Пошукі свайго “алімпійскага мішкі”

Конкурс на лепшы талісман хакейнага чэмпіянату свету 2014 года пакуль што папулярнасцю не карыстаецца. Карэспандэнты “НГ” вырашылі гэты прабел ліквідаваць

Конкурс на лепшы талісман хакейнага чэмпіянату свету 2014 года пакуль што папулярнасцю не карыстаецца. Карэспандэнты “НГ” вырашылі гэты прабел ліквідаваць

Буйны турнір без талісмана ўсё роўна як пейзаж, напісаны мастаком сярэдняга ўзроўню: прыгожа, але не запамінаецца. Напрыклад, Алімпіяда ў Маскве многім запала ў душу не ўпэўненай перамогай савецкіх спартсменаў, а дзякуючы мілай фізіяноміі “ласкавага мішкі”, які плакаў на цырымоніі закрыцця. А чым запомніцца турыстам і самім беларусам чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, які пройдзе ў Мінску?

Пошукі адказу на гэтае пытанне ўступілі ў фінальную стадыю. Яшчэ ў верасні Беларуская федэрацыя хакея абвясціла конкурс на лепшы талісман чэмпіянату свету. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да канца гэтага года. Часу засталося зусім нямнога, можна падводзіць папярэднія вынікі, але... на адрас федэрацыі пакуль што прыйшло толькі дзве заяўкі! Так што і выбіраць пакуль, па вялікім рахунку, няма з чаго. Вось і думай, што тут адбываецца. Ці то федэрацыя недастаткова раскруціла свой конкурс, ці то беларусы збяднелі на крэатыў (хаця гэта наўрад ці), а можа, іх не задавальняе абстрактны прыз — “білеты на чэмпіянат свету” (колькі білетаў, на які чэмпіянат свету, на якія матчы?)...
Карэспандэнты “НГ” не паленаваліся і прыдумалі свае талісманы чэмпіянату, прычым адразу чатыры. Нашы талісманы — гэта не проста карцінка, кожны з іх мае сваю гісторыю, паводле якой можна зняць відэаролік або правесці рэкламную кампанію.

Бульбачка Буліт

Чэмпіянат свету — зручны момант для піяру краіны. Толькі трэба загадзя вызначыць, што і як піярыць. Вядома, беларусы могуць ганарыцца сваімі трактарамі і грузавікамі. Але як прывязаць іх да хакея? Казаць, што наша каманда моцная, як трактар “Беларус”? Можа, гэта гучыць і нядрэнна, але трактар талісманам чэмпіяната свету не зробіш — атрымаецца занадта ўжо індустрыяльна. Іншая справа — бульба. Нават у назве гэтай гародніны ёсць пэўнае хакейнае адценне. Бульба і буліт — амаль аднакарэнныя словы. Таму няхай беларуская бульбачка, калі ёй выпадзе стаць талісманам турніра, носіць імя Буліт. Ды і для слогану гэты прадукт падыходзіць ледзь не ідэальна. Калі рымляне патрабавалі “хлеба і відовішчаў”, дык чаму б беларусам не прапанаваць гасцям “бульбу і відовішча”? Нацыянальных страў з бульбы, якімі не сорамна гасцей пачаставаць, у нас хапае.

Ударны “Хет-трык”

Калі сусветнае хакейнае першынство праходзіла ў Рызе, то прыбалты абралі сваім талісманам бабра. Калі два гады таму турнір ладзіўся ў Маскве, то яго ўвасабленнем стаў мядзведзь. Што ж, мы таксама можам пашукаць свой талісман “на прыродзе”. Кандыдатаў на “ганаровую пасаду” будзе шмат. Самы галоўны, вядома, — зубр. Але ў яго ёсць сур’ёзныя канкурэнты. Напрыклад, вавёрка або бусел. Можна выбраць з іх кагосьці аднаго, а можна аб’яднаць прэтэндэнтаў у адну тройку. Любы трэнер вам пацвердзіць, што кожнай камандзе патрэбна ўдарная тройка форвардаў. Вось яна ў нас і будзе. На правым фланзе будзе гуляць зубраня, на левым — буслік, а цэнтрфорвардам стане вавёрачка. Магчыма, нехта скажа, што жанчыне не месца на хакейнай пляцоўцы, але гэта не так. Прадстаўніцы слабага полу даўно ўжо гуляюць у хакей, праводзяць свае чэмпіянаты свету і могуць даць фору некаторым мужыкам. Так што ўсё тут дакладна і, галоўнае, паліткарэктна.
Што тычыцца імёнаў удзельнікаў нашай чароўнай тройкі, то можна выкарыстаць напрацоўкі апошняга ўдзельніка дзіцячага “Еўрабачання” ад Беларусі Юры Дземідовіча. Эціс, Аціс і Анімаціс — чым не імёны? А вось усю ўдарную тройку мы прапануем назваць “Хет-трык”.

Несцерка

Сёння ў хакей гуляюць ва ўсім свеце. Нават у Саудаўскай Аравіі і Кітаі. Што тычыцца Беларусі, то ў нас гэтая гульня перастае быць прывілеем буйных гарадоў. Хакей ідзе ў правінцыю, там будуюцца лядовыя палацы. Неўзабаве таленавітыя юнакі з перыферыі будуць здзіўляць хакейныя сталіцы свету. Менавіта пра такі спартыўны лёс марыць Несцерка.
Гэты хлопец жыве ў Бабруйску, а можа — у Жлобіне, Пружанах, Кобрыне або Бярозе. Карацей, не ў самым вялікім горадзе, але там, дзе ёсць лядовы палац. Знешні выгляд Несцеркі не зусім адпавядае нашаму класічнаму ўяўленню аб гэтым персанажы. Толькі блакітныя вочы і светлыя валасы засталіся ранейшымі. Саламяны капялюш ён змяніў на хакейны шлем, лыкавыя лапці — на канькі. Замест кія вандроўніка ў руках у яго клюшка. У Мінск хлапчук прыехаў, каб на свае блакітныя вочы пабачыць зорак сусветнага хакея. Магчыма, ужо праз некалькі год яму давядзецца выступаць з імі на адной пляцоўцы...

Іншапланецянін Айс

Жыхар аддаленай ад нас планеты — зялёны, крыху падобны на Пацу-Вацу — выпадкова пралятаў над Зямлёй. Ён бачыў Кітайскую сцяну, Маскоўскі Крэмль, а вось калі ляцеў над Беларуссю, то заўважыў унізе нешта, што нагадала яму гіганцкую лятаючую талерку. Касмічны вандроўнік канешне ж вырашыў пазнаёміцца з братамі па розуму. Ён прызямліўся і непрыкметна накіраваўся да карабля-гіганта — яркага, бліскучага. Падняўся па шырокіх прыступках, адчыніў дзверы і... не зразумеў, куды трапіў. Наўкол не было ніякай бартавой апаратуры, а была белая пляцоўка, ад якой павявала холадам. І па гэтай пляцоўцы хутка і спрытна гойсалі дзіўныя істоты — двухногія, але чамусьці не зялёныя. У руках яны трымалі палкі, якія мелі на канцы крук. Тымі крукамі з усёй моцы лупілі па чорным дыску. Істотам было весела. Іншапланецянін з цікавасцю назіраў за незвычайнай забавай і не заўважыў, як сам стаў аб’ектам назірання. “Незялёнымі істотамі”, вядома, былі дзеці, гулялі яны ў хакей, а за лятаючую талерку іншапланетны госць прыняў касмічныя абрысы “Мінск-Арэны”.
Дзякуючы сваім звышздольнасцям прышэлец хутка знайшоў агульную мову з людзьмі. Хакей стаў яго любімай гульнёй. Ён нават памяняў касмічны скафандр на хакейную майку, прычым майку з ільну (а як жа інакш у Беларусі?). Ад свайго былога імя — МРС 3845 — ён таксама адмовіўся. Новыя сябры назвалі іншапланецяніна проста Айс.

“НГ” спытала

Каго ці што вы зрабілі б сімвалам чэмпіянату свету-2014?

Міхаіл Захараў, галоўны трэнер зборнай Беларусі і мінскага “Юнацтва”:
— Сёлета я ўпершыню трапіў у Белавежскую пушчу, якая адзначала 600-гадовы юбілей, і зразумеў, чаму яе лічаць гонарам Беларусі. Гэта вельмі прыгожае месца. Нездарма замежныя госці прыязджаюць сюды, каб паглядзець на рэдкіх жывёл. Таму талісманам чэмпіянату свету я, безумоўна, зрабіў бы зубра — сімвала Белавежскай пушчы. Я нават не чакаў, што ў пушчы яго можна сустрэць за некалькі крокаў ад сябе і пагладзіць.

Раман СТРОНГІН, аўтар праграмы “Гарачы лёд” на СТБ:
— Зразумела, хутчэй за ўсё выбяруць зубра ці бусла. Аднак гэта занадта банальна. Я прапанаваў бы зрабіць сімвалам чэмпіянату свету Дзеда Барадзеда, бо гэта толькі наш беларускі казачны персанаж, прычым вельмі каларытны. Перакананы, што дзеці з ахвотай фатаграфаваліся б з ім.

Алег АНТОНЕНКА, нападаючы мінскага “Дынама”:
— Хочацца, каб сімвал быў незвычайны. Аднак практыка паказвае, што часцей за ўсё хакейнымі талісманамі становяцца звяры. Асабіста я хацеў бы, каб сімвалам нашага чэмпіянату стаў бусел з беларускім імем Буслік. Ён хадзіў бы на арэне такі важны, у гламурным шаліку і абавязкова з клюшкай.

Уладзімір НАВІЦКІ, тэлекаментатар Белтэлерадыёкампаніі:
— 8 мая, калі нам даверылі права правесці чэмпіянат свету-2014, у мяне быў юбілей, таму мая душа спявала. Цудоўны падарунак зрабілі мне на 55-годдзе! Я быў у цудоўным настроі і ўсіх замежных калег з радасцю запрашаў прыехаць на наш чэмпіянат, бо перакананы: больш нідзе яны не пабачаць такіх гасцінных людзей і прыгожых дзяўчат, як у Беларусі. Таму я прапаную ў якасці сімвалаў турніра — прыгожую дзяўчыну Яніну і сардэчнага хлопца Яся.

Аляксандр ЛЯЦЕЦКІ, гендырэктар ХК “Керамін”:
— Я мяркую, што на нашым чэмпіянаце свету абавязкова павінны прысутнічаць беларускія ручнікі. Сімвалам чэмпіянату свету-2014 магла б стаць валошка з усмешкай.

Аляксандр КЛІМУК, балельшчык:
— Мне здаецца, лепшага сімвала Беларусі, чым зубр, бусел ці вавёрка, прыдумаць нельга. А што гэта можа быць яшчэ, акрамя нашых звяроў і птушак, нават не ўяўляю.

Акцыя “НГ”

Шукаю цябе, мой талісман!

Мы прапануем да выбару талісмана далучыцца ўсім чытачам “НГ”. Дасылайце свае ідэі (калі атрымаецца, то і з малюнкамі) на адрас рэдакцыі з пазнакай “Талісман”. Самыя арыгінальныя і ўдалыя мы абавязкова апублікуем на старонках газеты і перададзім у Беларускую федэрацыю хакея. І — хто ведае — можа, талісман, прыдуманы менавіта вамі, будзе вітаць гасцей з усяго свету ўжо ў зусім недалёкім 2014-м?
Чакаем вашых прапаноў!

Алег ГАРУНОВІЧ, Ірына ПРЫМАК, Алег ПАПОЎ, “НГ”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter