Прадаецца дом з гісторыяй

Каля сотні старадаўніх сядзіб не супраць займець гаспадара з інвестыцыямі

Па краіне каля сотні старадаўніх сядзіб не супраць займець дбайнага гаспадара з інвестыцыямі

Напрыканцы мiнулага года па даручэннi Савета Мiнiстраў быў складзены спiс архiтэктурных аб’ектаў, якiя маюць гiсторыка-культурную каштоўнасць, з мэтай продажу iх iнвестарам. Нядаўна распаўсюдзiлася вестка: выкуплены адзiн з iх — новы гаспадар з’явiўся ў палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Краскi Ваўкавыскага раёна. Цi вялiкая цiкавасць да падобных аб’ектаў з боку iнвестараў? I нао­гул, якiя аб’екты трапiлi ў спiс? За адказамi на гэтыя i iншыя пытаннi “Р” звярнулася да начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Iгара ЧАРНЯЎСКАГА.

— Iгар Мяфодзьевiч, чаму ўзнiк пералiк аб’ектаў, якiя могуць быць перададзены iнвестарам?

— Як вядома, амаль 5 тысяч помнiкаў старасветчыны (у спiсе, акрамя помнiкаў архiтэктуры, помнiкi горадабудаўнiцтва, гiсторыi, мастацтва, запаведныя мясцiны, нематэрыяльныя каштоўнасцi) налiчвае сёння Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей нашай краiны, i, зразумела, што iнвестыцый з рэспублiканскага бюджэту на тое, каб усе iх падтрымлiваць у належным выглядзе не хапае. З дзяржаўнага бюджэту — рэспублiканскага, абласных — фiнансуюцца ў першую чаргу работы на найбольш знакавых гiсторыка-культурных аб’ектах. У лiку iх, напрыклад, Мiрскi i Нясвiжскi замкi, будынкi Вялiкага тэатра оперы i балета, Белдзярж­фiлармонii, палац Румянцавых—Паскевiчаў у Гомелi, унiкальная царква ў Сынкавiчах, палацы ў Жылiчах, Крычаве i шэраг iншых, дзе вядуцца цi ўжо закончылiся рэстаўрацыйныя работы.

Але разам з тым многiя аб’екты, асаблiва ў сельскай мясцовасцi, застаюцца сёння ў нездавальняючым стане, разбураюцца, але сродкаў на iх рэстаўрацыю не стае. У большасцi гэта гiстарычныя сядзiбы, якiя некалi выкарыс­тоўвалiся для размяшчэння школ, медыцынскiх устаноў, калгасных кантор, але з цягам часу апусцелi i засталiся фактычна без гаспадароў. Менавiта яны першымi трапiлi ў спiс аб’ектаў, якiя патрабуюць грошай iнвестараў.

Работа па стварэннi спiса вялася Мiнiстэрствам культуры суместна з абласнымi i раённымi выканаўчымi камiтэтамi. Прычым быў зроблены не проста пералiк, а сабраны падрабязныя звесткi аб тым, выкарыстоўваецца аб’ект цi не, хто сённяшнi яго гаспадар i каму ён належаў раней, у якiм стане знаходзiцца зараз i г.д. У вынiку з улiкам звестак з усiх абласцей выявiлiся каля 90 гiстарычных сядзiбных комплексаў, якiм патрабуюцца iнвестыцыi.

— Тыя, якiя дзяржаве не шкада прадаць?

— Што значыць — не шкада? Калi б iх было не шкада, то яны, вiдаць, не былi б уключаны ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей. Пошук прыватных iнвестраў, прыцягненне недзяржаўных сродкаў для таго, каб правесцi рэстаўрацыю гiстарычных аб’ек­таў, прыстасаваць iх да сённяшняга дня — гэта абсалютна нармальная практыка. Так робiцца ва ўсiм свеце. Напрыклад, найбольш вядомая практыка польская. Там з боку дзяржавы ажыццяўляецца толькi дафiнансаваннне падобных аб’ектаў у межах каля 30 працэнтаў. Прасцей кажучы, хтосьцi ўкладае свае грошы ў рэканструкцыю цi рэстаўрацыю помнiка архiтэктуры, а дзяржава толькi часткова дапамагае. У Лiтве таксама толькi ў выключных выпадках iдзе фiнансаванне бюджэтнае, у асноўным дафi­нансаванне, прычым у першую чаргу грошы ўкладаюцца ў даследаванне аб’ектаў, i толькi часткова — у рэканструкцыю.

— Цi ёсць да спiса цiкавасць з боку iнвестараў?

— Ёсць, i каб выклiкаць яе яшчэ больш, таксама вядзецца пэўная праца па некалькiх накiрунках. Напрыклад, сабраная iнфармацыя аб такiх аб’ектах адпраўлена ў Мiнiстэрства спорту i турызму, бо на базе падобных помнiкаў архiтэктуры можа быць разгорнута турыстычная дзейнасць, створаны ў першую чаргу аб’екты агра- i экатурызму.

Яшчэ адзiн важны накiрунак — гэта сумесны з Мiнiстэрствам замежных спраў пошук iнвестараў за межамi нашай краiны, i ў першую чаргу прыцягненне ўвагi нашчадкаў да сваiх колiшнiх гiстарычных сядзiб. Ужо вядома, што сёння найбольш актыўна праводзiцца ўзаемадзеянне з нашчадкамi роду Радзiвiлаў. Канечне, яны не прымаюць непасрэдны ўдзел у рэстаўрацыйных работах па Нясвiжскаму замку, але аказваюць значнае садзейнiчанне ў атрыманнi iнфармацыi аб дзейнасцi роду Радзiвiлаў, што вельмi важна для далейшай музеефiкацыi замка.

Можна сказаць, што прысутнiчае цiкавасць з боку нашчадкаў да палаца Чацьвярцiнскiх у Жалудку. Акты­вiзуюцца стасункi з нашчадкамi роду Сапегаў, Напалеона Орды. Пошук прад­стаўнiкоў шляхецкiх беларускiх родаў актыўна праводзiцца ў Бельгii, Францыi, ЗША, Лiтве, Польшчы, Велiка­бры­танii, i мы спадзяёмся на дастаткова хуткiя вынiкi гэтай работы.

— Магчыма, новы гаспадар сядзiб­нага комплексу ў Красках таксама з нашчадкаў?

— Не, ён прыватны iнвестар, прадпрымальнiк з Расii i нiякiх фамiльных сувязяў з сядзiбай у Красках не мае. Ён набыў яе на конкурснай аснове, праз аўкцыён i заплацiў, дарэчы, неблагiя грошы — 300 млн. рублёў (даведка “Р”: сядзiбы, уключаныя ў спiс для пошуку iнвестараў, могуць быць прададзены за адну базавую велiчыню — 35 тысяч рублёў). Дарэчы, у выпадку з гiсторыка-культурнымi каштоўнасцямi сiстэма аўкцыёна не азначае, што проста купiў той, хто больш заплацiў. Купляе той, хто, акрамя грошай, мае яшчэ i пэўную праграму далейшых дзеянняў на набытым аб’екце. Праектная прапанова з дастаткова важкiмi абгрун­таваннямi, якая адпавядае гiстарычным рэалiям, з вынiкамi натурных даследаванняў аб’екта павiнна быць папярэдне ўзгоднена i зацверджана ў Мiнiстэрстве культуры.

— Грамадзянства пакупнiка ролi не iграе?

— Заканадаўствам нашай краiны ўстаноўлена, што такiя гiстарычныя аб’екты могуць знаходзiцца ў любой форме ўласнасцi, гаспадаром можа з’яўляцца i Рэспублiка Беларусь, i мясцовыя органы кiравання, i юрыдычныя цi фiзiчныя асобы, у тым лiку i замежныя. Таго, што па­купнiком выступае грама­дзянiн iншай краiны, баяцца няма чаго, i дзiўна, калi вакол гэтай тэмы iншы раз узнiкаюць дыскусii. Бо, скажам, сядзiбу, палац, дом у горадзе цi мястэчку, замак за мяжу нiхто не вывезе, помнiк архiтэктуры застаецца тут. А калi ён будзе адрэстаўрыраваны, прыведзены ў належны эстэтычны выгляд з улiкам гiсторыi iснавання, дык гэта толькi станоўчы момант для справы па захаваннi нашай спадчыны.

Так што няважна, хто будзе ўласнiкам – дзяржава, прыватны iнвестар цi нашчадак колiшнiх уласнiкаў. Галоўнае, каб пры правядзеннi аднаўленчых работ яны падпарадкоўвалiся iснуючаму заканадаўству, i ў прыватнасцi нормам закона аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь, дзе канкрэтна распiсаны дазволеныя дзеяннi на такiх аб’ектах. Напрыклад, iх нельга выкарыстоўваць для патрэб узброеных фармi­раванняў, на такiм аб’екце не павiнна праводзiцца вытворчая дзейнасць, якая стварае фiзiчныя нагрузкi, пагаршае экалогiю i гэтак далей. Але пад патрэбы жылля, гасцiнiц, устаноў харчавання, адпачынку, турыстычнай, музейнай справы такiя аб’екты могуць быць прыстасаваны.

— Магчыма, нехта зацiкавiцца набыць. Падкажыце некалькi адрасоў, каб нагле­дзець якi не зусiм зруйнаваны палац?

— Мiж iншым, руiны таксама могуць быць цiкавым музейным аб’ектам, як, напрыклад, рэшткi Гальшанскага, Крэўскага цi Навагрудскага замкаў. Якiмi дакладна былi яны калiсьцi, мы не ведаем, таму аднаўляць iх немагчыма. Аднак вядзецца работа па захаваннi, кансервацыi рэшткаў, якiя таксама ўяўляюць цiкавасць для турыстаў. А што да адрасоў гiстарычных сядзiб на продаж, то знайсцi iх, вiдаць, можна на афiцыйных сайтах аблвыканкамаў, дзе яны павiнны размяшчацца. Большасць такiх аб’ектаў знаходзiцца ў Мiнскай, Вiцебскай, Брэсцкай i Гродзенскай абласцях. Напрыклад, гаспадары патрэбны былой сядзiбе сям’i Ромераў у вёсцы Каралiнова, што ў Пастаўскiм раёне, парку i сядзiбнаму дому XVIII—XIX стагоддзяў у Друi на Браслаўшчыне, сядзiбна-паркаваму комплексу Пуслоўскiх у вёсцы Старые Пескi Брэсцкай вобласцi, сядзiбе, звязанай з родам Рэйтанаў, у вёсцы Грушаўка Ляхавiцкага раёна, сядзiбе Лапацiнскiх у Лявонпалi Мiёрскага раёна, знакамiтаму Косаўскаму палацу... Словам, зацiкаўленым выбiраць ёсць з чаго.

— Але ж варта нагадаць, што быць гаспадаром гiсторыка-культурнай каштоў­насцi справа не простая...

— Гэта справа складаная, але, думаю, не больш складаная, чым быць дбайным гаспадаром, напрыклад, любога сельскагаспадарчага цi прамысловага аб’екта. Я сказаў бы, што гэта справа адказная, але ж i прэстыжная – дакрануцца да гiстарычнай спадчыны i паспрыяць яе аднаўленню.

На здымку: Косаўскi палац.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter