Попыт дыктуе

За паўгода «Дзяржынскі» атрымаў звыш Br 120 млрд. прыбытку

За першае паўгоддзе ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» атрымала больш за 120 млрд. рублёў прыбытку

Прадпрыемства мае намер актыўна ўкладваць сродкі ў далейшую мадэрнізацыю вытворчасці, якая дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і пашырыць геаграфію экспартных паставак.

Агракамбінат — буйны інтэграваны аграпрамысловы комплекс. Там створаны замкнёны цыкл вытворчасці мяса птушкі: ад атрымання інкубацыйнага яйка да рэалізацыі гатовай прадукцыі ў гандлёвай сетцы. У «Дзяржынскім» вырабляецца амаль 20 % птушкагадоўчай прадукцыі ў краіне. Толькі за першае паўгоддзе там выраблена 27 тыс. тон мяса птушкі, а гэта прыкладна 150 тон кожныя суткі. Але, па перакананні генеральнага дырэктара агракамбіната Іосіфа Палачаніна, далейшы вектар развіцця прадпрыемства накіраваны не столькі на аб’ёмныя, колькі на якасныя параметры. «Справа ў тым, што на сёння наша птушкагадоўчая фабрыка дасягнула свайго «піка», і зараз чакаць ад яе нейкага асаблівага росту ўжо цяжка. Ды і ці трэба вырабляць такія вялікія аб’ёмы? Далейшы шлях — павышэнне якасці і пашырэнне асартыменту. Напрыклад, калі раней арыентаваліся на пастаўкі тушак птушкі, то зараз — на пастаўку гатовай прадукцыі. І мы імкнёмся забяспечыць такую якасць, каб прадукцыю можна было рэалізоўваць на экспарт праз буйныя гандлёвыя сеткі, перш за ўсё Расійскай Федэрацыі», — адзначае генеральны дырэктар.

Дзеля гэтага на агракамбінаце і робіцца стаўка на мадэрнізацыю. За першае паўгоддзе сельгасхолдынг атрымаў больш за 120 млрд. рублёў прыбытку і ў стане інвеставаць фінансавыя сродкі ва ўдасканальванне тэхналагічнага працэсу.

Іосіф Палачанін падкрэслівае, што выбраны менавіта такі шлях: «Першачаргова трэба мадэрнізаваць цэх забою і калбасны цэх. Наша задача — шырокі выхад з гатовай прадукцыяй не толькі на расійскія рынкі. Я пабыў ужо ў пяці еўрапейскіх краінах і пазнаёміўся з тым, як абсталёўваюцца там аналагічныя вытворчасці, якія існуюць перспектыўныя напрацоўкі. Гэты вопыт дазволіць арыентавацца на заўтрашні дзень, на самыя прагрэсіўныя накірункі і абсталяванне. Разам з тым мы актыўна наведваем зараз еўрапейскія і расійскія гандлёвыя сеткі для вывучэння сённяшняга попыту на прадукцыю і далейшых прагнозаў».

Трэба сказаць, што на прадпрыемстве вядзецца прадуманая палітыка ў галіне якасці, і гэта дало станоўчыя вынікі. Прадукцыя пад гандлёвай маркай «Фабрыка здароўя» карыстаецца попытам у пакупнікоў і мае цэлы шэраг дакументаў, якія сведчаць аб яе высокім узроўні. Так, «Дзяржынскі» валодае міжнародным сертыфікатам якасці, які дазваляе прысутнічаць на еўрапейскім рынку. Прадпрыемства пакуль адзінае ў краіне мае сертыфікат адпаведнасці «Халяль», які адкрывае шлях і павялічвае шансы на рынках Расіі, краін Мытнага саюза, СНД, Еўрасаюза, а таксама краін ісламскага свету.

«Мадэрнізацыя будзе спрыяць выхаду на новы тэхнічны і тэхналагічны ўзровень, істотнаму павышэнню эфектыўнасці вытворчасці, якасці і разнастайнасці прадукцыі», — падкрэслівае генеральны дырэктар.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter