"Помнi iмя сваё"

— Я знайшлася! — радасна паведамiла нам па тэлефоне Ванда Станiславаўна Пляско (Шуневiч), якую шукала сяброўка юнацтва Ганна Канстанцiнаўна Капшай (Кошэль). Жанчыны не бачылiся каля 45 гадоў. Ванда Станiславаўна, якая жыве ў Полацку, выказала вялiкую падзяку ў адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i нашага выдання “Помнi iмя сваё...” за пошукавую работу. Пра тое, што яе шукаюць праз “Народную газету”, дайшло, як яна сказала, праз “трэцiя рукi”. Прагледзела выпуск за 24 сакавiка — i сэрца ўстрапянулася: сапраўды, яе. А значыць, сустрэнецца з сяброўкай, хутчэй за ўсё летам, так плануе.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
Дапамог наш праект i Вiктару Антонавiчу Корсаку з Вiлейкi. Ён адшукваў Тамару Барысаўну Грынцэвiч, якая падчас Вялiкай Айчыннай вайны працавала тэлеграфiсткай (марзiсткай) у Куранецкай раённай канторы сувязi Вiлейскай вобласцi.
— Як толькi газету прачыталi, мне патэлефанавалi i паведамiлi яе адрас. Сапраўды, у 1954 годзе яна была накiравана ў Iўе. Не ведаю, як вам дзякаваць за такую патрэбную працу. Я пiсаў пiсьмы ў Гродна, у Iўе, але адказу не было. А з’явiўся праект — i знайшоўся чалавек, няхай i прайшло звыш паўстагоддзя.
Ала Уладзiмiраўна шукала весткi пра Аляксандра Аляксандравiча Тачылу, сваё першае каханне. Калегi з радыё атрымалi пiсьмо ад яго сястры. Яна паведамiла, што брат, на жаль, пакiнуў гэты свет у 2001 годзе. Сястра гатова падрабязна расказаць Але Уладзiмiраўне пра жыццё i справы брата.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Па-ранейшаму шмат людзей звяртаецца на адрас праекта з просьбай дапамагчы ў пошуку родных i блiзкiх, што прапалi без вестак у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Тлумачэнне па гэтаму пытанню ў рэдакцыю даслалi з Упраўлення па ўвекавечанню памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяр войнаў Узброеных сiл Рэспублiкi Беларусь. “Для ўстанаўлення грамадзянамi лёсаў прапаўшых без вестак неабходна звяртацца з запытамi ва ўпраўленне Камiтэта дзяржаўнай бяспекi той вобласцi, у якой пражываў грамадзянiн i быў прызваны на фронт ваенным камiсарыятам. Ва ўпраўленнях маецца частка трафейных картачак ваеннапалонных. Магчыма, што сярод iх маецца картачка таго чалавека, якога вышукваюць родныя”.
У Магiлёўскай вобласцi, напрыклад, трафейныя картачкi ваеннапалонных захоўваюцца ў Дзяржаўным архiве Магiлёўскай вобласцi (212012, г.Магiлёў, вул.Чэлюскiнцаў, 172а).
Ва ўпраўленнi падказалi таксама, што У.М.Харытончыку з Капыльскага раёна, якi шукае магiлу бацькi Мiкалая Сцяпанавiча Харытончыка (“НГ” за 17 лютага
2006 г.), неабходна накiраваць запыт у архiў Ваенна-медыцынскага музея (191180, г.Санкт-Пецярбург, Лазарэтны завулак, 2), указаўшы нумар в/ч 01193 — медсанбат, у якi той быў накiраваны. У архiве павiнна знаходзiцца гiсторыя хваробы салдата.
Для ўстанаўлення iмя лётчыка, пахаванага ў в.Боланаў Сялец, накiравана пiсьмо ў адрас Быхаўскага райвыканкама, у якiм рэкамендавана пахаванне зарэгiстраваць ва ўпраўленнi па ўвекавечанню памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяр войнаў Узброеных сiл Рэспублiкi Беларусь i накiраваць запыт у Цэнтральны архiў Мiнiстэрства абароны Расiйскай Федэрацыi.
“Мой бацька Мiхаiл Мiкалаевiч ПРАКОПЧЫК, 1910 года нараджэння, ураджэнец вёскi Варатынь Бабруйскага раёна Магiлёўскай вобласцi з першага дня быў на вайне. Мы з мамай (а нас было трое дзяцей) не атрымалi ад яго нiводнай вестачкi, i з фронту ён не вярнуўся. Мама шукала нашага тату, але адказ атрымлiвала адзiн — прапаў без вестак. Засталася адна надзея на ваш праект. Ганна Мiхайлаўна Булва, горад Узда”.
“Наш брат Барыс Мiхайлавiч ШУЛЬГОЎСКI, 1913 года нараджэння, у першыя днi вайны быў прызваны ў рады Чырвонай Армii Магiлёўскiм гарваенкаматам. Як пайшоў на фронт, так мы ад яго нiводнай вестачкi i не атрымалi. Не было паведамлення i пра тое, што ён прапаў без вестак. А так хочацца даведацца, што з iм здарылася. Можа, вы дапаможаце? Дзiяна Аляксандраўна Грэк, горад Магiлёў”.
“Мой бацька Сцяпан Васiльевiч МАЛАШКЕВIЧ, 1893 года нараджэння, ураджэнец вёскi Забалоцце Талачынскага раёна Вiцебскай вобласцi, у 1941 годзе быў прызваны на фронт. Да лiпеня 1943 года ён падтрымлiваў сувязь з сынам Пятром, якi таксама быў на фронце. Апошняе пiсьмо ад бацькi Пётр атрымаў летам 1943-га. Пасля вызвалення Беларусi мы атрымалi лiст, што бацька прапаў без вестак. Адбылося гэта дзесьцi ў Падмаскоўi i не ў першы год вайны. Я ўсё спадзявалася, што якi-небудзь пошукавы атрад натрапiць на салдацкую магiлу, дзе знайшоў спачын мой бацька i я пакланюся ёй. Марыя Сцяпанаўна Малашкевiч, Талачынскi раён”.
“Пiша вам Галiна Мiхайлаўна Трафiмава, дачка прапаўшага без вестак у лютым 1944 года Мiхаiла Севасцьянавiча ЮДЭНКI. Хачу даведацца, дзе, калi i пры якiх абставiнах гэта адбылося. Мне вядома, што бацька 1914 года нараджэння, ураджэнец вёскi Курган Жлобiнскага (раней Стрэшынскага) раёна”.
“Дапамажыце высветлiць, дзе i калi загiнуў брат Iван Мiкiтавiч ЛАПШЫНАЎ, 1923 года нараджэння, ураджэнец горада Веткi Гомельскай вобласцi. У 1940 годзе ён паступiў вучыцца ў Ленiнградскую школу ФЗА № 19 пры Кiраўскiм заводзе. Пасля яе заканчэння працаваў на гэтым прадпрыемстве падсобным рабочым. А ў 1941 годзе добраахвотнiкам пайшоў на вайну, i больш пра яго нiчога невядома. Яўгенiя Мiкiтаўна Iванкова, горад Бабруйск”.
“Пiшуць вам Надзея Альбертаўна Парутчык i Пётр Альбертавiч Клiнт. Хочам даведацца пра нашага бацьку Альберта Робертавiча КЛIНТА, латыша па нацыянальнасцi. Мы яго зусiм не памятаем: калi пачалася вайна, мне было 4 гады, а брату 2. Жылi ў Валожыне, бацька працаваў там сакратаром райкама. Было накiраванне пераехаць у Рыгу, але пачалася вайна. Нас ён адправiў на радзiму мамы — у Крупскi раён. Сам жа застаўся ў Валожыне разам з упраўляючым банкам, старшынёй райвыканкама... Па словах мацi, iх было 17 чалавек i ўсе пайшлi на фронт. У 1947 годзе мама звярталася ў Мiнiстэрства абароны ў Маскве. Нам прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. У 1955-м мацi ездзiла ў Валожын. Там яна даведалася, што з вайны вярнуўся толькi адзiн чалавек. Больш нiякiх вестак. Бацька прыблiзна 1900 года нараджэння, быў палiтруком запасу. Надзея Альбертаўна Парутчык, Мiнскi раён”.
“Вельмi хачу даведацца, дзе i калi пахаваны мой бацька Серафiм Данiлавiч ЛЮЦКО, 1909 года нараджэння, вёска Абiдземля Салiгорскага раёна. 22—23 чэрвеня 1941 года бацька i яшчэ 8 чалавек з нашай вёскi паехалi на зборны пункт у Слуцк. Падзеi развiвалiся так хутка, што яны не ўсе змаглi апрануць ваенную форму, а значыць, трапiлi ў палон. У 1942 годзе мы атрымалi паведамленне, што наш бацька прапаў без вестак. Мiхаiл Серафiмавiч Люцко, горад Мiнск”.
Ганна Кiрылаўна Герасiмчук спадзяецца адшукаць магiлу бацькi Кiрылы Iванавiча ВIРЧЫКА. “У 1944 годзе ён загiнуў пры выкананнi баявой задачы (так напiсана ў лiсце, якi мы атрымалi ад баявых таварышаў бацькi). Там яшчэ напiсана, што бацька пахаваны на могiлках вёскi Кзова Пультускага павета Варшаўскага ваяводства. Звярталася  ў многiя iнстанцыi, але адказ быў адзiн: магiла не знойдзена, у спiсах не значыцца. А можа, яшчэ жывыя тыя людзi, якiя напiсалi нам пра смерць бацькi, i яны адгукнуцца?”
“Дапамажыце адшукаць магiлу бацькi Антона Сцяпанавiча КАТА, 1898 года нараджэння, ураджэнца вёскi Балотчыцы Слуцкага раёна. Згодна з пахавальным лiстом, якi атрымала наша мацi, ён загiнуў
26 жнiўня 1944 года. Уладзiмiр Антонавiч Котаў (Кот), горад Гродна”.
Вучанiца 11-га класа Жо-дзiнскай жаночай гiмназii Анастасiя Сiняк паведамiла, што мiнулым летам да яе звярнуўся жыхар Санкт-Пецярбурга Уладзiмiр Андрэевiч Вылягжанiн з просьбай дапамагчы яму адшукаць магiлу брата Барыса Андрэевiча ВЫЛЯГЖАНIНА. Па словах жыхара Расii, яго старэйшы брат Барыс у часы Вялiкай Айчыннай вайны знаходзiўся на тэрыторыi Беларусi, быў у партызанскiм атрадзе iмя Чапаева. Гэта ўся iнфармацыя. Дзяўчына спадзяецца, што з дапамогай нашага праекта ўсё атрымаецца.
Па ўсiм бачна, што Анастасiя таксама займаецца пошукавай работай. Калi гэта так, будзем рады бачыць яе сярод нашых добраахвотных памочнiкаў.
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
Аляксандра Фёдараўна Канакурава з Мiнскага раёна спадзяецца адшукаць брата Канстанцiна Фёдаравiча ВАЛЕНТА, 1914 года нараджэння, ураджэнца пасёлка Палеўцы (зараз Прывольны), а калi яго няма сярод жывых — знайсцi магiлу. “Напачатку вайны брат трапiў да немцаў у палон, потым уцёк. Фашысты яго шукалi. У 1942 годзе брат ажанiўся  з Аляксандрай Наркевiч, узяў яе прозвiшча i жыў у яе доме. Праз год у iх нарадзiўся сын Мiхаiл. Прыкладна з 1943—1944 гадоў я пра брата нiчога не ведаю. Мяркую, што ён мог паехаць у Польшчу або ў Iталiю на радзiму свайго бацькi.
I яшчэ адна просьба. Буду ўдзячная, калi знойдзеце хоць якiя-небудзь звесткi пра маю добрую знаёмую Наталлю Iванаўну СМIРНОВУ, 1921 года нараджэння. Мы разам з яе сям’ёй жылi ў Калiнiнградскай вобласцi. Яна жыла з дзецьмi Ларысай, Кацяй i Нiнай. У 1948 годзе па яе прыехала свякроў, i яны паехалi ў Беларусь. Вельмi хачу даведацца, як склаўся яе далейшы лёс, i прашу адгукнуцца”.
“Пiша вам Ганна Данiлаўна Рабцава. Падчас вайны маю сястру Надзю расстралялi ў горадзе Старыя Дарогi. У яе застаўся сын Уладзiмiр Рыгоравiч МАРТЫНЕНКА, 1941 года нараджэння. У нас была вялiкая сям’я: 6 дзяцей, а яшчэ мацi падчас вайны страцiла мужа. Вось i вырашыла, калi закончылася вайна, аддаць хлопчыка ў дзiцячы дом у Старых Дарогах (ад нашай вёскi 15 кiламетраў). Праз некаторы час мама паехала да яго, але Уладзiмiра там не застала. Ёй паведамiлi, што дзяцей накiравалi ў Дараганава Асiповiцкага раёна. Так мы i згубiлi Вовачку. Шукалi яго, але безвынiкова. Можа, з дапамогай вашага праекта я знайду яго”.
“Мой дзядзька Якаў Яфрэмавiч СТРЭХ, 1913 года нараджэння, ураджэнец вёскi Вялiкiя Арлы Гарадоцкага раёна Пiнскай вобласцi (цяпер Столiнскi раён Брэсцкай вобласцi) пайшоў у польскую армiю i не вярнуўся. Там ажанiўся, хаця ў Беларусi ў яго былi жонка i двое дзяцей. У Польшчы ён працаваў на пiлараме. Яго новая жонка нарадзiла дзвюх дачок. Хачу знайсцi i сустрэцца з iмi. Соф’я Адамаўна Палаш, Столiнскi раён”.
Раiса Iванаўна Крываль шукае бацьку або яго дзяцей. “Яго прозвiшча ГРЫНЬКО Iван (iмя па бацьку не памятаю), ураджэнец горада Слуцка. Падчас вайны партызанiў. У той час мая мама ў атрадзе варыла ежу для партызан. Яны сябравалi, а ў студзенi 1945 года на свет з’явiлася я. З тых пасляваенных гадоў я толькi памятаю, як бацька вярнуўся з вайны, узяў мяне на рукi i даў медалi. У юнацкiя гады я ў мамы нiколi не пыталася пра тату. Потым яна памерла, а пра бацьку мне расказалi яго сябры, якiя разам з iм былi ў партызанскiм атрадзе i жылi ў нашай вёсцы. Можа, хто ведае, дзе цяпер мой бацька або яго дзецi?”
Ганна Рыгораўна Бабуль з Клецкага раёна шукае пляменнiцу Галiну Мiхайлаўну МАКСIМЧЫК (ЛЯВОНАВУ). “Яна паехала ў Лiтву ў горад Вiльнюс да свайго дзядзькi. Там знайшла работу, выйшла замуж за Генадзя Мiхайлавiча Лявонава. У iх нарадзiлiся сыны Андрэй i Эдуард. Раней усёй сям’ёй прыязджалi да Галiнай мамы Зiнаiды Аляксееўны, часта пiсалi пiсьмы, а потым сувязь абарвалася. Праз некаторы час мацi Галi захварэла i трапiла ў бальнiцу. Я накiравала тэлеграму ў Вiльнюс. Праз дзень Зiнаiда Аляксееўна памерла. Мы адразу ж накiравалi другую тэлеграму, але Галя на пахаванне не прыехала i ад яе нават не было адказу. Пахаваннем Зiнаiды Аляксееўны займалася я са сваiмi дзецьмi. Дапамажыце адшукаць пляменнiцу або яе старэйшага сына Андрэя, якому ўжо 17 гадоў”.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
 Жыхар вёскi Купнiкi Любанскага раёна Аркадзь Клiменцьевiч Шабунь дзелiцца сваiм горам. “Мой сын Андрэй 38 гадоў жыў у горадзе Слуцку са сваёй сям’ёй. Летам мiнулага года ён захварэў i трапiў у Слуцкую гарадскую бальнiцу. Яго жонка Людмiла пайшла яго наведаць, але там ёй сказалi, што яе муж сышоў з бальнiцы. Сышоў... i да гэтага часу яго няма. Што я нi рабiў — усё безвынiкова. Звяртаюся да вас па дапамогу. Можа, хто прачытае “Народную газету” i ўспомнiць, што ведае пра гэта загадкавае знiкненне. Мой сын Андрэй Аркадзьевiч ШАБУНЬ, 1967 года нараджэння. Яго прыкметы: сярэднi ўзрост, валасы цёмна-русыя, насiў вусы, на нiжняй скiвiцы чатыры апыленыя зубы. Апрануты быў па-бальнiчнаму: трыкатажны касцюм, на нагах тапкi”.

ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
“Дапамажыце адшукаць у Польшчы сваякоў. У 1945 годзе мой брат Ян Люцыянавiч Германовiч пасля ранення трапiў у бальнiцу на лячэнне. Потым застаўся у Польшчы i стварыў там сям’ю. Нарадзiлася дачка Галiна. У 1950 годзе Ян памёр. У Галiны з’явiўся новы бацька. Ён удачарыў дзяўчынку. Калi яна падрасла, даведалася, што ў яе быў бацька з Беларусi. Калi ёй споўнiлася 18 гадоў, прыслала пiсьмо сваёй беларускай бабулi. Прасiла, каб тая дала ёй сваё благаславенне, бо Галiна выходзiла замуж. Вось так у нас i завязалася перапiска. З пiсьмаў мы даведалiся, што ў Галiны двое дзяцей: сын Анджэй i дачка Бернарда, а мужа завуць Францiшак. Праз некаторы час сваякi паведамiлi, што Галiна трапiла ў аварыю, i перапiска спынiлася. А так хочацца ведаць пра iх лёс. Iрына Люцыянаўна Зiнкевiч, Браслаўскi раён”.

АДГУКНIЦЕСЯ!
Мiнчанка Ларыса Мiхайлаўна Трунова (у дзявоцтве Васiлеўская), расказала, што 50 гадоў таму закончыла сярэднюю школу ў Лепельскiм раёне. Гэта быў першы выпуск Бароўскай школы ў ваенным гарадку. Просiць адгукнуцца сваiх былых аднакласнiкаў.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”;
e-mail:poisk@radio.tvr.by

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter