"Помнi iмя сваё..."

Дзесяткi людзей знайшлi сваiх родных i сяброў дзякуючы пошукаваму праекту Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё i “Народнай газеты” “Помнi iмя сваё...” Мы з калегамi радуемся за кожнага з iх. Асаблiва цёпла на сэрцы, калi праз многiя дзесяцiгоддзi адшукваецца след чалавека. Калi тыя, хто даўно страцiў надзею знайсцi згiнуўшых без вестак у вiхуры Вялiкай Айчыннай, чуюць цi чытаюць знаёмае прозвiшча, даведваюцца нарэшце, дзе магiла бацькi, брата, дзядулi. Вось i гэтае пiсьмо з Наваполацка суправаджаецца надзеяй.

“У “Народнай газеце” за 16 снежня 2005 года надрукаваны спiс ваенных, пахаваных у нямецкiм горадзе Цайтхайн. Ёсць надзея, што Пётр Канстанцiнавiч Стрэльчанка, 1915 года нараджэння, — наш родзiч. Усе даныя сведчаць пра гэта. Да вайны ён служыў у Брэсце ў пяхотных войсках, па званню быў лейтэнантам (на каўняры фрэнча стаяць два ромбiкi), быў нежанаты, прапаў без вестак, бацькi атрымлiвалi дапамогу. Родам ён з Полацкага раёна Вiцебскай вобласцi. Перад пачаткам вайны Пётр Канстанцiнавiч прыязджаў у водпуск да бацькоў, вярнуўся ў Брэст на службу, i хутка пачалася вайна. Вiдаць, ён трапiў у палон i аказаўся ў Германii, дзе i загiнуў. Яшчэ жывуць дзве яго родныя сястры Нiна i Таццяна, адной 84, другой 82 гады. Пачулi яны знаёмае прозвiшча i даныя па радыё i ўбачылi ў газеце. Не страчваюць надзеi даведацца пра магiлу брата i ўбачыць яе i горад Цайтхайн на фотаздымку. А напiсала вам па iх просьбе родная пляменнiца Марыя Уладзiмiраўна Правалёнак”.
Мы разам з калегамi яшчэ раз праверым звесткi па новых спiсах савецкiх ваеннапалонных лагера Цайтхайн. I будзем спадзявацца, што надзея сясцёр i пляменнiцы недарэмная.
ЗНАЙСЦI ЧАЛАВЕКА
28 красавiка мы друкавалi лiст ад былой выхаванкi Целяханскага дзiцячага дома Веры Арсенцьеўны Баль. З той пары мiнула шмат часу, але гады ў дзiцячым доме яна ўспамiнае часта. Вера Арсенцьеўна вельмi хацела даведацца пра лёс сваiх сябровак дзяцiнства Тамары Ермаловiч, Раiсы Качынай, Юлii Палхоўскай, Вольгi Найдзёнавай i Нiны Скараход. Жанчына памятае iх i прасiла адгукнуцца. Сафiя Вiкенцьеўна Булшыская з Барысава паведамiла, што таксама была выхаванкай гэтага дзiцячага дома i прозвiшчы дзяўчат ёй знаёмыя. Калегi з радыё патэлефанавалi Сафii Вiкенцьеўне.
— Я вельмi добра памятаю гэтыя прозвiшчы i саму Веру Баль, — расказала яна. — Я выхоўвалася ў гэтым дзiцячым доме амаль 6 гадоў. Успамiнаю сваiх выхавацеляў Зою Рыгораўну Бабанаву i Уладзiмiра Iльiча Абрамовiча. Дырэктарам дзiцячага дома быў Аляксей Пятровiч Iльнiцкi. Добра памятаю яго жонку Надзею, дзяцей Рыму i Галiну, сваiх сябровак. Маё дзявочае прозвiшча Трыпутневiч. 
КалІ Чуеш, браток...
Таццяна Несцераўна Харко (Памаз) з Пастаўскага раёна шукае брата Фёдара Несцеравiча ПАМАЗА, 1941 года нараджэння. У 1945 годзе ён быў накiраваны ў Рэчыцкi дзiцячы дом-размеркавальнiк. Сястра яго там наведвала. Праз год пры чарговым наведваннi яго не застала. Паведамiлi, што брата перавялi ў Чырвонабярэжскi дзiцячы дом Гомельскай вобласцi. Калi наведала гэты дзiцячы дом, хлопчыка там не аказалася. З таго часу яна шукае свайго брата. Iх бацька не вярнуўся з вайны, мацi памерла ў 1943 годзе. Дзецi засталiся сiротамi. Немцы спалiлi вёску, Таццяну з братам забралi ў Германiю. Брата Таццяна зберагла i пасля вызвалення прывезла на радзiму, але тут яго згубiла. “Браток, калi ты пачуў цi прачытаў мой зварот, дай знаць пра сябе”.
Мiнчанка Святлана Пятроўна Iваненка i яе брат Уладзiмiр Пятровiч Бузаў хочуць убачыцца i пазнаёмiцца з... родным братам Аляксандрам Пятровiчам БУЗАВЫМ. “Ён хутчэй за ўсё не здагадваецца пра наша iснаванне. Здарылася так, што наша мацi Аляксандра Фёдараўна Бузава памерла праз 8 гадзiн пасля нараджэння Аляксандра. Час быў цяжкi, галодны. Калi пахавалi мацi, грудное дзiця па рэкамендацыi ўрача аддалi ў магiлёўскi Дом малюткi. Бацька пастаянна наведваў яго там. Аднойчы, калi прыехаў да Аляксандра, яму сказалi, што хлопчыка аддалi ў добрую сям’ю, здаецца, ваеннаслужачага. З таго часу пра брата нiчога невядома, у тым лiку i яго прозвiшча пасля ўсынаўлення. Цяпер, калi мiнула столькi гадоў, Аляксандру i яго прыёмным бацькам не пашкодзiць, калi яны даведаюцца, што ў Сашы ёсць родныя брат i сястра. А мы, у сваю чаргу, былi б вельмi шчаслiвыя ўбачыць брата”.
Надзея Аляксандраўна Пшонка з Лепельскага раёна хоча адшукаць дзвюх стрыечных сясцёр Валянцiну Васiльеўну  ТКАЧОНКА (Лейчанка) i Святлану Iванаўну КАПЛЯНЧЫК (Лейчанка). Яны павiнны жыць у горадзе Мiкунь Рэспублiкi Комi Расiйскай Федэрацыi.
“Дапамажыце мне знайсцi пляменнiцу Вольгу Мiкалаеўну БУРУЮ, якая павiнна жыць у Мiнску. Мая Аляксандраўна Гладкая, горад Узда”.
“Вельмi прашу дапамагчы адшукаць пляменнiка Часлава Генрыхавiча БАХАРА, 1962 года нараджэння. У 1992 годзе ён жыў у горадзе Мазыры. А з 1994-га нiякiх звестак ад яго няма. Вяслава Францаўна Гiдрэвiч, Мастоўскi раён”.
ДЗЕ ТАЯ ВЁСКА БЕЛАРУСКАЯ?
“Шукаюць людзi сваiх родных, блiзкiх, каханых. А я, вiдаць, выключэнне. Бо хачу знайсцi ў Сiбiры вёсачку. Шукаю яе прыкладна гадоў 10. Але ўсё па парадку. Iшоў 1928 год. Урад заклiкаў жадаючых паехаць асвойваць сiбiрскiя землi. З сяла Шпакоўшчына, што на Полаччыне, i суседнiх вёсак адгукнулася сем’яў 12—14, у тым лiку i мае бацькi Iван Васiльевiч Дзядзiнец i Анастасiя Мiхайлаўна Дзядзiнец-Вышынская. Пагрузiлi на падводы наш небагаты скарб i павезлi на чыгуначную станцыю Полацк. Там у таварняк — i ў далёкi шлях. У Краснаярску нас сустрэлi сiбiракi на нiзкарослых, але спрытных конiках з уцепленымi, мяккiмi вазкамi. Везлi, як нам здалося, на край свету: кiламетраў сто, а можа, i больш. Высадзiлi на пустым месцы, на ўскрайку тайгi. Нашы мужыкi кемлiвыя, прыхапiлi з сабой сякеры, пiлы, стрэльбы. Талакой хутка пабудавалi адзiн вялiкi дом i пасялiлi там шматдзетныя сем’i. Затым кагалам узвялi хаты ўсiм сем’ям. Памятаю i нашу пяцiсценку, якая пахла смалой. Падаспела калектывiзацыя. Сiбiракi сустрэлi яе ў штыкi. А навасёлам трацiць няма чаго. Згадзiлiся i назвалi калгас “Чырвоны сцяг”. Я да таго часу дома, у Беларусi, закончыла пачатковую школу. Трэба было працягваць вучобу, а да школы 80 кiламетраў. Чацвёра ўсё ж згадзiлiся вучыцца. Завезлi нас у Сухабузiмскую школу-iнтэрнат. Запомнiлася яна мне добрымi, iнтэлiгентнымi настаўнiкамi, сiбiрскiмi шанякамi i кедравымi арэхамi. Я закончыла сямiгодку. Хацела паступаць у Томскi элеватарна-мукамольны iнстытут, але не атрымалася з мяне вучонага мукамола. Мацi захварэла i заявiла: “Хачу памерцi на радзiме”. I мы вярнулiся на Полаччыну. Сувязь з землякамi перарвалася пасля вайны. I цяпер, праз столькi гадоў, хацелася б даведацца, як склалася iх жыццё на сiбiрскiх прасторах. Я была дэлегатам II мiжнароднай канферэнцыi беларусiстаў. Пазнаёмiлася з беларусам, якi ўзначальваў беларускую дыяспару ў Новасiбiрску. Дала яму ўсе каардынаты маёй вёсачкi, ды безвынiкова. Пiсала пiсьмо ў “Красноярский рабочий”. Звярталася ў Сухабузiмскi райвыканкам. Няма адказу. Аляксандра Iванаўна Дзядзiнец, горад Орша”.
Вяртайся дадому!
“Я ўжо страцiла надзею i сваё здароўе. Напрыканцы 2004 года прапаў мой сын Вiталь Васiльевiч ФIЛIПЧЫК, 1976 года нараджэння. Ужо трэцi раз ён паехаў у адно i тое ж месца на заробкi на Поўнач. Там здарылася няшчасце. Калi меркаваць па яго расказах, працаваў на будоўлi. Пасля працы ён з сябрам паехаў на рыбалку i не вярнуўся. Сябар яго быў з Вiцебска. Што ў iх там здарылася, нiхто не ведае. Праз тры тыднi сябра вылавiлi мясцовыя рыбакi. А вось майго сына i лодку нiдзе не знайшлi. Сынок, калi ты жывы, вяртайся, калi ласка, дадому. Або дай хоць якую-небудзь вестачку, што ты жывы. Буду вельмi чакаць. Зiнаiда Яўгенаўна Фiлiпчык, горад Iвацэвiчы”.
“У наш дом прыйшла бяда. Два гады таму Леанiд Андрэевiч ВIЛЬГОДСКI, 1965 года нараджэння, ураджэнец горада Брэста, паехаў на заробкi ў Маскву. Разам з iм адправiлiся яшчэ некалькi чалавек з нашага горада. Праз некаторы час яго сябры вярнулiся. I ад iх мы даведалiся, што Леанiд застаўся ў Маскве. 7 студзеня мiнулага года Леанiд тэлефанаваў нам: паведамiў, што будзе дома праз два-тры месяцы. I з таго часу больш нiякiх вестак ад яго не атрымлiвалi. Алена Уладзiмiраўна Вiльгодская, горад Брэст”.
“Дапамажыце адшукаць сына Васiля Аляксеевiча ПIЛIЕВА, 1952 года нараджэння, якi жыў у Рызе, працаваў на гандлёвых суднах. Апошнi раз прыязджаў з сям’ёй на радзiму ў 1990 годзе. Пасля гэтага сувязь абарвалася. Я пiсала на iх адрас, мне адказалi чужыя людзi. I вось 16 гадоў жыву са слязамi на вачах. Людзi добрыя, дапамажыце хоць што-небудзь даведацца пра сына i яго сям’ю. Ганна Канстанцiнаўна Пiлiева, Стоўбцы”.
Валянцiна Мiкалаеўна Зайцава з Магiлёва пiша, што вясной мiнулага года яна прывезла да сябе з Украiны свайго бацьку Мiкалая Якаўлевiча КАНЦАВОГА. “У сакавiку яму споўнiлася 80 гадоў. Прыкладна праз месяц ён паехаў у госцi да сястры Вольгi Якаўлеўны Дудзенус у Дрыбiнскi раён. Але не даехаў. На станцыi Цёмны Лес выйшаў з аўтобуса, зайшоў у магазiн i... знiк. Да сястры не прыйшоў i да мяне не вярнуўся. Мы падалi ў вышук — безвынiкова. Але ж гэта вёска, а не вялiкi горад. Я не магу паверыць, што чалавек можа вось так аднойчы i назаўжды знiкнуць. I нават нiхто яго не бачыў”.
БЕЗ МЕЖАЎ I ВIЗ
Свайго брата Мiхаiла Канстанцiнавiча ВАШЧАНКУ, якi жыў у горадзе Рыга, шукае Алена Канстанцiнаўна Лiпаўка з Бабруйска. 17 гадоў таму, калi памерла iх мацi, ён прыязджаў на пахаванне. I з таго часу няма больш нiякiх звестак ад яго.
“Ад iмя Таiсii Дзям’янаўны Мiсюкевiч (Бунар) з Ашмянскага раёна да вас звяртаецца яе дачка Валянцiна. Мая бабуля (мама маёй мамы) Груня Iванаўна Бунар (Мароз або Марозава) памерла ў 1945 годзе. Дакументы падчас Вялiкай Айчыннай вайны былi знiшчаны. Жыццё было цяжкае, i сувязi з яе раднёй страцiлiся. Са слоў маёй мамы (толькi гэта яна ведала i памятае), яе мацi нарадзiлася ў Чарнiгаўскай губернi ва Украiне. Раён не памятае, вёска або сяло Марозаўка. У гэтым населеным пункце была царква i цякла рачулка. Яе бацьку эвалi Iванам, мацi Бранiславай. Былi родныя браты i сёстры Архiп, Фёдар, Рыгор, Зiнаiда, Палага (або Пелагея). Сярод жывых iх, напэўна, ужо няма. Але, магчыма, жывуць iх дзецi i ўнукi. Пасля 1918—1919 гадоў мая бабуля жыла i працавала ў Лiдзе, а мой дзед Дзям’ян Iзыдаравiч Бунар у той час служыў у армii. Там ён з ёй i пазнаёмiўся, а потым прывёз да сябе на радзiму, на Ашмяншчыну, дзе яны пажанiлiся. Былi ў iх тры дачкi Таiсiя, Марыя i Стэфанiя. Марыi i Стэфанii ўжо няма сярод жывых. Мая мама апошнiм часам вельмi часта ўспамiнае пра радзiму сваёй мацi. Раней марыла нават паехаць туды, адшукаць сваiх родных i блiзкiх, але з-за жыццёвай мiтуснi так i не змагла гэтага зрабiць. Спадзяемся на вашу дапамогу”.
“Дапамажыце адшукаць брата i сястру. Спробы знайсцi iх самастойна не далi станоўчага вынiку. Спадзяюся на вас i вашых памочнiкаў, якiя, не шкадуючы сiл i часу, дапамагаюць людзям. Мая старэйшая сястра жыве зараз дзесьцi ва Украiне. Апошнi раз мы бачылiся з ёй у 1991 годзе на пахаваннi бацькi. Мне вядома, што яна змянiла месца жыхарства. Новы яе адрас я згубiў, 5 гадоў як перапiска спынiлася. Вёска, дзе яна жыве, называецца Васюкоўка або Васюкi, вобласць i раён не памятаю. Прозвiшча сястры САРВАЕВА Iрына. А вось з пошукамi брата Юрыя Вiктаравiча ВАСЮКОВА больш складана. Справа ў тым, што ў 1992 годзе ён па дагавору з нейкай мiнскай фiрмай паехаў на працу ў Германiю. 14 гадоў мы нiчога не ведаем пра яго. Апошняе, што мне стала вядома, нiбыта ён у Германii знаходзiцца ў зняволеннi. Наколькi гэта праўда, не ведаю. Спадзяюся на вашу дапамогу. Сяргей Вiктаравiч Васюкоў, горад Орша”.
ПРАЗ АДЛЕГЛАСЦЬ I ЧАС
Мiнчанка Таiса Яўгенаўна Кузьмянко (Рачкоўская) шукае Анатоля КАНДРАЦЬЕВА, прыблiзна 1937—1939 года нараджэння. Ён у 1956—1960 гадах вучыўся ў Гродзенскiм сельскагаспадарчым iнстытуце. У гэты час Таiса Яўгенаўна вучылася ў Гродзенскiм педiнстытуце iмя Ажэшкi.
“Прашу дапамагчы знайсцi адрас месца жыхарства ва Украiне дарагога i блiзкага мне чалавека Iвана МОЖАРА, прыблiзна 1930 года нараджэння. Ала Фамiнiчна Скрыпчык (Луферчык), горад Мiнск”.
АДГУКНIЦЕСЯ!
“У пачатку 60-х гадоў я згубiла сваю сяброўку Сафiю ЛЯПЛЯНIНУ, 1937—1938 года нараджэння. З ёй мы працавалi ў 1956—1958 гадах на Мiнскай картаграфiчнай фабрыцы. Жылi таксама разам, на вулiцы Герцэна. Сафiя —  хросная мацi маёй дачкi Наталлi, якую хрысцiла ў 1958 годзе. Сяброўка выйшла замуж. Яе муж Iван у той час працаваў шафёрам у другiм аўтобусным парку. Можа, яна пачуе цi прачытае мой зварот i адгукнецца. Надзея Восiпаўна Краўцова”.
На адрас пошукавага праекта прыходзiць вельмi шмат пiсьмаў, таму на старонцы праграмы “Помнi iмя сваё...” у Iнтэрнэце для вышуку будуць змяшчацца толькi лiсты з фотаздымкамi.

Калi вы знайшлi ў пiсьмах знаёмае прозвiшча, пазналi чалавека на фотаздымку, ведаеце, як адшукаць гэтых людзей, пiшыце, тэлефануйце (дадатковую iнфармацыю пра тых, каго вышукваюць, можна знайсцi на сайце www.tvr.by). Памятайце, што кожная вестачка дарагая тым, хто шукае родных i блiзкiх. Магчыма, i вам калi-небудзь спатрэбiцца iх дапамога.
Калi вы згубiлi ў Беларусi цi далёка за яе межамi дарагiх людзей,
хочаце даведацца пра сяброў дзяцiнства, аднакласнiкаў, каханых,
землякоў, аднапалчан — звяртайцеся:
у рэдакцыю “Народнай газеты”: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а,
з паметкай “Помнi iмя сваё...”. Тэл. 287-18-11; e-mail:regina@ng-daily.by
на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: 220807, г.Мiнск, вул.Чырвоная, 4,
перадача “Помнi iмя сваё...”; e-mail:poisk@radio.tvr.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter