Петров пост, или «петровка-голодовка», в традициях белорусов

Пра што кукуе зязюля

У праваслаўных вернікаў працягваецца Пятроў пост, звязаны з успамінам пра двух апосталаў — Пятра і Паўла. У народзе яго называлі проста — «пятроўкі», або «пятроўка-галадоўка». І не дзіўна: у пачатку лета ад мінулага ўраджаю ўжо мала што заставалася, а да новага яшчэ было далёка.

petshop-vrn.ru

Час Пятрова паста мае свае народныя прыкметы і традыцыі. Напрыклад, забараняецца рукадзелле і шыццё — інакш незнарок можна зашыць уласнае шчасце і дабрабыт. Яшчэ такая прыкмета ахоўвае ад магчымых хвароб, звязаных з рукамі. Па павер’ях, у час посту нельга стрыгчыся, інакш валасы будуць тонкімі і ломкімі. Раней лічылася, калі ў Пятроў пост пазычыць камусьці грошы — тры гады можна праседзець у пазыках.

У гэты перыяд лепш не праводзіць вянчанне, інакш сям’я будзе жыць у сварках і канфліктах. Каб не наклікаць бяду на сябе і сваіх блізкіх і не застацца без падтрымкі вышэйшых сіл, нельга варажыць і праводзіць абрады. Таму продкі раілі прысвяціць час посту малітвам. Аднак некаторыя паслабленні дазваляліся ў час купальскіх гулянняў, якія выпадаюць на «пятроўку».

Вялікая ўвага надаецца ежы: яна павінна быць нішчымнай, але сытнай. У меню беларусаў пераважалі гародніна, стравы з рыбы, лясных ягад. Гародніну елі сырой або варылі, парылі, запякалі. Шырока выкарыстоўвалі дзікарослыя травы: крапіву, лебяду, снітку, дзьмухавец і іншыя. Багатыя прыёмы ежы ў час посту забараняюцца, як і распіццё спіртных напояў, за выключэннем дзён, калі царкоўным статутам дазваляецца ўжыванне невялікай колькасці віна.

Нашы продкі назіралі за надвор’ем і прыкмячалі: калі ў першы дзень посту ідзе дождж — ураджай будзе добрым, а калі выпадала тры дажджы за адзін дзень — год абяцаў быць багатым на радасныя падзеі.

АД ПРАДЗЕДАЎ

16 чэрвеня — Лук’ян-вятрак. З гэтым днём звязана адна цікавая прымаўка: «На Лук’яна не кладзіся спаць рана, а прыглядайся, адкуль вецер дзьме». Па вятрах варажылі пра ўраджай і надвор’е. Прыкмячалі:

♦ паўднёвы вецер — да хуткага росту яравых хлябоў;

♦ увесь дзень ідзе дождж — будзе шмат грыбоў;

♦ совы крычаць — да непагадзі;

♦ раніцай па вадзе туман сцелецца — да сонечнага надвор’я.
Прыслухоўваліся да птушак, асабліва зязюлінага кукавання. Заўважалі: калі зязюля перастала падаваць голас за тыдзень да посту, гэта прадказвала познюю цёплую зіму. Чаму менавіта зязюлю нашы продкі вылучалі сярод іншых птушак? Справа ў тым, што ёй прыпісваўся сакральны сэнс. Па легендзе, менавіта ў зязюлю ператварылася пасля мацярынскага праклёну дзяўчына або жанчына-грэшніца. Ёсць яшчэ адна легенда, што расказвае пра нейкага міфічнага Дзядка, якога ў вёсцы не пусцілі пераначаваць, і ў пакаранне ён усё паселішча ператварыў у камяні. Дзяўчыну з гэтай вёскі, якая патаемна прынесла яму хлеба, Дзядок спачатку пашкадаваў. Але потым, калі яны ўцякалі разам, дзяўчына не паслухалася яго перасцярог, азірнулася і ператварылася ў зязюлю.

Вельмі пашыраны сюжэт паданняў і казак, дзе ў зязюлю ператвараецца дзяўчына, якая стала жонкай вужынага караля. Гэта адбываецца пасля таго, як вужа забіваюць яго браты. У народзе верылі, што яна зімуе ў зямлі і з’яўляецца ў весну адначасова з зямнымі гадамі. Ёсць павер’і, што ўвосень зязюля ператвараецца ў каршуна. Гэта птушка лічыцца прадвесніцай даўгалецця. На Палессі, пачуўшы першую зязюлю, абыходзяць хату і б’юць па ёй альховымі галінкамі, вераць, што такім чынам можна вывесці прусакоў, клапоў, блох.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter