“Помні імя сваё”

Мы з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, разам з якімі вядзем сумесны пошукавы праект “Помні імя сваё”, заўжды радуемся, калі знаходзяцца тыя, каго не бачылі доўгія гады, каго памятаюць і хочуць адшукаць. Асабліва хораша на душы ад таго, што пошукі нярэдка бываюць асабліва плённымі і пра гэта можна паведаміць многім.

Шукайце і знойдзеце!
Яўген Серафімавіч Шыбут з Брэсцкай вобласці шукаў брата Георгія Серафімавіча Шыбута, 1941 года нараджэння, які раней жыў у вёсцы Слабада Полацкага раёна. Апошні раз яны бачыліся на пахаванні маці ў 1994 годзе. На жаль, паводле даных адраснага бюро Віцебскага аблвыканкама, 2 студзеня 2000 года Георгій Серафімавіч памёр.
Марыя Іванаўна Іванова (Кіжук) з Дзяржынскага раёна шукала брата Віктара Рыгоравіча Баравіка, 1956 года нараджэння. Ён паехаў жыць і працаваць у Брэст, там ажаніўся. Пры дапамозе супрацоўнікаў адраснага бюро горада Брэста нашы калегі даведаліся адрас і нумар тэлефона брата.
Антон Антонавіч Грынькевіч з Бабруйска шукаў сябра, з якім з 1958 па 1961 год разам служыў у роце сапёраў Ленінградскай ваеннай акругі. Сябар Іван Станіслававіч Муха, 1939 года нараджэння, у войска быў прызваны з Дзятлаўскага раёна. Як паведамілі з адраснага бюро Гродзенскага аблвыканкама, 22 мая 2003 года Іван Станіслававіч Муха памёр.
Вольга Шаблінская з Хойніцкага раёна шукала сябра маладосці Івана Гарбара, 1948 года нараджэння. Сябар знайшоўся. Адрас і нумар яго тэлефона паслалі жанчыне.
Мар’яна Мікалаеўна Вінаградава з Мінска шукала страчаныя адрасы былых  школьных сябровак Валянціны Аляксандраўны Клімец (Булыгінай) і Галіны Ігнатаўны Пруднікавай (Жураўлёвай). Абедзве сяброўкі знайшліся.                                    
Анатоль Андрэевіч Комар з Беразіно 55 гадоў таму закончыў Мінскае педвучылішча імя Н.К.Крупскай. Яны, выпускнікі 1953 года, ніколі не сустракаліся, бо вучылішча закрылі і расфарміравалі. Анатоль Андрэевіч шукаў сяброў і выкладчыкаў. Адгукнулася выкладчыца рускай мовы і літаратуры Алена Сямёнаўна Калеснікава з Мінска і падзялілася ўспамінамі пра той час. Яна таксама будзе рада сустрэчы са сваімі былымі студэнтамі.
Валянціна Іванаўна Васільчанка з Добрушскага раёна хацела даведацца пра лёс свайго першага каханага Мікалая Паўлавіча Кабанька з Мазырскага раёна. Сябар адгукнуўся і пакінуў свой нумар тэлефона, які высланы ёй пісьмом.
Надзея Іванаўна Ярчак (Палянская) з Мядзельскага раёна шукала сяброўку Пашу Цішкову з пасёлка Уваравічы Гомельскай вобласці. Яны разам вучыліся ў Гомельскім кааператыўным тэхнікуме на планавым аддзяленні ў 1953--1956 гадах. Сяброўка адгукнулася і пакінула свой адрас і нумар тэлефона.
Ніна Мацвееўна Шашок (Даргель) з Міёр шукала Валянціну Уладзіміраўну Краўчанка, 1948 ці 1949 года нараджэння, ураджэнку Лепельскага раёна. Яны разам вучыліся ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння Валянціну размеркавалі ў Сянно. Сяброўка, прозвішча якой цяпер Бараноўская, адгукнулася. Жыве яна ў Сянно.
Валянціна Васільеўна Рашкевіч з Маладзечна чакала свайго сына Аляксандра Уладзіміравіча Рашкевіча, які ў чэрвені 2005 года паехаў на заробкі ў Маскву. З лютага мінулага года ад яго не было ніякіх вестак. Маці турбавалася, не спала начамі і плакала. Дзеці Аляксандра Уладзіміравіча паведамілі яму пра гэта. Спадзяёмся, што зараз у Валянціны Васільеўны на вачах слёзы радасці ад размовы з сынам.
Наталля Леанідаўна з Брэсцкага раёна шукала бацьку Леаніда Аляксандравіча Бандарэнку. Апошні раз яна яго бачыла, калі  вучылася ў школе-інтэрнаце. Адрас бацькі накіраваны дачцэ пісьмом.
Ураджэнец Светлагорскага раёна Марк Майсеевіч Захаранка шукаў знаёмую Вольгу Леанідаўну Волкаву з Віцебска. Ён пазнаёміўся з ёй па аб’яве ў газеце. Доўгі час пісалі адно аднаму, але не сустракаліся. Сувязь паміж імі абарвалася. Адрас Вольгі высланы знаёмаму пісьмом.
Міраслава Мікалаеўна Бранавец са Слуцкага раёна шукала сына Леаніда Усеваладавіча, 1961 года нараджэння. Апошні раз прыязджаў да яе ў 2003 годзе. У маі 2006-га паведаміў, што жыве з другой жанчынай і абяцаў прыехаць летам у госці. Жыў у Віцебску. Маці яго вельмі чакала. На Новы год паслала віншаванне, але адказ не прыйшоў. Доўгі час маці нічога не ведала пра сына. Леанід Усеваладавіч знайшоўся. Ён жыве ў Віцебску, але на іншай вуліцы.
Галіна Аляксандраўна Кавальчук шукала сваю маці Тамару Арцёмаўну Кавальчук (Садкевіч), 1933 года нараджэння. Яна пісала, што маці пераехала з Беларусі і жыла спачатку ў сястры, а потым у яе. Затым вырашыла вярнуцца на радзіму, казала, што паедзе на лячэнне. Да сваякоў у Брэсце яна не прыходзіла. З таго часу дачка нічога не ведала пра маці. Дзякуючы супрацоўнікам адраснага бюро Брэсцкага аблвыканкама Тамара Арцёмаўна знайшлася.
Іван Францавіч Копач шукаў сябра Юрыя Якаўлевіча Чарапавіцкага. 34 гады таму яны закончылі Беларускую сельгасакадэмію. Пасля вучобы раз’ехаліся. Юра пачынаў працоўны шлях у саўгасе “Маладая гвардыя” Брэсцкага раёна. Потым нібыта паехаў у Расію. Дакладны адрас сябра, які цяпер жыве ў Брэсцкім раёне, накіраваны Івану Францавічу пісьмом.
Мінчанка Любоў Сямёнаўна Фаміна (Салей) шукала сяброўку Веру Якаўлеўну Сычову. Яны ў 1954 годзе разам вучыліся на курсах па падрыхтоўцы бухгалтараў у Брэсце, у Беларускім вучэбным камбінаце. Яе сяброўка жыла разам з сястрой Валянцінай і яе мужам Лукой на вуліцы Савецкай. Пазней Любоў Сямёнаўна даведалася, што Вера выйшла замуж і жыла на вуліцы Гогаля. Высветлілася, што сяброўка па-ранейшаму жыве ў гэтым горадзе.
Надзея Сямёнаўна Буднік (Шастак) з Талачынскага раёна шукала брата Міхаіла, 1953 года нараджэння. Апошні раз яны бачыліся 18 гадоў таму, калі памерла іх маці. Ён вярнуўся дадому. Раней яе брат жыў у горадзе Балакова Саратаўскай вобласці (Расія). З Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Саратаўскай вобласці паведамілі дакладнае месцажыхарства брата, адрас яго адпраўлены сястры пісьмом.
Мы з калегамі ўдзячны за дапамогу ў пошуку людзей тэлефаністкам Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белтэлекам” Галіне Волкавай і Вользе Уласенкаы, а таксама супрацоўнікам адрасных бюро Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей.
Дарагі мой чалавек
“У мяне здарылася вялікае гора. 29 кастрычніка 2002 года прапала дачка Таццяна ГАНАЕЎСКАЯ (дзявочае прозвішча Яначкіна) з унукам Кірылам, 2002 года нараджэння. Шукала іх, але безвынікова. Зяць мой напісаў у заяве ў міліцыю, што яна пайшла да другога, але яе нідзе няма. Усіх абзваніла -- ніхто не ведае пра яе. Дапамажыце знайсці родных. І яшчэ адна просьба. Раней наша сям’я жыла ў вёсцы Дубовы Лог Добрушскага раёна. А ў Казахстане (Тургайская вобласць, Акцябрскі раён) жыў мой дзядзька Яўхім, старэйшы брат маці Пелагеі Сяргееўны. Апошні раз мы яго бачылі дваццаць пяць гадоў таму, калі ён прыязджаў у госці. З таго часу вестак ад яго не было. У Яўхіма была жонка Еўдакія, сын Сяргей і дачка (імя не памятаю). Чула, што сын дзядзькі жыве ў Расіі (Санкт-Пецярбург). Хочацца даведацца, ці жывы дзядзька, як склаўся яго лёс, знайсці яго сям’ю. Еўдакія Міхайлаўна Яначкіна (Шустава), Мінск”.
Дзе мой сын?
“Мой сын Генадзь Вячаслававіч БАХАР, 1970 года нараджэння, у 1989-м быў прызваны ў армію. Службу праходзіў у Бураціі, у горадзе Улан-Удэ. Пасля заканчэння тэрміну дадому не вярнуўся. Там ажаніўся. Напісаў толькі чатыры пісьмы. Сувязь з ім страцілася. З адміністрацыі горада паведамілі, што сын працуе грузчыкам на чыгунцы. Далі яго адрас. Я пісала, але безвынікова. Мне ўжо 74 гады, сама з’ездзіць у Бурацію не магу. Дапамажыце ў пошуку родных. Таццяна Дзмітрыеўна Бахар,  Навагрудак”.
“Мой сын Сяргей Іванавіч НАГОРНЫ, 1978 года нараджэння, паехаў з сябрамі на заробкі ў ліпені 2004 года ў Маскву. На працягу месяца пісаў пісьмы без зваротнага адраса. У жніўні яго сябры вярнуліся дадому, а ён застаўся там. Жылі яны ў горадзе Ягор’еўск Маскоўскай вобласці, у інтэрнаце авіяцыйнага вучылішча. 6 студзеня 2005 года сын званіў да суседкі і сказаў, што ён знаходзіцца ў Відным. У кастрычніку быў у Апарынках. Працаваў у магазіне, а жыў на дачы. Абяцаў на Новы год прыехаць, але да сённяшняга дня яго няма. Марыя Нагорная, Дзятлаўскі раён”.
“28 кастрычніка 2000 года прапаў мой сын Сяргей Міхайлавіч ГУКАЛІН, 1973 года нараджэння. Жыў і працаваў ён у Мінску. 27 кастрычніка прыехаў да мяне. Вечарам пайшоў да сябра, які працаваў у пасёлку ўрачом. У 23 гадзіны выйшаў ад яго, але дадому не вярнуўся. Звярталася ў міліцыю, пракуратуру, на праграму «Жди меня», але безвынікова. Кожны дзень чакаю свайго сыночка. Ніна Васільеўна Гукаліна, Пухавіцкі раён”.
Дзяўчынка шукае бацьку
  “Шукаю чалавека, дзякуючы якому я з’явілася на свет, -- бацьку Уладзіміра Гаўрылавіча КАЛЯДУ, 1929 года нараджэння, ураджэнца Магілёўскай вобласці. Пасля вайны тата служыў у органах НКУС. У выніку рэфармавання яго звольнілі. Ён пераехаў у Капыль і ўладкаваўся на працу ў дзіцячы дом намеснікам дырэктара па навучальнай рабоце. Супрацоўнічаў з мясцовай газетай, пісаў артыкулы. Там пазнаёміўся з маёй маці Ядвігай Вікенцьеўнай Кунцэвіч, якая працавала карэктарам. Калі нарадзілася я (1956 год), бацька называў мяне Тамарай, але маці была супраць. Бацькі маёй маці былі веруючыя і хацелі, каб яны ўзялі шлюб, але бацька не жадаў. Калі мне было паўгода, мае бацькі разышліся. Мяне забралі да сябе бацькі маці і я ў іх выхоўвалася да 17 гадоў Тату свайго ніколі не бачыла, нават на фотаздымках, іх парваў мой айчым. Людміла Уладзіміраўна Вахрамеева (Кунцэвіч), Мінск”.
У далёкім юнацтве
“Шукаю Зою БОНДАР. З ёй я пазнаёмілася падчас адпачынку ў ліпені 1958 года ў спартыўным лагеры “Стайкі”, што каля Мінска. Тут з усіх вышэйшых навучальных устаноў сабраліся студэнты, каб абараніць спартыўны гонар сваёй установы па розных відах спорту. У той час Зоя была студэнткай чацвёртага курса Мінскага інстытута замежных моў. Давялося нам яшчэ раз сустрэцца на студэнцкай спартакіядзе па мастацкай гімнастыцы ў красавіку наступнага года ў Мінску. Тады я была студэнткай пятага курса матэматычнага аддзялення Брэсцкага педінстытута імя А.Пушкіна. На памяць пра сустрэчу ёсць фотаздымак. Зоя раней жыла ў Мінску на вуліцы Будаўнікоў. Я ёй пішу, але адказу няма. Анастасія Якаўлеўна Рэдзька (Багачук), Івацэвіцкі раён”.
“Дапамажыце знайсці сяброўку юнацтва Рыму Мікалаеўну ШАШКОВУ. З 1965 па 1968 год мы разам вучыліся ў Мінскім фінансавым тэхнікуме і жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце. Можа, адгукнуцца яе родныя. Людміла Антонаўна Мышко, Дзяржынск”.
“З Зінаідай Сцяпанаўнай КРУК (прозвішча дзявочае), 1930 года нараджэння, мы разам жылі ў 1960 годзе на кватэры ў сталіцы па Любамірскім завулку. Гаспадарамі былі Франц і Станіслава Карповічы. Пазней я паехала ў Германію. З сяброўкай перапісвалася. Праз некаторы час яна таксама перасялілася, але адрас не паведаміла. Можа, маёй сяброўкі няма сярод жывых? Няхай тады адгукнуцца дзеці і раскажуць пра маці. Яшчэ хачу адшукаць Ірыну Эдуардаўну УРУБЛЕЎСКУЮ з Мінска. Ганна Міхайлаўна Малахава (Фурс), Асіповіцкі раён”.
Галінкі з дрэва роду
“Хачу даведацца пра родных дзядулі Паўла УСОЛЬЦАВА. Родам ён з Алтайскага краю, з Барнаула. Быў ваенным. Яны жылі з бабуляй Вольгай Архіпаўнай (дзявочае прозвішча Акулава) у Бабруйску. Дзядуля мой загінуў у 1917 годзе. Галіна Іванаўна Каткова,  Гродна”.
“Прашу адгукнуцца цётку, сястру маці Кацярыну Лазараўну МАЦКА, 1929 ці 1930 года нараджэння, або яе родных. Пражывала цётка ў Навагрудку. У яе былі сын і дачка. Раней мы падтрымлівалі сувязь. У 1997 годзе бачыліся апошні раз на пахаванні маёй маці. Раіса Іванаўна Гаўрыленка, Жлобін”.
“У 1932 годзе майго бацьку Івана Іванавіча Мізгіра, які працаваў лесніком, забілі. Затым злачынцы прыехалі да нас дадому. Напярэдадні маці нарадзіла хлопчыка. Злачынцы падпалілі хату, дзе былі мая сястра Алена, 1924-га, брат Мікалай, 1926-га, Пятро, 1929-га, і я, 1930 гадоў нараджэння. А яшчэ малодшы брат Уладзімір, якому было толькі некалькі дзён. Аднавяскоўцы ўбачылі пажар і пачалі нас выцягваць з агню, затым адправілі ў бальніцу ў Баранавічы. Пазней Уладзіміра забралі ў дом дзіцяці. Маці, калі паправілася, хацела забраць яго, але ёй сказалі, што яе сын памёр. Мінула шмат гадоў. У 1950 ці 1952 годзе да маці, якая сядзела на лаўцы каля хаты, пад’ехала машына, а з яе выйшаў хлопец у ваеннай форме. Ён спытаў, ці ёсць у яе сын у Баранавічах. Але маці разгубілася і сказала, што няма. Да апошніх дзён яна спадзявалася, што сын жывы, і вельмі хацела яго ўбачыць. Можа, той малады чалавек быў маім братам? Калі Уладзімір жывы, то абавязкова хочацца сустрэцца. У яго, акрамя мяне, нікога не засталося з нашай сям’і.  Анастасія Іванаўна Канявега, Івацэвіцкі раён”.
“Дапамажыце даведацца пра лёс брата Івана Міхайлавіча ДРАГУЦЯ, 1913 года нараджэння, ураджэнца вёскі Пескаўцы Воранаўскага раёна. 29 верасня 1939 года ён пайшоў на вайну. У 1941 годзе трапіў у нямецкі палон, потым уцёк. Быў паранены і 14 дзён знаходзіўся ў нямецкім шпіталі. Пазней працаваў у Германіі ў гаспадара, якога звалі Юзаф Банчук. У 1948 годзе паехаў у Францыю. У 50-я гады прасіў, каб я яму ўзяла ў сельсавеце даведку, што ён не жанаты, і выслала, але ён яе не атрымаў. На гэтым сувязь паміж намі абарвалася. Я звярталася ў Чырвоны Крыж, але пошукі былі безвыніковыя. Яніна Міхайлаўна Наркевіч, Ліда”.
“Хачу даведацца, дзе пахавана мая цётка, якая пасля вайны была ў Амерыцы. Цётка Надзея Антонаўна КАЦУР (у дзявоцтве Курашчук), 1924 года нараджэння, у 1943-м жыла ў вёсцы Крынкі Рэчыцкага раёна. Немцы яе забралі на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вайны яна на Радзіму не вярнулася, бо пакахала хлопца і паехала на яго радзіму ў Польшчу. Пазней яны ўзялі шлюб і накіраваліся на заробкі ў Амерыку. У 1948 годзе пісьмы яе родным пісаў муж, а цётка была вельмі хворая. У 1982 годзе даслала апошні ліст з фотаздымкамі, дзе яна са сваёй хрэсніцай Кацярынай, у якой сын на руках. У лютым 1991 года цётачка памерла. Хачу знайсці таксама Кацю ці родных цёткі.  Алена Мікалаеўна Кашавар, Рэчыца”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter