Повязь часоў, традыцый і характараў

Бабруйск — адзін з самых своеасаблівых, буйных і старажытных гарадоў Беларусі. Першае дакументальнае сведчанне пра яго датавана 1387 годам: Бабруйск упамінаецца ў дагаворнай грамаце вялікага князя літоўскага Ягайлы ягонаму брату Скіргайлу.Шмат вады ўцякло ў суднаходнай Бярэзіне з тых часоў. Багатыя ўгоддзі і зручнае геаграфічнае становішча горада не аднойчы прыцягвалі ўвагу захопнікаў. Гарадская гаспадарка перажывала часы росквіту і заняпаду. У 1793 годзе, падчас другога падзелу Рэчы Паспалітай, Бабруйск у ліку іншых гарадоў увайшоў у склад Расійскай імперыі. Праз два гады ён атрымаў статус павятовага ў складзе Мінскай губерні, яшчэ праз год — уласны герб з выявай карабельнай мачты. З Бабруйскам і навакольнымі вёскамі знітаваны лёс сапраўднага сузор’я знакамітасцяў: пісьменнікаў Эфраіма Севелы і Алеся Адамовіча, Міхаіла Герчыка і Платона Галавача, драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і нашчадкаў рускага паэта Аляксандра Пушкіна. Горад падараваў свету такіх яркіх асоб, як мастак Абрам Рабкін, гіравік Вячаслаў Харанека, гросмайстар Міхаіл Цэйтлін, паэт Давід Шымані, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, спявак Руслан Аляхно... Але галоўная адметнасць гэтых мясцін — своеасаблівы характар мясцовых жыхароў. Векавое суседства рускіх, беларусаў, яўрэяў, палякаў змяшала нацыянальныя кухні, традыцыі і характары ў непаўторны кактэйль. Карэнныя бабруйчане талерантныя, але ўмеюць пастаяць за свае інтарэсы, валодаюць камерцыйнай жылкай, якая не замінае іх шырокай душы, знаходзяцца ў пошуках духоўнасці і ўмеюць кпіць з недасканаласці зямнога жыцця.

Бабруйск — адзін з самых своеасаблівых, буйных і старажытных гарадоў Беларусі. Першае дакументальнае сведчанне пра яго датавана 1387 годам: Бабруйск упамінаецца ў дагаворнай грамаце вялікага князя літоўскага Ягайлы ягонаму брату Скіргайлу.
Шмат вады ўцякло ў суднаходнай Бярэзіне з тых часоў. Багатыя ўгоддзі і зручнае геаграфічнае становішча горада не аднойчы прыцягвалі ўвагу захопнікаў. Гарадская гаспадарка перажывала часы росквіту і заняпаду. У 1793 годзе, падчас другога падзелу Рэчы Паспалітай, Бабруйск у ліку іншых гарадоў увайшоў у склад Расійскай імперыі. Праз два гады ён атрымаў статус павятовага ў складзе Мінскай губерні, яшчэ праз год — уласны герб з выявай карабельнай мачты.
З Бабруйскам і навакольнымі вёскамі знітаваны лёс сапраўднага сузор’я знакамітасцяў: пісьменнікаў Эфраіма Севелы і Алеся Адамовіча, Міхаіла Герчыка і Платона Галавача, драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і нашчадкаў рускага паэта Аляксандра Пушкіна. Горад падараваў свету такіх яркіх асоб, як мастак Абрам Рабкін, гіравік Вячаслаў Харанека, гросмайстар Міхаіл Цэйтлін, паэт Давід Шымані, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў, спявак Руслан Аляхно... Але галоўная адметнасць гэтых мясцін — своеасаблівы характар мясцовых жыхароў. Векавое суседства рускіх, беларусаў, яўрэяў, палякаў змяшала нацыянальныя кухні, традыцыі і характары ў непаўторны кактэйль. Карэнныя бабруйчане талерантныя, але ўмеюць пастаяць за свае інтарэсы, валодаюць камерцыйнай жылкай, якая не замінае іх шырокай душы, знаходзяцца ў пошуках духоўнасці і ўмеюць кпіць з недасканаласці зямнога жыцця.

Свята-Нікольскі кафедральны сабор

Сабор быў закладзены ў 1892 годзе, асвечаны ў 1894-м. У савецкія часы тут месцілася грувасткая каробка спарткомплексу з басейнам. Будынак быў вернуты вернікам у канцы 2001 года і адноўлены ў рэкордна кароткі тэрмін — асноўныя работы былі выкананы да 2004 года. Прычым на працягу будаўнічых работ у храме не спыняліся службы: кожны дзень памяшканне ачышчалася ад будаўнічага друзу, расчахляліся іконы, і вернікі запальвалі каля іх свечкі.

Бабруйская крэпасць

Архітэктурная дамінанта горада — Бабруйская крэпасць — з’явілася напярэдадні Айчыннай вайны 1812 года. Яе будаўніцтва пачалося па ўказу Аляксандра І летам 1810 года, а 4 чэрвеня 1811 года над цытадэллю ўжо залунаў расійскі сцяг.
На пачатку вайны 1812 года гарнізон крэпасці налічваў каля 4 тысяч чалавек, узброеных па апошняму слову тагачаснага ваеннага мастацтва. Пэўна, Напалеон не рызыкнуў выпрабаваць моц 300 тутэйшых гармат і абышоў цытадэль. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху: менавіта ў крэпасці кватаравала 9-я пяхотная дывізія, служылі С.Мураўёў-Апостал, М.Бястужаў-Румін і іншыя ўдзельнікі паўстання на Сенацкай плошчы. Некаторыя з дзекабрыстаў адбывалі тут пакаранне. У перыяд белапольскай акупацыі 1919—1920 гадоў інтэрвенты стварылі тут канцлагер для чырвонаармейцаў. У гады Вялікай Айчыннай фашысты таксама зрабілі з крэпасці канцлагер, а ў ноч на 7 лістапада 1941 года, справакаваўшы пажар, расстралялі каля 7 тысяч палонных.
Зараз вядуцца работы па аднаўленню фартыфікацыйных збудаванняў цытадэлі. Ёсць упэўненасць, што рэстаўрацыйныя работы адначасова раскрыюць археолагам тайны гарадской гісторыі: Бабруйская цытадэль была ўзведзена на тэрыторыі замчышча XIV—XVII стагоддзяў.

Белая царква — Свята-Георгіеўскі храм

Пачатак будаўніцтва храма прыпадае на 1905 год, а ўжо ў 1907-м намаганнямі будаўнікоў-вайскоўцаў ён быў узведзены. Ягоныя сцены былі пафарбаваны ў белы колер — сімвал чысціні і нявіннасці, таму да прыгожага храма хутка прыляпілася народная назва — Белая царква.
Савецкая ўлада зачыніла царкву ў 1928-м, у “намоленым” будынку спачатку месцілася швейная вытворчасць, потым склад, грамадская сталоўка....  Храм у гонар Святога Георгія Перамаганосца перададзены вернікам у 1990 годзе. Праз пяць гадоў ён быў адноўлены, потым побач з царквой з’явіліся будынак духоўна-асветніцкага цэнтра, дзве капліцы, вадасвятная капліца. Некалькі гадоў таму Свята-Георгіеўскі прыход папоўніўся Домам праваслаўнай культуры.

Пешаходная зона на вуліцы Сацыялістычнай

Даследчыкі гарадской архітэктуры сцвярджаюць, што дарэвалюцыйны Бабруйск вызначаўся строгасцю і арыгінальнасцю жылых і адміністрацыйных пабудоў.
Адрэстаўраваная, упрыгожаная кветкамі пешаходная зона вуліц Сацыялістычная—Дзяржынскага  для бабруйчан прыкладна тое ж, што Арбат для масквічоў ці Траецкае прадмесце для жыхароў Мінска. Сюды ідуць, калі пачуцці перапаўняюць душу, каб спець пад гармонік ці проста душэўна пагаварыць з сябрамі за куфлем піва ці шклянкай малочнага кактэйлю з “Лакамкі”. Гаспадар “Сацыялкі”, па сумяшчальніцтву сімвал горада — жыццялюбівы звярок бабёр у капелюшы і тройцы ад лепшага краўца. Бабёр мастака Уладзіміра Гаўрыленкі з’явіўся на Сацыялістычнай нядаўна, але ўражанне такое, што ён быў тут заўсёды. Ланцужок гадзінніка на салідным бронзавым жывоціку Бабра адшліфаваны да бляску: па мясцовым павер’і, патрэш яго — станеш багатым.

Бабруйск-Арэна

Самая вялікая (разлічана на 7000 гледачоў) лядовая пляцоўка краіны знаходзіцца на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.
Не так даўно стала вядома, што чэмпіянат свету па хакею 2010 года сярод юнакоў у элітным дывізіёне пройдзе ў Бабруйску і Магілёве. Але і ў чаканні яго адна з лядовых пляцовак краіны не пустуе: тут катаюцца на каньках, працуюць трэнажорныя і спартыўныя залы для  дарослых і дзяцей, з аншлагамі праходзяць канцэрты сусветна вядомых зорак.

Акрамя названых аб’ектаў, бабруйчане аднеслі да дзівосаў свайго горада:

  • ландшафтны заказнік “Лукавая гара” — высокі бераг Бярэзіны, любімае месца адпачынку гараджан
  • будынак абласнога драматычнага тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча.

Гісторыка-культурная спадчына Бабруйска налічвае 179 помнікаў архітэктуры, помнік археалогіі Селішча, 20 помнікаў мастацтва, 63 помнікі гісторыі, 15 мемарыяльных дошак. 14 помнікаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Самыя маладыя з ганаровых грамадзянаў Бабруйска — алімпійскія чэмпіёны, выхаванцы Бабруйскай школы алімпійскага рэзерву браты Багдановічы. Аляксандр і Андрэй уганараваны гэтым званнем у верасні 2008 года.
У горадзе дзейнічаюць 22 рэлігійныя суполкі  пяці канфесій: праваслаўнай, стараверскай, рымска-каталіцкай, пратэстанцкай, іудзейскай.

Дубаўскі каскад азёр

Ландшафтны заказнік з такой назвай — унікальны па эстэтыцы аб’ект. На працягу 14 кіламетраў рака Вір злучае адно з адным чатыры возеры — Драгочын, Усох, Плывун і Вяхава.
Некалі гэтыя землі належалі вайскоўцам, іх цяжкая тэхніка зрабіла лясныя дарогі падобнымі да трас для спаборніцтваў па джып-трыялу. З сярэдзіны 90-х гадоў тут уведзены ахоўны рэжым, лясныя сцежкі зараслі маладымі дрэўцамі.
— Чужынцы тут не ходзяць, — зазначае ляснічы Бабруйскага лясгаса Юрый Акуліч. — Затое ў зарасніках трыснягу сустракаюцца занесеныя ў Чырвоныя кнігі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага саюза аховы прыроды бугай вялікі і балотная чарапаха, а ў навакольных лясах — чарамша і касачы.

“Пушкінскі след” у вёсцы Цялуша

Бабруйская галіна генеалагічнага дрэва Пушкіных налічвае 84 нашчадкі. Пачатак яе ідзе ад старэйшай дачкі старэйшага сына А.С.Пушкіна — Наталлі Варанцовай-Вельямінавай. Вёска Цялуша да рэвалюцыі з’яўлялася часткай сядзібы Варанцовых-Вельямінавых. Зараз пра гэта нагадваюць чырвоныя сцены Свята-Нікольскага храма і дзве магілы ў скверыку — Наталлі Аляксандраўны і Аркадзя Паўлавіча Варанцовых.
Будаўніцтва храма ў старарускім стылі на сродкі памешчыка Варанцова пачалося ў 1909 годзе. Будоўляй кіравалі два майстры: рускі і яўрэй. Кажуць, яны часта спрачаліся між сабой, асабліва пры ўстаноўцы купала, і за парадай ішлі да Наталлі Аляксандраўны. Існуе таксама легенда, што ўнучка Аляксандра Пушкіна сама збірала па сялянскіх хатах курыныя яйкі, на якіх замешана цэгла. Храм адчыніў дзверы ў 1914 годзе, але ў 1934-м быў ператвораны ў зернясховішча. У 1990-м дзякуючы настойлівасці прыхаджан адноўлены.

Яўген Календа, чалавек-легенда

Імя гэтага чалавека ведаюць далёка за межамі раёна. 82-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай, Чалавек года Магілёўскай вобласці самастойна і за свае грошы паставіў помнік сябрам-аднавяскоўцам, якія не вярнуліся з вайны.
— На цэнтральнай сядзібе калгаса “Гігант” убачыў стэлу з імёнамі загінуўшых жыхароў, — расказвае Яўген Міхайлавіч. — Падумаў: нашы, зацішанскія, кадравыя ваенныя і ўчарашнія школьнікі, таксама аддалі за перамогу жыццё. Якраз прачытаў у “Известиях” пра сібірака, які, застаўшыся адзіным жыхаром вёскі, на апошнія грошы паставіў помнік сябрам свайго юнацтва...
Да 40-годдзя Перамогі ў Зацішшы (цяпер Слабодка) на адмыслова расчышчанай пляцоўцы пад дубамі з’явіўся валун з імёнамі 14 загінуўшых воінаў. Праз колькі гадоў тут быў ужо сапраўдны мемарыяльны комплекс з артылерыйскай пушкай, падараванай адной з вайсковых часцей, і мармуровай плітой з фотаздымкамі загінуўшых.
Да 60-годдзя Перамогі дзякуючы Яўгену Календзе ў Слабодцы з’явіўся яшчэ адзін памятны знак. У 16-тонны валун навечна ўпячатаны імёны 29 пераможцаў, якія вярнуліся з вайны жывымі і сумленна працавалі на карысць грамадства ў мірныя дні.

Капліца графа Забэлы

Паўтары сотні гадоў на старых могілках вёскі Ізюмава ўзвышаецца родавы склеп-капліца графа Забэлы. Як толькі не называюць мураваную пабудову не вельмі дасведчаныя жыхары — і склеп, і касцёл, і царква...
Прадстаўнікі роду Забэлаў, што знайшлі супакой пад магільнымі плітамі, паходзілі з польскага роду Тапорчыкаў і роду Збылутаў. У XIV—XV стагоддзях прадстаўнікі фаміліі пасяліліся ў Вялікім княстве Літоўскім, у XVІІ стагоддзі атрымалі графскі тытул. Зроблены з гэтай нагоды запіс у “Гродскай кнізе” паведамляе, што Міхаіл Тапорчык са Збылутаў Забэлаў, сын Саламона, генерал-маёр войск ВКЛ, вызначыўся гераізмам і мужнасцю падчас вайны з Турцыяй. У Бабруйскім павеце жылі прадстаўнікі кашталянскай лініі роду Забэлаў, параднёнага са знакамітымі магнацкімі кланамі Радзівілаў, Завішаў, Незабытоўскіх. Родавым гняздом іх быў маёнтак Дурынічы, зараз гэта тэрыторыя пасёлка імя Леніна. Заснавальнікам лініі быў Шымон Забэла, апошні кашталян мінскі, сын Антонія, вялікага лоўчага літоўскага, маршалка ковенскага, генерал-лейтэнанта войск Вялікага княства Літоўскага.
У савецкія часы пабудова прыйшла ў заняпад: тынкоўка абвалілася, з верхніх ярусаў пачалі вывальвацца камяні. Мясцовыя жыхары кажуць, што глум над пахаваннямі ўчынілі ў пачатку 60-х шабашнікі. У пошуках скарбаў яны ўзарвалі падлогу капліцы і разрабавалі труны.
Намаганнямі кіраўніцтва бабруйскай рымска-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і вернікаў да капліцы вяртаецца жыццё. Наш суразмоўца, былы галоўны ўрач мясцовай амбулаторыі, а сёння пенсіянер Віктар Голуб адзін з тых, хто збіраў грошы на новы дах для пабудовы. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё працаваў у тутэйшых мясцінах, побач з графскай капліцай пахаваны яго дзед Аляксандр.
— Я люблю сваю радзіму і хачу, каб памяць пра нашых продкаў захавалася. Яны годна пражылі жыццё і заслужылі пашану пасля смерці, але потым час змяніўся... Зараз людзі таксама мяняюцца, многае пераасэнсоўваюць.

Мемарыяльны комплекс у вёсцы Сычкава

Кожны, хто праязджае па трасе Мінск—Бабруйск, можа спыніцца каля Сычкава і пакланіцца памяці загінуўшых пры вызваленні Бабруйшчыны савецкіх салдат.
Курган Славы пабудаваны ў 1967 годзе на зямлі, шчодра палітай крывёй: у 1944-м каля Сычкава, Шчаткава, Вінаградаўкі ішлі жорсткія баі. У падмурак збудавання закладзены капсулы з зямлёй з 70 брацкіх магіл, размешчаных на Бабруйшчыне. З цягам часу вакол кургана вырас буйны мемарыяльны комплекс, цэнтральны элемент якога — чатырохметровая скульптурная кампазіцыя на 18-метровым пастаменце. Каля Кургана Славы збіраюцца, каб успомніць мінулае, ветэраны, сюды заязджаюць з кветкамі вясельныя картэжы і прыходзяць мясцовыя піянеры.

Жыхары раёна лічаць дзівосамі свайго рэгіёну таксама:

  • Памятны знак у вёсцы Панюшкавічы — на месцы сядзібы Дуніных-Марцінкевічаў, у якой нарадзіўся класік беларускай літаратуры і драматургіі
  • Куток некранутай прыроды Старыца

Дарагія чытачы!
Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Бабруйска і Бабруйскага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.  Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter