Пра «Таямніцу ночы»

Юбілейная выстава Гаўрыіла Вашчанкі адкрылася ў Гомелі

Юбілейная выстава Гаўрыіла Вашчанкі адкрылася ў Гомелі

Персанальная выстава жывапісу народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі «Таямніца ночы», прысвечаная 85-годдзю майстра, адкрылася ў Гомелі. Удзел у цырымоніі адкрыцця выставы ўзяў і сам юбіляр, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наведвальнікі выставы атрымалі магчымасць акунуцца ў творчыя разважанні мастака на тэму ночы. У аснову экспазіцыі лягло некалькі дзясяткаў жывапісных палотнаў, створаных у перыяд з 1991-га па 2011 год. У гэтых працах прысутнічаюць легенды і прытчы, якія мяжуюць з фантазіямі сноў, цесна пераплятаюцца з лірычнымі краявідамі і персанажамі начнога жыцця Беларускага Палесся. Цёплыя і далікатныя вобразы на палотнах змяняюцца напружанымі і эмацыянальнымі матывамі. Глыбокія і сур’ёзныя тэмы, здольныя выклікаць у гледачоў філасофскія разважанні, суседнічаюць з рамантыкай начных праменадаў і мілымі сэрцу куткамі роднай зямлі.

Прадстаўляючы свае працы, Гаўрыіл Вашчанка адзначыў, што да тэмы ночы ён перыядычна звяртаўся ў сваёй творчасці і выстаўляў гэтыя працы паасобку на розных паказах. У час падрыхтоўкі да юбілейнай выставы нарадзілася ідэя сфарміраваць з гэтых работ цэласную экспазіцыю, прадставіўшы ў ёй усе дэталі гэтага часу сутак: вечар, світанак, маладзік, поўню, прыгажосць і загадкавасць, лірычнасць і трагічнасць ночы.

Выстава адкрыта ў карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі, якая была створана ў 2002 годзе на аснове перададзенай у дар Гомелю калекцыі яго прац і збору твораў беларускіх майстроў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter