Праездам праз Беларусь

95-годдзе крымінальнага вышуку СССР адзначылі аўтапрабегам

На мяжы Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей сустрэлі ўдзельнікаў міжнароднага аўтапрабегу, прысвечанага 95-годдзю стварэння службы крымінальнага вышуку СССР.

Аўтакалона з ветэранамі органаў унутраных спраў Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана і Кыргызстана, членамі Маскоўскага аддзялення Фонду міру 26 жніўня адправілася з Масквы і на шляху да Беларусі рабіла прыпынкі ў Туле, Арле, Белгарадзе, Харкаве і Кіеве. Ля будынка УУС Гомельскага аблвыканкама экіпажы аўтамабіляў, упрыгожаных сцяжкамі краін — удзельніц прабегу, сустрэлі кіраўнікі ўпраўлення, ветэраны міліцыі і вучні кадэцкіх класаў гомельскай СШ № 21. Госці і гаспадары ўшанавалі памяць праваахоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, ускладаннем кветак да ўстаноўленага тут памятнага знака. Затым наведалі музей упраўлення ўнутраных спраў, дзе пазнаёміліся з экспазіцыямі зброі і рэчаў, канфіскаваных у злачынных элементаў, а таксама з узорамі аснашчэння міліцэйскіх падраздзяленняў у розныя перыяды.

— Для мяне асабіста гэты аўтапрабег — вельмі значная падзея, — дзеліцца ўражаннямі адна з удзельніц, выкладчык Маскоўскага ўніверсітэта МУС Расіі маёр паліцыі Вольга Цімафеева. — У тым ліку і такімі акцыямі мы імкнёмся захаваць сяброўскія адносіны, якія заўжды звязвалі работнікаў аператыўных службаў. Добра, што ёсць яшчэ адна магчымасць сустрэцца з калегамі і выказаць удзячнасць тым, хто аддаваў свае сілы і жыцці ў барацьбе са злачыннасцю.

На сустрэчы дэлегацыі з начальнікам УУС Гомельскага аблвыканкама Валерыем Палішчуком старшыня праўлення міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі ветэранаў аператыўных службаў «Чэсць» Аляксей Даркоў уручыў кіраўніку абласной міліцыі ордэн імя выдатнага рускага вышукнiка Аркадзя Кашко. Памятнымі медалямі таксама адзначаны дзеючыя супрацоўнікі і ветэраны крымінальнага вышуку. Затым калона ўзяла накірунак на Бабруйск. На маршруце аўтапрабегу таксама значацца Кобрын, Бяроза, Слуцк. Апошнім пунктам яго стане горад-герой Мінск.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter