"ПОМНI IМЯ СВАЁ..."

Валянцiна Iванаўна Сантаровiч 23 гады вяла пошукi месца пахавання свайго бацькi Iвана Аляксандравiча Хлястова, якi загiнуў у 1944 годзе. Дзякуючы сумеснаму праекту Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” магiла, дзе знайшоў свой спачын родны чалавек, знойдзена. У сваiм пiсьме жанчына выказала ўдзячнасць праекту, а таксама ўсiм тым, хто дапамагаў у пошуках. “Хачу падзякаваць супрацоўнiку аблвыканкама Iвану Iванавiчу Чаргейку i супрацоўнiкам службы вышуку Чырвонага Крыжа Рэспублiкi Беларусь i Польшчы за iх дабрыню, разуменне, якiя аказалi мне пры пошуку месца пахавання майго бацькi”.

ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
У выпуску “Помнi iмя сваё...” за 17 сакавiка мы змяшчалi пiсьмо Я.Ф.Васiлькова. Ён прасiў дапамагчы адшукаць магiлу бацькi Фрола Ерафеевiча Васiлькова, якi прапаў без вестак у канцы верасня 1944 года. Як паведамiлi з Упраўлення па ўвекавечанню памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяр войнаў Узброеных сiл Рэспублiкi Беларусь, у аўтаматызаваным банку даных звестак пра Ф.Е.Васiлькова не маецца. Для ўстанаўлення яго лёсу быў зроблены запыт у Дзяржаўны архiў Магiлёўскай вобласцi. У трафейных картачках ваеннапалонных Фрол Ерафеевiч Васiлькоў не значыцца. Таму яго родным неабходна звярнуцца ў наступныя архiвы: Цэнтр захоўвання гiсторыка-дакументальных калекцый (125212, г.Масква, вул. Выбаргская, 3). У Цэнтры захоўваюцца дакументы па фактах знаходжання ў канцлагерах на тэрыторыi Германii i акупiраваных ёю краiн; Дзяржаўны архiў Расiйскай Федэрацыi (119817, г.Масква, вул.В.Пiрагоўская, 17). У гэтым архiве захоўваюцца дакументы аб ваеннапалонных i грамадзянскiх асобах, якiя знаходзiлiся ў канцлагерах на тэрыторыi СССР; у Мiжнародную службу вышуку (34444, Германiя, В-3548, г.Арользен, Гроссе Аллее, 5—9, Мiжнародная служба вышуку).
ПРАЗ ТРАСЦЯНЕЦ I АСВЕНЦЫМ
З Дубровенскага раённага савета ветэранаў пераслалi просьбу Яўгена Аляксандравiча КАЗЛОВА. Ураджэнец Вiцебска цяпер жыве ў горадзе Нiжневартаўску Расiйскай Федэрацыi. У гады Вялiкай Айчыннай вайны разам з мацi Лiзаветай Мiхайлаўнай Гаравой, бабуляй Дар’яй Арцёмаўнай Рулевiч, цёткамi Аленай Мiхайлаўнай Лукашэнка i Фаiнай Генадзьеўнай Гаравой i стрыечным братам Альфрэдам знаходзiлiся ў канцлагеры Трасцянец, а затым у Асвенцыме.  Яўген Аляксандравiч спадзяецца знайсцi каго-небудзь з тых, хто разам з iм знаходзiўся ў гэтых канцлагерах i зможа пацвердзiць факт знаходжання ў няволi.
ХТО Ж НАПIСАЎ З КАНАДЫ?
Вера Юльянаўна Някрэвiч са Шчучына просiць дапамагчы адшукаць звесткi пра свайго дзядзьку Сямёна Пятровiча ЛАЗОВIКА, 1924 года нараджэння, ураджэнца вёскi Берагаўцы Шчучынскага (Жалудоцкага) раёна. Жанчына накiроўвала запыты ў многiя iнстанцыi i атрымала адказы, што ў спiсах загiнуўшых i прапаўшых без вестак ён не лiчыцца. Жанчына таксама паведамiла, што прыкладна 40 гадоў таму родныя атрымалi пiсьмо з Канады. Хтосьцi прасiў у iм не шукаць яго, родных знойдзе ён сам”.
У гэтым выпадку, вiдаць, нам давядзецца звярнуцца па дапамогу ў Чырвоны Крыж.
ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК
Мiнчанка Таццяна Васiльеўна Давыдзёнак шукае звесткi пра бацьку Васiля Герасiмавiча ДАВЫДЗЁНКА, 1907 года нараджэння, ураджэнца вёскi Папарнае Крупскага раёна. “Ён прайшоў фiнскую вайну, быў паранены, а вось з Вялiкай Айчыннай не вярнуўся. Мы звярталiся ў многiя iнстанцыi. Адказ адзiн: прапаў без вестак у лiстападзе 1944 года. А так хочацца ведаць, дзе ён пахаваны”.
“Мой брат Рыгор Васiльевiч ВАЛАЖБIНСКI, 1921 года нараджэння, да вайны служыў у Беластоцкай вобласцi, станцыя Бельск, паштовая скрыня 79/35. Кожны тыдзень атрымлiвалi ад яго пiсьмы, а калi пачалася вайна нiякiх звестак не было. Мы займалiся яго пошукамi. З Масквы атрымалi адказ, што ён прапаў без вестак. Так хочацца пачуць цi прачытаць роднае прозвiшча i iмя i месца, дзе ён пахаваны. Кацярына Васiльеўна Iванова, горад Брэст”.
“Мой бацька Мiкалай Архiпавiч ПЕТРАЧЭНКА, 1913 года нараджэння, ураджэнец вёскi Межгост Расонскага раёна, у 1941 годзе быў прызваны ў армiю. Як пайшоў на фронт, дык ад яго не было нiводнага пiсьма. Дапамажыце даведацца, дзе ён загiнуў i пахаваны. Яўгенiя Мiкалаеўна Мухiна, горад Бабруйск”.
“Дапамажыце знайсцi прапаўшых без вестак падчас Вялiкай Айчыннай вайны Васiля Дзмiтрыевiча ПАДАБЕДА, 1900—1906 года нараджэння, i Фёдара Дзмiтрыевiча ПАДАБЕДА, 1906—1909 года нараджэння. Хочацца ведаць, дзе яны пахаваны. Можа, адгукнуцца iх дзецi або ўнукi. Любоў Аляксандраўна Бельчыкава, Лёзненскi раён”.
“Я шукаю свайго брата Мiхаiла Нiчыпаравiча САМУСЕВIЧА, 1919 года нараджэння. Прызываўся ў армiю ў 1939 годзе. Служыў у Брэсцкай крэпасцi. Калi прыходзiў у водпуск, быў лейтэнантам. У чэрвенi 1941 года ён быў у ваенным лагеры ва Урэччы ў Любанскiм раёне. Там яго i застала вайна. Можа, адгукнуцца яго баявыя таварышы. Ева Нiчыпараўна Жаўрыд, Любанскi раён”.
“Просiм дапамагчы нам знайсцi брата Уладзiмiра Сцяпанавiча ГАРДЗЕЯ, 1919 года нараджэння, ураджэнца вёскi Перадзелы Ганцавiцкага раёна Брэсцкай вобласцi. У армiю быў прызваны восенню 1940 года. Апошнюю паштоўку ад яго атрымалi са шпiталя ў 1941 годзе. Звярталiся ў Маскву. Адказ — прапаў без вестак. Павел Сцяпанавiч Гардзей, горад Ганцавiчы”.
Анастасiя Цiмафееўна Рыжкова з Магiлёва шукае звесткi пра сваiх братоў: Фёдара Цiмафеевiча РЫЖКОВА, 1918 года нараджэння, i Васiля Цiмафеевiча РЫЖКОВА, 1923—1925 года нараджэння, якiя не вярнулiся з Вялiкай Айчыннай вайны.
“Я шукаю бацьку Паўла Андрэевiча ГАЛЕЕВА, 1909 года нараджэння, ураджэнца вёскi Кабаны Суражскага раёна Вiцебскай вобласцi. Ён з першых дзён пайшоў на вайну i не вярнуўся. Атрымалi паведамленне, што прапаў без вестак. Мама пасля вайны шукала яго, але не знайшла. Можа, з вашай дапамогай нам пашчасцiць адшукаць звесткi пра яго. Лiдзiя Паўлаўна Галаўнёва, Вiцебскi раён”.
“Прашу дапамагчы мне ў вышуку бацькi Арцёма Андрэевiча ДУКМАСАВА, 1913 года нараджэння, ураджэнца Растоўскай вобласцi (станцыя Лiхая хутара Валчэнскi), якi прапаў без вестак у 1941 годзе ў раёне Беластока (Асавец, Сакулка). Уладзiмiр Арцёмавiч Дукмасаў, горад Мiнск.
“Дапамажыце даведацца пра лёс майго брата Аляксандра Сцяфанавiча КАЛЬМАКОВА, 1922 года нараджэння, ураджэнца Руднянскага раёна Смаленскай вобласцi. Ваяваў пад Сталiнградам. Адтуль i прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Але калi вызвалiлi Смаленск, ён прыслаў пiсьмо, што ваяваў пад Сталiнградам, iшоў па Украiне, вызваляў Заходнюю Украiну i праз Закарпацце дайшоў да Чэхаславакii. Пiсьмы ад яго атрымлiвалi пастаянна. Апошняе было ў сакавiку 1945 года. Родныя таксама пiсалi яму, але прыходзiў адказ, што пiсьмы нельга ўручыць адрасату. Што ж здарылася  з братам? Вера Сцяфанаўна Данчанка, горад Вiцебск”.
З ТАШКЕНТА З НАДЗЕЯЙ
Людмiла Мiкалаеўна Паўлоўская з Баранавiч атрымала пiсьмо ад сваёй пляменнiцы з Ташкента, якая просiць знайсцi магiлу дзядулi. “А гiсторыя такая. Мой дзядзька Георгiй Мiхайлавiч МАРТЫНАЎ падчас вайны быў лётчыкам i лятаў з аэрадрома Мячыкава пад Масквой да беларускiх партызан. Загiнуў ён 13 кастрычнiка 1943 года ў раёне Оршы i Вiцебска. Падчас аднаго з вылетаў iх заўважылi немцы, пачалi страляць па самалёце i падбiлi яго. Дзядзька Гера загадаў членам экiпажа пакiнуць самалёт, а сам спрабаваў давесцi яго да перадавой, але не пашчасцiла. Самалёт узарваўся. Цела загiнуўшага дзядзькi пахавалi жыхары навакольных вёсак. Пра гэта маёй цётцы паведамiў бортрадыст, якi выратаваўся падчас палёту. Ён нават намаляваў ёй план месца пахавання”. Людмiла Мiкалаеўна спадзяецца, што магiлка захавалася, а можа, ёсць жывыя сведкi тых падзей?
ГIСТОРЫЯ АДНОЙ СЯМ’I
“Шукаю стрыечных сясцёр Нiну Якаўлеўну IГНАТАВУ, 1930 года нараджэння, i Таццяну Якаўлеўну IГНАТАВУ, 1933 года нараджэння. У свой час яны жылi ў вёсцы Мiлоўе Дрыбiнскага раёна. Перад вайной знаходзiлiся ў дзiцячым доме ў Чавусах цi ў Расне, зараз нiхто дакладна не ведае. Потым iх перавезлi ў дзiцячы дом у Магiлёў. Ён, здаецца, быў на вулiцы Пляханава. Бацька дзяўчат загiнуў у фiнскую, а мацi памерла. Наведвала iх мая мама, Ганна Мiкiтаўна Яфрэменка. Яе ўжо, на жаль, няма сярод жывых. Ведаю: калi ў вайну фашысты пачалi бамбiць Магiлёў, дзяцей з дзiцячага дома пасадзiлi на машыну i вывезлi, а будынак быў разбiты ўшчэнт. Мама некалькi разоў хадзiла на тое месца, але нiхто ёй не расказаў, дзе могуць быць дзяўчынкi. Дарагiя мае сястрыцы! Калi вы жывыя, адгукнiцеся. Таццяна Мiкалаеўна Яфрэменка (Конасева)”.
ДЗЕ ТЫ, БРАТ?
Таццяна Вiктараўна Малахава з Мiнска шукае брата Уладзiмiра Вiктаравiча МАЛАХАВА, 1956 года нараджэння. “У 1982 годзе брат паехаў у Цюмень. Там уладкаваўся на працу, прыязджаў дамоў, прысылаў пiсьмы. У 1993 годзе сувязь з iм абарвалася”. 
ШУКАЮ ЖАНЧЫНУ
“Пiша вам iнвалiд 2-й групы Леанiд Раманавiч Цiханаў з Баранавiцкага раёна. Зараз я знаходжуся ў доме-iнтэрнаце. Хачу знайсцi жанчыну з прозвiшчам ГУШЧА-ПЯТРЭНКА i iмем Галiна. Жыла яна i, напэўна, жыве дагэтуль у Краснадарскiм краi. Вельмi прашу, дапамажыце яе знайсцi”.
ДАРАГАЯ БАБУЛЯ РАЯ
 Спадзяёмся, што на пiсьмо 14-гадовага Iвана Прысакара адгукнуцца блiзкiя людзi.
“Знайдзiце, калi ласка, маю бабулю i iншых родных па лiнii бацькi. Мой бацька Алег Iванавiч Прысакар, украiнец, загiнуў у 1992-м, калi мне быў год ад нараджэння. Мацi маёй таксама няма. Хачу знайсцi родных свайго бацькi. Я пра iх нiчога не ведаю. Толькi чуў, што бабулю завуць Рая”.
ЧАМУ ТЫ НАС ПАКIНУЛА, МАМА?
“Пiша вам жыхарка вёскi Сваткi Мядзельскага раёна Святлана Мацвееўна Рудзяк. Дапамажыце знайсцi маю мацi Марыю Кузьмiнiчну СОРЫЧАВУ. Гэта яе дзявочае прозвiшча, яны з бацькам не рэгiстравалi шлюб. Мацi з’ехала, калi мне быў  год, а сястры — два. Яна пакiнула нас на руках цёткi, бацькавай сястры, якая, на жаль, памерла ўжо. Цётка казала, што наша мацi з Бурлiнскага раёна, што на Урале. Бацька мой жыве ў Вiцебску, але ён забаранiў нам успамiнаць пра яе. Сястра мая ў Барысаве, завуць яе Iрына. Яна нават не хоча  чуць пра мацi. А я вельмi хачу яе адшукаць. Хачу ведаць, чаму яна нас пакiнула. Мне гаварылi, што яна нейкi час жыла ў Маскве, дзе мелi прапiску яе брат i сястра. Магчыма, мацi выйшла замуж i памяняла прозвiшча. Яна была прыкладна 1933 года нараджэння. Магчыма, у нас ёсць яшчэ цёткi, дзядзькi, стрыечныя браты i сёстры. Вельмi хочацца знайсцi iх i пра ўсё даведацца”.


“Шукаю сясцёр маёй бабулi. Пра сваiх дзядулю i бабулю я нiчога не ведала i звярнулася ў КДБ Рэспублiкi Беларусь, упраўленне па Гомельскай вобласцi. Мне даслалi даведку на падставе архiўных даных. Па гэтых даных я знайшла родных свайго дзядулi. Мой дзядуля Баляслаў Мiкалаевiч Зяньковiч, 1902 года нараджэння, ураджэнец вёскi Дубнякi Любанскага раёна Мiнскай вобласцi, жыхар мястэчка Гарадзец Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласцi, настаўнiк сярэдняй школы, арыштаваны 21 чэрвеня 1938 года i расстраляны 9 кастрычнiка гэтага ж года. Рэабiлiтаваны 16 кастрычнiка 1989 года.
Мая бабуля Варвара Сяргееўна Чапцова, 1905 года нараджэння, ураджэнка вёскi Старое Сяло Рагачоўскага раёна, жыхарка вёскi Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна, настаўнiца няпоўнай сярэдняй школы, была арыштавана 14 сакавiка 1945 года i 13 чэрвеня таго ж года асуджана да 10 гадоў выпраўленчых працоўных лагераў.  Варвара Чапцова ў 1925 годзе закончыла Рагачоўскi педтэхнiкум, пасля чаго працавала настаўнiцай у Старых Дарогах, Слуцку, у вёсках Амговiчы Слуцкага, Осаў Бабруйскага, Чэбатовiчы Увараўскага раёна Гомельскай вобласцi, а з 1937 года — у мястэчку Гарадзец Рагачоўскага раёна. У 1926 годзе выйшла замуж за Б.М.Зяньковiча. Бабуля ў анкеце ўказала: дачка Галiна Баляславаўна, 1927 года нараджэння, ураджэнка мястэчка Старыя Дарогi Слуцкага раёна; дачка Ала Баляславаўна, 1931 года нараджэння, ураджэнка вёскi Амговiчы Слуцкага раёна (мая мама) i яшчэ сястру Ганну Сяргееўну ЧАПЦОВУ, 1912 года нараджэння, ураджэнку горада Рагачова, якая жыла ў мястэчку Брагiн Гомельскай вобласцi. (Больш нiкога не назвала). Калi бабулю забралi, цётка Ганна выхоўвала маму i яе сястру Галю. Яшчэ пра цётку ведаю, што ў яе было двое дзяцей, якiя, магчыма, жывуць у Маскве. (Мама памерла ў 1995 годзе, так нiчога нам i не расказаўшы). Калi бабуля вярнулася з турмы, ёй стала пiсаць пiсьмы яе другая сястра, якая пасля вайны пераехала ў Аўстралiю. Марыя Сяргееўна ЧАПЦОВА паехала на пастаяннае месца жыхарства ў горад Канбера, прозвiшча яе па мужу Чупрыс (лiтовец), у iх была дачка Марыя (на здымку разам з мацi) i сын Роберт. Iншых звестак не маю, бо ў 1960-х гадах нам забаранiлi з ёй перапiску. У нас ёсць фотаздымкi, а адрас згубiўся. Ужо год, як я паслала пiсьмо на перадачу “Жди меня”, пакуль адказу няма. Тата мой жывы i расказваў, што прыязджала да нас яшчэ адна сястра (а можа, цётка), я толькi ведаю, што жыла яна ў пасёлку Доўск Рагачоўскага раёна i працавала галоўным бухгалтарам на льнозаводзе. Як звалi, ён не памятае. Я спрабавала даведацца сама што-небудзь пра бабулю, тэлефанавала ў вёску Старое Сяло. Там сказалi, што пражывалi Чапцовы, але зусiм iншыя. I падказалi, што ёсць яшчэ адно Старое Сяло, але, дзе яно знаходзiцца, не ўдакладнiлi. Яшчэ ў Старым Сяле жыве бабулька, ёй ужо шмат гадоў. У яе была сяброўка, якая жыве ў Аўстралii, завуць таксама Марыя. Я тэлефанавала гэтай бабулi, але не дабiлася толку. Дапамажыце ў пошуках родных. Янiна Уладзiмiраўна Карабко, горад Смаргонь”.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма,i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога. Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка
за яе межамi дарагiх людзей, хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых, землякоў, аднапалчан —
звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter