Наш корреспондент со специалистом Мингорисполкома проверили, как соблюдают санэпидрежим на самом крупном рынке столицы

Прадавец, надзеньце маску!

Пальчаткi, флакон з дэзынфектарам, маска або пластыкавы шчыток — у апошнiя месяцы гэтыя ахоўныя атрыбуты ператварылiся ў маст-хэв кожнага, хто па абавязку прафесii вымушаны працаваць з людзьмi. МАРГ, Мiнiстэрства аховы здароўя i санiтарныя службы пастаянна нагадваюць: падчас пандэмii каронавiруса асаблiва важна сачыць за рэспiраторнай гiгiенай i не ставiцца да бяспекi легкадумна. Нягледзячы на гэта, апошнiм часам некаторыя расслабiлiся — цi то гарачае сонечнае надвор’е так адбiваецца, цi то стамiлiся перасцерагацца. Але адна справа, калi звычайныя людзi без масак ездзяць у метро (гэта застанецца на iх сумленнi), i зусiм iншае, калi правiламi эпiдрэжыму грэбуюць касiры i прадаўцы. Разам са спецыялiстам Галоўнага ўпраўлення гандлю i паслуг Мiнгарвыканкама мы прайшлiся па радах найбуйнейшага харчовага рынку сталiцы i паглядзелi, наколькi адказна тут ставяцца да бяспекi сваiх клiентаў.


Героi носяць пальчаткi i шчыты

Камароўка традыцыйна вабiць пахамi. Клубнiцы памерам з далонь, саспелая чарэшня, салат розных гатункаў: разглядаць стракатыя прылаўкi — вялiкае задавальненне. Сустракаемся ля аднаго з iх з Дзмiтрыем Салаўёвым, намеснiкам начальнiка Галоўнага ўпраўлення гандлю i паслуг Мiнгарвыканкама. Кашуля, зашпiленая на ўсе гузiкi, бардовы гальштук i вялiкая папка з дакументамi: як нi круцi, Дзмiтрый Пятровiч моцна выдзяляецца з натоўпу пакупнiкоў у шортах i гуллiвых мiнi — на двары, на хвiлiнку, + 27 °C. Але гэта я так разважаю, а на справе ўвагi на нас асаблiва нiхто не звяртае: прадаўцы як мага больш прывабна раскладваюць тавар i рыхтуюцца да наплыву клiентаў. На першы погляд, карцiна iдэальная: усе працуюць у масках, многiя носяць пальчаткi i нават шчыткi. Але пiльны позірк спецыялiста прыводзiць нас да кропкi з сезоннымi садавiнай i ягадамi. Думаеце, ён захацеў паласавацца?

Не, проста прадавец Людмiла, мабыць, забылася, што насiць маску на падбародку — маветон. Пасля нашай заўвагi хутка выправiлася, але панаракала:

— Вельмi горача так увесь дзень хадзiць, я задыхаюся. Ведаю, што трэба сачыць, але часам даю слабiну. Вось мая зменшчыца Таня — проста герой: мяняе маску кожныя дзве гадзiны i адчувае сябе нармальна, як быццам усё жыццё яе насiла.

— А мяне ахоўны шчыток ратуе, — далучаецца да размовы прадавец Антанiна. — Ну не магу я насiць маскi, галава кружыцца настолькi, што, здаецца, вось-вось страчу прытомнасць. А так хоць лягчэй дыхаць.

Большасць прадаўцоў на Камароўцы прытрымліваецца масачнага рэжыму.

Да сiтуацыi — з усёй адказнасцю

Дзмiтрый Салаўёў расказвае, што спецыялiсты Галоўнага ўпраўлення i адмiнiстрацый раёнаў Мiнска пачалi праводзiць праверкi з 22 красавiка:

— За гэты час мы пабывалi ў 6300 магазiнах, 770 установах грамадскага харчавання i 710 аб’ектах бытавога абслугоўвання — гэта цырульнi, салоны прыгажосцi i гэтак далей. Працэнтаў 90 з iх выконваюць рэкамендацыi, але апошнiм часам стала вiдаць, што людзi расслабiлiся. Адно з паказальных парушэнняў — маска на падбародку, за вухам цi ўвогуле адсутнiчае. Бывае, касiры не носяць пальчаткi, гэта не вельмi добра, усё-ткi яны пастаянна працуюць з грашыма — разносчыкамi бактэрый. Нават не ўяўляеце, колькi адгаворак я пачуў за гэты час: «я астматык, у масцы не магу дыхаць», «я пажылая, мне вельмi горача»... А вось моладзь, дарэчы, ходзiць i ў масках, i ў ахоўных шчытках — яе ўсё задавальняе.

«Увага! — перапыняе нашу размову гучная аб’ява. — Рэкамендуем захоўваць дыстанцыю адзiн ад аднаго i насiць маскi». Рэакцыя пакупнiкоў не прымушае сябе чакаць: некаторыя поглядам адмерваюць патрэбныя 1,5 метра i трохi адыходзяць назад.

Тым часам да нас далучаецца адмiнiстрацыя рынку. Iван Ткачук, начальнiк аддзела сацыяльнага развiцця, кажа, што Камароўка падышла да пытанняў бяспекi ва ўмовах эпiдсiтуацыi адказна: на тэрыторыi расстаўлена 63 дазатары з антысептыкамi, аб’явы, як тая, што мы чулi раней, гучаць кожныя 5 хвiлiн. А яшчэ ў кожнага сектара ёсць свой правяральнiк, якi сочыць, каб прадаўцы насiлi ахоўныя маскi або экраны.

Дзмітрый САЛАЎЁЎ.

— Мы прайшлiся па гандлёвых радах i заўважылi, што працэнтаў пяць прадаўцоў носяць маскi не зусiм правiльна, — iнфармую яго я.

— Ну вы зразумейце, людзi стаяць цэлы дзень у масках, i нават калi хтосьцi iх трохi спусцiць з носа, гэта часова, iм жа трэба аддыхацца, — парыруе Iван Ткачук. — Вы самi паспрабуйце пастаяць на гэтай спякоце з закрытым тварам. Я лiчу, на пару секунд чалавек можа маску апусцiць, калi побач з iм няма пакупнiкоў.

Лепш, чым у многiх

Я як азартны журналiст прапаную адмiнiстрацыi эксперымент. У якасцi зацiкаўленага клiента падыду да прылаўкаў i праверу, цi стане маё з’яўленне падставай для ўбрання ў маску. Для гэтага перамяшчаемся на iншую лакацыю — крыты рынак. Прадавец Iрына з маскай на падбародку раскладвае ў халадзiльнiку соўсы. Цiкаўлюся, якi лепш выбраць для салаты «Цэзар». Жанчына з энтузiязмам апiсвае перавагi кожнага, але дагаварыць не паспявае.

Спецыяліст паказвае прадаўцу на парушэнні рэкамендацый эпідэміёлагаў.

— Вам заўвага, — голас Дзмiтрыя Салаўёва гучыць сурова. Тлумачыць Iрыне, як правiльна насiць маску, не давялося — прадавец паскардзiлася на спякоту, але паабяцала: надалей будзе больш уважлiвай.

Прылавак з рабрынкамi i грудзiнкай зацiкавiў не толькi мяне: вакол прадаўца Людмiлы сабралася колькi чалавек. Але нацягнуць маску на нос яна не спяшаецца:

— Папраўлю яе, калi падыдуць пакупнiкi.

— А я хiба не пакупнiк? — удакладняю.

— Ну так, — вiнавата адказвае жанчына. — Проста ў масцы вельмi цяжка. Буду старацца насiць.

Нягледзячы на невялiкiя недахопы, спецыялiст ставiць Камароўскаму рынку добрую ацэнку:

— Тут сiтуацыя лепш, чым у сярэднiм па горадзе, так што прыдзiрацца не бачу сэнсу. 95 працэнтаў прадаўцоў носяць маскi — гэта выдатны вынiк. Калi мы бачым, што чалавек парушае санэпiдрэжым, карэктна просiм выправiцца. Звычайна рэакцыя станоўчая, але калi хтосьцi супрацiўляецца, даводзiцца запiсваць дадзеныя i iнфармаваць санстанцыю раёна. Спецыялiсты могуць вынесцi прадпiсанне на лiквiдацыю парушэнняў або, у крайнiм выпадку, выпiсаць штраф юрыдычнай асобе да 500 базавых велiчынь (13 500 рублёў).


ДАРЭЧЫ

Спецыялiсты санiтарнага нагляду Мiнiстэрства аховы здароўя таксама правяраюць аб’екты гандлю, грамадскага харчавання i бытавога абслугоўвання на прадмет выканання мер па барацьбе з распаўсюджваннем каронавiруса. У Рэспублiканскiм цэнтры гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя паведамiлi, што толькi за апошнiя 10 дзён парушэннi выяўлены ў 1180 (43 працэнты ад ахопленых нагляднымi мерапрыемствамi i ацэнкай) аб’ектах рознiчнага гандлю, у 256 (44,7 працэнта) аб’ектах грамадскага харчавання, у 80 (19,2 працэнта) аб’ектах бытавога абслугоўвання насельнiцтва. Асноўныя з iх — адсутнасць (невыкарыстанне) сродкаў iндывiдуальнай абароны, непрыняцце мер па выкананнi «сацыяльнага дыстанцыявання», адсутнасць дастатковага запасу сродкаў дэзынфекцыi для правядзення санiтарна-супрацьэпiдэмiчных мерапрыемстваў. У дачыненнi да суб’ектаў гаспадарання, якiя дапусцiлi неаднаразовыя парушэннi, вынесена 273 патрабаваннi аб прыпыненнi (забароне) дзейнасцi аб’ектаў.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter