыі павінен быць строга індывідуальны падыход. Парэкамендаваць вакцыну можа  ўрач, зыходзячы са стану пацыента. 

Прышчэпачная кампанія прадоўжыцца да 1 снежня.

ЛIЧБА

У 2017 годзе запланавана ахапіць прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу не менш за 40% насельніцтва краіны, гэта значыць, больш за 3,8 млн чалавек, і да 75% насельніцтва з груп рызыкі.

drug-olya@yandex.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter