"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Жанчына, якая прасiла не называць свайго прозвiшча, шукала былога аднакласнiка Iвана Мацвеевiча Мархеля, прыкладна 1940—1941 года нараджэння. Жыў ён у вёсцы Амлынцы Нясвiжскага раёна. Жанчына прызнавалася, што вельмi вiнаватая перад iм, хацела папрасiць прабачэння, даведацца, як склалася яго жыццё. На жаль, павiнавацiцца ёй няма перад кiм. Бо, як паведамiла нам сястра вышукваемага Галiна Мацвееўна Гумен, Iван Мацвеевiч памёр амаль 10 гадоў таму. Жыў ён у Мiнску, быў жанаты, ёсць дарослая дачка. Калi трэба, сястра раскажа пра жыццё брата падрабязней. Мы высылаем яе адрас.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
Яшчэ адно паведамленне атрымае Надзея Восiпаўна Краўцова. На гэты раз радаснае. Яна шукала сяброўку Сафiю Ляплянiну, якую згубiла ў пачатку 60-х гадоў. Уся надзея была на сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” I мы з калегамi не расчаравалi сябровак.
Сафiя Францаўна Сцефановiч (Ляплянiна) патэлефанавала нам, усхваляваная i радасная.
— Мы жылi разам у Мiнску, працавалi разам, гуляць хадзiлi разам, — успамiнае Сафiя Францаўна. — Калi павыходзiлi замуж, пайшлi iншыя клопаты. Я хрысцiла дачку сяброўкi. Потым яна атрымала кватэру на бульвары Шаўчэнка, дакладны адрас я забылася i не змагла сустрэцца. Мы не бачылiся амаль 45 гадоў. Буду вельмi рада сустрэчы. Перадайце Надзеi мой нумар тэлефона.
Абавязкова перададзiм. I будзем чакаць запрашэння на сустрэчу. I дапамагаць iншым шукаць родных, сяброў, каханых.
ДАРАГIЯ РОДНЫЯ ЛЮДЗI
А.Ф.Iгнатовiч з Навагрудка шукае ўнучку Дзiяну Iгараўну IГНАТОВIЧ,
1 лютага 1986 года нараджэння. “Дзiяна жыла ў мяне з двух месяцаў да шасцi гадоў. Пасля паехала са сваёй мацi ў Мiнск. I дагэтуль нiчога пра яе не ведаю. Мой сын (Дзiянiн бацька) развёўся з жонкай Тамарай Валянцiнаўнай Iгнатовiч (Кананенка). Можа, хто пачуе цi прачытае знаёмыя прозвiшчы, паведамiце. Я так хачу пабачыць унучку”.
“У Арэнбургу жыла (спадзяюся, i цяпер жыве) мая стрыечная сястра Вольга Сяргееўна ДРОКIНА. Пасля вайны яна засталася сiратой. Працавала на швейнай фабрыцы ў Бабруйску. Выйшла замуж i паехала ў Арэнбург. Мы доўгi час перапiсвалiся. А ў сярэдзiне 1990-х наша перапiска нечакана абарвалася. Я некалькi разоў пiсала, адказу не было, аднак пiсьмы назад не вярталiся. Спрабавала напiсаць яе суседзям — безвынiкова. У Арэнбургу засталiся яе дзецi: сын Сяргей Дзмiтрыевiч ДРОКIН i дачка Алена Дзмiтрыеўна ДРОКIНА. Хачу даведацца, што здарылася з маёй сястрой i яе сям’ёй. Яўгенiя Паўлаўна Клепча, г.п.Ялiзава”.
“Хачу знайсцi брата Мiкалая Барысавiча МАРОЗАВА, 1935 года нараджэння (дата неразборлiвая). Апошнiя звесткi ад яго былi з горада Рудны Кустанайскай вобласцi. Тамара Барысаўна Марозава, Гомельская вобласць”.
“Шукаю стрыечную сястру Тамару Лявонаўну ГАРАВЕЦ, якая нарадзiлася ў 1939 годзе ў вёсцы Арэшкi Аршанскага раёна. Яна ўжо 45 гадоў жыве ў горадзе Варкута. З ёй жыў сын Мiкалай Мiхайлавiч ГАРАВЕЦ. Сувязь памiж намi абарвалася пяць гадоў таму. Мае пiсьмы вярталiся назад з адзнакай “адрасат не жыве”. Можа, хто з Варкуты прыязджае да родных у Беларусь i чуў у сваiм горадзе прозвiшча Гаравец, паведамiце. Раiса Лявонаўна Млынарская, горад Бабруйск”.
Ганна Мiхайлаўна Загавалка (Чыжык) адшуквае сваiх родных. Яна не ведае нават дакладнай даты свайго нараджэння. Падчас вайны трапiла ў дзiцячы дом у Мардовiю, там запiсалi, што нарадзiлася
20 жнiўня 1927 года. Бацькi яе жылi ў вёсцы Веснiно Астрашыцкага сельсавета Лагойскага раёна.
НЯЛIТАСЦIВЫ ЛЁС
“Мой бацька Гаўрыла Iгнатавiч РАБЦАЎ, 1894 года нараджэння, у 1935 годзе асуджаны i сасланы ў Сiбiр. У 1937-м вызвалены, але дадому не вярнуўся. Больш нiчога пра яго не ведаю. Мацi Ульяна Арцёмаўна Рабцава памерла ў 1936 годзе. Засталiся трое дзяцей: я i два браты Афанасiй Гаўрылавiч РАБЦАЎ i Iван Гаўрылавiч РАБЦАЎ, адпаведна 1924 i 1932 гадоў нараджэння. Пасля смерцi мацi братоў аддалi ў дзiцячы дом, а мяне пакiнулi ў бабулi. Дзе яны зараз? Хачу сустрэцца з iмi, а таксама знайсцi звесткi пра бацьку. Ганна Гаўрылаўна Рабцава, Мiнская вобласць”.
З ЛАТВII — ЗА ДАПАМОГАЙ
“Я жыву ў Латвii, часта слухаю перадачу “Помнi iмя сваё...”, якая дапамагае сустрэцца людзям. Па дапамогу звяртаюся i я. Мой брат Васiль Аляксандравiч ФАЛКIН, 1937 года нараджэння, паехаў з Латвii на працу ў Магадан. Там ажанiўся, нарадзiлася дачка. Больш нiчога пра яго не ведаем. Пiсалi на яго адрас. Прыйшоў адказ, што адрасат выбыў. Можа, хто з тых мясцiн пачуе знаёмыя прозвiшча i iмя, паведамiце. Моця Анцiпаўна Iванова, Дзенялiшкi, Латвiя”.
Паважаная Моця Анцiпаўна. Мы пачынаем пошукi вашага брата. Да вас таксама ёсць просьба. Алена Альбiнаўна Сiнiца з Вiцебскай вобласцi шукае сваю сястру Юзэфу Альбiнаўну ПIВАВАРУНАК (Вярцiнскую), 1914 года нараджэння. Да 1987 года яна жыла ў Латвii, горад Мадана. Потым памяняла месца жыхарства. У сям’i былi дачка Марэта, зяць Валдзес i дзве ўнучкi. Дзе яны зараз жывуць, невядома. Можа вам, Моця Анцiпаўна, давялося сустракаць Юзэфу Альбiнаўну, паведамiце.
СЫНУ ПАТРЭБНЫ БАЦЬКА
“У 1983 годзе мы з сяброўкай у Мiнску пазнаёмiлiся з маладым чалавекам, якога звалi Алег (прозвiшча не памятаю, iмя па бацьку нiбыта Пятровiч), здаецца, 1960 года нараджэння. Жыў тады на вулiцы Кальцова цi недзе ў тым раёне. У 1983—1985-м гадах працаваў у аўтобусным парку № 1 на 9-м маршруце. На стажыроўцы быў у вадзiцеля Свiрыда. Вось i ўсё, што я пра яго ведаю. У 1984 годзе ў маёй сяброўкi ад яго нарадзiўся сын, якога яна назвала Алег. Зараз сыну 22 гады. Аднак ён нiколi не бачыў свайго бацьку. Я хацела б, каб сын даведаўся, якi яго бацька, хто ён. Можа, яны змогуць пабачыцца. Адрас свой пакiдаю ў рэдакцыi”. 
ДЗЕ ТЫ, КАХАНЫ?
“Вось ужо 53 гады я захоўваю фотакартку свайго першага кахання, доўгiя 53 гады хачу адшукаць яго — Вiктара СМАРОДЧАНКУ (нацiск можа быць недакладным) з Краснадарскага краю. Ён у 1952—1953-м гадах служыў у армii ў Крычаве. Мы пазнаёмiлiся падчас яго чарговага звальнення. Сустракалiся. Аднойчы прыйшла тэлеграма, што ў Данецку памерла мая цётка — я паехала туды. Калi адсутнiчала, Вiця прыслаў мне два лiсты на адрас сястры ў Крычаве. Але сястра схавала iх ад мяне. I ад майго iмя напiсала яму, што быццам я выйшла замуж. Прызналася ў гэтым толькi праз год. Вiктар больш не пiсаў. Я i зараз крыўдую на сястру, што стала гаспадыняй майго лёсу. I хачу даведацца, як склаўся лёс у Вiктара. Дакладны год яго нараджэння i iмя па бацьку я не памятаю. Можа, ён застаўся пасля армii жыць у Беларусi? Хай адгукнецца. Вольга Малашанка, горад Магiлёў”.
АДГУКНIСЯ, СЯБРОЎКА
Валянцiна Iванаўна Курыловiч (Баран) з Мiнскай вобласцi шукае сваю сяброўку-аднакурснiцу Лiдзiю Мiкалаеўну ЛАГУН. Яны разам вучылiся ў групе № 2 на заатэхнiчным аддзяленнi Iльянскага сельгастэхнiкума, што ў Вiлейскiм раёне. У 1976 раз’ехалiся па размеркаваннi. З таго часу адна пра адну нiчога не чулi. “Лiда была з Гомельшчыны (часта ўзгадвала Лельчыцы, Калiнкавiчы, Хойнiкi). У сяброўкi памерла мацi, яна доўга гаравала. Былi ў яе два браты: адзiн жыў у Светлагорску, другi з бацькамi”.
ВЯРТАЙЦЕСЯ Ў БЕЛАРУСЬ
“Хачу даведацца, дзе мая дачка Маргарыта Яўгенаўна БУЛГАРЫНА, 10 чэрвеня 1959 года нараджэння. Я жыла ў Рызе з сям’ёй: муж i дзве дачкi. Потым развялася, дзяўчынак выхоўвала адна. У Гомелi жыла мая мацi. Пасля развалу Саюза складана было часта ездзiць да яе, i я вырашыла з малодшай застацца ў Гомелi, а старэйшай пакiнула кватэру ў Рызе. Маргарыта засталася без працы, не ведала мовы i ёй прыйшлося перасялiцца ў канец горада. Уладкавалася на працу да багатага гаспадара. Купiла хутарок Бэрзрэмешы. Афiцыйна замуж не выходзiла. У 1984 годзе ў яе нарадзiлася дачка Марына, у
1994-м — Каця. Мы некаторы час перапiсвалiся, а з 2001 года нiводнага пiсьма ад яе не атрымала. Я звярталася па месцы прапiскi дачкi, адтуль паведамiлi, што яна з дзецьмi прапiсана па гэтым жа адрасе, чаму не пiша — невядома. Дзе яна, як там мае ўнучкi? Можа iм неабходна дапамога? Хай вяртаюцца ў родную Беларусь. Арыядна Фёдараўна Булгарына, Гомель”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Таццяна Мiхайлаўна Мамай (Матусевiч) шукае брата Канстанцiна Мiхайлавiча МАТУСЕВIЧА, якi нарадзiўся ў 1920 годзе ў вёсцы Асанава Маладзечанскага раёна. “Нас у сям’i было сямёра дзяцей. У 1942 годзе Косцю забралi ў Германiю на працу. Забралi i суседскую дзяўчыну Веру Канстанцiнаўну Калачык. Калi вайна скончылася, Вера вярнулася, а наш брат не. Нiбыта гаспадар пакiнуў яго ў сябе працаваць. Праз некаторы час сям’я атрымала ад яго лiст (з Расii). Мы адказалi — пiсьмо вярнулася назад, з таго часу больш нiчога пра брата не ведаем”.
“Наш бацька Аляксандр Васiльевiч ДАНIЛЕЎСКI, 1898 года нараджэння, зiмой 1942-га быў захоплены немцамi i трапiў у лагер у Полацку. Пасля вызвалення Вiцебшчыны (1943 год) многiя вярнулiся з лагера. А бацькi не было. Мы чулi розныя версii, што здарылася з родным чалавекам. Аднак дакладнай iнфармацыi не маем. Можа, хто памятае яго, паведамiце”.
“Прыкладна ў 1942 годзе мой брат Вацлаў Мiхайлавiч ЛЯПЕША быў вывезены на працу ў Германiю. Знаходзiўся там два з паловай гады. Потым па дарозе дадому пайшоў на фронт. Пра гэта паведамляў у трох пiсьмах, зваротны адрас “палявая пошта”. Я пiсаў у расiйскi архiў, аднак прыходзiлi паведамленнi з рознымi данымi: то iмёны розныя, то месца нараджэння. Можа, ёсць якая-небудзь iнфармацыя пра брата? Мар’ян Мiхайлавiч Ляпеша”.
Iван Андрэевiч Малахаў шмат гадоў шукае свайго малодшага брата Мiхаiла Андрэевiча МАЛАХАВА, якi нарадзiўся ў 1926 годзе ў вёсцы Старая Водва Шклоўскага раёна. У 14 гадоў быў накiраваны ў ФЗА. Там i сустрэў вайну. У жнiўнi 1944-га прыйшла даведка, што радавы Мiхаiл Андрэевiч Малахаў прапаў без вестак. Аднак не была пазначана вайсковая часць, дзе ён служыў. Магчыма, ён загiнуў падчас вызвалення латвiйскага горада Спарытэс. Там знаходзiцца помнiк воiнам-вызвалiцелям. Можа, ёсць на iм i прозвiшча майго брата?”
“Шукаем звесткi пра бацьку Рыгора Абрамавiча УЛЬЯНАВА, 1890 года нараджэння. У 1941 годзе прызваны ў армiю ў Ленiнград, служыў у артылерыi. Старэйшы брат Мiкалай Рыгоравiч УЛЬЯНАЎ, 1921 года нараджэння, прызываўся ў армiю ў сакавiку 1941 года са станцыi Цёмкiна Смаленскай вобласцi. Служыў тады ў Баранавiцкай вобласцi. Апошнi лiст даслаў перад самай вайной. Пiсаў, што вучыцца ў палкавой школе. Больш нiякiх звестак пра бацьку i брата не маем. Як склаўся iх лёс на вайне? Калi загiнулi, дзе пахаваны? Марыя Рыгораўна Перавышына (Ульянава), Воранава”.
Родныя i блiзкiя адшукваюць звесткi пра свайго бацьку Iвана Iльiча ФРАЛЯНКОВА, якi прапаў без вестак у снежнi 1943 года.
“Iван Сяргеевiч АТРОХАЎ, 1909 года нараджэння, у 1943 годзе быў у партызанскiм атрадзе iмя Чкалава, затым у атрадзе iмя Кутузава 1-й Буда-Кашалёўскай брыгады.
7 красавiка 1943-га ў баi ля вёскi Перавыгл (так у пiсьме) Жлобiнскага раёна быў цяжка паранены i захоплены ў палон. Знаходзiўся ў бальнiцы ў Жлобiне. А потым яго забралi нейкiя людзi ў форме. Калi засталiся сведкi гiбелi майго бацькi, адгукнiцеся. Аляксандр Iванавiч Атрохаў, горад Бабруйск”.
Свайго брата адшуквае Марыя Лявонаўна Далжонак. Павел Лявонцьевiч АБУХОВIЧ не вярнуўся з вайны. Ён нарадзiўся ў 1920 годзе ў вёсцы Стаклы Верхнядзвiнскага раёна. У 1940 годзе прызваны ў армiю. Служыў у Малдавii, станцыя Кучурган. Прапаў без вестак у снежнi 1944 года.
КАЛЯ СВЕТЛАЙ ЗАРЫ
“Я хачу дапамагчы ў пошуку. Гэта было восенню 1942 года. Каля нашай вёскi быў размешчаны ваенны аэрадром з двума маторнымi штурмавiкамi. Аднойчы пры пасадцы загарэўся i ўпаў самалёт. Загiнулi
2 лётчыкi. Iх пахавалi на могiлках каля вёскi Светлая Зара. Iмёны невядомы. Падрабязнасцi ведаюць мясцовыя жыхары. Хачу таксама даведацца, дзе пахаваны мой брат Васiль Маркавiч ЗУБАРАЎ, якi загiнуў 15 студзеня 1945 года. У пасведчаннi пазначана вёска Домбраўка Мохаўскага павета, Раксанская воласць. Улад Маркавiч Зубараў”.
Родныя i блiзкiя шукаюць дакладнае месца пахавання Васiля Аляксеевiча СВIРЫДА, якi загiнуў 4 лютага 1945 года ва Усходняй Прусii.
ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I
Сваiх братоў-блiзнят Iвана Iосiфавiча i Мiхаiла Iосiфавiча ЛIСЯНКОВЫХ адшуквае Кацярына Iосiфаўна Шальпук з Брэсцкай вобласцi. “Браты нарадзiлiся прыкладна ў 1938—1939-м гадах у вёсцы Чурылава Аршанскага раёна. Мацi пасля родаў памерла. Блiзнят накiравалi ў Аршанскi дом малюткi на той час, пакуль падрастуць. Бацька часта iх наведваў. I чакаў, калi можна забраць дзяцей. У 1941 годзе ўсе мары нашай сям’i пахавала вайна. Бацьку i дзядзьку забралi на фронт. Я i старэйшы брат Саша засталiся з бабуляй. Былi ў Германii. Пасля вызвалення вярнулiся дадому. На бацьку прыйшла пахавальная, што загiнуў на фронце i пахаваны ў Смаленску ў брацкай магiле № 23, а дзядзька прапаў без вестак. Бабуля ад гэтых навiн занядужала i хутка памерла. Я трапiла ў дзiцячы дом, а 12-гадовы Саша застаўся дома. Увесь гэты час мы спрабавалi адшукаць Ваню i Мiшу. Пасля дзiцячага дома я вучылася ў вучылiшчы сувязi ў Брэсце. Аднойчы да мяне падышла дзяўчына i сказала, што яна быццам ведае братоў-блiзнят з такiм жа прозвiшчам Лiсянковы. Яны разам былi ў дзiцячым доме. Потым маiх братоў накiравалi вучыцца. Больш пра iх яна нiчога не ведала. У 1956 годзе я актывiзавала пошукi братоў — безвынiкова. Iх дзiцячы дом накiравалi ў Мардовiю, але падчас пераезду эшалон разбамбiлi. Не хочацца верыць, што браты загiнулi. Мы iх чакаем дадому. Можа, хто быў у тым дзiцячым доме, ведае братоў Лiсянковых?”

Мы працягваем друкаваць прозвiшчы салдат i афiцэраў Савецкай Армii, якiя загiнулi на польскай зямлi i пахаваны ў Гайнаўцы.

НАВУМАЎ Аляксандр, радавы, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Савiны Груд;
НIВЕЦIН Аляксей Пятровiч, партызан, загiнуў у 1944 годзе,
пахаваны ў Гайнаўцы
МIКАЛАЙ, “Колька партызан” (прозвiшча невядома), лейтэнант, загiнуў у 1944 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Пастолава;
НIСЕЎБАУМ Самуэль Нахiмавiч, загiнуў у 1941 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Iсток;
НЯДЗЕЛIН Пётр А., старшы лейтэнант, загiнуў у 1944 годзе,
пахаваны ў Гайнаўцы;
АНОФРЫ Панцялей Дзмiтрыевiч, 1908 года нараджэння, загiнуў 27 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
АРДЭБУРСКI Элiяш Глебавiч, загiнуў у 1944 годзе, пахаваны ў Гайнаўцы;
АГЛIШВIЛI Мiхаiл Аляксандравiч, 1922 года нараджэння, загiнуў у 1941 годзе;
АМАРАЎ Сяргей, падпаручнiк;
ПАНАЎ Сiдар Якаўлевiч, 1920 года нараджэння, загiнуў у 1941 годзе, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Старое Бярозава;
ПАЎЛАЎ Iван Мiхайлавiч, палкоўнiк, 1896 года нараджэння, загiнуў 21 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў вёсцы Курашава;
ПАЗАЕЎ Мiкалай Мiхайлавiч, загiнуў 30 лiпеня 1944 года, пахаваны ў Гайнаўцы;
ПАГАСЯН К.А., загiнуў 20 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ПАЛЯКОЎ Георгiй Якаўлевiч, 1893 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе, пахавана ў Гайнаўцы;
ПАПОЎ (iмя невядома), 1922 года нараджэння, загiнуў 21 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ПАПОЎ М.К., загiнуў 17 лiпеня 1944 года, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ПУГIН Канстанцiн, 1904 года нараджэння, першапачаткова пахаваны ў Белавежы;
ПЛIС Дзмiтрый Фёдаравiч;
ПЕТРАЧЭНКА Арсенiй Аляксандравiч, загiнуў у 1944 годзе;
ПЕРАЦ Ю.

НА СУСТРЭЧУ З ЮНАЦТВАМ
“У 1961 годзе мы скончылi Багушэўскую СШ № 2 (Сенненскi раён Вiцебскай вобласцi). Многiх аднакласнiкаў не бачылi шмат гадоў i нiчога пра iх не ведаем. Хочацца знайсцi Элеанору Мiхайлаўну ГОЛУБЕВУ, Людмiлу Рыгораўну ДЗЯГIЛЕВУ, Нiну ШУГАЛЬСКУЮ, Iвана ГЕРАСIМАВА, Мiкалая РАПIНСКАГА. Тамара Глухава, горад Магiлёў”.
Зiнаiда Еўстрацьеўна Дзеружэнка (Мельнiк) паведамляе, што яны сёлета адзначаюць залаты юбiлей выпуску. Шарашоўскую школу Пружанскага раёна скончылi ў 1956 годзе. “Некаторых аднакласнiкаў, на жаль, няма на гэтым свеце. Многiх лёс раскiдаў па былым Саюзе. Летась мы з Аленай Пiлюцiк ездзiлi ў Шарашова, сустракалiся з некаторымi аднакласнiкамi, успамiналi школьныя гады. Аднак хочацца пабачыцца з iншымi школьнымi сябрамi”.
“Выпускнiкi 1966 года 10 А класа Брэсцкай школы-iнтэрната шукаюць сваiх аднакласнiкаў. Няхай напiшуць цi патэлефануюць Веры Казаковай i Раi Паляшчук”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”.  Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by;
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...” e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter