Ксендз Кирилл Бардонов: актуальны ли еще десять Божьих заповедей?

Пра дзесяць запаведзей у наш час

Хутчэй за ўсё, няма сярод дарослых жыхароў нашай краіны тых, хто ніколі не чуў пра дзесяць Божых запаведзей. Нават сярод тых, хто не адносіць сябе да якой-небудзь хрысціянскай канфесіі.

Новамодныя трэнды, асабліва распаўсюджаныя ў заходніх краінах, заахвочваюць людзей пазбягаць якіх-небудзь маральных абмежаванняў свабоды чалавека — у выніку ўзнікае спроба паставіць пад сумненне неабходнасць захоўваць дзесяць Божых запаведзей.

Хрысціяне вераць, што тысячы гадоў таму Бог даў людзям дзесяць запаведзей як асноўны маральны вектар паводзін. Шматлікія вучоныя схіль­ныя прызнаваць, што ва ўсе часы і на розных тэрыторыях людзі імкнуліся пазбягаць паводзін, якія згодна з дзесяццю запаведзямі лічацца недапушчальнымі. Таму можна сказаць, што названыя запаведзі адлюстроўваюць прыродны парадак паводзін, які ад самага нараджэння закладзены ў сэрца кожнага чалавека.

Калі б толькі выхаванне асобнага чалавека ці асаблівасці нейкай культуры мела ўплыў на тое, што лічыць дабром і злом, у розных людзей было б абсалютна рознае разуменне дапушчальных і недапушчальных паводзін.

Упершыню дзесяць Божых запаведзей былі сфармуляваны яшчэ да нараджэння Хрыста. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква крыху па-іншаму фармулююць дзесяць Божых запаведзей, імкнучыся да таго, каб старажытны тэкст быў больш даступны для разумення сучаснага чалавека, але па сутнасці (па змесце) гэта ідэнтычныя патрабаванні, аформленыя абедзвюма канфесіямі.

Найбольшай праблемай ва ўспрыняцці запаведзей з’яўляецца тое, што яны нібыта абмяжоўваюць людзей, вымушаюць пазбягаць радасці жыцця і свабоды. Аднак можна паглядзець на запаведзі па-іншаму. Правілы дарожнага руху, напрыклад, дапамагаюць нам пазбягаць хаосу на дарогах, хоць яны ў нечым абмяжоўваюць нас. Тое ж самае можна сказаць пра запаведзі. Прапаноўваючы іх людзям, Бог не хацеў абмежаваць нас ці прымусіць жыць паводле нейкай праграмы, нібыта мы з’яўляемся робатамі. Дзесяць запаведзей — гэта толькі своеасаблівая агароджа, унутры якой у людзей ёсць вялікае поле для крэатыўнасці і самарэалізацыі. Выйсці за гэтую агароджу азначала б узбунтавацца супраць Бога і сусветнага парадку.

Кожны раз, калі мы ўзгадваем дзесяць запаведзей, давайце памятаць, як Бог вядзе нас да больш глыбокіх адносін з Ім і іншымі людзьмі. Бог не з’яўляецца дэспатам. Запаведзі — гэта кіраўніцтва да выстройвання адносін з Богам і бліжнімі навокал, а таксама з самім сабой.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter