“Помні імя сваё”

Набліжаецца вясна -- час, калі абуджаюцца пачуцці, калі хочацца кахаць і быць каханым. Часта гэта няпроста. Але, мабыць, трэба заўсёды спадзявацца, ісці насустрач свайму каханню, свайму шчасцю. І тады зменіцца ўсё да лепшага. Спадзяёмся, так будзе і ў жыцці кожнага, хто звяртаецца па дапамогу на сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”. Нават калі маладосць даўно прайшла, ёсць магчымасць даведацца пра лёс тых, хто ўспамінаецца светла і прыязна.

 Дрыготкая павуцінка пачуццяў
“Я, А.А.Круглікаў (на фота), 1940 года нараджэння, з Расонскага раёна, выхоўваўся ў дзіцячым доме “Камунары” Касцюковіцкага раёна. Пасля заканчэння сямі класаў мяне накіравалі ў Бабруйскае вучылішча № 4. Потым -- на працу сталяром-фанершчыкам у Першамайскі раён Горкаўскай вобласці на мэблевую фабрыку. Там і пазнаёміўся з Ганнай Васільеўнай ГУСАРАВАЙ, тады яна вучылася ў сёмым класе. Некаторы час  мы сябравалі, але затым мне давялося паехаць у Беларусь. Так у жыцці больш ніколі не сустрэліся. Прашу адгукнуцца Ганну Васільеўну ці тых, хто пра яе ведае”.
Праз паўстагоддзя
“Прашу адгукнуцца Міхаіла Міхайлавіча ЗІНКЕВІЧА, 1935 ці 1936 года нараджэння. У 1957 годзе Міхаіл жыў у сяле Аляксееўка, што ў Казахстане, і працаваў механізатарам. Валянціна Паўлаўна Калеснікава, Мінск”.
Не забываецца
“Не магу забыцца пра свайго сябра юнацтва Сёму БЕНЕНСОНА. Некалькі разоў звярталася на праграму «Жди меня», але не атрымала адказу. Пазнаёміліся мы ў 1974 годзе. Я жыла тады ў старэйшай сястры ў горадзе Барысаве на вуліцы Дзяржынскага, а Сёма нарадзіўся і жыў на вуліцы Першай Маскоўскай дывізіі. Сябравалі, але нашы жыццёвыя шляхі разышліся. Вольга Арсеньеўна Краўчанка (Шаўкун), Мінск”.
Фотаздымак на памяць
“Знайдзіце сябра маёй маладосці Уладзіміра Аляксандравіча АЖАРЭЛЬЕВА, які ў 1959 годзе праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў пасёлку Калодзішчы пад Мінскам. Там мы з ім і пазнаёміліся. Сябравалі, сустракаліся. А потым здарылася так, што я паехала на адпачынак, а Уладзімір у гэты час дэмабілізаваўся, прыйшоў на кватэру, дзе я жыла, і мяне не ўбачыў. Ён пакінуў на памяць свой фотаздымак і пайшоў. Я напісала потым яму ліст, але адказу не атрымала. Родам Уладзімір  з Калмыкіі. Дагэтуль захоўваю яго адрас і фотаздымак. Аляксандра Паўлаўна Мароз”.
Пазнаёміліся ў 1945-м
“Дапамажыце адшукаць майго знаёмага Георгія Мікітавіча БУЯНАВА. Мы з ім пазнаёміліся на станцыі Багушэўск у верасні 1945 года, і дагэтуль пра яго я нічога не ведаю. Вольга Пятроўна Загорская (Траян), Аршанскі раён”.
Не магу дараваць
“Сёлета роўна 50 гадоў, як я расстаўся са сваёй настаўніцай Лідзіяй Паўлаўнай ПУЦІНАЙ. Яна села ў цягнік і паехала. Не магу дараваць сабе, чаму я тады адпусціў яе. Напэўна, спадзяваўся на хуткую сустрэчу. Але яна не адбылася. У тым жа 1959 годзе я пайшоў на службу ў армію, служыў у Германіі. Пасля гэтага знайшоў Лідзію Паўлаўну, але, як аказалася, позна. Яна была ўжо замужам. Вельмі хачу ведаць, як склаўся яе лёс. Буду рады, калі ў  жыцці Лідзіі Паўлаўны ўсё добра і яна адгукнецца. Уладзімір Мікалаевіч Булачкін, Мінск”.
І больш не бачыліся
“У 1959 годзе я пазнаёмілася з маладым чалавекам Міхаілам Апанасавічам ЖАМОЙДЗІКАМ, 1940 года нараджэння, які  вучыўся ў Гродзенскім культасветвучылішчы  і ў Доме культуры  вёскі Жыровічы праходзіў практыку. Родам ён з вёскі Юрэвічы Дзятлаўскага раёна. Пасля заканчэння вучылішча Міхаіл паехаў у Мінск, і больш мы не сустракаліся. Хочацца даведацца, як склаўся яго лёс. Тамара Максімаўна Кажэўнікава, Слонімскі раён”.
Салодкая тайна
“Цікава, ці можна знайсці чалавека, калі ведаеш толькі яго імя?” -- пытаецца жанчына, якая прасіла не называць яе прозвішча і расказала такую гісторыю. “У 1969 годзе  я  з шасцігадовым сынам была ў доме адпачынку на Нарачы. Там  пазнаёмілася з хлопцам, імя якога Канстанцін. Ён працаваў вадзіцелем грузавой аўтамашыны і зімой тады прыехаў на Нарач адпачываць. Ён вучыў мяне і сына катацца на лыжах. Косця не верыў, што я замужам. Напэўна, па маіх вачах было бачна, што шлюб у мяне не вельмі шчаслівы. Успамінаецца такі выпадак. Аднойчы майму сыну на прыродзе захацелася піць. У адно імгненне Косця раздабыў дзесьці бутэльку малака і прынёс хлопчыку. Калі мы з сынам вярнуліся ў Мінск, неяк за сталом ён у прысутнасці мужа сказаў:  “Памятаеш, мама, як мы з татам каталіся з горкі?” А муж нават вухам не павёў. Як пазней высветлілася, у яго была іншая  жанчына з  дзіцем. Сын мой ужо дарослы, а муж памёр. Шкадую, што ў свой час не даведалася прозвішча Косці, тады я сама знайшла б яго. Можна ўзгадаць яшчэ такі момант. Пасля таго, як мы з сынам вярнуліся ў Мінск, да нас прыходзіла сястра Косці. Ён папрасіў яе даведацца, ці сапраўды я замужам. Дзверы ёй адчыніў мой муж. Больш мы з Косцем не сустракаліся. Мінула 40 гадоў. Бываюць жа цудоўныя, неспадзяваныя сустрэчы. Вельмі хачу пераканацца, што ў маім жыцці быў чулы, добры чалавек. Тое, што не склалася раней, здавалася, на гэта былі важныя прычыны. Ах, маладосць, каб ты ведала, а старасць магла!”
Спытаць пра жыццё і здароўе
 “Дапамажыце знайсці знаёмага чалавека Мікалая МАХНАЧА (імя па бацьку і год нараджэння яго не памятаю). У 1982  годзе мы разам адпачывалі ў санаторыі “Хілава”. Жыве  Мікалай дзесьці каля горада Дзяржынска. У яго жонка, дзве дачкі і сын. Мы, калі ад’язджалі з санаторыя, дамаўляліся сустракацца, але не давялося. Шмат гадоў мінула, вельмі хочацца ўбачыцца з ім, спытаць пра жыццё і здароўе. Іван Іванавіч Рак, Мінск”.
За разлукай -- сустрэча
Лідзія Міхайлаўна Сідарэнка са Смалявіч шукала сястру Анастасію Міхайлаўну Лях, 1929 года нараджэння, якая жыла ў Карэліі. Да 2000 года сёстры падтрымлівалі сувязь: пісалі адна адной лісты, тэлефанавалі. Пасля смерці мужа Анастасія Міхайлаўна паехала жыць да сына ва Украіну, і сувязь з ёй абарвалася. Пра лёс сястры расказана ў пісьме, якое накіравана Лідзіі Міхайлаўне.
Надзея Іванаўна Грудзеева з Віцебска шукала былога калегу Дзмітрыя Піліпавіча Матушчака, разам з якім працавала ў педагагічным інстытуце ў Карагандзе. У час перабудовы яны змянілі месца жыхарства і страцілі сувязь. Па звестках гарадскога ўпраўлення Міністэрства унутраных спраў Украіны, Д.П.Матушчак жыве ў горадзе Днепрапятроўску. Дакладны адрас калегі накіраваны пісьмом.
Сястру і пляменніцу Алу Мікалаеўну Дарагабец, сувязь з якой страчана з 1989 года, шукалі родныя з Брэста. Адрас Алы Мікалаеўны высланы родным пісьмом.
Васіль Артышук з Брэста шукаў стрыечнага брата Сцяпана Францавіча Артышука, 1946 года нараджэння, які выхоўваўся ў інтэрнаце, пасля вучобы быў накіраваны на працу ў Казахстан. Родныя перапісваліся, а потым абарвалася сувязь і, прыкладна, з 1964--1966 года нічога не ведалі адзін пра аднаго. Праз электронную пошту адгукнуўся Алег -- сын Сцяпана Францавіча Артышука. Яго адрас накіраваны В.Артышуку.
Ніна Аляксееўна Падвербная з горада Новазыбкава Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі шукала сябра маладосці Анатоля Аляксеевіча Сыманава, 1946 года нараджэння. Яна паведамляла, што ў 1967 годзе яны працавалі ў вёсцы Пліса Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці: ён настаўнікам у школе,  яна -- у бальніцы.  Родам яна з Расіі, таму часта не разумела, што гаварылі мясцовыя жыхары. “Калі будзе цяжка, звяртайся да мяне”, -- сказаў Анатоль. І хоць яна ні на што не скардзілася, было прыемна, што ёсць чалавек, які гатовы прыйсці на дапамогу. А потым яны раз’ехаліся. Анатоль Аляксеевіч патэлефанаваў і расказаў, што ён пераехаў у Мінск, працуе, памятае маладосць, Ніну Аляксееўну і Плісу, дзе застаўся кавалачак яго сэрца.
У пошуках бацькі, сясцёр і братоў
“Мая маці Кацярына Іванаўна Асадчава (Асадчова), 1921 года нараджэння, перад вайной выйшла замуж за Васіля Мікалаевіча ШАРАВА (Шарова), 1921 года нараджэння. Мой бацька быў ваеннаслужачым, сям’я наша жыла ў Гродне. Падчас эвакуацыі жыхароў эшалон разбамбілі немцы. Выжылі нямногія. Бацьку сказалі, што маці загінула, а яна выжыла і вярнулася на радзіму. Пасля вайны  шукала яго. Быў адзін адказ -- “прапаў без вестак”. Яна выйшла замуж другі раз. Бацька застаўся жывы і таксама нас шукаў, але мы пераехалі ў іншы горад. Мяне ўдачарыў айчым. Пасля яго смерці я пачала пошук бацькі. Да 1986 года ён жыў у вёсцы Карагод недалёка ад Прыпяці, але вёску эвакуіравалі. Пазней даведалася, што бацька быў жанаты, у яго чацвёра дзяцей. Я звярталася ва Украіну, але адказу не атрымала. Дапамажыце знайсці бацьку, а таксама сясцёр і братоў. Валянціна Пятроўна Казак,  Беразіно”.
“Прашу адгукнуцца сястру Валянціну Сяргееўну СІКО (дзявочае прозвішча Рыжкова), прыкладна 1939--1940 года нараджэння. Пасля смерці маці ў 1944 годзе нас разлучылі: сястру накіравалі ў Віцебскі дзіцячы дом, мяне забраў бацька, а старэйшага брата Алега, 1932 года нараджэння, бабуля. Пазней Валянціна таксама жыла ў бацькі. Мы вучыліся ў школе № 15 горада Віцебска. Пасля сёмага класа сястра  закончыла курсы медыцынскіх сясцёр і па камсамольскай пуцёўцы паехала на цаліну. Там працавала ў бухгалтэрыі, пазней выйшла замуж за Міхаіла Сіко. У іх нарадзілася дачка Ірына. Потым сям’я пераехала на радзіму Міхаіла: у горад Ужгарад Закарпацкай вобласці. Пазней Міхаіл памёр. Мы перапісваліся, але вось ужо больш за дваццаць гадоў, як сувязь страцілася. Генадзь Сяргеевіч Рыжкоў, Віцебск”.
“Дапамажыце знайсці майго стрыечнага брата Мікалая СІРАТУ. Пасля смерці маці ён выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пазней жыў у Мінску, працаваў у пашпартным стале. Варвара Трафімаўна Буравая, Орша”.
За марамі-акіянамі
“У 1930 годзе ў пошуках лепшай долі цётка, сястра маёй маці Акуліна Емельянаўна ГОЛУБ (прозвішча дзявочае) з сям’ёй і яе стрыечная сястра Ефрасіння Ціханаўна ФАЛЮК з мужам Фёдарам паехалі ў Аргенціну. У 1931 годзе ў іх нарадзілася дачка Ліза, пазней -- сын Мікалай. Яны жылі разам з цёткай Акулінай. Хачу знайсці родных. Валянціна Іванаўна Кочук, Клецкі раён”.
“Шукаем дзядзьку Рамана Васільевіча БІРУКА або яго родных. Раман Васільевіч нарадзіўся ў 1898 годзе ў вёсцы Гарбачы Слонімскага раёна тады Баранавіцкай (зараз Гродзенскай) вобласці. У 1918--1919 гадах ён выехаў у Амерыку на працу. Калі прыехаў туды, праходзіў рэгістрацыю ў порце горада Нью-Йорк. Працаваў на будоўлі. Да вайны неаднаразова прысылаў грашовыя пераводы на імя  сваёй сястры Марфы Васільеўны Бірук (па мужу Іванко), 1900 года нараджэння, атрымлівала яна і пісьмы. Пасля вайны  (у 1958 годзе) пераводы і пісьмы прыходзілі на сельскі Савет, але па незразумелай прычыне іх не аддалі з пошты. Пісьмы прыходзілі таксама і ў 1970 годзе, але нехта наўмысна нам іх не прынёс. Раіса Паўлаўна Рыжая, Жодзіна”.
Разышліся шляхі-дарогі
“Шукаю сына. З Аленай БУРАЙ (такое прозвішча яе пасля замужжа), прыкладна 1951 года нараджэння, я сябраваў у 1972 годзе. Яна працавала ў атэлье, якое знаходзілася на вуліцы Змітрака Бядулі ў сталіцы. А жыла на Баграціёна, дом № 19. Восенню 1972 года ў нас нарадзіўся сын. Але нашы жыццёвыя дарогі разышліся. Алена ў хуткім часе выйшла замуж за другога. Пазней нарадзіла дачку. Я шукаў сына, заўсёды марыў сустрэцца з ім. Алена ў 2000 годзе памерла. У кватэры, дзе жыў сын, зараз  чужыя людзі. Нават і няма ў каго спытаць пра гэту сям’ю. Уладзімір Антонавіч Мядзведскі, Мінск”.
Сябры-аднапалчане
“У 1955--1958 гадах я служыў у горадзе Рэзекне (Латвія) у школе авіяцыйных механікаў. Разам са мной служылі хлопцы дваццаці нацыянальнасцей. За два гады мы сталі лепшымі сябрамі. Мінула 50 гадоў, як я не бачыўся са сваімі таварышамі з Беларусі Міхаілам ШЫРОКІМ, Аляксандрам БАЙКО (Бойка), Аляксандрам КАЛЯДКАМ, Валянцінай РУЗАВАЙ. Адгукніцеся, сябры. Аляксандр Паўлавіч Кошалеў (Кашалёў), горад Багародзіцк Тульскай вобласці (Расія)”.
 “Прашу адгукнуцца Пятра Кандратавіча КАВАЛЁВА, прыкладна 1935--1936 года нараджэння, жыў раней у Бабруйску. Мы разам служылі ў Маскве з 1955-га па 1958 год у войсках Міністэрства ўнутраных спраў, вайсковая часць № 3179. Хачу хоць праз паўстагоддзя сустрэцца са сваім сябрам. Яўген Паўлавіч Кірыловіч, Магілёўская вобласць”.
“У 1950--1953 гадах я служыў у Чырванасцяжным палку войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Мінула шмат часу, і вельмі хочацца знайсці сваіх таварышаў па службе. Андрэй Кузьміч Басенка, Слонімскі раён”.
Далёкае-блізкае юнацтва
“З Валянцінай Аляксееўнай ПАГАРЭЛКА, 1938 года нараджэння, ураджэнкай вёскі Рыбоцін Чарнігаўскай вобласці (Украіна), мы разам вучыліся ў Сосніцкім бухгалтарскім тэхнікуме. Валянціна круглая сірата. Для мяне яны была як родная сястра. Пасля заканчэння курсаў Валянціна па размеркаванні паехала на працу ў горад Ізюм Харкаўскай вобласці. Там выйшла замуж за Аляксандра Аляксеева. У іх нарадзіліся два сыны, Іван і Аляксандр. Мы перапісваліся да 1989 года, потым сувязь абарвалася. Кацярына Мяфодзьеўна Дубінкіна, Жлобін”.
“Шукаю сяброўку юнацтва Лідзію Андрэеўну КРЭПСКУЮ (Ільіну), 1948 ці 1949 года нараджэння. У 1968 годзе мы закончылі Смілавіцкі зоаветэрынарны тэхнікум. Я паехала на работу ў Хойніцкі раён, а сяброўка -- у Слуцкі (на радзіму) ці Салігорскі. Мы перапісваліся, пазней Лідзія выйшла замуж, яе прозвішча стала Ільіна. Муж працаваў старшынёй калгаса ў Салігорскім раёне. У 1971 годзе сувязь паміж намі страцілася. Сафія Адамаўна Самойленка (Лямковіч), Жодзіна”.
“Прашу адгукнуцца выпускнікоў 1964 года адзінаццатай групы Коханаўскага тэхнікума Полацкага раёна Вячаслава КУРАКОВА, Жанну ШТАНЮК, Надзею БАТУРЫНУ, Васіля НЯФЁДАВА, Івана ДАНІЛЕНКУ, Анатоля ПЕТРАШКЕВІЧА, Уладзіміра ЗІНКЕВІЧА, Валянціну ГАРО, Галіну МАНЬКОЎСКУЮ і іншых. Зінаіда Сяргееўна Чавідаева (Міцкевіч), Наваполацк”.
Баліць душа
“19 жніўня 2008 года мой сын Дзмітрый Валянцінавіч МІРАНКОЎ, 1987 года нараджэння, з вёскі Баброва Дубровенскага раёна паехаў на працу ў Оршу, і дагэтуль месца яго знаходжання невядома. Калі хто ведае, падкажыце, людзі добрыя, дзе мне шукаць сыночка. Валянціна Міранкова, Дубровенскі раён”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter