Пра слуцкiя паясы i пiянерскiя кастры

На Міншчыне шмат людзей, якія вызначаюцца прыгажосцю душы. Але галоўнае ў тым, каб ёю падзяліцца з іншымі. Што і казаць, апошнім часам тут і там стала звычайнай з’явай скардзіцца на цяжкасці жыцця, на малую заработную плату, на недахоп часу для адпачынку. Вось і вінавацім лёс, уладу, суседа нават. А можа, у першую чаргу трэба паглядзець на сябе ды паспрабаваць самастойна перайначыць свой лад жыцця, накіраваць свой талент, які, упэўнены, ёсць у кожнага чалавека, на стварэнне той прыгажосці, якая б радавала і сябе, і тых, хто побач. І тчэ, забыўшыся, рука Квасыніцкі цэнтр рамёстваў, што на Случчыне, славіцца мноствам цікавых экспанатаў. Тут такія, напрыклад, вырабы са звычайнай лазы, што наглядзецца немагчыма. Альбо лялечкі з саломкі ці гліны так цікава выраблены – ну як жывыя. Але дырэктар цэнтра Наталля Матусевіч прапанавала пазнаёміцца з майстрыхай па ручніках. “Там узоры сапраўды слуцкія, стромкія напевы душы”, — сказала Наталля Казіміраўна. Колькі памятае сябе Таіса Белавусава, столькі, здаецца, і ткала ручнікі. Але толькі тут, у цэнтры рамёстваў, адчула, што здольная на сапраўдную творчасць. Майстар па ткацтву Наталля Барынь адкрыла ў працавітай жанчыне унікальныя здольнасці. Таіса загарэлася, ды так, што кожны дзень шчыравала на кроснах, і выходзілі ў яе ручнікі адзін за другі лепей. — Спачатку ні пра якія выставы не думала, рабіла для душы і радавалася, калі людзям падабалася, — расказвае мне Таіса Мікалаеўна. Цяжкая праца. Рукі пачынаюць балець. Галава, бывае, расколваецца ад думак пра вырабы: як палепшыць малюнак, як вывесці лінію, каб уражвала кожнага. Адпачываць бы на пенсіі, але яна не ўяўляе сябе без любімай справы. Слуцкія ручнікі ад Таісы Белавусавай ведаюць цяпер нават за мяжой. Каму дорыць, хто і купляе. А выстава рамёстваў праводзіцца — там абавязкова ручнікі з мастацкай вышыўкай слуцкай майстрыхі. — Для мяне гэта сапраўдны адпачынак, — зазначыла Таіса Мікалаеўна. – А яшчэ мару перадаць вопыт маладым. Таму часта спяшаюся ў цэнтр рамёстваў на заняткі з вучнямі. Хай славяць нашы слуцкія ручнікі цудоўны наш край. Набыў прадпрымальнік матацыклы Прадпрымальнікі, як вядома, бываюць розныя. Адны захапляюцца пабудовай вялізных катэджаў для сваёй сям’і, іншыя хваляцца шыкоўнымі і, вядома ж, дарагімі аўтамабілямі. Уладзімір Пратасеня з вёскі Казловічы, што таксама на Случчыне, займаецца рамонтам тэхнікі. Грошы атрымліваюцца невялікія. Ды калі захацець, можна выдаткаваць нейкую суму... Ідэя захапіла Уладзіміра Адамавіча даўно – стварыць тэхнічны клуб для вясковых хлапчукоў. Падтрымку атрымаў і ў Казловічах, і ў Слуцку. Цяпер ёсць чатырнаццаць матацыклаў, а яшчэ некалькі рэтрааўтамабіляў. — Купляю старыя, потым разам з юнакамі рамантуем, каб вярнуць машынам прыгажосць і моц, — расказвае Уладзімір Адамавіч. – Так стварылі музей. З цягам часу прыбаўлялася тэхнікі. Цяпер у Казловічах адкрыты раённы цэнтр аўтамабільнай культуры і тэхнічнай творчасці моладзі. Кіруе цэнтрам Уладзімір Пратасеня. — Я тут вучыўся ў школе, тут жыву і лічу за гонар рабіць для вясковых хлопчыкаў добрую справу, — сказаў Уладзімір Адамавіч. Дадам, што і гарадскіх дзяцей, якія прыязджаюць у Казловічы на канікулы да сваіх бабуль і дзядуляў, Пратасеня запрашае ў цэнтр на заняткі. Набіраецца тады каля трыццаці хлапчукоў і дзяўчынак. Вучаць Правілы дарожнага руху, разбіраюць і збіраюць асобныя механізмы, практыкуюцца ў ваджэнні матацыклаў. Праводзяць спаборніцтвы па мотакросу, удзельнічаюць у розных мотапрабегах. Вясна. Зноў застракочуць па наваколлі матацыклы, якімі будуць кіраваць вясковыя хлапчукі. Яны авалодваюць не толькі тэхнікай. Яны вучацца жыць карысна і цікава. Добра, што ёсць каму іх гэтаму вучыць. Школа зялёнага хараства Пагосцкая базавая школа, што ў Вілейскім раёне, нагадвае сапраўдны батанічны сад пад дахам. Кветкі і на калідоры, і ў класах, і ў экалагічных пакоях. Тут захавалі піянерскую арганізацыю, якая нават у часы рашучага адмаўлення ад усяго савецкага не спыняла сваю работу. Дзейнічае штаб “Сябры прыроды”. Працуе школьнае лясніцтва. Ёсць аздараўленчы лагер. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіна Раманоўская зазначае: — Усяго ў школе вырошчваецца 700 адзінак кветак. Каб паліць іх, асабліва летам, трэба прынесці 60 вёдзер вады. Але хлопчыкі і дзяўчынкі не лянуюцца, працуюць з ахвотай. Галіна Яўгенаўна ганарыцца вынікам сваёй працы. Як, дарэчы, і дырэктар школы Ганна Вікенцьеўна Ляшковіч. Дыпломы, дыпломы... За перамогу ў конкурсах, на выставах, у экалагічных алімпіядах. А яшчэ дзеці нарыхтоўваюць летам лекавыя травы, праводзяць экспедыцыі “Наш край”. Гэтай невялічкай школе амаль сто гадоў. Кажуць, калісьці было тут дзве кветачкі ў малюсенькіх гаршчочках, сёння атрымалася багатая аранжарэя. Кожны клас мае свой экалагічны пашпарт. Экалагічны атрад школы заняў першае месца ў Мінскай вобласці. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў экалогія тут пашырылася да той высакароднай мэты, што можна гаварыць пра экалогію душы. — Нашы вучні працуюць і ў школьнай цяпліцы, і на агародзе, i ў мясцовым лясніцтве, і ўжо гэта выхоўвае іх добрымі, спагадлівымі, беражлівымі людзьмі, — сказала дырэктар школы. * * * Тры прыклады таго, як трэба сёння працаваць, любіць сваю справу, людзей. Але ж добрыя прыклады трэба памнажаць паўсюдна. З думкай аб гэтым і заканчваю свой аповед аб простых і такіх цікавых людзях.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter