"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Гамяльчанка Ганна Мiхайлаўна Селiна (Несцерава) звярнулася на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” з апошняй надзеяй. Сама, як нi старалася, не можа адшукаць дзядзьку, якi павiнен жыць у Варкуце. Апошняя вестка ад яго прыйшла амаль 15 гадоў таму.

У ВАРКУЦЕ — ЦIШЫНЯ
Ганна Мiхайлаўна расказала, што брат яе бацькi Анатоль Рыгоравiч НЕСЦЕРАЎ нарадзiўся 8 жнiўня 1958 года ў вёсцы Броннiца Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля службы ў армii ў 1980 годзе ён паехаў у Варкуту на заробкi.
— Кожнае лета дзядзька прыязджаў да нас у вёску, — успамiнае пляменнiца. — Вельмi добры быў. З намi гуляў, вазiў у цырк, у парк. Мне адзенне i абутак купляў. Прыехаў неяк у чарговы водпуск i сказаў, што атрымаў двухпакаёвую кватэру. Пасля прыслаў з гэтай кватэры пiсьмо. I ўсё. Мы двойчы давалi яму тэлеграму: калi памерла яго мацi i запрашалi на маё вяселле. Дзядзька не адгукнуўся i не прыехаў. Я тэлефанавала ў Варкуту, пiсала суседзям, але безвынiкова.
ФРАНТАВОЕ КАХАННЕ
“Я, Вольга Сударушкiна — яфрэйтар, мяне ён называў Лёля. Мне зараз 82 гады. Ён, Васiль Васiльевiч БЕЛАВУСАЎ — чырвонаармеец, яму дзесьцi 83. Прасiў называць яго Васiльком. Да вайны жыў у горадзе Сумы (Украiна), там жыла i яго мацi. Ёй з фронту пiсаў “...калi застануся жывы, то дадому вярнуся з дзяўчынай Лёляй, з якой мы разам пройдзем увесь свой жыццёвы шлях”. Мы служылi сувязiстамi ў 646-м асобным лiнейным батальёне сувязi 54-й армii. Калi мне даводзiлася забягаць у iх блiндаж, Васiлёк браў у рукi гiтару i спяваў: “Ты навiк моя кохана, смерть одна разлучiт нас”. Вайна наблiжалася да канца, i пры расфармiраваннi часцей лёс нас разлучыў: я трапiла ў Полацк, адкуль у 1945 годзе была дэмабiлiзавана. У 1946-м атрымала ад яго пiсьмо. Здаецца, зваротны адрас быў або Вiцебск, або Гомель. Ён паведамляў, што ўвесь час шукаў мяне, адрас даведаўся ад маёй мамы. У той час я была замужам, мела дзiця. Пра ўсё гэта я напiсала Васiльку. Прапанавала застацца сябрамi, але пiсьма ад яго не атрымала. Цяпер часта чую прозвiшча журналiсткi Белавусавай, у многiх ведамствах таксама працуюць Белавусавы. Можа, гэта яго дзецi або ўнукi. Можа, i ён жыве зараз на беларускай зямлi. Вольга Iванаўна Гапiч, горад Мiнск”.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
“Дапамажыце адшукаць брата Пятра Васiльевiча ГЕРАСIМЕНКУ, 1921 года нараджэння. Служыў у танкавых войсках. Атрымалi паведамленне, што прапаў без вестак. Аднак нам вядома, што нiбыта з 1980 па 1995 год чалавек пад такiм прозвiшчам ляжаў у Магiлёве ў абласным тубдыспансеры. Можа, гэта мой брат? Нiна Васiльеўна Валявач, горад Мар’iна Горка”.
“Наш бацька згiнуў у 1945 годзе дзесьцi на тэрыторыi Германii. Мама ўвесь час чакала яго i не дачакалася. Мы, яго дзецi, вельмi хочам даведацца, дзе знайшоў спачын наш бацька Васiль Канстанцiнавiч ТВАРОЎСКI, 1914 года нараджэння. А.В.Каладзiнская, Нясвiжскi раён”.
Генрыета Сцяпанаўна Шышкова з Гарадка Вiцебскай вобласцi шукае месца пахавання бацькi Сцяпана Паўлавiча ПАТАПЦОВА, 1913 года нараджэння, якi служыў у мотамеханiзаваным палку, першай роце сувязi”.
“Наш бацька Сцяпан Кiрылавiч ШАРЭНДА, 1906 года нараджэння, прапаў без вестак у канцы вайны. Апошнi лiст ад яго атрымалi ў 1945 годзе, адрас палявой пошты 16528”т”. Пiсаў, што знаходзiцца на перадавой лiнii фронту за 6 кiламетраў ад Берлiна. Бацька нам некалькi разоў прыснiўся, прасiў забраць яго дадому. Хочацца даведацца пра месца яго пахавання, прывезцi на радзiму хоць жменю зямлi з яго магiлы. Нiна Сцяпанаўна Стаянава, горад Вiцебск”.
“Пiшу вам ад iмя мамы Ганны Макараўны Богуш (Камянчук). Мы хочам адшукаць яе брата або месца пахавання Мiкалая Макаравiча КАМЕНЧУКА, 1919 года нараджэння, ураджэнца вёскi Астроўкi Нясвiжскага раёна. Служыў у горадзе Лiпецку, 6-я або 8-я батарэя. Даслаў два пiсьмы, i пачалася вайна. Атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак”.
“Мой брат Iван Васiльевiч ДАШКЕВIЧ, 1925 года нараджэння, загiнуў на вайне ў 1944 годзе. Мама казала, што адбылося гэта ў Лiтве. Хочацца дакладна ведаць, дзе знаходзiцца яго магiла. Цiкавiць i баявы шлях брата. Яўгенiя Васiльеўна Голубева (Дашкевiч), горад Вiцебск”.
Франя Францаўна Пацiеўская (Паўлоўская) просiць дапамагчы адшукаць бацьку Франца Паўлавiча ПАЎЛОЎСКАГА, 1919 года нараджэння. “Пра маё iснаванне ён не ведае, бо нарадзiлася я летам 1941 года, калi ён быў на вайне. У 1943 годзе родныя атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак. Мне ўжо 65 гадоў, але не губляю надзеi, што даведаюся, дзе пахаваны мой бацька”.
“На працягу пасляваеннага жыцця я спрабую даведацца, дзе загiнуў мой брат Казiмiр Бранiслававiч РАМАНЧУК, але безвынiкова. У 1940 годзе ён быў прызваны ў армiю. Служыў у Львоўскай вобласцi. Там i застала вайна. Пасля вызвалення Беларусi мы атрымалi паведамленне, што ў 1944 годзе Казiмiр прапаў без вестак. Можа, яшчэ жывыя тыя, хто сустракаў на дарогах вайны майго брата, адгукнiцеся. Марыя Бранiславаўна Каляда, горад Бабруйск”.
“Хачу знайсцi свайго дзядзьку Навума Барысавiча (Нахiма Беркавiча) ХАЙКIНА, 1911 года нараджэння. Прапаў без вестак у першыя днi вайны. Пасля вайны займалiся яго пошукамi, але безвынiкова. Г.I.Курбанава, горад Гомель”.
“Спадзяюся даведацца пра лёс свайго дзядзькi Сцяпана Мiкалаевiча ВАЛАСОВIЧА, 1925 года нараджэння, ураджэнца вёскi Дабучын Пружанскага раёна. Ён удзельнiчаў у баях пад Кёнiгсбергам, дзе быў паранены. Апошняе пiсьмо родныя атрымалi са шпiталя. Больш нiчога невядома. Ларыса Васiльеўна Шыманская, горад Мiнск”.
“Не ведаю, дзе загiнуў i пахаваны мой дзядзька Сямён Данiлавiч
АСМЫКОВIЧ, 1912 года нараджэння. Вядома, што падчас вайны да чэрвеня 1944 года ён знаходзiўся ў партызанскiм атрадзе, якiм камандаваў Пакуш (iмя i iмя па-бацьку не ведаю). Праз месяц ён быў прызваны ў Савецкую Армiю i служыў у 141-м стралковым палку 85-й стралковай дывiзii. Прашу адгукнуцца тых, хто застаўся жывым i ведае пра лёс дзядзькi. М.Р.Асмыковiч, горад Бабруйск”.
НЕ ВЯРНУЎСЯ МУЖ ДАДОМУ
“Дапамажыце знайсцi мужа Мiхаiла Вiтальевiча ЛАБКОВIЧА, 1955 года нараджэння. У 1994 годзе ён паехаў на заробкi, працаваў дзесьцi ў Амурскай вобласцi. Ехаў дамоў i па нейкай прычыне спынiўся ў горадзе Новакузнецку. Там прабыў тры месяцы: снежань, студзень i люты. Некалькi разоў тэлефанаваў нам, затым сувязь абарвалася. З Амурскай вобласцi прыйшла тэлеграма, што ён звольнены, бо не з’явiўся на працу. Больш пра яго нiчога не вядома. Тамара Мiхайлаўна Лабковiч, горад Салiгорск”.
БАЛIЦЬ МАЦЯРЫНСКАЕ СЭРЦА
Раiса Пятроўна Анiсенка з Оршы шукае сына Уладзiмiра Леанiдавiча КАМАРКОВА, 1978 года нараджэння. “Ён жыў у Оршы, а ў 2003 годзе паехаў у Санкт-Пецярбург на заробкi, i да гэтага часу нiякiх звестак пра яго няма. Мы не ведаем, дзе ён знаходзiцца, што з iм. Вельмi хочам, каб хутчэй прыехаў  дадому”.
Галiна Фёдараўна Кузняцова з Шумiлiнскага раёна ў пошуках сына Аляксандра Мiкалаевiча ЦIМАФЕЕВА, 1982 года нараджэння. “Ён жыў у Гарадку Вiцебскай вобласцi. Потым кудысьцi паехаў. У гэты час я з Гарадоцкага раёна пераехала жыць у Шумiлiнскi, i наша сувязь абарвалася. Ён не ведае майго адраса, а я яго. Старалася знайсцi сына з дапамогай знаёмых, але не атрымалася. Сынок! Дарагi мой! Прашу цябе, адгукнiся. Я ўжо i не ведаю, што думаць, сэрца балiць па табе”.
ЛЕПШЫ ЗА НОВЫХ ДВУХ
Фелiкс Фёдаравiч Яроцкi шукае былога таварыша Пятра Нiчыпаравiча СЦЕПАНЮКА, прыблiзна 1930—1932 года нараджэння. “Ён працаваў на Мiнскiм  трактарным заводзе i жыў непадалёку ад мяне. Я ведаў нумар яго тэлефона, але цяпер тэлефон не адказвае. Дапамажыце знайсцi сябра”.
РОДНЫЯ ЛЮДЗI
“Наш брат Iосiф Iванавiч БАРАДАКА, 1928—1929 года нараджэння, у свой час жыў у Валожынскiм раёне. У час Вялiкай Айчыннай наша сям’я была вывезена ў Германiю, а ён застаўся ў цёткi ў вёсцы Гардынава на Валожыншчыне. У 1944 годзе яго забралi ў школу ФЗА горада Каменск-Уральскi былой Свярдлоўскай вобласцi. Пасля вучобы працаваў у тым жа горадзе на заводзе. Калi бацькi вярнулiся на радзiму, вялi з iм перапiску. Потым яна абарвалася. Звярталiся ў дырэкцыю завода i ў аддзел унутраных спраў, але безвынiкова. Бацькi памерлi, так i не даведаўшыся, дзе iх сын, а мы, сёстры, хочам усё ж такi ведаць, дзе наш брат, i просiм дапамагчы нам яго знайсцi. З нашага раёна, казалi людзi, многiх хлопцаў забiралi тады i адпраўлялi ў ФЗА. Можа, хто-небудзь яшчэ быў з братам, няхай адгукнецца. Яўгенiя Iванаўна Грынкевiч, Антанiна Iванаўна Арцёмава i Вера Iванаўна Кiрыкава (у дзявоцтве ўсе Барадака)”.
“Дапамажыце знайсцi радню, у прыватнасцi, стрыечнага брата Iгара Вячаслававiча КАСЦЮКОВIЧА цi яго дзяцей. Мой дзядзька Вячаслаў Аляксандравiч Касцюковiч у свой час служыў у Кранштаце на флоце, затым у Северадзвiнскiм параходстве, быў жанаты з дачкой памешчыка з Вiцебскай губернi, у iх быў сын Iгар, якога я i хачу знайсцi. Праўда, год i месца яго нараджэння не ведаю. Можа, у iх былi яшчэ дзецi? Да сярэдзiны дваццатых гадоў мае бацькi атрымлiвалi ад яго пiсьмы. Пасля сувязь абарвалася. Можа, яны эмiгрыравалi ў iншую краiну цi былi рэпрэсiраваны? Гэта не дае спакою. Уладзiмiр Аляксеевiч Касцюковiч, Докшыцкi раён”.
ЦЯЖКА БЫЦЬ СIРАТОЙ
Нiна Уладзiмiраўна Жалезная з Ганцавiцкага раёна шукае бацьку Уладзiмiра Адамавiча ПАЎЛОЎСКАГА, 1915 года нараджэння. “Калi пачалася Вялiкая Айчынная, ён быў у дарозе, i дзе дзеўся потым — не ведаем. Мама старалася знайсцi яго, але адусюль прыходзiў адказ: “прапаў без вестак”. Калi я была ўжо дарослая i iшла з вечара са стрыечным братам, ён сказаў, што мой бацька змянiў прозвiшча i дзесьцi жыве. Можа, гэта была i праўда, але я не паверыла. Бацька не мог пакiнуць нас. Хаця цяпер разумею, што рознае можа быць у жыццi. Напрыклад, ведаю, як цяжка быць сiратой. Мы з братам вельмi пакутавалi ад гэтага. Я, калi чую, што праз шмат гадоў людзi сустракаюцца, заўсёды ўспамiнаю бацьку i думаю: можа, ён быў жывы, але не мог да нас вярнуцца, можа, быў у палоне i яго кудысьцi звезлi? Вiною ўсяму праклятая вайна. Мама чакала яго ўсё жыццё. Мы з братам таксама. Брат памёр, а я спадзяюся што-небудзь даведацца пра бацьку. У мяне няма нiводнага яго фотаздымка. Я нiколi не бачыла, якi ён. Дапамажыце знайсцi хоць якiх-небудзь сваякоў па яго лiнii, можа, што даведаюся ад iх”.
ПАСТАВIЦЬ ПОМНIК
“Я нарадзiўся ў 1927 годзе ў пасёлку Зялёнае Круглянскага раёна. Гэта глыбiнка на мяжы трох абласцей: Магiлёўскай, Мiнскай i Вiцебскай. Пасёлак нiчым асаблiвым не вызначаўся, але нам здавалася, што лепшага месца на зямлi няма. Ён стаяў на пагорку i ўвесь патанаў у зелянiне. У пасёлку было крыху больш за трыццаць дамоў. Добрая частка iх насельнiкаў ў свой час пабывала ў Амерыцы, адкуль, трэба меркаваць, прывезла неблагiя грошы. Людзi пабудавалi шыкоўныя дамы, завялi гаспадарку. У нашым пасёлку былi могiлкi, на якiх хавалi праваслаўных. Непадалёку, у вёсцы, былi каталiцкiя. У нас iх называлi “польскiя”. У час калектывiзацыi працалюбiвых нашых людзей называлi кулакамi, многiх у Сiбiр адправiлi, там i расстралялi. Потым была вайна, якая ўвайшла ў нашу гiсторыю яшчэ адной жудаснай вяхой. У нашай глыбiнцы стваралiся партызанскiя атрады. Яны былi нешматлiкiя i слаба ўзброеныя, але вяскоўцы старалiся накармiць i апрануць народных мсцiўцаў. Мы, тады падлеткi, палiлi для партызан лазню, малолi збожжа. Мая старэйшая сястра збiрала лекавыя травы, пякла хлеб для iх. Немцы баялiся з’яўляцца тут, а калi прыязджалi з вялiкай сiлай, то пакiдалi пасля сябе шмат крывi. Многа маiх землякоў загiнула ў час ваеннага лiхалецця. Аднойчы наш пасёлак фашысцкiя самалёты бамбiлi цэлы дзень. Трэцяя частка дамоў была знiшчана, астатнiя ўдалося адрамантаваць, але жыць там не давялося. Людзi вымушаны былi хавацца, блакада заганяла iх усё далей у лес. Там загiнуў мой бацька. З вялiкiмi цяжкасцямi яго вывезлi на могiлкi i пахавалi. Побач у зямлi ляжыць замучаны немцамi партызан. Непадалёку брацкая магiла, якая зарасла бур’яном. Дзе ж нашы школьнiкi, актывiсты, сельскi Савет? Няўжо нельга прыбраць магiлы i паставiць ахвярам вайны сцiплы помнiк? Напiсаць на iм iмёны ўсiх загiнуўшых, у тым лiку i рэабiлiтаваных кулакоў, чые косцi раскiданы па Сiбiры. Станiслаў Станiслававiч Пелянiс, горад Барысаў”.
Мы працягваем друкаваць спiсы савецкiх салдат, якiя ў часы ваеннага лiхалецця загiнулi на тэрыторыi Польшчы i пахаваны ў Гайнаўцы:
БОКВАН Фёдар К., старшына, загiнуў у 1944 годзе;
БУЧАЕЎ Ю.П., загiнуў у 1944 годзе;
БУРАШАТРОЎ (iмя невядома), радавы, загiнуў 24 лiпеня 1944 года;
БУЧКОЎ Iгар Iванавiч, 1921 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе;
БАРЫСЮК Iван, старшына;
БАРЦIНАЎ (Фралоў), загiнуў у 1944 годзе;
Беларус ДУДКА, загiнуў 18 лiпеня 1944 года;
БЯЛЕЦКI Марыян Марцiнавiч, 1925 года нараджэння, радавы,
11-ы батальён сувязi, загiнуў 25 студзеня 1945 года;
БЕРАЗНЮК Сяргей Сямёнавiч, 1915 года нараджэння, загiнуў 23 лiпеня 1944 года;
ЦАРОЎ (Цараў) Аляксандр Сяргеевiч, радавы, загiнуў 21 лiпеня 1944 года;
ЦIКА Змiцер, радавы, загiнуў у 1944 годзе;
ЦЯЦЮНIН В.А., 1921 года нараджэння, загiнуў 20 лiпеня 1944 года;
ХАРЫТОНАЎ Аляксандр, загiнуў 22 лiпеня 1944 года;
ХЛЫСТОЎ С.М., 1913 года нараджэння, загiнуў 11 жнiўня 1944 года;
ХУДРАЎЦАЎ (Худраўцоў) Пётр Трафiмавiч, старшына, загiнуў 23 лiпеня 1944 года;
ХАЛЕЎНIК (iмя невядома), радавы, загiнуў 10 лiпеня 1944 года;
ХАРЧАЛАЎ Павел Мацвеевiч, старшына, загiнуў 22 лiпеня 1944 года;
ХВАШЧЭЎСКI Ян Ёсiпавiч, 1925 года нараджэння, загiнуў у 1944 годзе;
ЧАГНЕЕЎ Тэадор Максiмавiч, загiнуў у 1944 годзе;
ЧАЙКА Ю.М., 1916 года нараджэння, загiнуў 13 жнiўня 1944 года.
Калi сярод гэтых прозвiшчаў вы прачыталi знаёмае, напiшыце нам.

АРТЫСТ БАЛЕТА СТАЎ АРТЫЛЕРЫСТАМ
“Дапамажыце знайсцi Сяргея Мартынавiча ПАГОДЗIНА (Пузiкава), 1916 (1917) года нараджэння, ураджэнца Харкава (ст. Аснова, калгас “Чирвона Зiрка”). Прапаў без вестак у кастрычнiку 1941 года. 64 гады пошукаў не далi нiякiх вынiкаў, адна надзея на вас. З 1938 года Сяргей працаваў у Вялiкiм дзяржаўным тэатры оперы i балета ў Мiнску. Быў артыстам балета. 3 лiстапада 1939 года Сяргей Мартынавiч Пузiкаў ажанiўся з артысткай балета гэтага тэатра Людмiлай Мiхайлаўнай Пагодзiнай i ўзяў яе прозвiшча. Прыблiзна ў студзенi-лютым 1940-га быў прызваны Мiнскiм ГВК у армiю як Сяргей Мартынавiч Пагодзiн. Першы ваенны фотаздымак прыйшоў 23 сакавiка 1940 года з Асiповiч. Прысылаў здымкi i ў красавiку, таксама з Асiповiч. З 1 верасня 1940 года ён курсант Пензенскага артылерыйскага вучылiшча. А 17 лiпеня 1941-га прыслаў фота з горада Дзмiтрава — быў ужо камандзiрам батарэi 304-га асобнага артылерыйскага дывiзiёна 244-й стралковай дывiзii I фармiравання, якая з 22 жнiўня па 20 кастрычнiка 1941 года ўваходзiла ў склад войскаў 19-й армii Заходняга фронту (даведка ЦАМА). З фронту пiсаў пiсьмы жонцы i сыну. Затым прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак у кастрычнiку 1941 года. З таго часу i пачалiся нашы пошукi. Шукалi жонка, мацi, сёстры, дзядуля з бабуляй, яго лепшы сябар Уладзiмiр Барысавiч Астачонаў, з якiм рассталiся на Заходнiм фронце. Даведалiся, што “244-я стралковая дывiзiя I фармiравання 27 снежня 1941 года расфармiравана. Дакументы дывiзii на захоўванне ў ЦАМА не паступалi”. У 2005 годзе нам паведамiлi, што Сяргей Мартынавiч Пагодзiн выключаны са спiсаў афiцэрскага саставу ў 1946 годзе. Куды падзелася 244-я стралковая дывiзiя i дзе  праходзiлi яе апошнiя баi, невядома. I чаму дакументы не паступiлi на захоўванне ў ЦАМА?  Са слоў аднапалчан, у той час дывiзiя вяла баi ў самым гарачым месцы — памiж Масквой i Смаленскам. Магчыма, гэта было пад Ельняй. Няўжо палегла ўся дывiзiя i нават не было каму вынесцi яе сцяг з поля бою? Бацька i я бачылi адзiн аднаго толькi на фотаздымках. Хочацца ведаць, дзе ён пахаваны. Сын, падпалкоўнiк у адстаўцы Яўген Сяргеевiч Пагодзiн”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter