«Праiзводная» цi «вытворная»

Письмо в редакцию
Дайшлi да мяне чуткi, што рыхтуецца пастанова аб выключэннi з праграм ВНУ курса «Беларуская мова: прафесiйная лексiка». У сувязi з гэтым хацелася б сказаць наступнае.

Пераважная большасць беларускiх школьнiкаў навучаецца на рускай мове. Беларуская мова вывучаецца там як асобны прадмет. I вывучаецца яна накшталт замежнай. Вучань пасля гэтых урокаў можа больш–менш па–беларуску паразмаўляць пра надвор’е, пра сям’ю, пра спорт ды нешта iншае. Але калi справа даходзiць да таго, каб пагаварыць на роднай мове пра мастацтва цi пра касмiчныя даследаваннi, чалавек становiцца бездапаможным.

Вось маленькi, але iстотны доказ таму. Магiлёўская абласная арганiзацыя «Таварыства беларускай мовы» на працягу сямi апошнiх гадоў праводзiць спаборнiцтва сярод старшакласнiкаў пад назвай «Беларускае пяцiбор’е». Гэта як бы варыянт абласной прадметнай алiмпiяды. Але алiмпiяды праводзяцца па адным прадмеце, а тут спаборнiкам прапануюцца заданнi з матэматыкi, гiсторыi, лiтаратуры i адной з прыродазнаўчых навук. Пятым балам становiцца бал за якасць беларускай мовы, на якой павiнны быць дадзены адказ i рашэннi. Беларускае пяцiбор’е дазваляе навучэнцу школы, гiмназii цi лiцэя ўсвядомiць шырыню i якасць атрыманай iм агульнай адукацыi. Прычым усвядомiць у спаборнiцтве, г. зн. у параўнаннi з гэтымi паказчыкамi iншых аднагодкаў. Таму пяцiбор’е карыстаецца увагай i попытам школьнiкаў: штогод пазмагацца за прызы пяцiбор’я збiраюцца па сваёй ахвоце некалькi дзесяткаў маладых людзей.

Прыгледземся да тых, хто прыходзiць на такое спаборнiцтва. Прыходзяць, па–першае, тыя, хто лiчыць, што яны валодаюць ведамi ў адпаведных навуках. Прыходзяць сапраўды лепшыя. Сярод удзельнiкаў пяцiбор’я — пераможцы абласных i рэспублiканскiх алiмпiяд, сустракаюцца нават медалiсты мiжнародных алiмпiяд. Сумнявацца ў iх розуме i таленавiтасцi не прыходзiцца. I, па–другое, прыходзяць тыя, хто лiчыць, што яны валодаюць беларускай мовай. «Дзевяткi» i «дзесяткi», выстаўленыя настаўнiкамi ў школьных журналах, прыдаюць iм упэўненасцi. Але як толькi яны бяруцца за рашэнне матэматычнай задачы, спрабуючы выкласцi яго на роднай мове, у iх атрымлiваецца тыповая «трасянка»: «праiзводная» замест «вытворная», «знамянацель» замест «назоўнiк», «часнае» замест «дзель»... Хаця ў словах агульнаўжывальных памылак значна менш. У чым прычына? А ў тым, што беларускай матэматычнай мове iх не вучаць. Як не вучаць i беларускай геаграфiчнай мове, беларускай бiялагiчнай i г.д.

Чалавек першы раз трапляе ў сiтуацыю, дзе трэба пакарыстацца роднай мовай, i здзiўлена разводзiць рукамi — ён, як выяўляецца, гэтай мовы не ведае! Ён не ведае, як па–беларуску «лепесток», як «полезные ископаемые», як «известковые залежи». Не ведае не таму, што неразумны i не змог успрыняць словы настаўнiка, а таму, што настаўнiк яму такiх слоў нiколi не казаў. I чалавек пачынае займацца на спаборнiцтве словатворчасцю.

У задачы гаворыцца аб датычнай да акружнасцi. Слова «датычная» ён нiколi не чуў, рускамоўны настаўнiк увесь час казаў «касательная» i не патурбаваўся, каб хоць раз (хаця б раз за дзесяць год!) сказаць, як гучыць гэтае слова на роднай мове. I чалавек пачынае прыдумляць, як бы гэтае слова магло выглядаць на нашай мове. Касальная? Кранальная? Дакранальная? Кранацельная? Даткнутая? Чапальная? Чацельная?.. Я назбiраў ужо дваццаць варыянтаў перакладнiцкiх спроб гэтага слова.

Дастаткова аднаго ўдзелу ў такiм спаборнiцтве, каб чалавек убачыў, як бедна ён валодае роднай мовай. Трэба аддаць належнае ўдзельнiкам: значная iх частка пасля гэтага знаходзiць час i прыкладае намаганнi, каб палепшыць валоданне роднай мовай. У беларускай прэсе апiсана шмат прыкладаў таго, як наша спаборнiцтва камусьцi дапамагло.

Але гэта толькi тры–чатыры дзесяткi навучэнцаў. Астатнiя ж выходзяць са школы цi лiцэя, не маючы сумненняў, што атрымалi прыстойную моўную адукацыю. Потым прыходзяць у ВНУ, дзе выкладчык (ёсць, напрыклад, такi ў Магiлёве) пачынае чытаць курс цеплахоладатэхнiкi на роднай мове...

Адзiным выратаваннем для такiх недавучаных школай юнакоў i дзяўчат з’яўляецца курс «Беларуская мова: прафесiйная лексiка». Выключыць гэты курс з праграм ВНУ — значыць адсекчы яшчэ адзiн корань нашай мовы.

Мiхась БУЛАВАЦКI, настаўнiк матэматыкi, Магiлёў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter