Пояс вернасці Радзіме

Як шляхецкі аксесуар стаў нацыянальным сімваламНасуперак радкам славутага верша Максіма Багдановіча слуцкія паясы ткалі не ткачыхі, а ткачы. І вышывалі не “цвяток радзімы васілька”, а гваздзіка. Моду ж падпяразвацца шырокімі паясамі беларускія паны перанялі яшчэ ў канцы XVI стагоддзя ад... заклятых ворагаў — туркаў.

Дзень нараджэння міфа
— Слуцкі пояс — такі ж пазнавальны ў свеце брэнд, як валагодскія карункі, дамаскі клінок, утрэхцкі аксаміт, майсенская парцаляна, багемскі крышталь, і з’яўляецца сінонімам найвышэйшага майстэрства ў мастацтве, візітоўкай нашай культуры другой паловы XVIII стагоддзя, — пераканана Ірына Зварыка, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музея гісторыі і культуры.
З прадмета фэшн-індустрыі ў нацыянальны сімвал Беларусі пояс “пераўвасобіўся”, аднак, толькі ў пачатку ХХ стагоддзя. Не абышлося без магічнай сілы паэтычнага слова. Малады Багдановіч улетку 1911 года першы і апошні раз у жыцці наведаў Вільню. Начаваў Максім у памяшканні рэдакцыі беларускай газеты “Наша ніва”. Як успамінаў пазней супрацоўнік рэдакцыі Вацлаў Ластоўскі, “асабліва глыбокае ўражанне зрабілі на Багдановіча рукапісы старасвецкіх славянскіх кніг і дакументаў, а таксама слуцкія паясы, якія ён некалькі разоў пераглядаў”. Гэта былі рэчы з будучага Беларускага музея, экспанаты для якога збіраў калекцыянер Іван Луцкевіч і захоўваў у “офісе” газеты.
28 чэрвеня 1912 года на старонках “Нашай нівы” з’явіўся той самы “верш стагоддзя” — “Слуцкія ткачыхі”, які сёння ведае кожны школьнік. Калі б не “рэклама” ад класіка, ці не засталіся б слуцкія паясы ўсяго толькі антыкварным рарытэтам? Усё склалася так, як склалася, і яны сталі міфам.
Апрача Луцкевіча збіраннем паясоў у 1890—1906 гадах займаўся маскоўскі калекцыянер Пётр Шчукін. Сын купца Пётр Іванавіч часта гасцяваў на ніжагародскіх кірмашах, і там “захварэў” на ўсходнюю экзотыку. У кнігах пра жыццё шляхты Рэчы Паспалітай Шчукін вычытаў, што магнаты падпяразваліся паясамі з “персідскімі ўзорамі”. Як наўмысна, згадваў калекцыянер, яго неўзабаве наведаў рызнічы аднаго з маскоўскіх касцёлаў і прапанаваў купіць некалькі слуцкіх паясоў. Рызнічы наладзіў пастаўку шэдэўраў з-пад Каўнаса, а сам спрытны збіральнік звязаўся з варшаўскімі калекцыянерамі. Транзітам праз Беларусь у Маскву пайшлі залататканыя шэдэўры...
У 1912 годзе калекцыю Шчукіна, паводле яго тэстаменту, атрымаў Імператарскі (сёння — Дзяржаўны) гістарычны музей. Як падлічыла Таццяна Іванова, загадчыца аддзела тканін і касцюма гэтага музея, тут захоўваецца 80 цэлых і 60 фрагментаў шляхецкіх аксесуараў.
Шышкін вам!
У красавіку ў Мінск прыязджаў міністр культуры Расіі Аляксандр Аўдзееў. Ён даў дазвол працягнуць яшчэ на год выставу 8 слуцкіх паясоў з калекцыі Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі, якая летась была арганізавана ў Нацыянальным мастацкім музеі. Дырэктар мастацкага Уладзімір Пракапцоў спрабаваў пераканаць міністра абмяняць некалькі паясоў, напрыклад, на карціну Шышкіна. Але Аўдзееў акуратна адмовіў:
— Нашым музеям дадзена ўстаноўка паказваць слуцкія паясы беларускім братам хоць вечна. Хочаце падоўжыць экспазіцыю на год, два, тры — калі ласка. Хочаце ўзяць іншыя паясы, трымаць іх пяць гадоў і паказваць — калі ласка.
І кропка. На абмен, маўляў, не спадзявайцеся, браточкі. Але спадар Пракапцоў кажа, што арандаваць або браць на дэпазіт нявыгадна — трэба плаціць грошы за страхавы поліс. Гэта па-першае. Па-другое, у Маскве паясы ляжаць у запасніках і не выстаўляюцца ў экспазіцыях. Дый яны не маюць той вартасці для расіян, як для беларусаў. Гэта ж наша ўсё! Таму ён не страчвае надзеі: “Я спадзяюся, што мы да гэтага пытання вернемся ў тым або іншым варыянце і знойдзем паразуменне з нашымі калегамі, тым больш што мы будуем адзіную Саюзную дзяржаву. Я веру ў станоўчае вырашэнне гэтага пытання”.
Аднак у выпадку са слуцкімі паясамі мы маем справу з законна набытымі Шчукіным прадметамі. Дый не факт, што большасць з іх — беларускія. Каўнаскія і варшаўскія пастаўшчыкі знаходзілі “патрону” тавар у сябе дома.
Цвяток гваздзіка: made in Sluck
Як жа “слуцкія” паясы траплялі да нашых заходніх суседзяў, каб пасля асесці ў куфрах Шчукіна? Рэч Паспалітая, што складалася з сучасных Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы і часткі Латвіі, многа ваявала з туркамі. У час войнаў у палон траплялі людзі, рэчы, пераймаліся звычаі. Так, у XVII стагоддзі да нас прыйшла, напрыклад, кава — спярша турэцкі напой. Адтуль жа з’явілася сярод шляхты і мода падпяразваць свае жупаны (тагачаснае паліто) квяцістымі ўсходнімі паясамі: шырокімі, з рознакаляровымі палоскамі. Да “турэцкіх” модных павеваў пояс нагадваў сучасны рэмень — быў са скуры і вузкі.
— І вось пачаўся імпарт папулярнага элемента адзення з Асманскай імперыі, Персіі, — расказвае Алена Карпенка, загадчыца аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. — У канцы 1750-х гадоў Радзівілы запрасілі са Станіслава (сучасны Івана-Франкоўск ва Украіне) майстра Яна Маджарскага (па паходжанню армяніна Аванэса Маджаранца) і даручылі яму ўзначаліць “фабрыку пасаў перскіх” у Нясвіжы, якую праз некалькі гадоў перанеслі ў Слуцк. Гэта было свайго кшталту імпартазамяшчальнае прадпрыемства. Мануфактура стала першай у краіне, дзе ткалі толькі кунтушовыя паясы.
Мясцовыя майстры так пера-працавалі ўсходні першаўзор, што тутэйшая прадукцыя стала вядома на ўвесь свет не як цень усходніх арыгіналаў, а пад арыгінальнай маркай: на паясах ставіліся меткі па-лацінску Mefecit Sluciae, або па-руску “В граде Слуцке” — іначай кажучы, Made in Sluck. У 1796 годзе тут працавалі 48 ткачоў на 24 станках. “Не ткачых, як сцвярджаў Багдановіч, — падкрэслівае спадарыня Карпенка. — Гэта была цяжкая фізічная праца на ткацкіх варштатах вышынёй тры-чатыры метры. Я бачыла такія ў камандзіроўцы ў Туры, што побач з Ліёнам, у Францыі. Жанчыны толькі пралі ніткі”.
Копіі беларускіх шэдэўраў ткалі каля Гродна, у Польшчы і ў згаданым Ліёне. Слуцкая мануфактура працавала да 1846 года — да 1818 года справу бацькі працягваў Леа Маджарскі, а пасля прадпрыемства перайшло на выраб рознай драбязы, бо ў моду ўваходзіў замест “усходняга” еўрапейскі строй, і патрэба ў паясах адпала.
Самы вядомы канкурэнт слуцкага прадпрыемства з канца 1780-х гадоў працаваў у Ліпкаве, што пад Варшавай. Тут наладзіў вытворчасць “слуцкіх” паясоў армянін Пасхаліс Якубовіч. Як і Маджарскія, Якубовіч пазначаў свае паясы ўласным прозвішчам. Аднак не кожны выраб з такім аўтографам абавязкова быў варшаўскі або слуцкі. “Брэнды” сталі настолькі папулярнымі, што калі даследчыкі пачалі вывучаць паясы ў музеях Польшчы, дзе іх асабліва шмат, то зробленых на самай справе ў Слуцку аказалася нямнога. Меткамі Sluck былі адзначаны фальсіфікаты, зробленыя ў невядомых атэлье і нават у Ліёне!
Разам з Аленай Карпенкай мы разглядалі паясы, выстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музеі. Давялося расчаравацца: сярод узораў не знайшлося ніводнага васілька, як сцвярджаў у вершы Багдановіч. Блакітныя кветачкі аказаліся... турэцкімі гваздзікамі. У кветкавай краме ў пераходзе станцыі метро “Кастрычніцкая” па “свежых слядах” давялося пераканацца, што “персідскі ўзор” з твораў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва XVIII стагоддзя сапраўды паўтарае абрысы гваздзікоў. Апрача таго, паясы аздаблялі ружы, рамонкі, загадкавыя кветкі, якія трохі нагадваюць... васількі, а таксама выяўляліся цэлыя букеты ў вазах або краскі, якія растуць... з пнёў.
З музеяў па нітцы
Да сённяшняга дня, як сведчыць Алена Карпенка, амаль у кожным краязнаўчым музеі Польшчы, нават у маленькай вёсачцы, ёсць свой збор слуцкіх паясоў: “Я была ў музеі паселішча Красны Стаў, што пад Хэлмам, недалёка ад мяжы з Украінай, дык толькі ў экспазіцыі налічыла ці то шэсць, ці то сем паясоў”. “Нашы” нацыянальныя рэліквіі за Бугам — зусім не рэдкасць, усё роўна што ў Беларусі вышываныя ручнікі.
Ірына Зварыка паспрабавала падлічыць усе паясы ў зборах краіны. Высветлілася, што яны захоўваюцца ў сямі музеях: 19 фрагментаў у Віцебску, 1 цэлы пояс у Гродне, 1 пояс, сшыты з кавалкаў, і 1 фрагмент у Маладзечне. У Мінску: 1 цэлы экзэмпляр і 1 фрагмент — у музеі Максіма Багдановіча; 1 пояс з дзвюх частак, 1 цэлы і 4 арнаты (адзенне ксяндзоў), пашытыя з паясоў, — у музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук; 7 паясоў, 8 фрагментаў і 1 арнат у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры (НМГіК); 2 фрагменты і 3 арнаты у Нацыянальным мастацкім музеі (НММ). Такім чынам, Беларусь мае ва ўласнасці 11 цэлых шэдэўраў: 5 слуцкіх паясоў і 6 вырабленых у іншых мясцовасцях на ўзор слуцкіх.
Выстава, што цяпер праходзіць у НММ, — пятая ў гісторыі. Першая ладзілася ў 1916 годзе ў Мінскім гарадскім музеі, другая — у 1918 годзе, так званая Менская краёвая выстаўка, арганізаваная нямецкім гісторыкам Альбертам Іпелем і Іванам Луцкевічам. У 1927 годзе адбылася прэзентацыя 21 фрагмента слуцкіх паясоў у “сувязі з папаўненнем калекцыі” гэтых рарытэтаў у Беларускім дзяржаўным музеі. У 2005—2006 гадах у музеі гісторыі і культуры, пераемніку Беларускага дзяржаўнага музея, удалося сабраць з розных музеяў па нітцы: разам прадэманстраваць 10 з 11 цэлых “беларускіх” паясоў і 21 фрагмент; тады ж на працягу трох тыдняў у Мінску знаходзіліся 4 шэдэўры з Масквы.
Дарэчы, мо маскоўскі Дзяржаўны гістарычны яшчэ зробіць рэверанс у беларускі бок. Бо перадаваў жа гэты музей паясы ў беларускі да 1927 года — так сведчаць архіўныя дакументы.
“Гэта калекцыя адзіная ў свеце”
У час Вялікай Айчыннай вайны мінскі гістарычны музей дзейнічаў. Немцы вывезлі з яго найкаштоўнейшыя экспанаты, а рэшту пакінулі беларусам на “суцяшэнне”. У 1948 годзе з Германіі вярнуліся 5 слуцкіх паясоў, якія ў 1958 годзе былі перададзены Дзяржаўнаму музею БССР і цяпер складаюць аснову калекцыі НМГіК.
А вось паясы са збораў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, вывезеныя фашыстамі летам 1941 года ў Кёнігсберг, дагэтуль не знойдзены. Яшчэ нядаўна, праўда, лічылася, што яны “прапалі” ў Маскве, але вось што высветліла Алена Карпенка:
— Да вайны ў галерэі знаходзіліся 47 паясоў. 32 з іх трапілі сюды з Нясвіжскага замка. Яны раней віселі ў рыцарскай зале палаца Радзівілаў, як сведчыць вопіс маёмасці замка ад 6 кастрычніка 1939 года. 27 снежня 1939 года замак збіраліся зрабіць музеем, але 10 студзеня 1940 года ператварылі ў Дом адпачынку НКУС БССР, “пакінуўшы на месцы гістарычныя каштоўнасці”. Нейкія рэчы ў наш музей афіцыйна перадалі толькі ў студзені 1941 года. А слуцкія паясы, відаць, нейкім чынам вывез раней дырэктар галерэі Мікалай Міхалап. Бо, напрыклад, 10 мая 1940 года ў “Звяздзе” паведамлялася, што “Дзяржаўная карцінная галерэя БССР узбагацілася выключна каштоўнай калекцыяй славутых слуцкіх паясоў... Па сваёй паўнаце, багаццю і разнастайнасці рысункаў гэта калекцыя адзіная ў свеце”. А 5 чэрвеня ў Маскве адкрылася Дэкада беларускага мастацтва. 12 чэрвеня карэспандэнт “Чырвонай змены” расказваў пра аздабленне дэкаднай выставы ў расійскай сталіцы: “Зверху да нізу павільёна спускаюцца шырокія злататканыя ленты, упрыгожаныя танчэйшым раслін-ным арнаментам — гэта так званыя слуцкія паясы, вядомыя яшчэ задоўга да выстаўкі”.
У 2003 годзе даследчыца Вольга Лабачэўская перадала ў Нацыянальны мастацкі музей 23 фатаграфіі паясоў або іх фрагментаў з той маскоўскай выставы, дзе знаходзіліся ўсяго 34 рарытэты, большасць — з Нясвіжа. Спадарыня Лабачэўская знайшла унікальныя кадры ў бібліятэцы-архіве Навукова-даследчага інстытута мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці РСФСР яшчэ ў 80-я гады. Гэтыя кадры — адзінае, што засталося ад колішняй калекцыі мінскай галерэі. Як згадвала дырэктар пасляваеннага Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Аладава, якая апошняя бачыла паясы, незадоўга да ўварвання немцаў у сталіцу каштоўныя тканіны знаходзіліся ў доўгай і даволі важкай скрыні ў сутарэнні карціннай галерэі...
Падвядзем некаторыя вынікі. Ясна адно: выстава 1940 года ва ўсесаюзным маштабе замацавала за слуцкімі паясамі рэпутацыю нацыянальнага сімвала Беларусі. Дзякуючы знаходцы Лабачэўскай высветлілася, што радзівілаўскія паясы паходзілі не толькі са слуцкай “фабрыкі” Маджарскага, але і з мануфактуры Якубовіча і Ліёна. Гэта — дадатковае пацвярджэнне папулярнасці нашага фэшн-брэнда ў мінулым далёка за межамі радзімы.
У мастацкім музеі тым часам распрацоўваюць дызайн свайго штандара, які збіраюцца аздобіць узорам са слуцкага пояса, і не страчваюць надзеі, што скарбы з “цвяткамі” не згарэлі ў полымі вайны, а, магчыма, дзесьці ляжаць і чакаюць адкрыцця...


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter