"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

НЕ ГУБЛЯЙЦЕ СУВЯЗI З МАТУЛЯМI Амаль у кожнай пошце, атрыманай на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё”, ёсць пiсьмы — крык душы, прасякнутыя болем за сваiх дзяцей, якiя з’ехалi i не тэлефануюць, не пiшуць. Iншым разам дарослыя дзецi проста не задумваюцца над тым, што iх матулi чакаюць вестачкi i ўдзень, i ўначы, каб даведацца, што iх сыны i дачушкi жывыя i здаровыя. Сярод такiх лiстоў трапiлася горкая споведзь пра адзiноцтва. Магчыма, дзецi пачуюць цi прачытаюць яе i абавязкова перагледзяць свае адносiны да самага роднага на свеце чалавека — матулi. На жаль, Зiнаiда Сцяпанаўна не адна такая адзiнокая жанчына, якая выгадавала дзяцей, аддала iм усю цеплыню, вучыла быць сапраўднымi людзьмi i засталася адна. Хочацца спадзявацца, што пасля гэтай споведзi ў бацькоўскiх хатах зазвоняць тэлефоны.

ГОРКАЯ СПОВЕДЗЬ
“Самае жудаснае для бацькоў — застацца ў адзiноце, калi ад дзяцей аддзяляюць нават не сотнi кiламетраў, а некалькi аўтобусных прыпынкаў. Я яшчэ не старая жанчына, мне крыху больш за 50. I ў гэтым узросце мару знайсцi сяброў, такiх жа адзiнокiх людзей пры жывых дзецях. З малога ўзросту я засталася зусiм адна. Тады паставiла сабе мэту — у маiх дзяцей будзе ўсё! Выйшла замуж, нарадзiла 5 дзяцей. Пакуль яны былi малыя, адзiноцтва не адчувала, усё старалася для iх. З мужам у нас нiчога не склалася, усяго ад яго нацярпелася. Разбеглiся, каб дзецi не пакутавалi. I, мабыць, з таго часу я i засталася адна. Дзецi выраслi, у iх свае сем’i, iм не да мяне. А я шукаю людзей, якiя апынулiся ў аналагiчнай сiтуацыi. Можа, разам будзе лягчэй перажыць, звыкнуцца з такой доляй. Яшчэ я хачу звярнуцца да ўсiх дзяцей: не забывайце сваiх бацькоў, тэлефануйце, калi ёсць магчымасць, забягайце да iх не толькi па выхадных днях, але i ў буднi! Iм зараз патрэбны ўвага, пяшчота, як некалi вам у дзяцiнстве. Зiнаiда Сцяпанаўна, горад Мiнск”.
ДАДОМУ НЕ ВЯРНУЛIСЯ
Сына Юрыя Сямёнавiча ТРАФIМОВIЧА, 16 мая 1961 года нараджэння, адшуквае мацi Яўгенiя Сяргееўна Трафiмовiч са Шчучына. “25 лiстапада 2003 года Юрый выехаў у Мiнск з вёскi Мураўёўка Шчучынскага раёна. Дадому не вярнуўся. У Мiнску засталася яго жонка Наталля i сын Сярожа, 1986 года нараджэння. Сам Юра працаваў у сталiцы на будоўлi”.
“Мой сын Сяргей Мiкалаевiч КУЗЬМIЧ, 18 верасня 1967 года нараджэння, у лiпенi 2003 года паехаў з Бабруйска на працу ў Санкт-Пецярбург. Адтуль ён нам некалькi разоў тэлефанаваў, нават даў нумар тэлефона, па якiм можна званiць. Абяцаў прыехаць дадому ў лютым 2004 года, аднак не прыехаў. Мы спрабавалi тэлефанаваць па тым нумары, якi пакiнуў Сяргей, — тэлефон маўчаў. Апошнiм часам сняцца мне жудасныя сны, растлумачыць якiя немагчыма. Можа, праз iх мой сыночак хоча нешта перадаць. Я страцiла ўсялякую надзею, таму звяртаюся да вас, як да апошняй iнстанцыi. Можа, хто ведае майго сына, разам з iм працаваў у Расii, паведамiце. Прайшло ўжо тры гады, а ад яго нiчога не чуваць. Я спадзяюся, што ён вернецца. Марыя Антонаўна Кузьмiч, горад Мiёры”.
“Мой сын Уладзiмiр Паўлавiч ТАРБЕЕЎ, 22 кастрычнiка 1981 года нараджэння, прапаў 1 кастрычнiка 2004 года. Ён выйшаў з дому прыкладна ў 16 гадзiн i абяцаў хутка вярнуцца. Аднак нi ўвечары таго дня, нi праз дзень не вярнуўся. Гарадок наш невялiкi, калi б ён загуляўся дзе, то праз некаторы час прыйшоў бы цi патэлефанаваў, але ж нiякiх звестак пра яго з таго часу мы не маем. Куды я толькi ні  звярталася — няма адказу. Надзея Уладзiмiраўна Тарбеева, Вiцебская вобласць”.
40 ГАДОЎ ТАМУ
“Я, Валянцiна Васiльеўна Суржэнка, былы камсорг трэцяй групы выпускнiкоў 1967 года Краснабярэжскага сельгастэхнiкума (Жлобiнскi раён) звяртаюся з просьбай дапамагчы ў пошуку былых аднакурснiкаў. 25 студзеня 2007 года мы будзем адзначаць 40 гадоў з дня заканчэння тэхнiкума. Хоць час яшчэ ёсць, аднак ужо зараз спрабуем адшукаць сваiх аднакурснiкаў. Семнаццаць чалавек адгукнулiся на нашы запыты, а вось з шасцю сувязь пакуль не наладжана. Гэта Генадзь
ГАЛАВАЧ, родам з Жыткавiцкага раёна; Васiль СЕЛЯЗНЁЎ (прозвiшча напісана неразборлiва) i Аляксандр ЛУБЦОЎ — зараз могуць жыць у Гомелi; Святлана ДОРАШАВА (цi Дарошава) — нарадзiлася ў  вёсцы Iвакi Гомельскага раёна; Аляксандра Iосiфаўна ЖАНЖЭЎСКАЯ — павiнна жыць у Магiлёве; Надзея  ШАХНIЦКАЯ — нарадзiлася ў Хойнiцкiм раёне. Адшукваем таксама кiраўнiка групы Пятра Мiхайлавiча ПЕРШУНОВIЧА, ён можа жыць у Мiнску. Калi хто ведае, дзе гэтыя людзi i як склаўся iх лёс, паведамiце”.
ДАБРО НЕ ЗАБЫВАЕЦЦА
Лiзавета Iванаўна Хвяшчук (Выдумчык) шукае сваiх знаёмых. “У 1955 годзе я прыехала працаваць у Быцень. Там пазнаёмiлася з сям’ёй МАСЛОЎСКIХ, у якiх было тры сыны Уладзiмiр, Генадзь i старэйшага, здаецца, звалi Iванам. Яны адносiлiся да мяне, як да роднай. Валодзя працаваў пчаляром у Лунiнцы. Я неяк сустрэла яго ў Гродне. Расказаў, што жонка паступiла на завочнае аддзяленне ў Гродзенскi сельскагаспадарчы iнстытут. У 1959 годзе я паехала на вучобу ў Гродна. Пра сям’ю Маслоўскiх больш нiчога не ведаю. Праз столькi гадоў хацелася б сустрэцца з iмi, падзякаваць за клопат i дабрыню, даведацца, як склалася жыццё маiх знаёмых”.
“У 1946 годзе лёс звёў мяне з вельмi добрымi людзьмi, з якiмi разам жылi да 1957 года. Гэта сям’я архiтэктара Юрыя Аляксеевiча i Вольгi Васiльеўны ЯГОРАВЫХ. У iх былi дзве дачкi, старэйшую звалi Таццяна (1942 года нараджэння). Яны прыехалi з Масквы на аднаўленне Мiнска пасля вайны. А ў 1957 годзе вярнулiся назад, у Маскву. Сувязь з iмi падтрымлiвалi да 2004 года. Потым лiсты не даходзiлi на зваротны адрас. Вольга Рыгораўна Фокiна”.
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
Сваiх родных па прозвiшчы РАМАНОЎСКIЯ, якiя ў 1964—1967 гадах жылi ў Мiнску на вулiцы Талстога, адшуквае Галiна Макараўна Хаванская. “Соф’я Мiтрафанаўна, Нiна Мiтрафанаўна i Ганна Мiтрафанаўна Раманоўскiя ведалi мяне яшчэ дзiцём. У iх былi свае сем’i. У 1985 годзе я спрабавала знайсцi iх па старым адрасе: дом быў знесены, суседзi не ведалi, куды пераехала сям’я. Можа, хто з родных адгукнецца”.
“Спадзяюся, што дапаможаце мне адшукаць роднага чалавека Анатоля Iосiфавiча ПЯТКЕВIЧА, прыкладна 1937—1939 года нараджэння. Ён жыў у Мiнску ў раёне аэрапорта, ля вулiцы Брылеўскай. Я жыла ў Смалявiчах i ў юнацтве часта была ў гасцях у сям’i Пяткевiчаў. Апошнi раз бачыла iх дзесьцi ў 1958 годзе. Потым я некаторы час жыла ва Украiне i ў Расii. Вярнулася ў Беларусь у 1997 годзе. Вельмi хачу адшукаць Анатоля Iосiфавiча, а таксама яго брата Лёву. Можа, яны ўспомняць мяне па такiх звестках: мацi звалi Ядвiга Iосiфаўна, бацьку — Яўген Мiхайлавiч. Былi ў мяне чатыры браты: Анатоль, Вiктар, Валерый i Аляксандр Яфiменка. Ала Яўгенаўна Зайцава (Яфiменка)”.
Кацярына Ягораўна Хамiчэнка з Жодзiна шукае пляменнiцу Марыну МАЦВЕЙЧЫК (цi Ралько), а таксама яе брата Алега. У канцы 70-х гадоў яны жылi ў вёсцы Леснякi Ваўкавыскага раёна. Iх бацькоў звалi Мiкалай i Данута.
Рыгора Iванавiча СТРЭХА, прыкладна 1947—1948 года нараджэння, шукае цётка Марыя Яфiмаўна Уласкiна. “Пасля службы ў армii Рыгор прыехаў на радзiму ў Жыткавiцкi раён. Пабыў некаторы час i паехаў да сябра ў Расiю, у Варкуту (прыкладна ў 1968 годзе). Там ажанiўся. Прыязджаў аднойчы з жонкай i цесцем. I больш пра яго нiчога невядома. Рыгор нават не ведае, што летась памерла яго мацi. Бацькоўская хата асiрацела. Брат Мiхаiл (па лiнii мацi) жыве зараз у Жыткавiчах. Калi хто ведае, як склаўся лёс пляменнiка, паведамiце. Мы чакаем яго”.
Гамяльчанка Ганна Адаменка звярнулася да нас па просьбе сваяка Мiкалая Уладзiмiравiча Севенюка, якi жыве ў Кiеве. “Ён шукае свайго старэйшага брата Рыгора Уладзi-мiравiча СЕВЕНЮКА, прыкладна 1953 года нараджэння, якi нарадзiўся ў Гомелi i павiнен там жыць. Так склалася, што браты нiколi ў жыццi не бачылiся, аднак Мiкалай спадзяецца, што з вашай дапамогай яны сустрэнуцца”.
Ганна Уладзiмiраўна Клачок (Рамашка) шукае роднага брата Пятра Уладзiмiравiча РАМАШКУ, якi нарадзiўся ў 1931 годзе ў вёсцы Мазулi Ушацкага раёна. Брата яна не бачыла з 1950 года. Сям’я Рамашка (брат, яго жонка Кацярына Панцялееўна, сын Сяргей i дачка Валянцiна, магчыма, ёсць яшчэ дзецi) жыла спачатку ў Краснаярскiм (цi Краснадарскiм) краi, пасля пераехалi ў Беларусь, магчыма, у Гродзенскую вобласць. Да 70-х гадоў яны перапiсвалiся, а потым перапiска абарвалася. Можа, на Гродзеншчыне хто-небудзь ведае сям’ю Рамашка, якiя пераехалi туды ў 70-х гадах?
Вiцяблянка Раiса Мiхайлаўна Жураўлёва шукае роднага брата Вiктара Мiхайлавiча МIХАСЁВА, якi дагэтуль жыў у Оршы. Вось ужо год, як няма нiякiх звестак пра яго. “Я яму вельмi часта званiла дадому, казаў, што ўсё нармальна. Апошнi час тэлефон маўчаў. Я стала тэлефанаваць малодшай сястры, якая таксама пражывае ў Оршы. Яна сказала, што паехаў на заробкi ў Смаленскую вобласць. Пазней паведамiла, што Вiця прапаў. Затым пазванiла яго дачка Аня i сказала сястры, што тату забiлi. Я падала заяву ў мiлiцыю. Прыйшоў адказ, што яго шукаюць, але пакуль не могуць знайсцi. Калi ён жывы, няхай адгукнецца. Мы яго вельмi любiм”.
ДЗЕ ТЫ, МАТУЛЯ?
Наталля Мiкалаеўна Жук адшуквае сваiх мацi i бацьку. Яна нарадзiлася 26 снежня 1976 года ў Стоўбцах. Захавалася заява мацi: “Прашу пакiнуць маё дзiця ў доме дзiцяцi па сямейных абставiнах. Жук Юзэфа Вiкенцьеўна”. I дата — 7 студзеня 1977 года. Адрас мацi быў пазначаны такi: Вiцебская вобласць, Верхнядзвiнскi раён, вёска Марцiнаў.
Што прымусiла мацi пакiнуць дачку, невядома. Наталля не хоча пакуль на гэтым засяроджвацца, хоць думкi не даюць спакою. Галоўная мэта цяпер — знайсцi родных. Яна разумее, што ў жыццi здараецца ўсякае. I кожнаму ўчынку можна знайсцi тлумачэнне. Наталля не выключае, што ў яе могуць быць яшчэ сястра цi брат. Яна не ведала бацькоўскай цеплынi, аднак спадзяецца, што хутка знойдзе сваiх родных.
ЗНАЙШЛIСЯ!
Антанiна Дзмiтрыеўна Новiкава з Вiцебска прасiла дапамагчы адшукаць сваю сяброўку Тамару Мiхальчанка, з якой не бачылiся больш за 35 гадоў. Для сяброўкi, якая цяпер носiць прозвiшча Курапцова, тэлефонны званок калег з радыё быў сапраўдным сюрпрызам. Яна ажно заплакала, успамiнаючы маладосць i Антанiну.
— Брат сказаў, што мяне шукаюць. Але я не магла адразу здагадацца, што гэта Антанiна. Мы разам працавалi на швейнай фабрыцы ў Вiцебску. Моцна сябравалi, яна — вельмi добры чалавек. Яна жыла з мацi, у iх была кватэра ў Вiцебску. I я вельмi часта да яе хадзiла, амаль кожны выхадны. У 1972 годзе я паехала ў Мiнск, выйшла замуж. Жыццё склалася нармальна. Нядаўна пайшла на пенсiю, дапамагаю дачцэ гадаваць дзяцей. Антанiне перадаю прывiтанне. Я яе люблю i нiколi не забуду. Хутка сустрэнемся абавязкова.
ВЫЖЫЛI
 Яўгенiя Iванаўна Гурына (Зiнькевiч) з Магiлёўскай вобласцi, 4 кастрычнiка 1937 года нараджэння, ураджэнка вёскi Забалацце Акцябрскага раёна Гомельскай вобласцi, шукае родную сястру. “Ганна нарадзiлася ў 1939 годзе. У гэтым жа годзе памерла наша мацi. Бацька загiнуў на фронце. Выхоўвалiся мы з сястрой асобна: Ганна ў родных сясцёр бацькi — Вольгi i Антолi, а я — у мамiнай сястры, якую звалi Ганна. Падчас вайны мы жылi ў адным доме: у адной палове я з цёткай, у другой — сястрычка Ганна. Чаму нас так падзялiлi, не ведаю. Зiмой у 1943-м цi ў 1944 годзе (дакладна не памятаю) прыйшлi ў вёску немцы. Усiх жыхароў сагналi ў цэнтр, а потым падзялiлi: моладзь адправiлi ў Германiю, дзяцей i старых — у канцлагер “Азарычы”. Пасля вызвалення маю сястру разам з iншымi дзецьмi накiравалi ў прытулак. Разам з Ганнай была i дзяўчынка Антанiна Мароз. Яна потым дарослай ужо вярнулася ў вёску i расказвала, што Ганна захварэла i яе адправiлi ў бальнiцу. Больш Тоня яе не бачыла. Прытулак той знаходзiўся ў вёсцы Халоднiкi Гомельскай вобласцi. Ганну нашу ў гэтай вёсцы бачылi людзi. А што з ёй здарылася потым, нiхто не ведае. Са свайго дзяцiнства я памятаю, што быў у нас чорны сабака, якога вельмi любiла Ганна. Можа, i яна памятае пра гэта. Усё жыццё я спрабую адшукаць сястру, аднак нiтачкi ўсе абрываюцца. Магчыма, яе ўдачарылi. Калi хто ведае гэтую гiсторыю, як склаўся лёс маёй сястры Ганны Iванаўны ЗIНЬКЕВIЧ, паведамiце”.
Сваiх брата i сястру Настассю Iванаўну ЯЛЬЧЫК, 1932 года нараджэння, i Цiмафея Iванавiча ЯЛЬЧЫКА, 1934 года нараджэння, якiя таксама былi ў канцлагеры, адшуквае Марыя Iванаўна Яльчык з Гомельскай вобласцi. “Падчас вайны iх адправiлi ў лагер “Азарычы”, а мяне вывезлi на працу. 2 красавiка 1942 года мацi нашу спалiлi немцы. Бацька загiнуў на фронце. Ёсць звесткi, што пасля вызвалення ўсiх палонных дзяцей адправiлi ў прытулкi. Можа, сярод iх былi i Насця з Цiмафеем. Прайшло ўжо столькi часу, а я ўсё шукаю сястру i брата. Можа, яны i зараз жывуць недалёка, калi б даведалася, i сотнi кiламетраў прайшла б пешшу насустрач сваiм родным”.
ЗУСIМ АДНА
“Звяртаюся да вас з надзеяй. Я пiсала ўжо ў Маскву на перадачу “Жди меня”, але безвынiкова. Я круглая сiрата, падкiдыш. У час вайны наш дзiцячы дом “Берасценева” Аршанскага раёна эвакуiравалi ў Мардовiю, горад Ардатаў. У 1943 годзе мяне i iншых дзяўчынак накiравалi на курсы кiнамеханiкаў у горад Загорск Маскоўскай вобласцi. А ў 1944-м размеркавалi ў вызваленыя раёны Беларусi. Я трапiла ў горад Мазыр. Але кiнатэатр быў замiнiраваны, i фiльмы прыйшлося дэманстраваць у воiнскiх часцях. Гэтую работу я выконвала ў 15 гадоў, яшчэ i пашпарта не мела. А яшчэ ж iшла вайна. Нямецкiя самалёты прарывалiся i бамбiлi. Страшна было. Пазней мяне накiравалi ў Вiцебскую вобласць. Я ўжо на пенсii. Зусiм адна. Хачу адшукаць сваiх дзетдомаўскiх дзяўчат Веру ШАЎЧЭНКА, Клаву ПАЎЛЮЧЭНКА, Наташу ЦАРЫКАВУ, Сашу НОВIКАВУ, Клаву КАЗIМIРЧУК (прозвiшчы дзявочыя). Можа, iх пiсьмы да мяне дадуць надзею на далейшае жыццё. Вольга Андрэеўна Шынкарэнка, горад Орша”.
ПАМЯТАЮ, КАХАЮ
“Больш за 30 гадоў я адшукваю сябра юнацтва Уладзiмiра АЛЯКСЕЕВА, 1937 года нараджэння. Пазнаёмiлiся мы ў горадзе Юрмала (Латвiя), дзе я была ў доме адпачынку, а ён у ваенным санаторыi. У той час ён служыў у г.Каўнасе (Лiтва) у ваенна-паветраных войсках, меў званне капiтана. Казаў, што яго хутка павiнны перавесцi ў г.Пскоў, а бацькi жылi ў той час у г.Туапсе. Дапамажыце, калi ласка, адшукаць каханага чалавека. Маргарыта Саўко, горад Ваўкавыск”.
ПIСЬМЫ З РАСII
Палiна Андрэеўна Зубарава з Екацярынбурга шукае Таццяну Цiмафееўну ЗУБАРАВУ (Церыхаву), 1964 года нараджэння, ураджэнку Чарнiгава. У Чарнiгаве яна вучылася i працавала. У 1980 цi 1981 годзе выйшла замуж за Андрэя Юр’евiча Зубарава. Нарадзiла дваiх дзяцей. У 1990 годзе пераехала ў Крывы Рог. Магчыма, выйшла другi раз замуж. Нарадзiла двайнят. Далейшы лёс невядомы.
Валянцiн Васiльевiч Савянок з Маскоўскай вобласцi (Расiя) у пошуках Вячаслава Анатольевiча МАЦВЕЕВА, 1942 года нараджэння, ураджэнца Калiнiнграда. “Можа, у Беларусi ёсць людзi, якiя што-небудзь ведаюць пра яго?”

ШУКАЮ СЫНА “Шукаю свайго сына Леанiда Леанiдавiча КАПЫТКУ (цi Капытко), 1966 года нараджэння, ураджэнца горада Мiнска. Ён у 1996 годзе паехаў на працу ў Слуцк, а потым у Бранскую вобласць. Разам з iм быў Рэнат Рэмавiч Рахiмаў. Менавiта на яго “Мерседэсе” паехаў мой Леанiд на працу. I да гэтага часу пра яго нiчога невядома. Можа, хто бачыў яго, адгукнiцеся. Леанiд Васiльевiч Капытко (цi Капытка), горад Мiнск”. БЯДА I ГОРА

Лiст ад Ларысы Кiрылаўны Федаровiч таксама перапоўнены горам. “Мне ўжо 77 гадоў, здароўя няма зусiм. Ды адкуль брацца сiлам, калi вось ужо шэсць гадоў я не ведаю, дзе мой сын Уладзiмiр Уладзiмiравiч ФЕДАРОВIЧ, 1950 года нараджэння. Да распаду СССР ён жыў i працаваў у Лiтве, на Iгналiнскай станцыi. Там у яго была сям’я. Пасля развалу ён, як i многiя iншыя, каб пракармiць сям’ю, ездзiў на заробкi. Апошняя камандзiроўка была ў горад Зеленаград Калiнiнградскай вобласцi. Там ён, па некаторых звестках, i застаўся працаваць. Развёўся з жонкай. З яе слоў я ведаю, што ён яшчэ некаторы час наведваў дзяцей. А там, у Зеленаградзе, жыў з другой жанчынай. Завуць яе Галiна Дралкiна, 1956 года нараджэння. У 1997 годзе сын патэлефанаваў сваёй сястры i папрасiў, каб я зрабiла копiю дакументаў, быццам бы ён усе згубiў. Адрас не пакiнуў, а сказаў, каб усё выслалi яго былой жонцы Людмiле Iванаўне Федаровiч (Бяловай), якая жыла ў горадзе Снечкус (Лiтва). Мы так i зрабiлi. Былая нявестка казала, што ён прыязджаў па дакументы. Што здарылася з iм на самай справе, не ведаю. Малю Бога, каб сын застаўся жывы. Дзе б ён нi быў, што б з iм ні здарылася, я знайду сiлы, каб прыехаць i забраць яго. Людзi добрыя, толькi падкажыце мне, дзе зараз мой сыночак”.

СЭРЦА РАЗРЫВАЕЦЦА АД БОЛЮ

Вiталь Валер’евiч ЦЯРЭШЧАНКА, 1984 года нараджэння, прапаў без вестак у 2002 годзе. “Паехаў на адпачынак да дзеда ў вёску Вярхоўе Бешанковiцкага раёна. Павiнен быў 12 жнiўня вярнуцца дадому, але так i не з’явiўся. Прайшло чатыры гады, а пра яго нiчога невядома. Няма больш вялiкага гора, чым згубiць роднага сыночка. Сэрца разрываецца ад болю. Кожную хвiлiну чакаю, што вось адчыняцца дзверы, i ён вернецца дадому. Вера Мяфодзьеўна Цярэшчанка”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,  перадача “Помнi iмя сваё...”;
e-mail:poisk@radio.tvr.by

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter