
Берагі стануць бліжэй
Праект распрацаваны прадпрыемствам «Iнстытут Гроднаграмадзянпраект». Ён цiкавы тым, што на iснуючых апорах амаль цалкам будзе пабудаваны новы мост, i толькi пасля гэтага будуць дэманцiраваны пралётныя канструкцыi старога. Гэта дазволiла значна патаннiць будаўнiцтва.Новы аўтамабiльны мост будзе чатырохпалосны, з дзвюма палосамi ў абодвух напрамках, шырыня кожнай — 4,5 метра. Акрамя таго, тут будуць тратуары па 1,5 метра, а таксама з’явяцца веладарожкi шырынёй у 3 метры. Даўжыня новага моста — 240 метраў, а яго вышыня над узроўнем вады — 32,5 метра. Генпадрадчыкам аб’екта выступае ААТ «Мостабуд», заказчык — УКБ Гродзенскага аблвыканкама.
На сёння рабочыя прыступiлi да мантажу пралётных канструкцый, а таксама да ўстаноўкi маналiтнай плiты. Зборка i мантаж металаканструкцый вядзецца з двух берагоў да цэнтра моста.

Галоўны iнжынер МБУ № 7 Гродзенскага фiлiяла ААТ «Мостабуд» Iлья Бейма трымае руку на пульсе вялiкай будоўлi:
— На самым важным для нас аб’екце ўжо зманцiравана некалькi пралётаў з боку левага берага, пачынаецца iх мантаж i з процiлеглага боку. Зборка вядзецца да цэнтра моста.
Для надання прыгажосцi абноўленаму мосту на берагах пакладзена дэкаратыўная брукаванка з каменю. Складанасцi ў працы абумоўлены хутчэй рэльефам мясцовасцi. Перапад вышынi дасягае 33 метраў над узроўнем рэчышча Нёмана. Усе работы выконваюцца на вышынi, зборка пралётаў навясная або паўнавясная. Самым складаным будзе дэмантаж 65-метровай канструкцыi старога чыгуначнага моста. Тэхналагiчны праезд па бетоннай плiце плануецца адкрыць ужо да канца гэтага года.
Прараб фiлiяла МБУ № 7 ААТ «Мостабуд» Аляксей Аутка пацвердзiў вышэйсказанае i павёў гутарку пра тое, што адбываецца сёння на вялiкай будоўлi:
— Штодня тут працуе каля 70 маставiкоў i дарожнiкаў, работы не спыняюцца нi на дзень. Пасля заканчэння будаўнiцтва ў моста будзе сучасны выгляд, не кажучы ўжо пра камфорт для пешаходаў i веласiпедыстаў. Мы выкарысталi на падпорных сценках апор моста тэхналогiю закладкi габiёнаў (камянёў) замест жалезабетоннага маналiту. Падножжа паглыблена на шэсць метраў. Гэта таксама нашмат танней за падпорныя жалезабетонныя канструкцыi.

Нарматыўны тэрмiн узвядзення аб’екта — 23 месяцы. Аднак рух плануецца адкрыць 3 лiпеня 2021 года. Усе работы па стварэннi аб’язнога кальца разбiты на пяць этапаў. Намеснiк старшынi Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр Дзяшко падкрэслiвае:
— Значнасць гэтага моста для Гродна цяжка пераацанiць. Гэта ва ўсiх сэнсах унiкальнае збудаванне. Упершыню за ўсю гiсторыю СНД чыгуначны мост рэканструiруецца пад аўтамабiльны. Рэалiзацыя падобнага iнвестыцыйнага праекта — гэта адзiнкавы эксперымент, аналагаў якому пакуль няма. Выкарыстанне старога чыгуначнага моста дазволiла зрабiць таннейшым будаўнiцтва на 30 працэнтаў. Мост можна назваць сталежалезабетонным. Часткова былi выкарыстаны сем з дзевяцi iснуючых апор, на якiя надзелi металiчныя саркафагi.
Намеснiк старшынi падкрэслiў, што будаўнiцтва вялiкага аб’язнога кальца забяспечыць працу сотням дарожнiкаў i маставiкоў на некалькi блiжэйшых гадоў:
— Рэканструкцыя гэтага ўнiкальнага збудавання стала магчымай толькi дзякуючы прамому распараджэнню Кiраўнiка дзяржавы, якое было дадзена ў кастрычнiку мiнулага года. У стварэнне вялiкага аб’язнога кальца закладзена стратэгiя развiцця i росту горада мiнiмум на 50—70 гадоў наперад. Яно стане «крывяноснай артэрыяй», якая дасць магчымасць гораду развiваць сетку новых дарог, будаваць новыя кварталы i iнавацыйныя пляцоўкi. Першая чарга будаўнiцтва абыдзецца ў 152 мiльёны рублёў. На ўсё вялiкае кальцо спатрэбiцца не менш за 400 мiльёнаў.
У агляднай будучынi з’явiцца яшчэ адзiн мост — у раёне камбiната будаўнiчых матэрыялаў. Гэта дасць магчымасць для рамонту двух iншых гродзенскiх мастоў. Усяго ў горадзе функцыянуюць тры масты, два з якiх — Паповiчскi i Румлёўскi — працуюць з вялiкай перагрузкай. Iх рэканструкцыя наспела даўно, аднак, каб пазбегнуць транспартнага калапсу, прыход будаўнiкоў адкладваецца.
Акрамя таго, дзякуючы з’яўленню чацвёртага моста ўвесь транзiтны транспарт зможа не заязджаць у горад, а рухацца ў аб’езд па кальцы. Гэта таксама вялiкi плюс.

Дырэктар ААТ «Дарожна-будаўнiчы трэст № 6» Васiль Доўгань дадае:
— У 1960-я гады пры ўзвядзеннi моста, якi цяпер рэканструiруецца, планавалася, што па iм пойдуць вайсковыя чыгуначныя саставы, таму апоры збудавання здольныя вытрымаць груз да 20 тысяч тон. Аднак з савецкiх часоў ён амаль не выкарыстоўваўся i доўгi час знаходзiўся ў закiнутым стане. На дадзеным вялiкiм аб’екце задзейнiчаны практычна ўсе нашы супрацоўнiкi, атрымлiваючы новы вопыт i веды, якiя, упэўнены, спатрэбяцца ў далейшым. За апошнiя гады спецыялiстамi нашага прадпрыемства ўведзены ў строй дзясяткi буйных аб’ектаў, у лiку якiх першая i другая кальцавыя аўтадарогi вакол Мiнска, дарога ў абыход Гродна да трасы М-6, забяспечаны пад’езды да Беларускай АЭС, пабудаваны чатырохпалосныя магiстралi ў новых мiкрараёнах нашага горада.
kondratsieva@sb.by