Дзед Мароз: На маіх вачах пакаленні растуць

Пра ёлкi, чароўны посах i шурпу на дачы

Уладзімір Радзівілаў — майстар гумару і пародый, спявак, артыст размоўнага жанру, вядучы канцэртных праграм, стваральнік і кіраўнік «Радзівілаў-тэатра» пры Белдзяржфілармоніі. І на працягу ўжо 21 года выканаўца ролі галоўнага Дзеда Мароза краіны.

— За сёлетнія святочныя дні больш як паўсотні «ёлак», а ўсяго за час, што «дзедмарожу» — больш за тысячу навагодніх прадстаўленняў. Чатыры касцюмы знасіў. У гэтым годзе новы пашылі. Другую па ліку пару ботаў зношваю. Добрыя боты — скураныя, зручныя, лёгенькія, — у казачнага чараўніка свая статыстыка.

— Але сёння ўсе «ёлкі» ўжо адпрацаваны, касцюм і іншы рэквізіт здадзены на захоўванне. Дзеду Марозу можна выдыхнуць?

— Мабыць, так. Але, ведаеце, не без шкадавання. Такі надзвычайны эмацыянальны зарад ад гэтых «ёлак»! І да вобразу свайго ўжо настолькі прывык, што не магу без яго сябе ўявіць. З радасцю месяц у годзе прысвячаю нашым выдатным дзецям, дорачы ім усмешкі, аддаючы ім часцінку свайго сэрца. Для мяне гэтыя сустрэчы прыемныя і кранальныя, пачэсныя і адказныя.

— На прадстаўленні прыходзяць ужо і дзеці дзяцей.

— На маіх вачах пакаленні растуць. А галоўнае — памятаюць мяне! Вось і ў гэты раз, я нават дату адзначыў — 30 снежня, прыходзіла мама з двума дзеткамі. Паказвала сваю фатаграфію, дзе яна маленькая ў мяне на свяце, а зараз дзяцей сваіх прывяла.

— Дзед Мароз, напэўна, растаў ад задавальнення.

— Дык прыемна ж вельмі. Пасадзіў дзетак на калені, зняліся на памяць, яны расказвалі, як ліст мне пісалі, у халадзільнік засоўвалі. Падарункі ім уручыў і дазволіў за бараду Дзеда Мароза патузаць.

— Не адарвалі?

— Клей спецыяльны, надзейны. Барада, дарэчы, шыкоўная, з натуральных валасоў. І вусы таксама «сапраўдныя». А вось бровы самі да навагодніх святаў бялеюць. І гэта без жартаў.

— А без барады і вусоў дзеці пазнаюць?

— Бывае, прыязджаю з канцэртам. Дзеці пасля па аўтограф падыходзяць: «Падпішыце, Дзед Мароз». Гэтая роля ўжо ідзе за мной усюды.

— А як вам цяперашнія дзеткі?

— Ідуць у нагу з часам. Таму і мне даводзіцца быць у курсе навінак, якія іх цікавяць — планшэты, смартфоны, айфоны, найноўшыя мадэлі лялек Барбі. Так што Дзед я «прасунуты».

— А сваімі пытаннямі дзеткі ў тупік не ставяць?

— Я і ў гэтай справе ўжо дасведчаны. Вось была ў мяне тэлефонная прамая лінія, званілі дзеці з усіх абласцей. Адзін хлопчык пытаецца: «А вы сапраўдны? Дакажыце». Кажу: «Даўно за табой сачу, ведаю, ты дома ложак свой не прыбіраеш». У адказ — маўчок, і трубку паклаў. Відаць, паверыў. Праўда, бывае, задаюць хітрыя пытанні: ці ёсць у мяне жонка, як нарадзілася Снягурка. 

— Вось пра гэта падрабязней. Снягурак жа шмат розных было.


— Вядома. Гэта цяпер мае ўнучкі — маленькія дзяўчынкі. А раней — то спявачкі Алеся ці Ірына Дарафеева, то актрыса Святлана Зелянкоўская, то студэнткі або артыстка-танцорка — прыгожая, стройная, вышэй за Дзеда Мароза…

— І як на гэта глядзела ваша жонка, Матухна-зіма, як яе ахрысцілі журналісты?

— Мая Таццяна Аляксандраўна валадарыць за сцэнай. Там я без яе як без рук. І касцюм дапаможа надзець, і, калі што забуду па сцэнарыі, заўсёды падкажа. Наогул яна загадвае мастацка-пастановачнай часткай «Радзівілаў-тэатра». Уся арганізацыйная і адміністрацыйная праца на ёй. Ну а дома — выдатная гаспадыня і каханая жонка. Разам мы ўжо шмат гадоў, сярэбранае вяселле згулялі.

— Ваш мяшок пусты, усе падарункі раздарылі. А вам што дораць на Новы год?

— Адразу ўдакладню: мой Дзед Мароз з мехам не ходзіць. Усе жаданні выконвае яго чароўны посах. А мех — у Санта-Клаўса, усё ў яго адтуль дастаецца. Дарэчы, наш Дзед Мароз самы культурны. Ён прыходзіць праз дзверы, а Санта — праз комін. А што да падарункаў, мне часцей за ўсё дораць Дзядоў Марозаў. Ужо каля ста штук сабралася. І ўсе розныя. Ёсць адзін нават уручную звязаны. Між іншым, падарыла дзяўчына, якая калісьці малой прыходзіла на мае «ёлкі».

— Стары Новы год святкаваць будзеце?

— Абавязкова. Па традыцыі на дачы адзначым. Заадно катоў праведаем: дзвюх кошак — Машку з Муськай і майго любімчыка Чарнышэўскага. Калі адсутнічаем, суседзі за імі і домам прыглядваюць. Сяброў на свята паклікалі. Шурпы звару велізарны казан. Ну і шампанскае, аліўе, мандарыны... Усё як мае быць.

— Дыетай сябе не абцяжарваеце...

— Дык трэба ж форму трымаць. Бо я павінен быць сапраўдным Дзедам Марозам — вялікім і моцным. Нездарма калісьці артыст Алег Анофрыеў пра мяне прыдумаў: «И где ж взялась такая сила, что породила Радзивила? Ответила природа строго: хорошего должно быть много». Да навагодніх святаў я нават спецыяльна трохі таўсцею для ролі. Потым скідаю 3—4 кг. І ўсё нармальна.

— Дача ў родных мясцінах?

— Так, на Уздзеншчыне, між іншым, у месцы, якое належала князям Радзівілам.

— Няўжо гістарычную сядзібу купілі?

— Не, хоць яна там насамрэч ёсць. У нас проста дом, але, калі яго купляў, вяскоўцы смяяліся, маўляў, зноў Радзівілы вярнуліся.

— Чым да наступных «ёлак» зоймецеся?

— Буду рыхтавацца да юбілею. Сёлета ў мяне асабістых 55, але гэта так-сяк. А вось 30 гадоў творчай дзейнасці — тут трэба нешта прыдумаць. Для пачатку з вясны гастролі «Радзівілаў-тэатра» па краіне плануем.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter