“Помнi iмя сваё...”

Колькi брацкiх магiл засталося пасля вайны на нашай зямлi, дакладна невядома. Пошукавыя работы па выяўленню месцаў пахавання працягваюцца. Спяць вечным сном беларускiя воiны i на чужыне. Нашы калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё зачытвалi, а мы ў рамках сумеснага праекта “Помнi iмя сваё...” друкавалi спiсы загiнуўшых беларусаў у нямецкiх канцлагерах Хамельбург i Цайтхайн. У пошукавай рабоце па гэтым напрамку нам дапамагаюць супрацоўнiкi Народнага саюза Германii па доглядзе за ваеннымi могiлкамi.

Ужо чатыры гады ў Беларусi працуе прадстаўнiцтва гэтага саюза. Супрацоўнiкi арганiзацыi разам з 52-м спецыялiзаваным батальёнам Мiнiстэрства абароны займаюцца пошукам месцаў пахавання нямецкiх ваеннаслужачых, а таксама дапамагаюць устанавiць лёсы савецкiх ваеннапалонных, якiя знаходзiлiся на тэрыторыi Германii ў гады вайны.


Нiхто не забыты


“У нашым доме ў вёсцы Грыневiчы (цяпер Лагойскi раён) дыслацыравалася брыгада контрразведчыкаў, — расказвае Ганна Аляксандраўна Каўзановiч (дзявочае прозвiшча Бахар). — Разведчыкi былi членамi партызанскай брыгады народных мсцiўцаў iмя Варанянскага з атрада Панамарэнкi. Штаб брыгады знаходзiўся ў вёсцы Хадакi. Я i мой бацька Аляксандр Пятровiч Бахар перадавалi звесткi партызанам на заставу. Разведчыкi жылi ў нас дома доўга. Я памятаю некаторых з iх. Гэта Аляксей Мацвеевiч ФIЛАТАЎ, Iван Iосiфавiч ЯСIНОВIЧ, Iосай Iванавiч РУДЗЯНКОЎ”.
Жанчына спадзяецца, што радыёслухачы i чытачы звернуць увагу на знаёмыя iмёны i паведамяць, дзе гэтыя людзi, што з iмi.
Ганна Аляксандраўна паведамляе таксама, дзе пахаваны Пётр Нiкiфаравiч КРЫНЬ i Пётр Iосiфавiч МОРДАС. Iх забiлi падчас вайны ў вёсцы Сосенцы. Калi хто з родных i блiзкiх захоча наведаць месца пахавання, Ганна Аляксандраўна дапаможа.
Прапалi без вестак
Любоў Емяльянаўна Каханчык узгадвае пра сваю сястру Веру Емяльянаўну ЛЫЗIК, якая нарадзiлася ў 1924 годзе ў вёсцы Балдышы Полацкага раёна. У 1938 годзе паступiла ў Полацкае педагагiчнае вучылiшча, скончыць якое перашкодзiла вайна. З восенi 1941-га Вера Лызiк — сувязная ў атрадзе iмя Калiнiна. У красавiку 1943 года была арыштавана i адпраўлена ў Полацкi лагер для ваеннапалонных, дзе знаходзiлася тыднi два. Потым казалi, што Веру расстралялi, аднак гэта недакладна. Родныя i блiзкiя хочуць даведацца, цi ёсць дзе магiла Веры Емяльянаўны Лызiк.
Нiна Аляксееўна Палацiнская (дзявочае прозвiшча Санько) просiць дапамагчы адшукаць жывым цi мёртвым свайго брата Анатоля Аляксеевiча САНЬКО, 1925 года нараджэння. “Толя трапiў у палон у Фiнляндыi ў пачатку вайны. Пасля вызвалення адразу ж пайшоў на фронт. Першы i апошнi лiст брат прыслаў са шпiталя горада Сартавалы, куды быў накiраваны з раненнем правай рукi. Больш нiчога пра яго я не ведаю”.
“Даведалася, што ў Беларусi ёсць такi цудоўны праект. Вы дапамагаеце знайсцi родных i блiзкiх, дорыце нам магчымасць не страчваць надзеi на сустрэчу з iмi”, — пiша жыхарка Украiны Любоў Iосiфаўна Кеслер. Яна хоча даведацца пра лёс сваёй сястры, якая прапала без вестак у гады Вялiкай Айчыннай. Ася Iосiфаўна КЕСЛЕР нарадзiлася 10 студзеня 1922 года ў Чэрыкаве. Да вайны скончыла 10 класаў i паступiла ў Ленiнградскi iнстытут. З першых дзён вайны Ася iмкнулася трапiць на фронт. I вось у пачатку 1942 года яе накiравалi на паскораныя курсы пад Сталiнград. З часцi родныя атрымалi толькi адно пiсьмо. У 1984 годзе яны звярнулiся ў Падольскi цэнтральны архiў. На адрас Марыупальскага ваенкамата прыйшоў такi адказ: “Трактарыстка 343-га батальёна аэрадромнага абслугоўвання Кеслер Ася Iосiфаўна прапала без вестак 12 лiпеня 1942 года ў раёне Крыварожжа”. “Можа, хто-небудзь сустракаўся з маёй сястрой цi быў сведкам яе гiбелi, адгукнiцеся!”.
“Усё жыццё матуля пражыла адна. Бацька Рыгор Мiхайлавiч БАЛАЙСА загiнуў у вайну. Адзiн яго знаёмы расказваў, што яны трапiлi ў палон у горадзе Вестфэльм (Германiя). Працавалi на фарфоравай фабрыцы. Бацька некалькi разоў спрабаваў збегчы, але яго лавiлi, потым здзеквалiся. У 1953 годзе да нас прыйшло пiсьмо з горада Лодзь ад Эмы (цi Алены) Генрых. Яна пiсала, што бацька загiнуў на шахце разам з некаторымi гарнякамi. Я тады была ў сёмым класе, мацi пiсьмо схавала. Больш я нiчога не ведаю. Зараз маёй матулi Таццяне Iванаўне Балайсе 89 гадоў. I яна ўсё жыццё чакала хоць вестачку ад бацькi. Надзея Балайса”.
Звесткам пра бацьку Iвана Аляксандравiча ЯГЕНЮ, 1910 года нараджэння, будзе рада дачка Ганна Iванаўна Макаўчык з Мiнска. Ён прызываўся на фронт з Азёрскага сельсавета Уздзенскага раёна. Дадому не вярнуўся. Прыйшло толькi паведамленне, што Iван Аляксандравiч Ягеня праявiў геройства i мужнасць, забiты 27 жнiўня 1944 года i пахаваны ў вёсцы Любеева Беластоцкай вобласцi. Жанчына просiць адгукнуцца тых, хто ведае, дзе знаходзяцца гэтыя могiлкi.


Дапамажыце адшукаць


Гiсторыя Лiзаветы Якаўлеўны Волкавай (дзявочае прозвiшча Серадохiна) пачынаецца з 1936 года. Тады сястра Лiзаветы Якаўлеўны — Марына Серадохiна выйшла замуж за Iвана Ахрэмавiча Гарбачова, якi жыў у вёсцы Гразь Суражскага раёна Вiцебскай вобласцi. У лiстападзе 1937 года ў iх нарадзiлася дачка Тамара. У 1939 годзе сям’я пераехала ў Вiцебск, дзе iх i застала вайна. Калi 18 мая 1943 года горад бамбiлi, у дом Гарбачовых трапiла бомба. Маленькая Тамара цудам засталася жывой, бацькi яе загiнулi. Пляменнiцу Лiзавета Якаўлеўна забрала да сябе. У 1944 годзе iх вёску спалiлi карнiкi. Было так цяжка, што цётка аддала Тамару ў дзiцячы прытулак пры фабрыцы “Сцяг iндустрыялiзацыi”. Праз паўтара месяца хлопчыкаў i дзяўчынак з прытулка накiравалi ў дзiцячы дом горада Маладзечна. З таго часу пра пляменнiцу Лiзавета Якаўлеўна нiчога не чула. Зараз жанчыне 90 гадоў. I яна вельмi хоча даведацца пра лёс Тамары ГАРБАЧОВАЙ, 1937 года нараджэння.
Сям’ю Табанько, якая прыехала ў 1933 годзе на пастаяннае месца жыхарства ў горад Рэчыца Гомельскай вобласцi, адшуквае мiнчанiн Юрый Мiкалаевiч Голяс. Яны былi суседзямi. Андрэй Яўменавiч ТАБАНЬКО i яго жонка Маргарыта Антонаўна настаўнiчалi ў Рэчыцы. У iх была дачка Дзiна (прыкладна 1926—1927 года нараджэння). Пасля акупацыi горада сувязь з сям’ёй Табанько перарвалася. Юрый Мiкалаевiч Голяс паведамляе, што да вайны ў iх была добрая знаёмая Кацярына Аляксееўна Сiвуха (прозвiшча дзявочае), яе сёстры: родная Мальвiна Аляксееўна Сiвуха, стрыечная Любоў Гаўрылаўна Сiвуха, iх браты Яўген i Аляксандр Гаўрылавiчы Сiвухi. Можа, яны што-небудзь ведаюць пра сям’ю Табанько.
“Надзея Сямёнаўна Вяршкова з вёскi Паўловiчы Круглянскага раёна шукае пляменнiка Вiктара Мiхайлавiча ПАНАРАДАВА. Апошнi раз бачыла яго на пахаваннi свайго брата, Вiктарава бацькi, у 1983 годзе. Цётка ведае, што пляменнiк быў ваеннаслужачым, абараняў дысертацыю ў Маскве. Потым жыў у Саратаве, Тамбове. Дакладнага адраса, на жаль, не мае.


З верай i надзеяй


“Уявiце, што адчувае мацi, якая не бачыла свайго сына i нiчога пра яго не ведае ўжо трэцi год. Тады вы мяне зразумееце, — дзелiцца сваiм болем матуля Юрыя Анатольевiча ЯФРЭМЕНКАВА, 1959 года нараджэння. — Апошнi час Юра жыў недзе ў  Валгадонску (але гэта не дакладна). Прыязджаў з жонкай гады тры таму. З таго часу нi вестачкi, толькi кароткая тэлеграма, што памерла яго жонка. На гэтым сувязь абарвалася. Толькi на вас надзея: знайдзiце майго сына”.
Тамара Уладзiмiраўна Мiхейчык з Жодзiна хоча даведацца пра роднага брата свайго дзеда па бацькавай лiнii Антона Канстанцiнавiча БУКСУ. “У майго дзядулi Паўла Канстанцiнавiча Буксы было шэсць братоў i сястра Палiна. Самы старэйшы брат, Антон, яшчэ да вайны, прыкладна ў 1939—1940 годзе, з аднавяскоўцам паехаў на працу ў Амерыку. Праз некаторы час аднавясковец вярнуўся, а Антон Букса застаўся. Звестак пра яго не было да вясны 1981 года. Тады брату Iвану прыйшоў лiст. Яго атрымала нявестка, якая ў злосцi на свёкра парвала пiсьмо не чытаючы. Можа, пiсалi яго дзецi цi ўнукi, а можа, ён сам, мы гэтага не ведаем. Як не ведаем, у якi горад паехаў Антон — Амерыка ж вялiкая. Сям’я майго дзядулi родам з Брэсцкай вобласцi. Антон Канстанцiнавiч Букса ад’язджаў з вёскi Харкi Пружанскага цi Ружанскага раёна”.
“У маладосцi я жыла ў вёсцы Кемяны Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласцi. Непадалёк служылi салдаты. З адным я пазнаёмiлася. Вельмi добры чалавек быў. Але лёс склаўся так, што ў 1966 годзе я “выскачыла” замуж за другога i з’ехала адтуль. З таго часу прайшло 39 гадоў, а я таго салдацiка не забываю. Яго завуць Станiслаў ГЛАДКI. Жыў недзе на Брэстчыне (здаецца, у Баранавiцкiм раёне). Больш нiчога пра Станiслава не ведаю”, — з надзеяй на сустрэчу пiша Марыя Сцяпанаўна Мельнiк.


Адгукнiцеся!


“Хачу знайсцi свайго брата Уладзiмiра Анатольевiча БАЛАША, 1980 года нараджэння, хроснага бацьку Расцiслава Сяргеевiча БАЛАША, а таксама роднага дзядзьку Мiкалая БАЛАША. Мой бацька памёр, калi мне было ўсяго пяць гадоў. Пра яго родных нiчога не расказвалi. Можа, хто пачуе цi прачытае знаёмыя iмёны i прозвiшчы, адгукнiцеся. Таццяна Анатольеўна Балаш, горад Маладзечна”.
“Я вырашыла знайсцi бацьку сваёй дачкi Хульдуна Нурулавiча АСАДУЛIНА. У 1956—1993 гадах я жыла ў горадзе Ленiнагорску (усходнi Казахстан). А ён нейкi час пражываў у Татарыi. Афiцыйна мы з iм не зарэгiстраваны. Зараз я жыву ў Беларусi. Можа, ён таксама тут? Марыя Вiкенцьеўна Навiцкая, Стаўбцоўскi раён”.
Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi сляды дарагiх людзей, хочаце даведацца пра лёс сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а, з паметкай “Помнi iмя сваё...”.
Тэл. 287-18-11;
e-mail:regina@ng-daily.com
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4, перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter