Пра спадчыну паведаміць «Астрамечаўскі рукапіс»

На ўсім абсягу Беларусі толькі ў Брэсцкім раёне выдаецца штоквартальны краязнаўчы альманах, у якім знаходзіцца месца для шматлікіх матэрыялаў пра гісторыю і культурную спадчыну рэгіёна. Намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Людміла Жуковіч, рэдактар і ўкладальнік альманаха Аляксандр Ваўковіч, іншыя ў адзін голас гаварылі аб тым, што гэта ўнікальная з’ява.

У ПАЛАЦЫ культуры вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна адбылася прэзентацыя чарговага, ужо чацвёртага, краязнаўчага альманаха. І дапамог з выданнем кіраўнік СПК «Астрамечава» Аляксей СКАКУН

На ўсім абсягу Беларусі толькі ў Брэсцкім раёне выдаецца штоквартальны краязнаўчы альманах, у якім знаходзіцца месца для шматлікіх матэрыялаў пра гісторыю і культурную спадчыну рэгіёна. Намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Людміла Жуковіч, рэдактар і ўкладальнік альманаха Аляксандр Ваўковіч, іншыя ў адзін голас гаварылі аб тым, што гэта ўнікальная з’ява.

Навуковымі кансультантамі выступаюць знакаміты прафесар Адам Мальдзіс з Мінска, Іна Швед, таксама доктар філалагічных навук, якая зараз кіруе вучэбнай фальклорна-краязнаўчай лабараторыяй БрДУ імя А. С. Пушкіна — гэта гонар для мясцовага выдання. І гэта не «святочныя генералы». Так, менавіта Адам Мальдзіс на старонках «Астрамечаўскага рукапісу» расказаў аб тым, як адзін з найстарэйшых музычных твораў Беларусі эпохі Рэнесансу атрымаў назву «Полацкі сшытак». Сапраўды ён быў створаны ў Астрамечаве.

Адкрываючы імпрэзу ў гонар новага нумара альманаха, прафесар БрДУ імя А. С. Пушкіна Уладзімір Сенькавец падкрэсліў, што патрэбны далейшыя навуковыя даследаванні, але ўжо сёння практычна няма сумненняў у тым, што адзін з самых значных музычных твораў эпохі Рэнесансу на Беларусі створаны менавіта ў берасцейскім Астрамечаве.

Безумоўна, выявіць праўду было немагчыма без энтузіястаў. Неяк няёмка словам «энтузіяст» называць кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства «Астрамечава» Аляксея Скакуна. Менавіта ён падтрымаў намаганні мясцовых краязнаўцаў не толькі словамі. Дапамог з выданнем штоквартальніка. Дапамагла і дырэктар раённага Дома рамёстваў Таццяна Лук’янчук, якая ўжо 15 год збірае матэрыялы пра вёску.

Як сказаў на прэзентацыі Аляксей Скакун, праз два гады будзе адзначацца 500-годдзе галоўнай вёскі аграгарадка — Астрамечава. І гэта будзе вялікае свята.

Дарэчы, рэпетыцыя ўжо адбылася. Перад публікай спявалі і вучні мясцовых дзіцячых гурткоў, і знакаміты ансамбль «Астрамечаўскія Лявоны» пад кіраўніцтвам Фёдара Мозаля. У мясцовым Палацы культуры разгарнулі выставу вырабаў народных майстроў, якія супрацоўнічаюць з раённым Домам рамёстваў у Астрамечаве.

Што тычыцца чарговага нумара «Астрамечаўскага рукапісу», то на яго старонках знайшлося месца і для вытрымак з кнігі Юзэфа Крашэўскага «Адзенне мяшчанаў і сялянаў з ваколіц Берасця, Кобрыня і Пружанаў», і для «Дыялектных прыказак і прымавак Астрамечаўскага рэгіёна» ад жыхара вёскі Лышчыцы Міхаіла Мартынчука, мясцовых песень, якія запісалі студэнткі БрДУ пад кіраўніцтвам Іны Швед, і іншыя цікавыя артыкулы.

Юрась РУБАШЭЎСКІ

(газета «Вечерний Брест»)

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter