Тысячи верующих прибывают ежегодно в местечко Гудогай Островецкого района, чтобы помолиться перед чудотворной иконой

Позірк Маці

Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай Астравецкага раёна не адрозніваецца архітэктурнай вытанчанасцю. Невялікі, драўляны, без багатага аздаблення... Але ёсць у ім тая каштоўнасць, якая прыцягвае ў касцёл вельмі шмат людзей з розных куткоў краіны і замежжа. Гэта каштоўнасць — цудатворны абраз Маці Божай Гудагайскай, размешчаны ў галоўным алтары храма.

photosight.ru

Да гэтай іконы ў мяне асаблівыя адносіны. Маці Божай Гудагайскай маліліся мае дзяды і прадзеды. Перад гэтым абразом чытала свае першыя малітвы і я, штонядзелю прыходзячы ў Гудагайскі касцёл разам з бацькамі. Пасля давялося наведаць безліч храмаў у нашай краіне і за мяжой, убачыць нямала ікон, але абраз Маці Божай Гудагайскай па-ранейшаму застаецца для мяне самым прыгожым і родным. Гледзячы на яго, вельмі выразна адчуваю позірк міласэрнай, спагадлівай і поўнай любові Маці. Ведаю, свае непаўторныя эмоцыі адчуваюць перад іконай усе, хто да яе прыходзіць. А прымае Маці Божая Гудагайская сваіх дзяцей ужо сотні гадоў.

Якім чынам ікона, намаляваная, верагодна, на мяжы XVI—XVII стагоддзяў у візантыйска-праваслаўнай традыцыі, трапіла ў Гудагай, сёння дакладна ніхто не скажа. Але наконт гэтага існуе некалькі цікавых легенд, піша ў кнізе «Абраз Маці Божай у Гудагаі» айцец Аркадзь Куляха, які служыў у Гудагайскай парафіі. Паводле адной з легенд, у мясцовай пушчы жыў пустэльнік, які прысвяціў жыццё малітве і дапамозе людзям. Недалёка праходзіў шлях, які яднаў Захад і Усход. У той час па ім ездзіла нямала купцоў, на якіх часта нападалі рабаўнікі. Падчас аднаго такога здарэння ў лесе засталося шмат каштоўных рэчаў. Кажуць, сярод іх была і ікона Маці Божай, якую потым прынеслі пустэльніку, а ён змясціў яе ў сваім доме.

catholic.by
Паводле другой легенды, абраз быў выкінуты прадстаўнікамі аднаго шляхецкага роду пасля прыняцця гаспадарамі кальвінізму, у якім адмаўляўся культ Маці Божай і святых.

І яшчэ адна легенда расказвае пра вельмі пабожнага лесніка, які меў асаблівую пашану да Найсвяцейшай Маці. Кажуць, у яго вартаўнічым будане і з’явіўся цудоўным чынам абраз Марыі.

Дарэчы, у свядомасці мясцовых жыхароў назва мястэчка Гудагай таксама звязана з абразом. Паколькі доўгі час ён знаходзіўся ў будане ў гаі, гэта месца атрымала назву Будагай, якая пазней трансфармавалася ў Гудагай.

А вось у афіцыйных крыніцах абраз упершыню згадваецца ў акце фундацыі кляштара кармелітаў босых у Гудагаі ад 1764 года. Паводле гэтага дакумента, абраз Маці Божай Гудагайскай, які славіўся «цудамі ўжо сто гадоў», купіла ў 1735 годзе разам з нерухомасцю Гудагая ў рода Развадоўскіх Людвіка Ганна Война, жонка дзісенскага старасты. Дзякуючы новым гаспадарам хутка спецыяльна для абраза ў Гудагаі з’явілася капліца, пабудаваная замест старой, спаленай шведамі ў 1656 годзе, а ў 1763 годзе — і касцёл.

8 верасня 1764 года кармеліты босыя, якія прыбылі з Вільні дзеля апекі над цудатворным абразом, урачыста перанеслі ікону ў касцёл і змясцілі яе ў галоўным алтары. Дарэчы, сёлета адзначаецца 255 гадоў знаходжання абраза ў Гудагайскім касцёле. Звесткі пра ласкі Маці Божай Гудагайскай распаўсюдзіліся далёка па свеце. Гудагай хутка стаў прытулкам грэшных, пакутных, удзячных...

catholic.by
Супакой гэтага месца парушыў у 1832 годзе дэкрэт цара Мікалая І, згодна з якім кляштар кармелітаў босых быў ліквідаваны. Парафію падзялілі і далучылі да суседніх, а касцёл і іншыя збудаванні загадалі разабраць. Але дзякуючы апецы Маці Божай Гудагайскай, а таксама малітвам і дзейнасці парафіянаў загад не быў выкананы — касцёл і да сёння радуе вернікаў. Удалося выратаваць і абраз — ён знайшоў сховішча ў касцёле ў суседніх Ашмянах. Там ён знаходзіўся аж 75 гадоў, пакуль у 1907 годзе зноў не апынуўся ў родным храме. А вось кармеліты босыя вярнуліся ў Гудагай толькі ў 1990 годзе (пасля 158-гадовага перапынку!) і сталі сапраўднымі вартаўнікамі санктуарыя Маці Божай Гудагайскай, пашырыючы Яе культ. Дзякуючы іх намаганням 18 кастрычніка 2003 года Ян Павел II асвяціў кароны для абраза, а 15 ліпеня 2007 года кардынал Казімір Свёнтак каранаваў ікону.

КАРОНЫ Ў ЗНАК УДЗЯЧНАСЦІ

Галоўны скарб Гудагайскага касцёла памерам крыху большы за аркуш паперы А4 — 31,2 х 27,7 см. Але колькі сэнсаў і сімвалаў ён змяшчае! Абраз з’яўляецца спісам з вядомай іконы Маці Божай Уладзімірскай і належыць да іканаграфічнага тыпу «Замілаванне». Марыя, прадстаўленая да паловы постаці, трымае на правай руцэ Дзіцятка Езуса. Яе твар засяроджаны, вялікія аліўкавыя вочы звернуты на Сына, які туліцца да Яе. Левай рукой Маці паказвае на Езуса, нібы гаворыць нам: «Глядзіце, гэта ваш Збаўца». Ікона мае каваныя срэбныя шаты, аздобленыя пляскатым раслінным дэкорам у форме лісця акантуса. Саму ікону Мадонны з Дзіцяткам пакрывае, пакідаючы адкрытымі твары, далоні і ступні, выпуклы аздабленчы рэльеф, які складаецца з раслінна-кветкавых і геаметрычных матываў. Галовы Маці і Сына ўвенчваюць па-мастацку зробленыя кароны, выкананыя з дароў шанавальнікаў цудатворнага абраза Маці Божай Гудагайскай.

НА СВЯТА ДА МАРЫІ

Галоўная ўрачыстасць Маці Божай Гудагайскай адзначаецца ў суботу і нядзелю перад 16 ліпеня. Сёлета Гудагайскі фэст пройдзе 13—14 ліпеня. Па традыцыі ў суботу пасля вячэрняй Імшы парафіяне і пілігрымы пройдуць шляхам Гудагайскай Кальварыі, якая працягваецца 3,5 кіламетра і вядзе праз маляўнічыя палі і лясныя пагоркі. Роўна апоўначы пачнецца працэсія са свечкамі, адбудуцца святая Імша, начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. У нядзелю запланаваны яшчэ дзве Імшы — на польскай мове а 9.30 і на беларускай а 12.00.

ЦУД У ПАДАРУНАК

Маці Божая Гудагайская не шкадуе даброт для тых, хто прыходзіць да яе з адкрытым сэрцам і шчырай душой. Вось толькі некалькі прыкладаў з яе шматлікіх ласкаў, якія былі запісаны і пацверджаны душпастырамі.

• У 1779 годзе чатырохгадовая Зося з Гудагая цяжка захварэла. Яна не магла есці, і некалькі дзён у яе трымалася высокая тэмпература. Доктар не даваў надзеі на папраўку. Тады маці Зосі пайшла да кармелітаў і папрасіла адправіць святую Імшу перад абразом Маці Божай. Падчас Імшы разам са старэйшаю дачкою яна малілася аб здароўі для хворага дзіцяці. Вярнуўшыся дадому, яна ўбачыла Зосю поўнасцю здароваю.

• Каля 1912 года дванаццацігадовая дзяўчынка з гудагайскай парафіі страціла зрок. Аслеплую дачку бацькі адвезлі ў шпіталь у Вільню. Дактары сцвярджалі, што стан вачэй невылечны, і адправілі яе дадому. Тады заклапочаныя бацькі звярнуліся па паратунак да Маці Божай Гудагайскай. Іх малітвы былі пачутыя. Да дзяўчыны вярнуўся зрок.

«26 мая 2003 года майго ўнука Ваню Кляўду (9 гадоў) збіла машына, калі ён вяртаўся са школы. Ён атрымаў страсенне мозга і адкрыты пералом правай нагі. Тры дні знаходзіўся ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане. Разам з яго бацькамі мы маліліся аб ягоным выздараўленні. Сітуацыя была складаная, бо косці зрасталіся няправільна, перасаджаная скура не хацела прымацца. Усё змянілася, калі па маёй просьбе айцец Леанард Цеханоўскі адслужыў святую Імшу перад абразом Маці Божай Гудагайскай аб здароўі для ўнучка. З таго часу хлопчык пачаў папраўляцца і хутка вярнуўся дадому. Я ўпэўнена, што гэта Маці Божая Гудагайская вылечыла яго». Лукойць Галіна, 67 гадоў.

Па матэрыялах кнігі айца Аркадзя Куляхі «Абраз Маці Божай у Гудагаі».

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter