“Помнi iмя сваё...”

Стосы пiсьмаў прыходзяць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i рэдакцыi нашага выдання “Помнi iмя сваё...”. I, што вельмi радуе, нашы намаганнi даюць плён. У многiм дзякуючы добраахвотным памочнiкам — радыёслухачам i чытачам. Пачуўшы знаёмае прозвiшча, яны самi прыступаюць да пошукаў, тэлефануюць, раяцца. Менавiта з iх дапамогай мы адшукалi ў Бабруйскiм раёне С.I.Гурбановiч.

Сафiю Iванаўну хацела знайсцi стрыечная сястра з Мiнска Аляксандра Пятроўна Асадчая. Родныя людзi не бачылiся з 1963 года. I вось з’явiлася надзея на сустрэчу.
Яшчэ адна радасная вестка даляцела да магiляўчанкi Нiны Дзямiдаўны Караваевай. Яна шукала куму i сяброўку Марыну Станiславаўну Суддзер. Калiсьцi яны разам жылi ў Талiне i працавалi ў адной арганiзацыi. Потым Марына Станiславаўна вярнулася на радзiму, у Карэлiчы. Так сувязь i абарвалася. У 1995 годзе Нiна Дзямiдаўна таксама прыехала ў Беларусь i абаснавалася ў Магiлёве. Пiсала ў Карэлiчы на адрас выканкама, але нiхто ёй не адказаў. Таму яна спадзявалася толькi на дапамогу нашага праекта. I недарэмна. Мы атрымалi лiст ад дзяцей М.С.Суддзер, якiя паведамiлi адрас i тэлефон мацi. А з дапамогай нашых калег з радыё Марына Станiславаўна перадала сяброўцы i гукавое прывiтанне.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Мы, чатыры дачкi, вось ужо шмат гадоў адшукваем месца пахавання нашага бацькi Канстанцiна Уладзiмiравiча БЕЛАГА, 1904 года нараджэння. Тата з кастрычнiка 1941-га па сакавiк 1944 года быў сувязным партызанскай брыгады iмя Дзяржынскага (Брэсцкая вобласць). Матуля расказвала, што 24 сакавiка 1944 года стараста прывёў у нашу хату немцаў. Яны забралi бацьку i арыштавалi яшчэ пяць чалавек. Iх павезлi ў Баранавiчы, потым у Мiнск, вывезлi за горад. Што з iмi здарылася потым, невядома. Вера Канстанцiнаўна Краснiк (Белая)”.
“Мой бацька Раман Герасiмавiч БЕЛАХВОСТАЎ, 1910 года нараджэння, ураджэнец вёскi Забелле Гарадоцкага раёна Вiцебскай вобласцi, быў прызваны ў армiю Гарадоцкiм РВК. Прапаў без вестак у вераснi 1944 года. У якой вайсковай часцi праходзiў службу, дзе i пры якiх абставiнах прапаў, я не ведаю. Галiна Раманаўна Белахвостава”.
Ганна Пятроўна Анучына расказвае, што яе дзядуля Пётр Мiтрафанавiч БУБНОЎ, 1882 года нараджэння, прапаў без вестак на фронце ў 1942 годзе. Яна спадзяецца, што хто-небудзь адгукнецца, пачуўшы знаёмае прозвiшча.
“Хачу даведацца, дзе пахаваны мой бацька Рыгор Васiльевiч БЯЛЯЦКI. Ён нарадзiўся ў Клiмавiчах у 1898 годзе. Ваяваў. У пахавальнай было напiсана: загiнуў 12 лютага 1945 года. Пахаваны ў вёсцы Мераслаў “Польскi калiдор”. Хачу даведацца, дзе ж знаходзiцца тая вёска. Мабыць, там ёсць брацкiя магiлы савецкiх салдат. Любоў Рыгораўна Крук”.
Антанiна Захараўна Барсукова (Рыжанкова) шукае весткi пра лёс бацькi Захара Рыгоравiча РЫЖАНКОВА. “Да вайны ён працаваў на параходзе, якi здзяйсняў рэйс Гомель—Кiеў—Днепрапятроўск. З нашай вёскi там працавала пяцёра чалавек. Капiтанам быў Мiкалай Былькоў. Здарылася так, што бацька i яго таварыш, калi iх параход знаходзiўся ў Кiеве, самавольна пайшлi ў горад i былi затрыманы патрулём. Там i застала яго вайна. Пасля вайны мама атрымала паведамленне, што ён прапаў без вестак. Мой брат шукаў прозвiшча бацькi сярод надпiсаў на плiтах брацкiх магiл, але не знайшоў. З таго часу мiнула 60 гадоў, брат памёр, мама таксама пакiнула гэты свет, засталася я адна. Можа, хто адгукнецца на мой лiст”.
“Пiша вам Уладзiмiр Аляксандравiч Кудзяльчук. Шукаю сваю сястру Марыю Аляксандраўну КУДЗЯЛЬЧУК, 1926 года нараджэння, ураджэнку вёскi Лiсоўчыцы Вайскоўскага сельскага Савета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласцi. Яе ў 1944—1945 годзе забралi ў Германiю, працавала ў гаспадара-немца. Разам з ёй там былi два хлопцы — француз i паляк, а таксама дзяўчына-лiтоўка. У немца былi дзве дачкi, якiя вучылiся ў Берлiне. Пасля вайны мы нiякiх звестак пра сястру не маем. Вось i думаем, можа, застаўся хто-небудзь жывым з тых людзей, хто разам з ёй знаходзiўся ў Германii?”
“Вельмi хачу даведацца пра сям’ю бацькi Фёдара Iванавiча ДАНIЛЕНКI, 1912 года нараджэння (у некаторых даных 1914), якога я нiколi не бачыла i ведаю пра яго вельмi мала. Бацька загiнуў у 1944 годзе. Змагаўся з ворагам  у партызанскiм атрадзе iмя Шчорса. Я доўга шукала месца яго пахавання i знайшла. Да Вялiкай Айчыннай вайны, у 1939—1941 гадах, пасля заканчэння Вiцебскага педiнстытута бацька працаваў дырэктарам Пугляеўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. У яго была сястра-iнвалiд. Працуючы ў школе, бацька падтрымлiваў iх матэрыяльна. Спадзяюся, што хто-небудзь адгукнецца на мой зварот. Галiна Фёдараўна Данiленка, горад Жодзiна”.
ДАПАМАЖЫЦЕ АДШУКАЦЬ
Губляюцца людзi i ў мiрны час. Леанiд Раманавiч Цiмохаў з Брэсцкай вобласцi адшуквае родную сястру Любоў Раманаўну ПАЛЯШЧУК, 1935 года нараджэння. “Нас было ў сям’i сямёра дзяцей, — паведамляе ён, — зараз засталося толькi двое — я i Люба. Мы не бачылiся больш за пятнаццаць гадоў. Апошнi час, наколькi ведаю, яна жыла ў горадзе Апшаронску Краснадарскага краю. Вулiцу, нумар дома i кватэры не ведаю. Вельмi спадзяюся на вашу дапамогу i добрых людзей”.
Раiса Мiкалаеўна Сушко ў пошуках стрыечнага брата Барыса Фёдаравiча РАСЧЫКТАЕВА, якi да 1968 года з мацi Валерыяй Iмраўнай, бацькам Фёдарам Фёдаравiчам i бабуляй Акулiнай Сямёнаўнай жылi ў Маскве. “Бабуля прыязджала на Радзiму, а таму ведаю, што Барыс быў жанаты. У шлюбе нарадзiўся сын Канстанцiн, мой пляменнiк, якога я нiколi не бачыла. Затым шлюб быў скасаваны. Даўно памёр дзядзька Федзя. А са смерцю бабулi сувязь з родзiчамi спынiлася. Мае пiсьмы з Масквы не вяртаюцца i адказу таксама няма. Бог ведае, колькi нам адмерана жыць, а так хочацца даведацца, як склаўся лёс брацiка i майго пляменнiка”.
“Хачу адшукаць унучак майго брата-нябожчыка Мiхаiла Фёдаравiча Лiхачова — гэта Любоў Аляксандраўна i Юлiя Аляксандраўна ДЗЯМIДАВЫ (прозвiшча дзявочае). Ведаю, што адна з iх вучылася ў Мурманску на юрыста. Самi яны жылi ў Запаляр’i. Мацi, здаецца, працавала загадчыцай гаспадаркi ў школе. Алена Фёдараўна Лiхачова, Магiлёўскi раён”.
З ВЕРАЙ I НАДЗЕЯЙ
“Дапамажыце знайсцi ў горадзе Петразаводску Анатоля Васiльевiча ЛАРЫЁНАВА i яго сясцёр Людмiлу i Валянцiну. Анатоль Васiльевiч жыў у Ленiнградзе, потым служыў старшым сяржантам на флоце ў Мурманскай вобласцi (1963—1964 год). Прашу яшчэ адшукаць Юрыя БАБIНА (iмя па бацьку не памятаю), у 1962 годзе ён служыў у армii ў Петразаводску. Хочацца даведацца пра iх лёс. Я iм вельмi многiм абавязана. Ларыса Мiкалаеўна Труцько, горад Бабруйск”.
“Прашу адшукаць у Краснадарскiм краi ў горадзе Ачынск-2 майго дзядзьку Парфiрыя Сiдаравiча ДРАЗДОВА i яго жонку Клаўдзiю Бранiславаўну САЧЫЎКУ. Вось ужо чатыры гады ад iх няма нiякiх звестак. Галiна Мiхайлаўна Сiвеня, горад Мiнск”.
АДГУКНIЦЕСЯ!
“Прашу дапамагчы мне знайсцi Мiхаiла ХIЛIНСКАГА (iмя па бацьку не ведаю), 1927 года нараджэння. У 1949 годзе служыў ён у вайсковай часцi ва Уруччы. У 1950 годзе яму прысвоiлi званне малодшага лейтэнанта. Па маёй вiне мы з iм спынiлi адносiны. Мiнула шмат часу, але няма маёй душы спакою. Па маладосцi я пакрыўдзiла яго. Можа, ён i зараз жыве ва Уруччы? Мiша, адгукнiся! Юлiя Мiкалаеўна Расолька (Молчан), горад Мiнск”.
Выпускнiкi 10 “Б” класа 1985 года выпуску СШ № 112 горада Мiнска просяць адгукнуцца аднакласнiцу цi яе родных. “На дваццацiгоддзе выпуску сустрэлiся большасць аднакласнiкаў i настаўнiкаў. Аднак мы не знайшлi аднаго чалавека Наталлю Дзмiтрыеўну ХУРСЕВIЧ (прозвiшча дзявочае). Закончыўшы 8 класаў, яна паступiла ў тэхнiкум. У Наталлi ёсць малодшая сястра Таццяна. Мацi завуць Надзея, бацьку Дзмiтрый. Да сярэдзiны 80-х яны жылi ў Чыжоўцы на вулiцы Галадзеда, 37. Ад iмя аднакласнiкаў Аксана Брылеўская i Наталля Сырамятнiкава”.
Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi сляды дарагiх людзей, хочаце даведацца пра лёс сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан, звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”:220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а, з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11;
e-mail:regina@ng-daily.com
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё:220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter