Праўда Эмамалі Рахмона

Роздум аб кнізе пра Прэзідэнта Таджыкістана, перакладзенай на беларускую мову і толькі што выдадзенай у Мінску...

Пражыць без мэты — вось чаго шкада.

Наш розум — нібы чыстая вада.

Без сэнсу лёс падобны каравану,

Прыйшоў, пайшоў, і хто аб ім згадаў?

                                       Амар Хаям

“Горад даўно заснуў, а я закончыў дзённыя клопаты і зноў узяўся чытаць “Таджыкаў” Бабаджока Гафурава. Я нібыта рэха чую з глыбінь тысячагоддзяў, уваходжу ў ціхія і таямнічыя лабірынты гісторыі і спрабую адшукаць адказы на свае шматлікія пытанні. На стале стос кніг, якія пабачылі свет да 1100-годдзя дзяржавы Саманідаў. Гэтыя і іншыя кнігі, якіх назапасіў даволі вялікую колькасць, расказваюць пра далёкае і нядаўняе мінулае цывілізацыі дзяржавы таджыкаў”.

Зусім невыпадкова пачынаю гэтыя свае нататкі радкамі з кнігі Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмона “Таджыкі ў люстры гісторыі”. Аўтары выдання, пра якое наша гаворка, вядомыя таджыкскія пісьменнікі Ато Хамдам і Леанід Чыгрын, таксама даволі часта спасылаюцца на мудрыя разважанні таджыкскага Прэзідэнта адносна такой важнай праблемы для лідара нацыі, як зварот да гісторыі. Гэта не дзеля самалюбавання сваім мінулым, сцвярджае Э. Рахмон, а дзеля адраджэння стваральнага духу нашых далёкіх продкаў, увекавечання памяці бацькоў і прадзедаў, якія на працягу ўсёй гісторыі праклалі багата новых шляхоў і ажыццявілі вялікія здзяйсненні. Сапраўды, школа самасвядомасці, суверэнітэту і дзяржаўнасці разам з мноствам аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў мае яшчэ аднаго строгага настаўніка, імя якому — гісторыя. “Народная мудрасць кажа: хто нічому не вучыцца, нічога не ўмее, — слушна падкрэслівае Прэ­зідэнт Э. Рахмон, — таму для мяне гэткія важныя працы гісторыкаў мінулых гадоў і гісторыкаў сённяшніх, таму я ўвесь час сустракаюся з людзьмі, гавару з імі, вывучаю іх настроі і патрэбы. Палітык, дзяржаўны дзеяч, які адарваўся ад народа, не здолее ўтрымацца на вяршыні свайго часу, не зробіць для сваёй дзяржавы нічога істотнага”.

Мінскае выдавецтва “Кнігазбор” толькі што выпусціла ў свет перакладзеную на беларускую мову кнігу “Подзвіг Эмамалі Рахмона”. “Ён сапраўдны кіраўнік дзяржавы, абраны народам, які карыстаецца падтрымкай людзей на працягу ўсіх гадоў, што знаходзіцца ва ўла­дзе, — піша ў прадмове акадэмік АН Таджы­кістана Насірджон Салімаў. — Ён, як рака, што ўбірае ў сябе прытокі і праз гэта набывае сілу, закліканы гісторыяй. Эмамалі Рахмон глыбока вывучаў мінулае ў сістэме кіравання сваіх папярэднікаў, улічваў зробленыя памылкі, каб пазбягаць іх”.

Аўтары распавядаюць, як адбываўся гэты няпросты працэс — спасціжэння праўды. Скажам шчыра: любое выданне пра кіраўніка дзяржавы, нашага сучасніка, чытачы сустракаюць з асаблівым інтарэсам і... патрабавальнасцю. Сапраўды, кожнаму вельмі цікава, хто гэты чалавек, які ўзваліў на свае плечы велізарны груз адказнасці за лёс нацыі, дзяржавы. Чым такім ён адметны, таленавіты, што стаў буйным палітычным і дзяржаўным дзеячам, шырока вядомым не толькі на сваёй Радзіме. Як вырашыць такую складаную задачу аўтарам названай кнігі? Як раскрыць свайго героя? Як творча рэалізаваць сваю задумку? Тым больш што пра Эмамалі Рахмона сказана і напісана многа. Творчая ўдача мае некалькі арганічна звязаных складальнікаў.

Аўтары рашылі задачу неапрабаванымі сродкамі. Яны выкарысталі рэдкі сёння літаратурны жанр — дакументальна-мастацкую аповесць. На першы погляд, здаецца дзіўна і нечакана: аповесць пра Прэзідэнта, які жыве ў наш час, кіруе краінай. Між тым толькі такі падыход стаў той крыніцай, якая дала магчымасць аўтарам на фактычнай аснове правесці паралелі і зрабіць параўнанні, паказаць, як лепшыя якасці народа злучаюцца ў адной асобе, што пэўны час стаіць на чале нацыі.

Гэтая аповесць прысвечана 20-годдзю дзяржаўнага суверэнітэту Таджыкістана. Аўтары здолелі паказаць найбольш характэрныя рысы маштабнай і незвычайнай асобы Эмамалі Рахмона. Дзякуючы яго неардынарнасці, мужнасці і перспектыўнасці мыслення, дакладнай і прадуманай палітыцы краіна нядаўна адзначыла свой гістарычна знакавы юбілей і мае глыбока абгрунтаваныя планы далейшага развіцця.

Здавалася б, Прэзідэнт Эмамалі Рахмон ва ўсіх на вачах. Уласна кажучы, як і кіраўнік любой дзяржавы. Але галоўная сутнасць сапраўднага лідара нацыі зводзіцца не толькі да гэтага — прадугледжвае і яго маральнае аблічча, духоўнае багацце. Прэзідэнт не дапусціў распаду і раздраблення сваёй краіны ў цяжкую, амаль трагічную пару выпрабаванняў, што выпалі на долю таджыкаў. Пагасіў полымя братазабойчай вайны, вызначыў перспектыўныя накірункі ў эканоміцы, палітыцы ды іншых галі­нах дзяржаўнага жыцця і развіў іх. І гэта, безумоўна, назавуць эпохай Эмамалі Рахмона.

Але ж такое ў будучым. Зараз жа перад намі са старонак кнігі паўстае прывабны вобраз не толькі мудрага кіраўніка, але і простага, шчырага, абаяльнага чалавека.

Рахмон — мужны, настойлівы, калі трэба — рашучы чалавек. Яго жыццёвы шлях — біяграфія мудрага народа і гожай краіны. Служыў у ваенна-марскім флоце. Быў дырэктарам саўгаса, узначальваў Кулябскі аблвыканкам і паўсюдна зарэкамендаваў сябе як энергічны, дзелавы і дальнабачны чалавек. Прымаючы тое ці іншае рашэнне, ён найперш улічваў інтарэсы справы. Не заўсёды яго ўчынкі ўхваляліся вышэйстаячымі асобамі, але ён у першую чаргу думаў пра людзей. Напрыклад, калі быў дырэктарам саўгаса, ён размеркаваў паміж працаўнікамі пустыя землі — для прысядзібнай гаспадаркі. На той час гэта лічылася нечуваным самаўпраўствам, і яго ледзь не вызвалілі ад пасады, але ж людзі былі задаволены, сардэчна дзякавалі яму, і гэта галоўнае.

Яшчэ некалькі цікавых эпізодаў, якія раскрываюць характар Эмамалі Рахмона. У даволі трывожны для Таджыкістана час Прэзідэнт паляцеў на верталёце ў Горны Бадахшан, каб сустрэцца і пагутарыць з простымі людзьмі. Калі верталёт ужо набліжаўся да Рушана, паступіла паведамленне, што там неспакойна і трэба ляцець далей. “Прызямляемся! — рашуча сказаў Прэзідэнт. — Людзі бачылі наш верталёт. Калі паляцім далей, гэта могуць зразумець як баязлівасць”. Ехалі ў райцэнтр, і дарогу заступілі ўзброеныя баевікі. Магла адбыцца сутычка, але Прэзідэнт захоўвае спакой. Даехалі, шчыра пагаварылі з людзьмі, але Э. Рахмон папрасіў журналістаў, якія былі з ім, не пісаць пра тое, што адбылося ў Рушане.

Высокая пасада не змяніла характару Э. Рахмона, ён застаўся такім, як быў, — простым, сціплым. Вось характэрны эпізод. Да яго прыехалі з далёкага раёна трое сівабародых старых. Пасля добразычлівай, адкрытай гутаркі адзін кажа: “Паважаны раіс, мы да вас прыйшлі з падарункам. (З сумкі дастае праснакі). Гэта наш хлеб, такі нідзе больш не выпякаюць. Пакаштуйце ж яго ў знак нашага пры­мірэння”. — “Ваш падарунак вельмі дарэчы, — адказвае Э. Рахмон. — Я яшчэ не вячэраў, вось і з’ядзім праснакі разам”.

У Беларусі надзвычай добразычліва адносяцца да мудрага таджыкскага народа. У сваю чаргу і таджыкі шануюць сваю дружбу з намі. Актыўна, з узаемнай выгадай развіваецца двухбаковае супрацоўніцтва ў розных галінах жыцця. Летась у кастрычніку адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан. Лідары дзвюх краін абмеркавалі перспектыўныя накірункі двухбаковых зносін, пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага плённага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, падпісаны важныя пагадненні.

На змену глабалізацыі сілы павінна прыйсці глабалізацыя слова — такую думку праводзіць лідар Таджыкістана. Кніга багата ілюстрацыямі, змешчанымi фотаздымкамі, якія датычаць непасрэдна Беларусі: Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон, таджыкскі лідар, падчас наведвання нашага знакамітага БелАЗа.

Вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, сучасная ўнутраная і знешняя палітыка Таджыкістана, як і палітыка Беларусі, ставяць галоўныя, жыццёва важныя мэты — забеспячэнне нацыянальнай бяспекі сваіх краін, рост дабрабыту народа. Гэта збліжае дзве нашыя незалежныя дзяржавы. Прэзентацыя кнігі толькі што адбылася ў штаб-кватэры Выканаўчага камітэта Садружнасці ў Мінску, напярэдадні Дня дзяржаўнай незалежнасці Таджыкістана. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол гэтай краіны ў нашай рэспубліцы Казідавлат Каімдодаў пад­крэсліў, у прыватнасці, што выхад у свет кнігі “Подзвіг Эмамалі Рахмона” на беларускай мове — падзея неардынарная ў двухбаковым культурным супрацоўніцтве. Старшыня праўлення СП Беларусі Мікалай Чаргінец гаварыў, што ў Таджыкістане выдаюцца творы многіх беларускіх аўтараў. Бо кніга таксама дастойна служыць збліжэнню двух нашых народаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter