Пояс дабра

На працягу месяца музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я бясплатна запрашаў усіх жадаючых на заняткі клуба выхаднога дня

На працягу месяца музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я бясплатна запрашаў усіх жадаючых на заняткі клуба выхаднога дня

“Мы хацелі, каб чалавек далучыўся да народнай культуры, а заадно і сам авалодаў нейкім відам творчасці, — кажа загадчыца музея Вольга Дамаскіна. — Першы занятак прысвячаўся народным інструментам. Другі — вырабу традыцыйных лялек. Трэці — беларускай вышыванцы, а тых, хто трапіў на апошні майстар-клас, вучылі рабіць паясы — у традыцыйнай для Падзвіння тэхніцы”.

Музей з’яўляецца філіялам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Усе экспанаты сабраны на тэрыторыі Віцебшчыны і распавядаюць пра асаблівасці ручнога ткацтва менавіта Паазер’я. Гэта Глыбоцкі, Міёрскі, Шаркоўшчынскі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Докшыцкі і Полацкі раёны.

Лён — наша ўсё

У трох музейных залах распавядаецца пра лён. У першай можна ўбачыць прылады працы нашых продкаў — сявеньку, хамут, саху, церніцу, грэбні, прасніцу, калаўрот, кросны, матавіла, сукала... І экспанаты, якія распавядаюць аб прадзенні. Прасці пачыналі з лістапада і пралі амаль да Вялікадня. Звычайна вясковыя жанчыны збіраліся на супрадкі ў вялікі светлы дом. Плацілі гаспадыні арэнду, часцей за ўсё прадуктамі. І пад спевы ды казкі працавалі. На такія вячоркі прыходзілі маладыя хлопцы — шукаць нявест. Глядзелі: калі нітка ў дзяўчыны атрымліваецца роўная, значыць, характар у яе добры і сама яна спраўная гаспадыня, можна браць за жонку.

Наступная зала — пра выкарыстанне ручнікоў у абрадах беларусаў, радзінным, вясельным і пахавальным. Ручнік у нашых продкаў сумяшчаў некалькі функцый: эстэтычную, знакавую, ахоўную, дароўную. Вышыты і ўрачысты, ён суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці і аздабляў ягонае жыццё.

У апошняй зале, дзе стаяць калаўрот і ткацкі станок і дзе экспанаты распавядаюць пра тэхнікі і віды ткацтва, адбыўся майстар-клас па беларускіх паясах. Яго праводзіла вядомая на ўсю Беларусь майстрыха Ніна Іосіфаўна Ярмух — кіраўнік народнага клуба шыцця з абрэзкаў тканіны “Рошва”, які дзейнічае ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур у Полацку. Яна валодае многімі відамі рамёстваў — гэта вязанне, ручное ткацтва (габелены, паясы), машыннае ткацтва, вышыўка. Крыху — саломапляценне. І, безумоўна, шыццё з лапікаў.

“Мне здаецца, рукадзельнічаць я пачала яшчэ да нараджэння! — жартуе кіраўніца “Рошвы”. — Вязаць умела яшчэ ў садку. Колькі сябе памятаю, столькі з нітачкамі ды лапікамі важдалася. Бабулька мая вязала, ну і я з ёй”.

Цікава, што па адукацыі Ніна Ярмух не мастак, не дызайнер, а... дырыжор аркестра народных інструментаў.

Паясы з “нагаворам”

— Тэхнік вырабу паясоў безліч, — тлумачыць Ніна Іосіфаўна. — Але мы з вамі спачатку навучымся рабіць самы просты — віты. Аднак будзе ён не такі ўжо і просты, а з “нагаворам”.

— А гэта як? — пытаецца хтосьці.

— Ну, заўсёды жанчыны былі разумныя ды хітрыя, — усміхаецца настаўніца. — Яны рабілі пояс і “нагаворвалі” на яго пэўную інфармацыю. Канешне ж скіраваную на дабро. Калі гэты пояс прызначаўся для падарожніка, то яму жадалі лёгкага і шчаслівага шляху. Калі для ваяра, то яго закліналі вярнуцца жывым і здаровым. Хочаце верце, хочаце не, але ў мяне ёсць такі досвед. Рабіла ў падарунак пояс дзяўчыне, якая ехала ў Бельгію да свайго маладога чалавека. І нагаворвала — самі здагадайцеся, што можна ў такой сітуацыі жадаць. Праз месяц хлопец зрабіў маёй знаёмай прапанову! А як мой сын і два ягоныя сябры здавалі іспыты, выпускныя ў школе і ўступныя? У іх пад пінжакамі былі нагавораныя паясы. На першы экзамен я ўгаварыла іх завязаць. А на другі гэтага ўжо не трэба было рабіць. І ўсе іспыты яны здалі на выдатна. Таму і вы зараз круціце пояс ды добрыя думкі ў яго ўкладайце.

Віты пояс робіцца і сапраўды надзвычай проста. Паміж сабой спалучаюцца дзве вяровачкі, зробленыя з нітак, складзеных у некалькі столак. Адзін чалавек круціць вяровачку аднаго колеру, другі  — другую, іншага колеру. Але, увага! — круціць трэба абавязкова ўправа.

— Даўно было заўважана, што ўсё добрае — справа: анёл-ахоўнік “сядзіць” на правым плячы, на правай руцэ носяць заручальны пярсцёнак, гэтай жа рукой бласлаўляюць. Увогуле, праўда — яна справа. А вось усё дрэннае — злева. Напрыклад, у віры вада круціцца ўлева, — кажа Ніна Ярмух.

З вітым поясам справіліся ўсе. Скруцілі, потым упрыгожылі свой выраб кутасамі. Гатова! Атрымалася і ў самай маленькай удзельніцы майстар-класа — шасцігадовай Ксюшы.

— Ну вось, доўгімі зімовымі вечарамі вам зараз будзе чым заняцца, — гаворыць Ніна Ярмух. — Уявіце, за вокнамі завіруха, а ў вас у руках цёплыя ніткі. Увогуле, праца з ніткамі вельмі прыемная. Яна супакойвае. Раней было заўважана, што людзі, якія займаюцца рукадзеллем, даўжэй жывуць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter