«Праўду кажуць: не ў час лыжка на абедзе!»

БОЛЬШУЮ частку хлебнага каравая на Міёршчыне складаюць азімыя. Калі летась у цэлым па раёне атрымана на круг па 32,1 цэнтнера, то азімыя далі 35. А ў такіх гаспадарках, як ААТ «Туркова», «Сяцькова», «Цітова» і наогул збіралі па 40—60 цэнтнераў.

Галоўнае для гаспадарак Міёрскага раёна — тэрмінова завяршыць падкормку азімых

БОЛЬШУЮ частку хлебнага каравая на Міёршчыне складаюць азімыя. Калі летась у цэлым па раёне атрымана на круг па 32,1 цэнтнера, то азімыя далі 35. А ў такіх гаспадарках, як ААТ «Туркова», «Сяцькова», «Цітова» і наогул збіралі па 40—60 цэнтнераў.

Як патлумачыў першы намеснік кіраўніка райсельгасхарчу Віктар Гагалінскі, звязана гэта з тым, што азімыя гарантуюць на іх землях амаль заўсёды стабільны ўраджай. А вось яравыя, у асноўным ячмень, звычайна падпадаюць у маі пад засуху.

Азімыя на Міёршчыне выйшлі з зімы ў нядрэнным стане. Цяпер галоўная задача — падкарміць іх: даць азот, каб пайшло дадатковае кушчэнне, фарміраваўся добры новы ўраджай. Падкормку гэту называюць стартавай і самай важнай. Раней яе рабіла авіяцыя, з верталётаў. Але гэта абыходзілася дарагавата, ды і з якасцю, і тэрмінамі ўзнікалі праблемы. Сёння аперацыю выконваюць агрэгаты «Раса» на пнеўмахаду. Іх 9 на 18 гаспадарак. Улічваючы гэту акалічнасць, у раёне выкарыстоўваюць механізмы спаўна, каб правесці кампанію за 10—12 дзён.

Пры наведванні ВУП КУ «Міёрскі» там працавалі ажно два «пнеўмаходы»: з ААТ «Міёрскі райагратэхсэрвіс» і суседняй гаспадаркі ААТ «Мерыца». На адным з іх — экіпаж Андрэя Александровіча.

— Тэхніка мне знаёмая: чацвёрты сезон на ёй, — сказаў ён. — Каб не марнаваць час, сёлета ў мяне ёсць памочнік Уладзімір Талкавіт. Ён дапамагае ў запраўцы агрэгата ўгнаеннямі, складвае і раскладвае штангі. На палях мы ўвесь светавы дзень. Цяпер яшчэ месцамі гразкавата, і за змену апрацоўваем да 100 гектараў. А так лепшы мой вынік — 196.

Для бесперабойнай работы агрэгатаў іх абслугоўваюць ажно тры адзінкі тэхнікі з бочкамі ёмістасцю па 6 і 12 тон.

Тут жа, на полі, і малады кіраўнік гаспадаркі Васіль Міхалкіў, украінец. Вось лёс. Прыглянулася беларуская дзяўчына, пераехаў на яе радзіму. Стаў дырэктарам год таму. Ды яшчэ якім! Не могуць у раёне нарадавацца на яго. І кармоў назапасіў упершыню столькі, што ажно суседзям прадаваў, і малако пайшло з плюсам, і ферму з даільнай залай заканчвае, і з падкормкай азімых парупіўся: гатова 398 гектараў, або 57 працэнтаў (па раёне — 20 працэнтаў).

Калі вярталіся назад, Віктар Гагалінскі звярнуў увагу на ярка-зялёныя палеткі азімай пшаніцы, дзе была праведзена некалькімі днямі раней падкормка.

— Бачыце, як ажылі, як пайшлі ў рост, — пракаменціраваў ён. — Не параўнаць з тымі, дзе падкормкі яшчэ не было. Праўду кажуць: не ў час  лыжка на абедзе!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter