Сустрэчы прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў Беларусі з землякамі-супляменнікамі ў Аўстрыі ды Славеніі праходзілі пад знакам 70-й гадавіны Вялікай Перамогі

Помняць Альпы і Дунай…

Сустрэчы прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў Беларусі з землякамі-супляменнікамі ў Аўстрыі ды Славеніі праходзілі пад знакам 70-й гадавіны Вялікай Перамогі

Многія памятаюць словы з песні “Майскі вальс”: “Помнит Вена, помнят Альпы и Дунай/ Тот цветущий и поющий яркий май…”. Цікава, а як там ідзе жыццё цяпер у майскую пераможную пару? Тое маглі адчуць 14-20 мая і беларускія артысты, і прадстаўнікі нацменшасцяў Беларусі: па ініцыя­тыве апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дэлегацыя кіраўнікоў, удзельнікаў самадзейнасці з творчых гуртоў нацыянальна-культурных грамадскіх суполак Беларусі наведала горад Філах, што на поўдні Аўстрыі, ды Любляну, сталіцу Славеніі. “Мы хацелі пазнаёміць актывістаў розных этнасуполак, якія дзейнічаюць у Беларусі, з жыхарамі заходнееўрапейскіх краін, абмяняцца досведам працы з падобнымі арганізацыямі, ну і, вядома ж, падняць аўтарытэт аб’яднанняў нашых супляменнікаў за мяжой, — расказаў кіраўнік дэлегацыі Аляксандр Сасновіч, начальнік аддзела па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага. — Дарэчы, падобныя паездкі ладзім з 2012 года. За гэты час пабывалі ў Літве, Польшчы, Украіне, Латвіі, Эстоніі, Венгрыі ды Фінляндыі”.

Аляксандр Сасновіч нагадаў: больш за тры з паловай мільёны беларусаў жывуць у розных краінах. Падтрымліваць дзелавыя і культурныя кантакты з імі, аказваць пэўную дапамогу суполкам суайчыннікаў за мяжой — гэта частка палітыкі беларускай дзяржавы. Прытым у Беларусі жывуць прадстаўнікі каля 130 нацый і народнасцяў, многія з якіх стварылі этнакультурныя аб’яднанні. Таму традыцыі падобных сустрэч, упэўнены Аляксандр, спрыяюць не толькі яднанню беларускай нацыі ды ўмацаванню сувязяў паміж беларусамі свету, але і культурнаму, эканамічнаму і нават палітычнаму дыялогу розных дзяржаў.

У складзе беларускай дэлегацыі былі прадстаўнікі розных нацыяналь­насцяў, якія жывуць у Беларусі: беларусы, армяне, азербайджанцы, грузіны, украінцы, татары, яўрэі, карэйцы, палестынцы — усяго 40 чалавек. “Арганізатарамі акцыі ў Аўстрыі ды Славеніі былі актывісты грамадскіх суполак нашых супляменнікаў, яны працавалі там сумесна з мясцовымі ўладамі па ўсіх пытаннях, — дзеліцца ўражаннямі А. Сасновіч. — Арганізавана усё было выдатна, сустракалі нас вельмі цёпла і сардэчна. Былі экскурсіі па гарадах, сустрэчы ў магістраце. А мы правялі шэраг канцэртаў з удзелам нашых творчых гуртоў, на іх прыйшлі прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў, гарадскіх уладаў, іншыя жыхары гарадоў”.

Іна Ганчаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter