“Помні імя сваё”

Разам з аўтарамі пісьмаў, якія спадзяюцца на дапамогу сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”, узгадваем тых, каго забыць немагчыма, успамінаем блізкіх, дарагіх сэрцу людзей, з якімі разлучыў лёс. Мы з калегамі шчыра спагадаем усім і стараемся дапамагчы.

Разам з аўтарамі пісьмаў, якія спадзяюцца на дапамогу сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”, узгадваем тых, каго забыць немагчыма, успамінаем блізкіх, дарагіх сэрцу людзей, з якімі разлучыў лёс. Мы з калегамі шчыра спагадаем усім і стараемся дапамагчы.

Горкае рэха вайны
“Мой бацька Гвідон Аляксандравіч ГУДОВІЧ, ураджэнец вёскі Лучкі Бярэзінскага раёна. Перад вайной наша сям’я пераехала ў Беразіно, дзе ён працаваў у спажывецкай кааперацыі. У 1938 годзе яго арыштавалі. Пакаранне адбываў у нашай вобласці. Калі пачалася вайна, быў накіраваны на фронт. Больш пра яго нічога не ведаем. Марыя Гвідонаўна Воранава, Мінск”.
“Хачу даведацца, дзе загінуў і пахаваны бацька Міхаіл Сямёнавіч ТУРАВЕЦ, 1914 года нараджэння, які жыў у вёсцы Стайкі былога Багушэўскага раёна Віцебскай вобласці. У час Вялікай Айчыннай быў прызваны на фронт, змагаўся ў 77-м стралковым палку,  вайсковая часць № 14 092. Прапаў без вестак. Сцяпан Міхайлавіч Туравец, Мінскі раён”.
“Наш бацька Сямён Сцяпанавіч ЛЕГАН нарадзіўся ў вёсцы Радунь Лепельскага раёна. Перад вайной жыў у Мінску. Афіцэр запасу. У чэрвені 1941 года быў накіраваны на фронт, і з таго часу пра яго нічога не ведаем. 29 мая 1948 года атрымалі паведамленне з Лепельскага райваенкамата, што 13 верасня 1944 года дарагі нам чалавек прапаў без вестак. Раіса Сямёнаўна Пліско, Віцебск”.
“Мой брат Францішак Іосіфавіч СІДАРОВІЧ, 1915 года нараджэння, у 1943-м пайшоў у партызанскі атрад імя Кутузава, затым стаў байцом Чырвонай Арміі. Некаторы час Францішак прысылаў дадому лісты. Аднойчы сям’я атрымала паведамленне, што  наш дарагі чалавек загінуў і пахаваны на тэрыторыі Германіі. Дапамажыце знайсці магілу брата. Калі не я, то  пляменнікі, якія жывуць у Польшчы, з’ездзяць у Германію, пакладуць на магілу дзядзькі кветкі. Сабіна Іосіфаўна Бельская, Стаўбцоўскі раён”.
“Мой дзядуля Рыгор Ягоравіч РАБКОЎ загінуў пры вызваленні Польшчы і быў пахаваны на вайсковых могілках у горадзе Дэмбіца Кракаўскага ваяводства. Я з сям’ёй наведваў гэтыя могілкі, але месца пахавання дзядулі не знайшоў: там толькі нумары магіл. Дапамажыце знайсці магілу дарагога чалавека. Аб гэтым просяць таксама мой бацька Уладзімір Рыгоравіч Рабкоў і мае цёткі. Віктар Уладзіміравіч Рабкоў, Гродна”.
“Мае дзядуля з бабуляй, маці Ніна і яе браты Дзмітрый Міхайлавіч і Генадзь Міхайлавіч Слонскія жылі ў  Лагойску на Міншчыне. Калі пачалася вайна, дзядзькі мае пайшлі на фронт. Д.М. Слонскі быў у варожым палоне, зведаў шмат гора, але дамоў вярнуўся. Генадзя Міхайлавіча СЛОНСКАГА родныя так і не дачакаліся, атрымалі паведамленне, што прапаў без вестак. Ганна Міхайлаўна Ліпніцкая (Слонская), Мінск”.
Ніхто не забыты
“Думаю пра тых, хто змагаўся і аддаў жыццё за Радзіму. Пётр РУДАК, напрыклад, 1924 года нараджэння, былы партызан атрада імя Кірава, загінуў у 1944-м у нашай вёсцы Гарэлы Луг, пахаваны на вясковых могілках. Ведаю двух герояў, якіх фашысты катавалі, прывязалі да дрэва, яны таксама загінулі тут. Гэтыя людзі дапамагалі байцам партызанскага атрада імя Шчорса, які дзейнічаў непадалёку ад возера Палік. Аднойчы падчас камандзіроўкі я купіў кнігу, у якой камандзір партызанскага атрада ўзгадваў імёны герояў. Збіраўся адшукаць іх родных, паказаць магілу, але кнігу згубіў,  а яе аўтара знайсці не ўдалося. У нашай вёсцы ў чэрвені 1944 года загінуў Рыгор Іосіфавіч БАЦЯНОЎСКІ, 1905 года нараджэння, партызан брыгады “Жалязняк”, і іншыя. Хачу, каб родныя ведалі пра гэта і  наведалі  магілы. Уладзімір Зянькевіч, Барысаўскі раён”.
Абняць сястру
“Мая стрыечная сястрычка, імя якой не ведаю, нарадзілася вясной 1941 года. Маці яе Зінаіда Міхееўна Бабініч памерла падчас родаў. Было гэта ў пасёлку Калініна, непадалёку ад вёскі Шкова ў былой Палескай (зараз Гомельскай) вобласці. У час вайны фашысты пасёлак спалілі, жыхароў расстралялі. Бацька дзяўчынкі Васіль Сцяпанавіч Сінкевіч перад вайной аднёс дачку ў дзіцячы дом у Мазыры. Сам загінуў потым на фронце. Хочам знайсці сястру, абняць яе. Ганна Піліпаўна Сінкевіч, Бабруйск”.
Без віны вінаватыя
“У нашым сямейным архіве захавалася даведка Магілёўскага абласнога суда, у якой паведамляецца, што пастановай тройкі НКУС БССР мой бацька Пётр Васільевіч КАНОНІК, 1910 года нараджэння, жыхар вёскі Лапічы Асіповіцкага раёна, 19 верасня 1937 года быў асуджаны. 10 студзеня 1959 года Прэзідыум Магілёўскага абласнога суда адмяніў гэту пастанову, бо віна асуджанага не была даказана. Бацька дамоў не вярнуўся. Хочам даведацца пра яго лёс.  Віктар Пятровіч Канонік, Мінск”.
“Мой бацька Мікалай Іванавіч ПАХОМЧЫК, 1889 года нараджэння, ураджэнец вёскі Пагост Аршанскага раёна, працаваў стрэлачнікам на чыгуначнай станцыі Орша. 17 студзеня 1938 года быў арыштаваны. 10 жніўня 1959 года яго рэабілітавалі У 1968-м сям’я атрымала даведку, што М.І.Пахомчык памёр 26 сакавіка 1938 года, дзе пахаваны -- невядома. Дапамажыце знайсці магілу дарагога чалавека. У архівах Мінска, Гродна, Віцебска такіх звестак няма. Марыя Мікалаеўна Ісаева, Калінкавіцкі раён”.
Блізкія людзі
“Дапамажыце даведацца пра хроснага бацьку Уладзіміра Малахавіча ПЕРАМОТАВА, 1933 года нараджэння. Апошні раз ён быў у нас у 1980 годзе. Паехаў дадому, у  Магаданскую вобласць, і больш вестак ад яго няма. Любоў Пятроўна Лаўрэнава, Паставы”.
“Шукаю Лёшу, сябра, разам з якім служылі ў войску. Ён для мяне як брат. Пасля службы Аляксей застаўся ў Юрацішках Гродзенскай вобласці. Там у яго была дзяўчына, з якой у 1958 годзе ажаніўся. А родам ён са Свярдлоўскай вобласці, там жылі яго бацькі, сястра Марыя і брат Валік. Дваццаць гадоў мы перапісваліся, і вось ужо 15, як страцілі сувязь. Я зараз адзін, сям’я загінула пры дарожным здарэнні, жыву ў сваякоў жонкі ў Мінску. Лёша, адгукніся! Успомні Пухавіцкі раён, вёску Камуну. Напішы хоць пару слоў. Леанід Іосіфавіч Павутаў, Мінск”.
Бацькі і дзеці
“Ужо некалькі гадоў, як я страціў сувязь з сям’ёй сына Віктара Багданавіча КАКОРЫЧА, 1953 года нараджэння, нявесткай Рэгінай і ўнучкай Алінай. Жылі яны ў Літве. Мае лісты да родных не вяртаюцца, і ад іх вестак няма. Дапамажыце даведацца пра лёс сына і яго сям’і. Багдан Сяргеевіч Какорыч, Міёрскі раён” .
“Мой сын Артур Раманавіч Нарэйка ад нараджэння рос без бацькі, зараз вельмі хоча знайсці яго, сустрэцца, пагаварыць.  Шукаем мы Ромаса Юоза НАРЭЙКУ, 1959 года нараджэння, грамадзяніна Літвы. Пажаніліся мы ў Вільнюсе, дзе працавалі, здымалі ў гаспадароў  кватэру. Праз год  скасавалі  шлюб, але працягвалі жыць разам. Калі рассталіся, я даведалася, што цяжарная. Прыехала дадому, у Беларусь, і тут нарадзіла сына. Мой былы муж аднойчы прыязджаў, наведваў нас. А потым зрабілі беларуска-літоўскую  мяжу, і сувязь абарвалася. Хачу аднавіць яе дзеля сына. Станіслава Вітольдаўна Нарэйка, Воранава”.
Маладыя гады
“З Міхаілам Нічыпаравічам СЕРЖАНЕМ у 1953--1954 гадах мы разам працавалі на ваенным камбінаце ў Бабруйску. Міша падвозіў матэрыял да майго станка. Працоўная змена заканчвалася ў поўнач, і ён мяне праводзіў да барака, у якім я жыла. А затым даганяў салдат, каб разам зайсці ў казарму. Калі Міхаіл адслужыў, прапаноўваў мне паехаць з ім атрымаць пашпарт. У той час у калгасах не давалі даведак на атрыманне пашпарта. Я адмовілася,. і нашы шляхі разышліся. Хачу даведацца, як склаўся лёс Міхаіла. Раней ён жыў у вёсцы Даўляды Нараўлянскага раёна, але пасля чарнобыльскай аварыі жыхароў вёскі  перасялілі ў іншае месца. Надзея Іванаўна Сінькевіч, Акцябрскі”.
“Шукаю сяброўку маладосці Надзею Паўлаўну БАБЫЛЁВУ (прозвішча дзявочае), 1934 года нараджэння. Яна з 1957 года працавала выхавальніцай у дзіцячым санаторыі “Беларусь” у горадзе Друскінінкай (Літва). Жыла на вуліцы Чурлёніса. Яшчэ хачу знайсці сябра маладосці Юрыя Сяргеевіча ПАНАМАРОВА, 1936 года нараджэння, які ў 1960 годзе  з бацькамі жыў у сяле Ахоцкае Ніжнягорскага раёна Крымскай вобласці. У 1976-м я хацела пагаварыць з сябрам па тэлефоне, а мне адказалі, што  сям’я пераехала ў Феадосію. Спадзяюся, што сябры маладосці прышлюць вестачкі. Антаніна Цімафееўна Міхаленка, Нясвіжскі раён”.
“Больш як 40 гадоў не магу забыць сябра маладосці Леаніда Васільевіча КАЖАКАРУ, прыкладна 1946 года нараджэння, родам з Малдавіі. Сустрэліся мы ў Казахстане, у горадзе Цалінаградзе. У 1966 годзе Леаніда прызвалі на службу ў армію, а я паехала дадому, у Беларусь. Мы перапісваліся. Аднойчы атрымала ліст, які напісаў не Леанід, а яго сябар. Я пакрыўдзілася і паведаміла сябрам, каб мяне больш не турбавалі. Леанід прасіў потым прабачэння, тлумачыў, што сябры пажартавалі з яго. А я не магла дараваць. І вось больш як праз 40 гадоў не магу забыць яго. Вельмі хачу ведаць, як склаўся лёс сябра. Іх у сям’і было 10 братоў і сясцёр. Калі не сам Леанід, то, можа, хто-небудзь з яго родных адгукнецца. Лідзія Іванаўна Камінская (Канановіч), Валожынскі раён”.
“Хачу знайсці сябра маладосці Івана Пятровіча СЦЕПАНЕНКУ, 1939 года нараджэння. Жыў ён ва Украіне з матуляй Ганнай і сястрой Верай. Гэта ўсё, што ведаю пра яго. Марыя Іосіфаўна Данілюк, Брэст”.
Дарагія сябры
“Нарадзілася я ў Беларусі. Калі мне было 13 гадоў, сям’я пераехала ў Расіію. Там і прайшло маё працоўнае жыццё.  Калі пайшла на заслужаны адпачынак, вярнулася на радзіму. Хачу знайсці тых, з кім разам вучылася. У 1963 годзе закончыла  Гомельскі політэхнікум. У нашай групе былі тры дзяўчыны, астатнія -- хлопцы. Пра многіх я даведалася. Хачу яшчэ знайсці Ігната Рыгоравіча СУШКЕВІЧА, Леаніда Рыгоравіча ВЫХАТУ, Івана Іванавіча ПАПОВА. Пасля, у 1975 годзе, я завочна закончыла Ленінградскі інстытут народнай гаспадаркі. Маёй аднакурсніцай і сяброўкай была Любоў Яфімаўна КУЦ (у дзявоцтве Ганчарова, у 80-я гады -- Мазурэнка), 1944 года нараджэння, ураджэнка Днепрапятроўскай вобласці (Україна). Там жа, ва Украіне, у тэхнікуме вучылася яе дачка Алена Анатольеўна КУЦ. Спрабавала пісаць ім, але адказу не атрымала.А самы блізкі мне чалавек Дзіна Мухаметджанаўна МІХАЙЛАВА, 1941 года нараджэння, башкірка. Яна выхоўвалася ў дзіцячым доме, закончыла прафтэхвучылішча, выйшла замуж і пераехала на месца жыхарства ў Варкуту. У сям’і была дачка Анастасія Мікалаеўна Міхайлава, а яшчэ пляменнік Барыс Аляксандравіч Міхайлаў. Марыя Паўлаўна Цімахоўцава, Жлобінскі раён”.
“З хваляваннем уcпамінаю далёкія 60-я гады, калі мы вучыліся ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме. Мінула 40 гадоў, як мы закончылі вучобу і з вялікімі марамі і надзеямі разляцеліся ў розныя куточкі нашай неабсяжнай у той час Радзімы. Дзе вы цяпер, мае паважаныя калегі, з баявой, праслаўленай 45-й групы 1968 года выпуску Маша КУДРАЎЦАВА, Тоня КЛЯЦКО, Коля ХАМКО, Тома МАРТЫНАВА, Валера БЕРЫБУЛАЎ, наш мілы Пончык (Алена ЕЎДАКІМАВА), Галіна БАРАНАВА, Сімачка СІМКІНА, Маша ПЛЕЦІНЬ, Валя ТКАЧЭНКА, Вася ПАДБЯРОЗКІН і многія іншыя. Хочацца сустрэцца з вамі праз столькі гадоў у родным, незабыўным тэхнікуме, узгадаць гады вучобы. Адгукніцеся, хлопцы-рыцары, дзяўчаты-чараўніцы, калегі. Падтрымайце маю прапанову. Віктар Іванавіч Емяльянаў (на фота), Старыя Дарогі”.
Са слязамі на вачах
Іван Іванавіч Жандараў са Жлобінскага раёна шукаў месца пахавання свайго брата Мікалая Іванавіча Жандарава, 1924 года нараджэння, ураджэнца вёскі Руднецкае Рагачоўскага раёна, які  ў час Вялікай Айчыннай  вайны быў у партызанскім атрадзе, загінуў 18 студзеня 1944 года. Цяпер ён ведае, што брат пахаваны ў брацкай магіле  на станцыі Тошчыца ў Быхаўскім раёне. Акрамя таго, І.І. Жандараў знайшоў  яшчэ некалькі сваіх родных.
Анатоль Дзмітрыевіч Кляўза з Крупскага раёна шукаў стрыечнага брата Аляксандра Дзмітрыевіча Кізеева, які жыў у Смаленскай вобласці ў Расіі. З муніцыпальнай арганізацыі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці  Расіі паведамілі пра лёс А.Д. Кізеева.
Віцяблянка Святлана Мікалаеўна Аўсянікава шукала Андрэя Юр’евіча Скоблікава. Ён жыў у Мардовіі, затым пераехаў у Керч, ажаніўся, жыў хутчэй за ўсё ў Брэсце ці Брэсцкай вобласці. А.Ю. Скоблікаў знайшоўся.
 Аляксандр Міхайлавіч Шчоткін з  Мастоўскага раёна шукаў былую жонку Валянціну Андрэеўну Шпакоўскую і дачку Кацярыну. Ён нарадзіўся і жыў у Туркменіі. У 1969 годзе  пазнаёміўся з Валянцінай Шпакоўскай. Але іх сямейнае жыццё не заладзілася, і Валянціна пайшла ад яго. Ён стварыў новую сям’ю, а пазней даведаўся, што Валянціна нарадзіла ад яго дачку і назвала яе Кацярынай. Сябры перадалі яму фотаздымак дачкі, якую, сказалі, маці павезла на сваю малую радзіму. Атрымалася так, што  ён  прыехаў жыць у Беларусь і хоча знайсці тут дарагіх людзей. Прыемна, што адгукнуліся ўсе, каго шукаў Аляксандр Міхайлавіч. Блізкія людзі ўжо наладжваюць адносіны. А В.А. Шпакоўская адзначыла, што памылкі  выпраўляць ніколі не позна. Яна даравала былому мужу крыўды і пазнаёміла з дачкой, сказала, што ў яго ўжо ёсць унукі і праўнук.
Праз гады і межы
“Хачу знайсці знаёмага з Польшчы Аляксандра ПАЛЕСКАГА, 1958 года нараджэння. Апошні раз мы з ім размаўлялі па тэлефоне чатыры гады таму, а з моманту нашай апошняй сустрэчы мінула восем гадоў. У 2002-м ён павінен быў заснаваць Акадэмію марскога ратавання і выхавання ў Гайнаўцы. Святлана Станіславаўна Вырвіч (Крывель), Мінск”.
“Шукаю сябра маладосці Уладзіміра Антонавіча СУШЧЫНСКАГА, які са сваёй сястрой жыў у Алтайскім краі ў Расіі. У 1952 годзе Уладзімір праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Брэсце, дзе мы і пазнаёміліся. На жаль, дарогі нашы разышліся, але, мяркую, і Уладзімір успамінае мяне. Вольга Трафімаўна Казакевіч, Смалявічы”.
 “Майго сябра маладосці завуць Віктар БУЙНІЦКІ. У 60-я гады ён быў настаўнікам гісторыі ў адной са школ горада Лагойска. Віктар, адгукніся. Алімпіяда Ігнацьева, Брэст”.



Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter