Пра спадчыну паведаміць «Астрамечаўскі рукапіс»
07.12.2013 19:13:02
У ПАЛАЦЫ культуры вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна адбылася прэзентацыя чарговага, ужо чацвёртага, краязнаўчага альманаха. І дапамог з выданнем кіраўнік СПК «Астрамечава» Аляксей СКАКУН
На ўсім абсягу Беларусі толькі ў Брэсцкім раёне выдаецца штоквартальны краязнаўчы альманах, у якім знаходзіцца месца для шматлікіх матэрыялаў пра гісторыю і культурную спадчыну рэгіёна. Намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Людміла Жуковіч, рэдактар і ўкладальнік альманаха Аляксандр Ваўковіч, іншыя ў адзін голас гаварылі аб тым, што гэта ўнікальная з’ява.
Адкрываючы імпрэзу ў гонар новага нумара альманаха, прафесар БрДУ імя А. С. Пушкіна Уладзімір Сенькавец падкрэсліў, што патрэбны далейшыя навуковыя даследаванні, але ўжо сёння практычна няма сумненняў у тым, што адзін з самых значных музычных твораў эпохі Рэнесансу на Беларусі створаны менавіта ў берасцейскім Астрамечаве.
Безумоўна, выявіць праўду было немагчыма без энтузіястаў. Неяк няёмка словам «энтузіяст» называць кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства «Астрамечава» Аляксея Скакуна. Менавіта ён падтрымаў намаганні мясцовых краязнаўцаў не толькі словамі. Дапамог з выданнем штоквартальніка. Дапамагла і дырэктар раённага Дома рамёстваў Таццяна Лук’янчук, якая ўжо 15 год збірае матэрыялы пра вёску.
Як сказаў на прэзентацыі Аляксей Скакун, праз два гады будзе адзначацца 500-годдзе галоўнай вёскі аграгарадка — Астрамечава. І гэта будзе вялікае свята.
Дарэчы, рэпетыцыя ўжо адбылася. Перад публікай спявалі і вучні мясцовых дзіцячых гурткоў, і знакаміты ансамбль «Астрамечаўскія Лявоны» пад кіраўніцтвам Фёдара Мозаля. У мясцовым Палацы культуры разгарнулі выставу вырабаў народных майстроў, якія супрацоўнічаюць з раённым Домам рамёстваў у Астрамечаве.
Юрась РУБАШЭЎСКІ
(газета «Вечерний Брест»)