“Помні імя сваё”

Усё больш лістоў з просьбай знайсці родных, блізкіх, знаёмых, каханых, сяброў прыходзіць на адрас сумеснага пошукавага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”. І ўсё часцей мы паведамляем радасныя весткі тым, хто спадзяваўся і верыў у сустрэчу доўгія гады, хто нарэшце з нашай дапамогай знайшоў месца апошняга спачыну продкаў-герояў.
Мы прыносім радасць

Юлія Браніславаўна Мардасевіч з Клецкага раёна шукала сяброўку Марыю Фёдараўну Пілецкую, з якой разам вучылася ў Слуцкім медвучылішчы на фельчарскім аддзяленні 41 год таму. У 1967 годзе дзяўчаты закончылі вучылішча, і Юлію Браніславаўну накіравалі на працу ў Клецкі раён, а Марыя Фёдараўна засталася ў Слуцкім радзільным доме акушэркай. Яны перапісвалася, але потым сувязь абарвалася. На першым ці другім курсе сяброўка выйшла замуж за Уладзіміра Гняцько. Калі здавалі апошнія экзамены, яна нарадзіла дачку Святланку. Пазней атрымалі кватэру ў Слуцку. Адгукнуўся сын Марыі Фёдараўны і паведаміў звесткі пра маці. Яны накіраваны сяброўцы  пісьмом.
Людміла  Уладзіміраўна Вахрамеева шукала бацьку Уладзіміра Гаўрылавіча Каляду, 1929 года нараджэння, ураджэнца Магілёўскай вобласці. Пасля вайны служыў у органах НКУС. У выніку рэфармавання яго звольнілі. Ён пераехаў у Капыль і ўладкаваўся на працу ў дзіцячы дом намеснікам дырэктара па навучальнай рабоце. Супрацоўнічаў з мясцовай газетай, пісаў артыкулы. Там пазнаёміўся з маці Людмілы Уладзіміраўны -- Ядвігай Вікенцьеўнай Кунцэвіч, якая працавала карэктарам. Бацькі яе былі веруючыя і хацелі, каб яны ўзялі шлюб, але бацька не жадаў. Калі Людміле Уладзіміраўне было паўгода, бацькі разышліся. Дзяўчынку забралі да сябе бацькі маці, і яна ў іх выхоўвалася да 17 гадоў. Так атрымалася, што тату свайго ніколі не бачыла, нават на фотаздымках, бо іх парваў айчым. Дзякуючы радыёслухачам і чытачам “НГ” Уладзімір Гаўрылавіч Каляда знайшоўся. Яны ўжо размаўлялі па тэлефоне. У Людмілы Уладзіміраўны стала больш родных людзей на свеце, у яе з’явіліся брат і сёстры. Хутка родныя сустрэнуцца.
   Іван Іванавіч Сафонаў з Бялынічаў шукаў сына Алега Іванавіча Сафонава, 1970 года нараджэння. Пасля разводу жонка Івана Іванавіча  Валянціна Аўрамаўна Маслова (Маслава), якая працавала ў Віцебскім універсітэце на кафедры рускай мовы і літаратуры, паехала з Алегам у Віцебск. Больш бацька нічога не ведаў пра сына. Адгукнуўся сябар сына. Ён паведаміў Алегу, які жыве ў Германіі, што яго шукае бацька. Адрас накіраваны бацьку.
Зінаіда Васільеўна Кніга з Бабруйска, якая неаднойчы звярталася па дапамогу ў пошуку яе аднакласнікаў, шукала Георгія Іванавіча Стрыгуна. Яны ўжо нават сустрэліся.
Анатоль Дзмітрыевіч Кляўза з Крупак шукаў сябра Уладзіміра Краўчанку. Яны ў 1956 годзе вучыліся ў Барысаве ў фабрычна-заводскай школе № 9 у групе цесляроў. Там і пазнаёміліся. Пасля заканчэння вучобы іх накіравалі на практыку  ў Казахстан: адну групу -- у горад Петрапаўлаўск, а другую -- у саўгас “Яблынька”. Пасля там засталіся працаваць, але сувязь не падтрымлівалі. Валодзя нейкі час жыў у Бабруйску. Адгукнуўся аднавясковец Уладзіміра Краўчанкі і паведаміў пра яго лёс. Звесткі накіраваны Анатолю Дзмітрыевічу.
Марыя Пятроўна Куцюн-Барысевіч з Пружанскага раёна вясной 1963 года  была ў санаторыі ў Вярховічах. Разам з ёй адпачывалі Соня Бянько і  Васіль Кардаш. Прыязджалі яны з Івацэвіцкага раёна.  Марыя Пятроўна хацела даведацца, як склалася іх жыццё. Адрас Васіля Кардаша ўжо накіраваны Марыі Пятроўне. А пошук Соні Бянько працягваецца.
Галіна Іванаўна Асікаева з Чавускага раёна шукала сваіх дзяцей Наталлю Аліеўну Шынкарову, Ганну і Жанну Шэвелевых (Шавялёвых), Алену Асікаеву, Вячаслава Шэвелева (Шавялёва), які раней жыў у горадзе Кінгісеп Ленінградскай вобласці. Сям’я іх пражывала ў вёсцы Пачапы Краснапольскага раёна. А пяць гадоў таму ў Галіны Іванаўны быў інсульт. Яе забралі ў бальніцу. Жанчыну паралізавала. Зараз яна знаходзіцца ў доме інвалідаў. Дачка Наталля Аліеўна Шынкарова паведаміла свае каардынаты, якія накіраваны маці. Пошук астатніх дзяцей працягваецца.
Журналіст Іван Лапо з Клімавіч шукаў родных удзельнікаў круглянскай групы Клімавіцкага камсамольска-маладзёжнага падполля. У час Вялікай Айчыннай вайны  ўдзельнікі гэтага падполля смела, рашуча змагаліся з ворагам. Многія з іх загінулі, апынуліся ў фашысцкай няволі. Даслаў ён і спіс удзельнікаў. Адгукнулася ўнучка Зоі Рабковай (пасля замужжа Бажэнавай) Анастасія Бажэнава, якая выйшла на сайт “НГ”. Для Івана Лапо яна пакінула у свой электронны адрас. Яго мы паведамілі свайму калегу.
Раіса Віктараўна Альхуўка з Кобрына шукала сваіх родных па лініі бацькі Віктара Ануфрыевіча Гілеўскага, 1924 года нараджэння, ураджэнца вёскі Дубавік Докшыцкага раёна. Адгукнуўся Віктар Гілеўскі з Гомеля. Ён займаецца складаннем радаслоўнага дрэва Гілеўскіх.
Галіна Архіпаўна Шандаровіч з Магілёва шукала сябра Яўгена Мікалаевіча Пучылу. Апошні раз яны бачыліся 23 лютага мінулага года. У гэты дзень ён паехаў у Ліду Гродзенскай вобласці да сваёй сястры Марыі і назад не вярнуўся. Галіна Архіпаўна ведала, што Яўген з вёскі Раманюкі Навагрудскага раёна. Яўген Мікалаевіч адгукнуўся. Дакладны яго адрас накіраваны Галіне Архіпаўне.
Дзмітрый Герасімавіч Сукач з Ганцавіцкага раёна шукаў выпускнікоў 1964 года Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума. Сёлета спаўняецца 45 гадоў з таго часу, як яны па размеркаванні раз’ехаліся па краіне на работу. Зараз яны ўжо дзядулі і бабулі, але сустрэцца за гэты час не давялося. Мінула шмат часу, і трэба сабрацца ўсім разам на сустрэчу. Дзмітрый памятае ўсіх сваіх аднакурснікаў. Знайшоўся Якаў Мікалаевіч Халява, яго адрас мы паведамілі Дзмітрыю Герасімавічу.
Раіса Іванаўна Гаўрыленка са Жлобіна прасіла адгукнуцца цётку, сястру маці Кацярыну Лазараўну Мацку або яе родных. Жыла цётка ў  Гродзенскай вобласці. У Кацярыны Лазараўны былі сын і дачка. Раней блізкія людзі падтрымлівалі сувязь. У 1997 годзе яны бачыліся апошні раз на пахаванні маці Раісы Іванаўны. Кацярына Лазараўна знайшлася, і яе каардынаты накіраваны Раісе Іванаўне.
Таццяна Мікалаеўна Мельнік з Асіповіцкага раёна шукала сябра маладосці Рыгора Каляду. Яны разам вучыліся ў Гомельскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Пасля вучобы раз’ехаліся і доўга не бачыліся. У 1965 годзе Таццяна Мікалаеўна паступіла ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Аднойчы прыехала туды на экзаменацыйную сесію і каля стэнда з раскладам заняткаў сустрэла Рыгора, які таксама паступіў у гэты інстытут. Яны пагаварылі і разышліся. З таго часу Таццяна Мікалаеўна нічога не ведала пра яго лёс. Хутка сябры сустрэнуцца, Рыгор Каляда знайшоўся.
Дзядзьку Рамана Васільевіча Бірука і яго родных шукала Раіса Паўлаўна Рыжая з Жодзіна. Раман Васільевіч нарадзіўся ў 1898 годзе ў вёсцы Гарбачы Слонімскага раёна тады Баранавіцкай (зараз Гродзенскай) вобласці. У 1918—1919 гадах ён выехаў у Амерыку на працу. Калі прыехаў туды, праходзіў рэгістрацыю ў порце горада Нью-Йорк. Працаваў на будаўніцтве ў Нью-Йорку. Да вайны неаднаразова прысылаў грашовыя пераводы на імя сваёй сястры Марфы Васільеўны Бірук (Іванко), атрымлівала яна і пісьмы. Пасля вайны  (у 1958 годзе) пераводы і пісьмы прыходзілі на сельсавет, але па незразумелай прычыне іх не аддавалі з пошты. Пісьмы прыходзілі таксама і ў 1970 годзе. Родныя звярталіся ў амерыканскае пасольства ў Мінск і да нас. Адгукнуўся Іван Іванавіч Бірук і пакінуў свой адрас.
Мінчанін Іван Іванавіч Рак шукаў сябра Мікалая Уладзіміравіча Махнача. Яны ў 1982 годзе разам адпачывалі ў санаторыі “Хілава”. Іван Іванавіч памятаў, што яго сябар жыве недалёка ад горада Дзяржынска. Мікалай Уладзіміравіч патэлефанаваў у рэдакцыю “НГ” і паведаміў свае каардынаты, якія накіраваны сябру.     
Мы з калегамі з радыё ўдзячны за дапамогу ў пошуку людзей супрацоўнікам адрасных бюро Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей, а таксама ўсім слухачам і чытачам “НГ”, якія дапамагаюць нам у гэтай справе.

Доўгае рэха вайны

“Шукаю свайго бацьку Мікалая Герасімавіча МІНАЛЬКІНА,  прыкладна 1920 года нараджэння. Я нарадзілася 18 чэрвеня 1941 года. Жылі тады ў Мінску, у Грушаўскім пасёлку. Да 22 чэрвеня 1941 года бацька быў міліцыянерам на чыгуначным вакзале сталіцы, а маці Н.А.Важнік працавала на Мінскай чамаданнай фабрыцы. З пачатку вайны і да сённяшняга дня пра бацьку нічога не ведаю. Маці мая загінула ў 1943 годзе. Выхоўвалася я ў далёкіх сваякоў – у сястры дзядулі ў вёсцы Прыстань Пухавіцкага раёна. Іх ужо няма сярод жывых. Я на пенсіі, жыву зараз са сваёй дачкой. Мой муж памёр. Вельмі хочацца даведацца пра лёс таты. Гэта будзе найлепшым падарункам у маім жыцці. Высылаю фота, на якім мае бацькі ў 1941 годзе. Галіна Мікалаеўна Дубовік, Мінск”.
“Шмат гадоў шукаю звесткі пра свайго бацьку Мікалая Паўлавіча БІРУКОВА, 1907 года нараджэння, ураджэнца горада Рудня Смаленскай вобласці. Быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў кастрычніку 1929 года. У 1932-м скончыў Ленінградскае пяхотнае вучылішча. З 1935 па 1939 год – начальнік участка Мінскага ўмацаванага раёна. З 1939 па 1941 год выкладаў у Мінскай ваеннай школе. З красавіка 1941-га маёр, камандзір 18-га асобнага кулямётна-артылерыйскага батальёна 62-га Брэсцкага ўмацаванага раёна. Удзельнік баёў у раёне Брэста. З музеем “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” пастаянна падтрымліваю сувязь. Ёсць звесткі, што бацька пахаваны ў брацкай магіле непадалёку ад вёскі Орля, але яны недакладныя. Магчыма, хто адгукнецца і раскажа пра бацьку. Інэса Мікалаеўна Іванова, Магілёў”.

Будзем верыць

Мы шукаем самага блізкага і любімага чалавека – сына і брата Паўла Іванавіча СТУПАКА, 23 чэрвеня 1970 года нараджэння, ураджэнца вёскі Клімаўка Гомельскай вобласці. Ён жыў і працаваў у Маскве на адным і тым жа месцы 10 гадоў. Мы пастаянна тэлефанавалі адно аднаму. Павел паабяцаў прыехаць да сваёй сястры Таццяны на 20-годдзе 4 мая 2004 года. А 7 красавіка 2004 года прагучаў тэлефонны званок. Нам паведамілі, што Павел 6 красавіка вяртаўся з таварышамі з работы дадому, але потым у метро на нейкай станцыі яны разышліся ў розныя бакі і больш Паўла ніхто не бачыў. Прайшло ўжо больш за чатыры гады, а пра Паўла ніхто нічога не ведае. Ад яго не было ніводнага званочка, ніводнай вестачкі. Дзе б ён ні быў, што б з ім ні здарылася, мы заўжды будзем верыць, што ў адзін цудоўны момант Павел адчыніць дзверы і скажа: “Мамачка, я вярнуўся, я жывы!” Мы будзем з нецярпеннем чакаць гэтага моманту і спадзявацца на вашу дапамогу.  Любоў Міхайлаўна Ступак, Гомельская вобласць”.
Блізкія людзі
“Мне хутка будзе 60 гадоў, удава, жыву ў Стоўбцах з сынам. Ёсць у мяне дачка і яшчэ адзін сын. Яны жывуць у Беларусі. А вось старэйшая дачка Таіса Анатольеўна КОЖЫЧ, зяць Віктар Міхайлавіч КОЖЫЧ і ўнукі жывуць у Казахстане. Зяць працаваў шафёрам на “хуткай дапамозе”, а дачка санітаркай у бальніцы. Ад’язджалі яны не на пустое месца, там жылі маці зяця, дзве яго сястры, Шура і Тоня. У 1985 годзе ў іх нарадзілася дачка Юля, у снежні 1990 года -- сын Віця. Мы перапісваліся. У пачатку жніўня 1991 года я з малодшымі дачкой і сынам ездзілі да іх у госці. Жылі яны нядрэнна. Зяць працаваў, дачка была ў дэкрэтным водпуску. Трымалі гаспадарку. пагасцяваўшы ў іх, мы паехалі дадому, у Беларусь. Таіса – дачушка мая, праводзіла нас да станцыі. У канцы жніўня мы былі дома. Адразу ж паслалі ёй пасылку. З 1992 года мае пісьмы назад не вярталіся і адказу не было. Пісалі мы з малодшай дачкой Людай у Маскву на тэлеперадачу “Жди меня”. Адказу адтуль няма. З’ездзіць туды, дзе яны жывуць, я не магу – няма здароўя. І ці жывуць яны там? Розныя чуткі былі. Што людзі іншых нацыянальнасцяў тэрмінова вы’язджалі адтуль. Але дачка напісала б хоць што. Жылі яны ў зернесаўгасе “Пяцігорскі” Дзяржавінскага раёна Тургайскай вобласці. Тамара Ільінічна Сцярліхіна”.
Мы з калегамі спадзяёмся на дапамогу супрацоўнікаў Пасольства Казахстана ў Рэспубліцы Беларусь. Аб выніках пошуку абавязкова раскажам нашым чытачам і радыёслухачам. Верыцца, што матуля хутка сустрэнецца з дачкой і яе сям’ёй.

Беларускія карані

“Звярнуцца да вас мне параілі ў аддзяленні пасольства Беларусі ў горадзе Новасібірску. Пакуль жылі ў адной дзяржаве, пытанне аб радаводзе неяк не ўзнікала. А цяпер мы, хто пражыў у Сібіры ўжо жыццё, хацелі б для сваіх нашчадкаў пакінуць запавет, каб памяталі карані свае. Як нам удалося ўстанавіць, прыкладна ў 1904 годзе два браты Мікіта і Рыгор ДРЭМЕЗАВЫ (ці Драмезавы) з сем’ямі пераехалі ў Сібір з Магілёўскай губерні, з населенага пункта Стамбул. Я неаднаразова тэлефанаваў ў Магілёў у архіў і ў міліцыю, але там не змаглі дапамагчы. Якіх памераў была ў той час гэта губерня, адказаць таксама не змаглі. І бацька мой, і маці нарадзіліся ўжо ў Сібіры. Але іх бацькі пераехалі сюды з Беларусі. Атрымліваецца, што мы -- беларусы. Адзін дзед загінуў у гады вайны, а другі -- ад калчакаўцаў, таму, магчыма, да нас дайшло вельмі мала звестак пра нашы карані. Калі б я ведаў, то сам знайшоў бы нашу прарадзіму. Я падпалкоўнік Савецкай Арміі і ў Беларусі бываў двойчы: у 1966 і 1968 гадах, у Ваўкавыску і Гродне. Потым з Чарнобыля пры ліквідацыі наступстваў некалькі разоў пераязджаў Прыпяць, каб паглядзець на Беларусь. І мне здаецца, што ў час вучэнняў я сустракаў назву Стамбул. Калі зыходзіць з прозвішча маёй бабулі Рагачэўская, то яе продкі неяк былі звязаны з Рагачовам. У яе там засталося некалькі братоў. Родныя другой бабулі  -- Казловы -- у шасцідзесятыя гады жылі пад Мінскам, у Мар’інай Горцы, потым сувязь страцілі. Бацька мамы быў са Старой Буды, магчыма, таксама Мінскай вобласці. Ніхто не можа растлумачыць значэнне прозвішча Дрэмезаў (ці Драмезаў). Вельмі хочацца ведаць, дзе быў той Стамбул, і, калі магчыма, знайсці дарэвалюцыйную карту і атрымаць ксеракопію раёна. Віталь Раманавіч Дрэмезаў (ці Драмезаў), горад Новасібірск (Расія).

Радыёперадача “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter