"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Сярод пiсьмаў, якiя прыйшлi апошнiм часам на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...”, самыя пяшчотна-светлыя пра далёкае каханне. Праз гады мужчыны i жанчыны ўзгадваюць хвiлiны радасцi, якiя iм падарыў лёс. Праз дзесяцiгоддзi шукаюць хоць крупiнкi звестак пра тых, з кiм разлучылiся.

I КВЕТКI НАСIЎ ПАЛЯВЫЯ
“Мне ўжо 80 гадоў, а так хочацца, каб мая мара збылася i я даведалася хоць штосьцi пра сваё першае каханне. Гэта нiколi не забудзецца. 1943 год. Iшла вайна. Савецкая Армiя вызвалiла наш горад Добруш. Усё было разбурана, спалена. Застаўся адзiн дом з трыма пад’ездамi, жылi па тры сям’i. У адным з iх жыла i наша вялiкая сям’я. Гэта быў саўгас iмя Ланге. Маё прозвiшча тады было Татарава, звалi Тамара Маркаўна. Памятаю, што непадалёк працякала рачулка. Быў чыгуначны мост, якi ахоўвалi кулямётчыкi. Яны жылi на ўзгорку ў зямлянках. Калi яшчэ жывы Вiктар Якаўлевiч САПРОНАЎ, 1924 года нараджэння, думаю, ён усё успомнiць. Я пазнаёмiлася з iм, калi была зусiм маладая, пра каханне нiчога не ведала ды i час быў такi цяжкi. Кулямётчыкi стаялi сем месяцаў. Вiктар увесь час прыходзiў да мяне, прыносiў палявыя кветкi, кнiгi, быў вясёлы, уважлiвы, iграў на балалайцы, спяваў прыпеўкі. Я яго вельмi паважала. Гэта быў першы хлопец, з якiм я пазнаёмiлася, таму ён застаўся ў маёй памяцi на ўсё жыццё. З Добруша ваенная часць паехала ў Лiтву, у горад Панявежыс. Мы з iм перапiсвалiся ўвесь час. А вось разам застацца, вiдаць, было не суджана. У 1950 годзе, калi я ўжо была замужам, атрымала ад Вiктара пiсьмо з Харкава. Там ён працаваў на бiсквiтнай фабрыцы бухгалтарам. Вось i ўсё. Можа, ён жывы цi дзецi, iншыя родзiчы раскажуць, як склалася яго жыццё. Тамара Маркаўна Крукава, горад Добруш”.
ЗАСТАНЕШСЯ ЗА ЖОНКУ
“Адшукайце, калi можна, маё першае каханне Нiну Фядосаўну КЛЮКАЧ (прозвiшча дзявочае), 1941—1943 года нараджэння. Я пазнаёмiўся з ёй у 1959 годзе на вяселлi маёй сястры, яна была запрошана з боку жанiха. Мы пасябравалi i вырашылi пажанiцца. Па нейкай прычыне, не памятаю ўжо, па якой, наша дружба распалася. Я ажанiўся з iншай. Нiна жыла з мацi Ганнай Клюкач i братам Пятром на хутары Плоская Града Пружанскага раёна. У канцы 1960-х або ў 70-х гадах яны прадалi свой хутар i паехалi на Украiну, у горад Днепрапятроўск, дзе раней жылi самi, а тады там жылi тры браты Нiны Рыгор, Уладзiмiр i Андрэй. Нiна, калi ты жывая i здаровая i памятаеш мяне, прыязджай у госцi. Калi спадабаецца, застанешся за жонку. Пайшоў ужо другi год, як мая жонка памерла. У мяне свой дом, дача, аўтамабiль, дзецi жывуць асобна. Калi не зможаш прыехаць, напiшы, як склаўся твой лёс, вышлi фотаздымак. Мiкалай Рыгоравiч Мышкевiч, горад Пружаны”.
ТАШКЕНТ — ГОРАД ЮНАЦТВА
“Вось ужо 35 гадоў я беспаспяхова спрабую знайсцi сваiх аднакласнiкаў з 10“Б” класа Янгiюльскай сярэдняй школы №5 iмя М.Горкага Ташкенцкай вобласцi, выпуску 1971 года.
Сам я родам з Паволжа, з Ульянаўскай вобласцi. У 1966 годзе, калi ў Ташкенце адбыўся страшны землятрус i горад амаль поўнасцю разбурыла, мае бацькi па клiчу партыi (бацька быў членам КПСС) рушылi на дапамогу узбекскаму народу. Крыху раней туды паехала родная сястра маёй матулi са сваёй сям’ёй, так што ў нас была магчымасць “прызямлiцца”. Цэлае лета пражылi ў родных, а потым купiлi свой дом у прыгарадзе Ташкента. Бацькi ўладкавалiся на працу на завод буйнапанельнага домабудавання. Але жыццё прымусiла пераехаць у невялiкi гарадок Янгiюль. Купiлi дом, я пайшоў у 6-ы клас СШ №5, якую нядрэнна закончыў у 1971 годзе. Здаў дакументы ў Крамянчугскае лётнае вучылiшча (фiлiял аэрапорта “Ташкент”), але не прайшоў па конкурсу. Ад крыўды паехаў у Расiю, у Тальяцi з адзнакай закончыў вучылiшча, працаваў на заводзе. У маi 1974 года мяне забралi на тэрмiновую службу ў пагранiчныя войскi. Службу праходзiў у Брэсце на аўтапераходзе “Варшаўскi мост” i чыгуначным вакзале “Брэст-Цэнтральны”. Правяраў замежныя пашпарты ў пасажыраў, што перасякалi мяжу. Так спадабалася ваенная прафесiя, што вырашыў застацца ў Брэсце i пайсцi ў школу прапаршчыкаў. Адслужыў тут 26 гадоў i ў 2000-м выйшаў у запас, на пенсiю. Мае бацькi таксама не засталiся ў Сярэдняй Азii, а пераехалi ў Куйбышаўскую вобласць.
Я выехаў з Янгiюля так спантанна, што не дадумаўся ўзяць адрасы сваiх аднакласнiкаў i сяброў. Калi служыў у Брэсце, напiсаў некалькi пiсьмаў на адрас школы, але адказу не атрымаў. На мяжы таксама нiводнага разу не сустрэў нiкога, хоць турыстычных груп з Узбекiстана прапусцiў у той час шмат. Двойчы звяртаўся ў тэлепраграму “Жди меня”, але безвынiкова. Пiсаў таксама ў рэдакцыi рускамоўных газет Ташкента — цiшыня. Усе гэтыя гады мне не ўдаецца знайсцi сувязь з выпускнiкамi 10б класа i я нават не змог трапiць на выпускныя сустрэчы. Наш клас быў iнтэрнацыянальны: рускiя, беларусы, украiнцы, крымскiя татары, карэйцы i дзве узбечкi. Можа, хтосьцi з iх жыве на тэрыторыi Беларусi? Няхай адгукнуцца i напiшуць мне пiсьмо або патэлефануюць у Брэст па нумары 24-49-64. Хачу даведацца таксама пра лёс сваiх любiмых настаўнiкаў. Аляксандр Мiкалаевiч Колесаў, горад Брэст”.
ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
У адной з перадач калегi агучылi, а мы потым надрукавалi пiсьмо Валянцiны Сцяпанаўны Урбановiч. Яна прасiла адшукаць былых аднакласнiкаў-выхаванцаў Адампальскай школы-iнтэрната Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласцi. Патэлефанаваў Iван Захаравiч Пранкевiч, былы аднакласнiк Валянцiны Сцяпанаўны.  Яго зварот таксама прагучаў у эфiры. Гэту праграму пачулi знаёмыя Ядвiгi Адольфаўны Гладкай. Яна адразу звязалася з нашымi калегамi i расказала пра свае дзiцячыя гады ў Адампальскiм дзiцячым доме.
БАЛIЦЬ СЭРЦА
Вера Мяфодзьеўна Цярэшчанка адшуквае свайго сына Вiталя Валер’евiча ЦЯРЭШЧАНКУ, 1984 года нараджэння, якi прапаў без вестак 12 жнiўня 2002 года. Выйшаў з дому свайго дзеда ў вёсцы Вярхоўе Бешанковiцкага раёна i да гэтага часу нiчога пра яго невядома. Пошукi пакуль што станоўчых вынiкаў не даюць.
ДЗЕ ВЫ, ДАРАГIЯ?
“Вельмi хачу знайсцi свайго пляменнiка Уладзiмiра Дзмiтрыевiча РАДЗЬКО цi яго сям’ю. Вось ужо дваццаць гадоў, як мы не бачылiся i я нiчога пра iх не ведаю. Апошнiя звесткi: дачка пляменнiка жыла ў Барнауле, а ён сам ва Украiне, населены пункт Белая Царква, вулiца Ленiна цi Леванеўскага (адрас можа быць недакладным). Мне ўжо 83 гады, вельмi хачу даведацца пра родных людзей. Калi хто што ведае, адгукнiцеся. Соф’я Пятроўна Бондарава, горад Вiцебск”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Андрэй Iванавiч Казановiч у пошуках месца пахавання сваiх дзядоў, якiя загiнулi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Мiкалай Арцём’евiч КАЗАНОВIЧ, 1916 года нараджэння, радавы, стралок асобнага лыжнага батальёна 158 стралковай дывiзii. Ёсць звесткi, што ён пахаваны ў Калiнiнскай вобласцi. Пётр Мiхайлавiч МАКАВЕЦ, 1908 года нараджэння, прапаў без вестак у снежнi 1944 года.
Звесткi пра свайго брата Васiля Ульянавiча АНТАШКЕВIЧА, 1917 года нараджэння, адшуквае Марыя Анташкевiч. “Брат да вайны служыў у Чырвонай Армii ў Кавалерыйскiх войсках у Жлобiне. Увосень павiнен быў вярнуцца дадому, аднак пачалася вайна. Пiсьмаў ён не пiсаў, а ў 1943 годзе мы атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак. Можа, хто пачуе цi прачытае знаёмае прозвiшча i iмя вызвалiцеля, паведамiце”.
Месца пахавання свайго бацькi шукае Любоў Кiрылаўна Раманчук. “Кiрыл Мiкалаевiч РАМАНЧУК нарадзiўся ў 1907 годзе ў вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна Магiлёўскай вобласцi. Да вайны працаваў старшынёй калгаса. Па некаторых звестках напачатку Вялiкай Айчыннай трапiў у палон. Аднак нам прыйшло паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Вельмi хочацца даведацца, што здарылася з татам, дзе ён пахаваны”.
“Сям’я маёй мацi Агафii Дзянiсаўны Паўлюкавец (Чашун) да 1940 года жыла ў вёсцы Краснае Iванаўскага раёна Пiнскай вобласцi ў доме дзеда Якава Чашуна, якi служыў леснiком. Потым усю сям’ю рэпрэсiравалi. Вывезлi ў Архангельскую вобласць, Халмагорскi раён, населены пункт Бабрыха. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны дзед, бацька i дзецi (хто застаўся жывы) вярнулiся на радзiму ў вёску Краснае. Толькi старэйшы сын Сцяпан Дзянiсавiч ЧАШУН, якога прызвалi ў 1941 годзе на воiнскую службу ў Польскую армiю, не вярнуўся. Ад яго прыйшоў лiст з Волагды, у якiм Сцяпан паведамляў, што iх усiх вязуць у Англiю. Больш нiчога пра яго родныя i блiзкiя не ведаюць. Можа, хто чуў такую гiсторыю, паведамiце. Анатоль Васiльевiч Паўлюкавец”.
Сваiх родных адшуквае Валянцiна Вiктараўна Шульгоўская, якая нарадзiлася 28 жнiўня 1941 года. Яе бацька Вiктар Аляксеевiч ПЕСТАЎ нарадзiўся ў 1912 годзе ў Цюменскiм раёне Табольскай губернi. У снежнi 1941-га загiнуў, дзе — невядома. Валянцiна Вiктараўна ў 1989 годзе прыехала ў Беларусь з Расii. Зараз жыве ў Навагрудку. Яна спадзяецца, што ў Цюменскай вобласцi засталiся яе родныя, ад якiх яна чакае звестак.

  Тры сястры

— Сёння я праводзiла Свету ў Гурзуф. Паехала адпачываць. Пры развiтаннi прасiла: калi знайду Лiлю, каб адна з ёй не сустракалася, абавязкова чакала яе, — расказвае Людмiла Мiхайлаўна Сарока.
Людмiла i Святлана — зводныя сёстры. Яны пазнаёмiлiся летась. А цяпер хочуць знайсцi Лiлю — самую старэйшую, трэцюю зводную сястру.
Кажуць, што крохкае павуцiнне жыцця выткана для нас загадзя. I лёс нельга змянiць. Можа, яно i так. Але, падаецца, што такiм чынам можна апраўдаць любы ўчынак, нават злачынства. Маўляў, так наканавана. Не магу паверыць, што наканавана выракацца сваiх бацькоў i кiдаць у радзiльных дамах немаўлят, праз суд дзялiць з роднымi братамi i сёстрамi бацькоўскую сядзiбу i з кулакамi кiдацца на старэнькую бабулю, патрабуючы грошы на бутэльку. Хiба лёс прымушае даглядаць старэнькiх суседзяў, пра якiх забылiся дзецi, або станавiцца бацькамi пакiнутых малых? Пiсьмы на адрас праекта “Помнi iмя сваё...” сведчаць якраз аб адваротным. Людзi з цеплынёй i павагай успамiнаюць тых, якiя сталi другiмi бацькамi, шукаюць сапраўдных, каб набыць сясцёр i братоў, расказваюць пра каханне, якое пранеслi праз усё жыццё. Лiст мiнчанкi Людмiлы Мiхайлаўны Сарока якраз з такiх лёсавызначальных. Яна коратка напiсала, што хоча знайсцi сваю старэйшую зводную сястру па бацьку. У час гутаркi з жанчынай высветлiлася, што нядаўна яна ўжо набыла адну.
Нялёгкай была жыццёвая дарога ў бацькi трох сясцёр. Ён ваяваў, абараняў Радзiму, стаў iнвалiдам. Жанiўся, разводзiўся, зноў жанiўся. Тут ужо Бог яму суддзя, як кажуць. Затое ў трох афiцыйных шлюбах нарадзiлiся тры дачкi, дзве з якiх праз шмат гадоў знайшлi адна адну. А цяпер яны шукаюць трэцюю.
— Мая матуля Акцябрына Якаўлеўна была другой жонкай бацькi, — расказвае Людмiла Мiхайлаўна. — Пазнаёмiлiся яны ў Смаргонi, там працаваў муж яе старэйшай сястры. Пажанiлiся ў 1948 годзе. I толькi калi прыехалi ў вёску Краснае Маладзечанскага раёна, мама даведалася ад людзей, што бацька раней быў жанаты. Вельмi пакрыўдзiлася на яго, што не сам сказаў пра гэта.
Бацькi Людмiлы пражылi разам гадоў 7—8. Затым бацька звярнуў увагу на iншую жанчыну, развёўся i
ажанiўся з ёй. Новая сям’я жыла недалёка, таму ў ста-

рой ведалi, што там нарадзiлiся дзецi. Малодшая Святлана расла без бацькi, якi пакiнуў i гэтую сям’ю, калi дачушцы было 8 месяцаў.
Праляталi гады, праходзiлi дзесяцiгоддзi. У кожнай з сясцёр было сваё жыццё. I дарогi iх нават выпадкова не перасякалiся. Да пары, да часу.
— З нашага пасёлка ў Красным жыла жанчына, якая ведала мяне. Яна казала сястры: “Света, ты так падобна на Люду”. Свету гэта так зацiкавiла, што яна захацела мяне знайсцi. I знайшла, распытаўшы людзей. У мiнулым годзе мы сустрэлiся, — працягвае жанчына. — Аказалася, што сапраўды падобныя. У нас цудоўныя адносiны. Ездзiм адна да адной у госцi, тэлефануем. Калi ж у мяне здарылася гора — памерла мама, сястра падтрымала i дапамагла з пахаваннем. Яе матуля таксама пайшла з жыцця 7 гадоў таму.
Абмяркоўваючы сваё жыццё i дзелячыся ўспамiнамi, яны пакрысе сабралi звесткi пра старэйшую зводную сястру. Людмiла ўспомнiла, што ў бабулi ў Красным бачыла фотаздымак дзяўчынкi з пiянерскiм гальштукам, старэйшай за яе. На фотаздымку было напiсана: “Татачку ад дачкi Лiлi”. Лiлiя Мiхайлаўна САРОКА (прозвiшча дзявочае) прыкладна 1944—1946 года нараджэння. Мацi яе была ваенным урачом, здаецца, з Баранавiчаў. Пазнаёмiлiся яны з будучым мужам Мiхаiлам Мiхайлавiчам Сарокам, 1915 года нараджэння, у шпiталi. Расказвалi, што яна прыязджала ў белай форме, у кiцелi.
— Бацьку, якi тады жыў са Святланiнай мацi, быццам бы Лiля прыслала пiсьмо. Напiсала, што яна студэнтка, цяжка даводзiцца, прасiла дапамогi. Пiсьмо ён адклаў, а Святланiна мацi прачытала i пасылала грошы. Яшчэ Свеце сказалi, што Лiля з мацi нiбыта ў Мiнску жылi, — Людмiла Мiхайлаўна гэтым маленькiм штрыхом завяршае аповед пра старэйшую сястру.
Больш яны нiчога пра Лiлю не чулi. Але вельмi спадзяюцца, што яна адгукнецца сама або ў пошуках дапамогуць людзi, якiя ведаюць пра яе. 41-гадовай Святлане нават два тыднi адпачынку падаюцца доўгiмi, з такiм нецярпеннем чакае вынiкаў пошуку. Сярэдняя таксама хвалюецца: самой ужо 57 гадоў, а старэйшай сястры яшчэ не бачыла.
Мы верым, што сустрэча адбудзецца. I нашы чытачы i радыёслухачы дапамогуць у гэтым. I разам з намi парадуюцца за трох сясцёр.

ПАХАВАНЫ Ў ГАЙНАЎЦЫ

СПАРШЫЧАЎ Вiктар, загiнуў у 1944 годзе, пахаваны ў Гайнаўцы;
САКАЛОЎ Мiкалай Якаўлевiч, старшы лейтэнант, загiнуў 19 лiпеня 1944 года, пахаваны ў Гайнаўцы;
САРОКАЎ Iлья Якiмавiч, загiнуў 31 жнiўня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Вiтава;
САРАКАЛЕТАЎ Фёдар, загiнуў 23 лiпеня 1944 года, пахаваны ў Гайнаўцы;
СУДАС Уладзiмiр Андрэевiч, 1924 года нараджэння, загiнуў 24 лiпеня 1944 года, пахаваны ў Гайнаўцы;
САМБАЛАЎ Мiкалай, сяржант, 1909 года нараджэння, загiнуў 6 жнiўня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
СТАЦЭНКА Л.Ф., загiнуў 23 лiпеня 1944 года, пахаваны ў Гайнаўцы;
СЦЯПАНАЎ Сяргей Якаўлевiч, загiнуў у 1941 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Карыцiск;
СЦЯПАНАЎ Цiмафей, сяржант, загiнуў 18 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Курашава;
ШАМРАЕЎСКI Сiльвестр, загiнуў у 1944 годзе, пахаваны ў Гайнаўцы;
ШЭХАЎЦАЎ Ю.Л., 1926 года нараджэння, загiнуў 4 жнiўня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ШОСТАК Фёдар, сяржант, загiнуў у 1944 годзе, пахаваны ў Гайнаўцы;
СЛЯПЦОЎ Аляксандр Е., 1924 года нараджэння, загiнуў 29 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
СТРАМIЛАЎ Фёдар Лаўрэнцьевiч;
САМГУРАЎ Г.П., 1909 года нараджэння, загiнуў 8 жнiўня 1944 года;
СЦЯПУНIН В.А., загiнуў 11 жнiўня 1944 года;
СКРЫПНIКАЎ Iлья Ягоравiч, 1909 года нараджэння, загiнуў 19 лiпеня 1944 года, пахаваны ў Гайнаўцы;
ТАРПАРУЦКI (iмя невядома), малодшы лейтэнант, загiнуў 19 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Выгада;
ЦIЛIФЕЕЎ (Цiмацееў) Пётр Iванавiч, 1921 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Збуч;
ТКАЧОЎ Якуб, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Дубiчы Царкоўныя.

Каму з чытачоў вядомы прозвiшчы гэтых людзей, калi ласка, адгукнiцеся. Вы дапаможаце нам у пошуку родных i блiзкiх загiнуўшых вызвалiцеляў. Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter